ФОТАЛІТАГРА́ФІЯ (ад фота... + літаграфія),

1) спосаб літаграфіі, пры якім друкарскія формы для плоскага друку вырабляюцца на паверхні літаграфскага каменю, метал. або інш. пласціны з дапамогай фотакапіравання, таксама адбітак, атрыманы ад такой формы.

2) У планарнай тэхналогіі — спосаб утварэння на паверхні паўправадніковага крышталя (падложкі) маскі з «вокнамі» пэўнай формы і памераў для далейшага фарміравання элементаў інтэгральных схем і інш. электронных прылад. Ажыццяўляецца фотакапіраваннем відарыса маскі на слой фотарэзіста (покрыўны крышталь), які пасля адпаведнай хім. апрацоўкі (ускрыцця «вокнаў») становіцца такой маскай.

т. 16, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)