вон,

1. прысл. Прэч, на двор. Выгнаць з хаты вон.

2. выкл. Ужываецца ў значэнні загаду выйсці. Вон адсюль! — Вон, каб мае вочы вас не бачылі!.. Ракітны.

•••

Вон з вачэй — прэч.

Дух вон з каго гл. дух.

(Хоць) душа вон гл. душа.

З рук вон — а) дрэнны; вельмі дрэнны. Ледзь Морж прыпоўз назад і — плюх! — у мора. Адлежваўся, бядак, нямала дзён. Каханне атрымалася — з рук вон. Корбан; б) вельмі, надта. Абстаноўка, шчыра кажучы, з рук вон дрэнная. Дзенісевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заба́ва, ‑ы; Р мн. ‑баў; ж.

1. Гульня, пацеха. Гіо аднойчы выкаціў на двор.. колца і.. пачаў ганяць яго кіёчкам па двары. Іліко панура пазіраў на забаву паніча. Самуйлёнак. Не адрозніць, дзетвара, вас Ад тых кветак на паляне, Дзе вы будзеце ў забавах Разам лётаць з матылямі. Васілёк.

2. Тое, што забаўляе, пацяшае, весяліць. Гадзіннік служыў цікавай забавай для дзяцей Крушынскага. Бядуля. [Малыя] ідуць на месца, дзе іх чакаюць забавы — гушкалкі, .. цудоўная дашчакая горка, абабітая бляхай. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спапялі́ць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., каго-што.

1. Спаліць датла, ператварыць у попел. Хадзіў агонь на двор з двара, Жалобна ветры вылі. Славуты домік песняра Фашысты спапялілі. А. Александровіч. Усё пярун тут спапяліў. Тут балявала смерць па-царску. Дайнека. / у перан. ужыв. Вочы .. [Сёмкі] гатовы, здаецца, спапяліць усё перад сабой. Лынькоў.

2. перан. Растраціць у барацьбе з чым‑н. (жыццё, сілы і пад.). А ці не надта замнога для лёсу аднаго пакалення каханняў, надзей, запаветных імкненняў спапяліў ваенны пажар? Лукша.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прыма́к, прыма́ка, прымаке́, прымакіе́, прыма́ч, пры́ма, пры́мень, пры́муш, пры́мыш, прама́ка ’муж, якога прынялі ў сям’ю жонкі, які жыве ў доме жонкі’, прыма́кі ’прыманне прымака’ (ТСБМ, Нас., Шн. 1, Нік. Очерки, Кольб., Гарэц., Байк. і Некр., Др.-Падб., Шат., Касп., Растарг., Янк. 1, Янк. Мат., Інстр. 1, Мат. Гродз., Жд., Жыв. сл., Сл. ПЗБ, ТС), прымук ’прыёмыш’ (Ласт.), прыма́чка ’жонка зяця, прынятага ў дом цесця’ (Нас.; навагр., Нар. сл.), пры́мачка ’тс’ (Байк. і Некр.), прымі́чка ’тс’ (саліг., Нар. словатв.), таксама пры́мы, пры́мачы, пры́мічы, пры́мкі, пры́му ’пасяленне, пражыванне мужчыны пасля жаніцьбы ў сям’і жонкі; прымацтва’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ, ТС); параўн. перан. прыма́к ’калок у плоце для ўмацавання падгніўшага слупа’ (ТС). Сюды ж прыйма́к ’прымак; зяць, прыняты ў дом цесця’ (Растарг.), ’прыёмыш’ (Ласт.), прійма́ч ’зяць, які жыве ў цесця’ (Бес.), пры́йміч, пры́ймыш ’прыёмыш; зяць, прыняты ў дом цесця’ (Нас.), прыйма́к ’сезонны рабочы, якога наймалі цягнуць плыты супраць рачной плыні’ (пін., Нар. лекс.), толькі мн. л. пры́ймы ’жаніцьба ў тым выпадку, калі жаніх ідзе ў дом да нявесты’ (мазыр., рэч., Доўн.-Зап., 2). Рознасуфіксальныя вытворныя ад прыма́ць/прыйма́ць (гл.). Рус. дыял. прима́к ’муж, прыняты ў дом жонкі’, ’прыёмны сын’, прима́ка ’тс’, при́ма ’муж, прыняты ў сям’ю жонкі’, смал. прима́ч ’тс’, при́мень ’тс’, при́муш ’чалавек, якога ўзялі працаваць у гаспадарцы, прынялі ў свой двор’, укр. прийма́к, прийма́ка ’прыёмыш; муж, які перайшоў у сям’ю жонкі’, при́йми ’прыёмыш’, у при́йми піти́ ’не маючы сваёй гаспадаркі, прыйсці на гаспадарку жонкі, жыць у яе хаце’. Мартынаў (Бел.-укр. ізал., 51) мяркуе пра ўплыў літ. priim̃ti ’прыняць зяця ў двор’, аднак адсутнасць фармальных падстаў робіць меркаванне аб балтыйскім пранікненні праблематычным.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЖЫРО́ВІЦКІ УСПЕ́НСКІ МАНАСТЫР,

мужчынскі правасл. манастыр у в. Жыровічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. Размешчаны на ўзвышаным беразе р. Шчара. Упершыню згадваецца ў 1587, засн. на месцы з’яўлення Жыровіцкага абраза Маці Божай (напачатку была пабудавана драўляная, потым мураваная царква). У 1609 манастыр стаў уніяцкім, з 1613 належаў ордэну базыльян і ў 17—19 ст. наз. Жыровіцкі манастыр базыльян. Першым грэка-каталіцкім ігуменам быў І.Кунцэвіч. У 1613—18 Д.​Солтан, Я.​Мялешка і Л.​Сапега падарылі манастыру ворныя землі вакол Жыровіч. Тут адбываліся кангрэгацыі (з’езды) базыльян (1629, 1658, 1659, 1661, 1675, 1679, 1694). Пры манастыры існавала школа для свецкіх асоб. Не пазней як з 1709 тут дзейнічалі ніжэйшыя і філас. школы, якія ператвораны Адукацыйнай камісіяй у 3-класнае вучылішча. У пач. 19 ст. манастыру належалі фальваркі Боцькаўшчына, Яцукі, частка в. Квасевічы і палавіна в. Ахонава (усяго 376 рэвізскіх душ), у Жыровічах — 19 валок 12 маргоў зямлі. У 1810—28 тут знаходзілася кафедра Брэсцкай уніяцкай епархіі, у 1828—39 — Літ. уніяцкай епархіі. У 1828 на базе пав. вучылішча створана Літ. духоўная семінарыя. Пасля скасавання ў 1839 Брэсцкай уніі 1596 манастыр зноў стаў праваслаўным. У 1842 амаль усе яго зямельныя ўладанні перададзены ў казну, манастыр залічаны да 2-га класа. Да 1845 тут знаходзілася кафедра Літ. правасл. епархіі і духоўная семінарыя. З сярэдзіны 19 ст. да 1915 дзейнічала Жыровіцкае духоўнае вучылішча. У манастыры былі вял. б-ка з рэдкімі рукапісамі (у т. л. Жыровіцкае евангелле) і архіў. З 1945 (з перапынкам у 1963—89) у манастыры дзейнічае Мінская духоўная семінарыя. У 1960—90 на тэр. манастыра часова жылі насельніцы закрытых жаночых манастыроў — Гродзенскага Раства Багародзіцы і Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага. Узначальвае манастыр намеснік у сане епіскапа. Сучасны арх. ансамбль склаўся ў 17—18 ст. На працягу 1629—1828 былі пабудаваны мураваныя Успенскі сабор, Крыжаўзвіжанская і Яўленская цэрквы, званіца, семінарыя (новы будынак узведзены ў 1956), жылы манастырскі корпус, гасп. пабудовы, пасаджаны пладовы сад, зроблена сажалка; комплекс часткова абнеслі мураванай сцяной з брамамі. Ансамбль нерэгулярнай планіроўкі, мае маляўнічую аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю і выразны шматпланавы сілуэт. У яго архітэктуры спалучаюцца рысы барока, ракако і класіцызму. Ядро кампазіцыі — Успенскі сабор, злучаны крытымі пераходамі з будынкам семінарыі (на Пн) і з жылым корпусам (на Пд), у 1-м паверсе якога зроблены праезд на тэр. манастыра. Будынак семінарыі фарміруе парадны двор перад апсідай сабора. Каля ўсх. крыла семінарыі вял. прамавугольны гасп. двор, абкружаны 1-павярховымі карпусамі. На ПдУ ад сабора Яўленская царква. Ва ўсх. ч. манастыра на самым высокім месцы Крыжаўзвіжанская царква — верт. дамінанта ансамбля. Успенскі сабор, пабудаваны ў 1629—80 як гал. храм манастыра, уяўляе сабой мураваную 3-нефавую крыжова-купальную базіліку (даўж. 55 м, выш. каля 40 м) з паўкруглай апсідай. Да яго прымыкаюць 3 цёплыя прыдзелы: Пакрова Прасвятой Маці Божай, Раства Іаана Хрысціцеля і св. цудатворца Мікалая. Першапачаткова сабор пабудаваны ў стылі барока з 2-вежавым гал. фасадам. Пасля рэканструкцыі 1828 храм набыў рысы класіцызму: вежы разабраны, зменена форма светлавога барабана і купала, у дэкоры выкарыстаны дарычны ордэр (4-калонны порцік з трохвугольным франтонам, фрыз з трыгліфамі). У яго інтэр’еры драўляны разны 3-ярусны іканастас у стылі барока (ракавіны, гірлянды, херувімы, арнамент у выглядзе вінаграднай лазы і лістоў аканта). Плошчу перад саборам фарміруе квадратная ў плане 2-ярусная званіца, звязаная з саборам адзінай падоўжнай планіровачнай воссю. Яе архітэктура заснавана на класічнай ордэрнай сістэме. Крыжаўзвіжанская царква, пабудаваная ў 1769 як уніяцкі храм-кальварыя ў стылі ракако, адназальная, са званіцай над уваходам, без вылучэння апсіды ў самаст. аб’ём. Яе гал. фасад адметны стройнасцю і лёгкасцю 3-яруснай кампазіцыі. 3-і ярус — 4-гранная вежачка з фігурнай барочнай галоўкай. Падобная вежачка і над алтарнай часткай. Яўленская царква, пабудаваная ў 1796 у стылі барока ў цэнтры манастыра, — бязвежавы адназальны храм. Яе гал. 2-ярусны фасад выходзіць за межы асн. аб’ёму. Семінарыя, пабудаваная з паўн.-ўсх. боку сабора ў 17—18 ст. у стылі барока, — П-падобны трохпавярховы будынак з мансардавым дахам, вырашаны ў манум. формах, мае сім. планіровачнае і аб’ёмна-планіровачнае вырашэнне. Жылы корпус, што прымыкае да сабора пры дапамозе надбрамнага пераходу, — выцягнуты 2-павярховы аб’ём галерэйнай планіроўкі. Гаспадарчы корпус — 1-павярховае П-падобнае ў плане збудаванне; з паўн.-зах. фасадам семінарыі ён утварае вял. гасп. двор. У спрошчаным арх.-дэкар. вырашэнні корпуса прасочваюцца матывы барока (фігурны тарцовы шчыт) і класіцызму (карнізныя сухарыкі, франтоны).

А.​М.​Кулагін (архітэктура), А.​А.​Ярашэвіч (гісторыя).

Да арт. Жыровіцкі Успенскі манастыр. Крыжаўзвіжанская царква.
Да арт. Жыровіцкі Успенскі манастыр. Успенскі сабор.

т. 6, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

се́ліца

1. Сенажатка, лужок на краю сядзібы (Віц., Касп.).

2. Месца, дзе быў двор, сядзіба (Жытк., Стол.).

□ ур. Селіца каля в. Беражцы Жытк., ур. Селіца каля в. Кароцічы Стол.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

вы́весці¹, -веду, -ведзеш, -ведзе; вы́веў, -вела; вы́ведзі; -ведзены; зак.

1. каго-што. Ведучы, накіраваць куды-н., выдаліць адкуль-н.

В. войскі на парад.

В. дзяцей на двор.

В. каня з канюшні.

В. з бяды (перан.).

2. каго-што з чаго. Выключыць, прымусіць выйсці са складу чаго-н.

В. з гульні.

В. з саставу прэзідыума.

3. перан., каго (што), з чаго. Уздзейнічаючы якім-н. чынам, прывесці ў які-н. стан, становішча.

В. з раўнавагі (пазбавіць раўнавагі, спакою). В. з цярпення (раздражніць). В. з сябе (давесці да страты самавалодання).

4. каго-што. Знішчыць, вынішчыць.

В. прусакоў.

В. плямы на паліто.

5. што і без дап. Зрабіць вывад, прыйсці да чаго-н. разважаннем.

В. формулу.

|| незак. выво́дзіць, -во́джу, -во́дзіш, -во́дзіць.

|| наз. вывядзе́нне, -я, н. (да 2, 4 і 5 знач.), вы́вад, -у, М -дзе, м. (да 1 і 2 знач.) і вы́вадка, -і, ДМ -дцы, ж. (да 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

БУ́ДСЛАЎ,

вёска ў Беларусі, у Мядзельскім р-не Мінскай вобл., на р. Сэрвач. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 56 км на ПдУ ад г.п. Мядзел, 130 км ад Мінска, 2 км ад чыг. ст. Будслаў. 721 ж., 300 двароў (1996).

Вядомы э 1504 як уласнасць манахаў-бернардзінцаў, якія ў 1589 пабудавалі тут драўляны, у 1783 мураваны касцёл, пры якім знаходзіліся Будслаўскі кляштар бернардзінцаў і 2 капліцы. З 1732 мястэчка, з 1793 у складзе Рас. імперыі ў Вілейскім пав. У 1868 — 259 ж., 48 двароў. У 1885 цэнтр воласці, 327 ж., 50 двароў, касцёл, сінагога, прыходскае вучылішча, крама, таржок; у маёнтку працавалі бровар, сукнавальня, вадзяны млын, крама, заезны дом, 2 карчмы. У 1907 у Б. 435 ж., 61 двор, каля мястэчка прайшла чыг. Полацк—Маладзечна, пабудавана чыг. станцыя. У 1917—19 працавала Будслаўская беларуская гімназія. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Вілейскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у складзе БССР. З 1940 цэнтр сельсавета Крывіцкага, з 1962 — Мядзельскага р-наў. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 да 2.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія ў 1942 расстралялі тут 270 жыхароў. У 1970 — 859 ж., 318 двароў.

У Будславе лясніцтва, сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Будслаўскі касцёл бернардзінцаў. Магілы ахвяр фашызму.

т. 3, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎКАВЫ́СКІ ПАВЕ́Т.

Існаваў на Беларусі ў 16—20 ст. Утвораны ў 1507 у складзе Навагрудскага ваяводства ВКЛ. Межы павета ўдакладняліся ў час адм.-тэр. рэформы 1565—66 і пазней. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Гродзенскім ваяводстве ВКЛ, пасля 3-га падзелу (1795) у Рас. імперыі: з 1795 у Слонімскай, з 1797 у Літоўскай, з 1801 у Гродзенскай губ. Павятовы цэнтр — г. Ваўкавыск. Пл. павета 3413,2 кв. вярсты, нас. 149 678 чал. (1897). У Ваўкавыскі павет ўваходзіла 25 валасцей: Баярская, Біскупцоўская, Вільчукоўская, Вярэйкаўская, Гарнастаеўская, Дабравольская, Зельзінская, Зэльвенская, Ізабелінская, Крамяніцкая, Лыскаўская, Межырэцкая, Мсцібаўская, Падароская, Пескаўская, Поразаўская, Пянюгаўская, Роская, Самаравіцкая, Свіслацкая, Талачманоўская, Тарнопальская, Шылавіцкая, Шымкоўская, Юшкаўская. У павеце было 13 мястэчак: Зэльва, Ізабелін, Крамяніца, Лапеніца, Лыскава (Лыскі), Малая Лапеніца, Мсцібава, Новы Двор, Поразава, Пескі, Рось, Свіслач і Ялоўка; 6 сёл, 437 вёсак і 348 дробных нас. пунктаў (1889). Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 павет у складзе Польшчы, у Беластоцкім ваяводстве. Былыя воласці ўзбуйнены і пераўтвораны ў гміны. У 1927 пл. 3892 км², нас. 115 261 чал., 16 гмін: у т. л. Біскупская (Біскупцоўская), Зэльвенская, Ізабелінская, Лыскаўская, Межырэцкая, Мсцібаўская, Падароская, Поразаўская, Роская, Свіслацкая, Тарнопальская, Церашкоўская, Шылавіцкая, Ялоўская. З 1939 у складзе БССР, з 4.12.1939 у Беластоцкай вобласці, 15.1.1940 скасаваны, на яго тэр. ўтвораны Ваўкавыскі раён.

т. 4, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1623,

выступленне правасл. гараджан Віцебска супраць грэка-католікаў (уніятаў) 12 ліст. У яго падрыхтоўцы ўдзельнічалі жыхары Магілёва, Оршы, Полацка і Вільні. Гал. прычынай паўстання сталі жорсткія метады насаджэння уніяцтва (гл. Брэсцкая унія 1596) з боку грэка-каталіцкага архіепіскапа І.Кунцэвіча. Па сігнале званоў ратушы і правасл. цэркваў некалькі тысяч паўстанцаў рушылі да рэзідэнцыі Кунцэвіча, уварваліся ў двор, падпалілі дом, забілі архіепіскапа, а цела кінулі ў Дзвіну. Святары і чэлядзь з акружэння Кунцэвіча былі збіты, а маёмасць архіепіскапа разрабавана, архіў знішчаны. Рымскі папа Урбан VIII заклікаў караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта III бязлітасна расправіцца з паўстанцамі. У Віцебск прыбылі каралеўскія камісары з узбр. атрадамі. Усе гараджане, у т. л. чл. магістрата былі аб’яўлены саўдзельнікамі паўстання. Віцебск быў пазбаўлены магдэбургскага права; гараджане страцілі ўсе прывілеі, якімі карысталіся паводле віцебскага права. З горада спагнана 3079 злотых. Камісары загадалі зняць званы з ратушы і ўсіх правасл. цэркваў і адліць з іх вял. звон у памяць пра Кунцэвіча, ратуша была разбурана. Затрыманы і пакараны смерцю 19 чал., у т. л. 2 бурмістры. 78 чал., у т. л. зачыншчык забойства Кунцэвіча С.​Пасіёра, уцяклі і былі прыгавораны да пакарання смерцю завочна.

В.​І.​Мялешка.

Да арт. Віцебскае паўстанне 1623. Забойства І.​Кунцэвіча. Малюнак Зімлера. 1865.

т. 4, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)