ІКА́ЗНЬ,
вёска ў Цяцеркаўскім с/с Браслаўскага р-на Віцебскай вобл., на беразе воз. Іказнь, на аўтадарозе Браслаў—Міёры. Цэнтр калгаса. За 15 км на У ад Браслава, 221 км ад Віцебска, 31 км ад чыг. ст. Міёры. 325 ж., 134 двары (1997).
У гіст. крыніцах вядома з 1499. У розны час належала Сапегам, Пронскім, Страбоўскім, Сіняўскім, Езлавецкім, Лапацінскім, Юндзілам і інш. У пач. 16 ст. пабудавана царква, якая ў сярэдзіне стагоддзя пераабсталявана ў кальвінскі збор. Мястэчка І. згадваецца ў «Хроніцы Еўрапейскай Сарматыі» А.Гваньіні. У 16—18 ст. ў І. існаваў Іказненскі замак. У 1628 у мястэчку каля 600 ж., якія валодалі 126 валокамі зямлі. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка Дзісенскага пав. Мінскай, пазней Віленскай губ. У вайну 1812 спалена французамі. У 1879 у І. 541 ж., касцёл, правасл. царква. З 1921 у складзе Польшчы, мястэчка Перабродскай гміны Браслаўскага пав. У 1931 у І. 480 ж., 96 двароў, пач. школа, млын З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Браслаўскім р-не. З 1970 у Цяцеркаўскім с/с. 268 ж., 88 гаспадарак (1971).
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры: Мікалаеўская царква (1905), касцёл (1912), вянковы двор (1909); помнік археалогіі — замчышча.
т. 7, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)