электратэхнічныя і электронныя прылады, у якіх камутацыя эл. ланцугоў (замыканне, размыканне, пераключэнне), а таксама пераўтварэнне току або напружання ажыццяўляецца без іх мех. разрыву. У стане «выключана» праз кіравальны элемент (транзістар, магнітны ўзмацняльнік, тырыстар), які ўключаны ў ланцуг паслядоўна з нагрузкай, працякае эл. ток нязначнай сілы з прычыны высокага супраціўлення элемента ў закрытым стане; у стане «ўключана» супраціўленне значна змяншаецца.
Бескантактавая камутацыйная апаратура адрозніваецца высокай надзейнасцю, павышаным хуткадзеяннем. Выкарыстоўваецца ў сістэмах камутацыі і аховы эл. установак (у т. л. крыніц сілкавання), у бескантактавых сістэмах кіравання і рэгулявання і інш., напр., сенсорныя пераключальнікі тэлевізійных каналаў, камутацыйныя блокі электронныхАТС, тырыстарныя пераключальнікі электрапрыводаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ПЕР ((Cooper) Леон Нейл) (н. 28.2.1930, г. Нью-Йорк, ЗША),
амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл.Нац.АН ЗША (1975). Скончыў Калумбійскі ун-т (1951). З 1958 ва ун-це Браўна ў г. Провідэнс (з 1962 праф.), дырэктар Ін-та мозга і нейронных сістэм гэтага ун-та. Навук. працы па фізіцы цвёрдага цела, звышправоднасці, нейронных сетках, біял. асновах памяці і навучання. У 1956 адкрыў з’яву ўтварэння электронных пар у металах (Купера эфект). У 1957 разам з Дж.Бардзіным і Дж.Р.Шрыферам стварыў мікраскапічную тэорыю звышправоднасці (тэорыя Бардзіна—Купера—Шрыфера). Нобелеўская прэмія 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦЮШКО́Ў (Уладзімір Ягоравіч) (н. 10.4.1946, г. Віцебск),
бел. вучоны ў галіне лазернай тэхнікі і мікраэлектронікі. Д-ртэхн.н. (1990), праф. (1998). Скончыў БДУ (1968). З 1968 у Ін-це фізікі Нац.АН Беларусі. З 1975 у КБ дакладнага электроннага машынабудавання канцэрна «Планар» (з 1992 віцэ-прэзідэнт), адначасова з 1991 праф.БДУ і БПА. Навук. працы па лазерным прыладабудаванні і тэхнал. абсталяванні для мікраэлектронікі, праблемах стварэння лазерных аптычных сістэм тэхнал. абсталявання для вытв-сці электронных прылад. Дзярж. прэмія СССР 1986.
Тв.:
Синтез микроизображений лазерными растровыми сканирующими системами (разам з У.У.Нямковічам, У.В.Юрэвічам) // Электронная техника. Сер. 11. 1987. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАПРУ́ЖАННЯ РЭГУЛЯ́ТАР,
электрычны апарат для рэгулявання напружання электрычнага па зададзеным законе. Бывае з ручным ці аўтам. кіраваннем; прамога і непрамога дзеяння; пазіцыйны (рэлейны), прапарцыянальны (статычны), інтэгральны (астатычны) і камбінаваны.
Найпрасцейшы Н.р. з ручным кіраваннем — паўзунковы рэастат. Аўтам. Н.р. будуюцца з выкарыстаннем эл.-магн. элементаў (напр., магн. узмацняльнікаў), электронных прылад, эл.-машынных узмацняльнікаў. Асобны від такога Н.р. — стабілізатар напружання (або току), які падтрымлівае пастаяннае значэнне напружання (сілы току) пастаяннага ці пераменнага току. У Н.р. прамога дзеяння перамяшчэнне адчувальнага органа адбываецца за кошт крыніцы сілкавання, якая рэгулюецца. Н.р. непрамога дзеяння мае ўзмацняльнік, у залежнасці ад віду якога наз.: электрамашынным, электрамагнітным, электронным, паўправадніковым і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЎЛІ ПРЫ́НЦЫП,
прынцып забароны, паводле якога ў сістэме часціц з паўцэлым спінам (ферміёнаў) у адным і тым жа стане можа знаходзіцца не больш як адна часціца; адзін з фундаментальных законаў квантавай механікі. Сфармуляваны В.Паўлі (1925) для электронаў пры тлумачэнні структуры спектраў складаных атамаў. Пашыраны на ўсе ферміёны.
Вынікае з сувязі паміж спінам часціцы і статыстыкай: часціцы з паўцэлым спінам падпарадкоўваюцца Фермі—Дзірака статыстыцы і хвалевая функцыя сістэмы аднолькавых часціц антысіметрычная адносна перастаноўкі любых 2 ферміёнаў. П.п. вызначае парадак запаўнення электронных абалонак атама, на ім грунтуецца тлумачэнне атамных і малекулярных спектраў. На яго аснове створана статыстыка электроннага газу, якая тлумачыць большасць цеплавых, эл. і магн. уласцівасцей цвёрдага цела.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВАДНА́Я СУ́ВЯЗЬ,
перадача і прыём паведамленняў (інфармацыі) з дапамогай эл. сігналаў (электрамагнітных ваганняў), якія распаўсюджваюцца па правадах; адзін з відаў электрасувязі.
У залежнасці ад віду паведамленняў, што перадаюцца, адрозніваюць тэлефонную сувязь, тэлеграфную сувязь, факсімільную сувязь (перадача нерухомых відарысаў, напр., фатаграфій, малюнкаў), кабельнае тэлебачанне і інш. Падзяляюць на далёкую (міжгароднюю, міжнар.) і мясцовую (гар., вясковую), агульнага карыстання і ведамасную (карпаратыўную і ўнутрывытворчую). Для П.с. выкарыстоўваюць падземныя (падводныя) кабелі сувязі, валаконна-аптычныя лініі (гл.Валаконна-аптычная сувязь), узмацняльнікі электронных і аптычных сігналаў, рэгенератары (у лічбавых сістэмах), апаратуру каналаўтварэння (ушчыльнення і падзелу сігналаў), камутатары, маршрутызатары і інш. П.с. спалучаюць з радыёсувяззю і спадарожнікавай сувяззю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАКА́ЛЬНА-ІНСТРУМЕНТА́ЛЬНЫ АНСА́МБЛЬ,
эстрадны калектыў, у якім кожны музыкант звычайна выконвае некалькі функцый без падзелу на салістаў-вакалістаў і акампаніятараў-інструменталістаў. Узніклі ў сярэдзіне 1960-х г. на аснове спалучэння стылістыкі ранняй рок-музыкі з жанрам эстраднай песні. Сярод тэмбравых асаблівасцей ансамбляў шырокае выкарыстанне электраінструментаў (пераважна гітары і клавішных) і электронных гукавых эфектаў, сярод стылістычных — спалучэнне элементаў фальклору, джаза, аўтарскай песні, танц. музыкі, шматлікіх эстрадных плыняў. У рэпертуары найчасцей апрацоўкі нар. песень і эстрадныя песні, а таксама песенныя сюіты, мюзіклы, разгорнутыя інстр. кампазіцыі. Вял. ўплыў на станаўленне такіх ансамбляў зрабіла творчасць бел. ансамбля «Песняры». Сярод інш.бел. ансамбляў: «Верасы», «Сябры», рок-групы «Бонда», «Мроя», «Уліс», «Крама», «Новае неба», «Палац».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЛЬТЫМЕ́ДЫЯ (ад мульты... + лац. media які пасрэднічае),
электронная інфарм. тэхналогія, якая забяспечвае карыстальніка ўсімі відамі інфарм. паслуг у інтэрактыўным рэжыме (па запатрабаванні карыстальніка). Тэрмін узнік у канцы 1960 — пач. 1970-х г. як сінонім сродкаў масавай інфармацыі (напр., кнігі, часопісы, тэле- і радыёперадачы); часта ўжываецца ў спалучэннях сістэма М., тэхналогія М., праграмныя сродкі М., тэрмінал М.
Да М. адносяць віды інфармацыі, якія можна атрымаць па каналах электрасувязі ці з яе электронных носьбітаў: відэа-, гукавую, тэкставую і графічную інфармацыю, статычную і дынамічную камп’ютэрную графіку (у т. л. 3-мерную), а таксама электронныя версіі кніг, газет і часопісаў, якія ўключаюць тэкст і каляровыя ілюстрацыі, невял. відэаролікі з гукавымі эфектамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯ́РНЫЯ МАЛЕ́КУЛЫ,
малекулы хім. злучэнняў, якія пры адсутнасці знешняга эл. поля маюць пастаянны дыпольны момант.
У шмататамных малекулах эл. дыпольны момант вызначаецца колькасцю палярных сувязей (разнавіднасць кавалентнай сувязі) і іх накіраванасцю; роўны вектарнай суме дыпольных момантаў асобных сувязей, а таксама незвязваючых электронных пар у малекуле. Малекулы з палярнымі сувязямі паміж атамамі ў залежнасці ад іх прасторавай будовы могуць быць непалярнымі (напр., малекула СО2, у ёй вектары палярных сувязей накіраваны ад атама вугляроду ў процілеглыя бакі пад вуглом 180° да атамаў кіслароду). Рэчывы, утвораныя моцна П.м., звычайна добра раствараюцца ў палярных растваральніках. Эксперыментальна дыпольны момант П.м. вызначаюць пры вывучэнні залежнасці палярызацыі ад т-ры (гл.Дыэлектрыкі) і разлічваюць палярнасць хім. сувязей і эфектыўныя зарады атамаў.