кашнэ́, нескл., н.

Хустка, вузкі шалік, якімі закрываюць шыю пад паліто. На шыі .. белае, новае кашнэ. Бядуля. [Заатэхнік] палапаў пальцамі сваю густую чорную прычоску, паправіў на шыі прыгожае стракатае кашнэ. Ермаловіч.

[Фр. cache-nez.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пле́шніца ’вялікая суконная хустка (з махрамі і ў клетку)’ (чавус., Мат. Маг.). Відаць, з *(паплечніцахустка, якая накідвалася на плечы’. Да плячо (гл.)

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

наўко́с, прысл. і прыназ.

Разм. Тое, што і наўскасяк. Гаспадыня была ў чорным плацці; такая ж хустка наўкос закрывала лоб. Савіцкі. Наўкос усяго хвойніку рассцілаюцца па ўтульным моху зялёныя абрусы. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шаль

(фр. châle, ад перс. šāl)

доўгая вузкая вязаная або тканая хустка, якой пакрываюць плечы і галаву або захутваюць шыю.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Рантух, ст.-бел. рантух ’палатняная хустка, упрыгожаная вышыўкамі, карункамі’ (Ст.-бел. лексікон). Праз польск. rańtuch, ramtuchхустка, кавалак палатна’ з ням. Randtuch альбо Regentuch (Нававейскі, Zapożyczenia, 261).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

КРАСНАПО́ЛЬСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення Падняпроўя. Бытаваў у 19 — сярэдзіне 20 ст. пераважна ў Краснапольскім, Касцюковіцкім, Клімавіцкім, Хоцімскім, Чачэрскім, Чэрыкаўскім р-нах. Для К.с. характэрны вял. разнастайнасць форм адзення, багатае кампазіц. варыянтамі і арнаментальнымі матывамі маст. афармленне, у якім важнае значэнне разам з вышыўкай і ўзорыстым ткацтвам мелі карункапляценне, аплікацыя, узаемаўплывы рус. і ўкр. нар. касцюмаў.

У жаночым гарнітуры пашыраны 4 комплексы: кашуля, расхінная панёва, гарсэт, намітка; кашуля, андарак з дзесяткай (спадніца з прышытым ліфам-гарсэтам, у асобных варыянтах нагадвала сарафан на лямках), 1-полкавы суконны фартух, хустка; кашуля, андарак, 4-полкавы льняны фартух, хустка; кашуля або блуза, кроеная з гэсткай, крамная спадніца з прышыўным ліфам, 1-полкавы фартух, чапец. Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, прышытымі па ўтку, з вял. адкладным каўняром, аздобленым па краях паскам вязаных белых карункаў або паркалёвых брыжоў. Шырокі рукаў злучаўся з плечавой устаўкай, аздобленай узорыстым паскам мярэжкі з чырвона-чорным геам. арнаментам. Вышыты баваўнянымі ніткамі арнамент 8-пялёсткавых разетак, ромбаў, квадратаў кампанаваўся радамі, у шахматным парадку або размяшчаўся ў ячэйках, што ўтвараліся перасячэннем дыяганальных або гарыз. і верт. палос, густа нашываўся на бачную паверхню рукавоў. Фартухі аздаблялі ўзорыстым ткацтвам. вышыўкай, аплікацыяй; панёву, андарак затыкалі клятчастым вохрыста-чырвоным арнаментам. Андарак і ліф-гарсэт саяна часам кроілі з розных тканін: ніз з клятчастай даматканкі, ліф з крамнай узорыстай ці аднатоннай. Спадніцу шылі з клятчастага, паласатага, белага, бела-сіняга палатна. Падпяразвалі вузкім поясам, канцы якога аздаблялі дэкар. кутасамі, нізкамі рознакаляровага бісеру. Галаўныя ўборы жанчын — намітка, чапец (вязаны з белых нітак або шыты з чырвоных тканін), хустка. Насілі пацеркі, шыйныя бісерныя паскі, абразкі. Мужчынскія кашулі кроілі з плечавымі ўстаўкамі або тунікападобныя; вышывалі манішку, падол, каўнер і каўнерцы, падпяразвалі поясам. Нагавіцы шылі з палатна, шэрага ці карычневага сукна. Вопратку (світу, шубу, кажух, куртку, сак) аздаблялі нашыўкамі і аблямоўкамі фабрычных (чырвоных, сініх) тканін, аплікацыяй шнурам.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Краснапольскі строй. Летняе традыцыйнае адзенне жанчын. Пач. 20 ст. Вёска Рудня-Барталамееўская Чачэрскага раёна Гомельскай вобл.

т. 8, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ва́ленка ’цёплая хустка’ (ДАБМ, 946; Сцяшк. МГ), валёнка ’цёплая шапка’ (Некр., КЭС, Жд.) > ва́лянка ’вялікая хустка на плечы’ (Янк. II). Суфіксальныя ўтварэнні ад валены < валіць2. Параўн. Рудніцкі, 1, 301.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пелямі́ца (пелемі́ца) ’вялікая хустка’ (ТС). З ⁺пеленіца (распадабненне н > м), параўн. чэш. plenaхустка’, ст.-рус. пеленица ’пялёнка’ (з 1466 г.) < пелена ’пакрывала’, ст.-слав. пелена ’тс’. Гл. пе́лена, пялёнка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Баю́ўкахустка з байкі’. Гл. баёвік.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калапня́нкахустка асенняя, якую завязваюць увосень, калі капаюць бульбу’ (смарг., ДАБМ), колопнюшка ’цёплая хустка’ (высок., ДАБМ). Мясцовыя наватворы ад калапні ’каноплі’, параўн. бел. канаплянка ’цёплая (зімовая) хустка’, рус. калым. коноплянка ’сетка, звязаная з ссучанай удвая або ўтрая канаплянай ніткі’, іркуц. ’мужчынская шапка з мяккім верхам’, гом. ’шапка, рукавіцы з канаплянай пражы’. Да этымалогіі гл. яшчэ каноплі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)