ТРЫХАМАНО́З, трыхаманіяз,

інфекцыйная хвароба чалавека і жывёл, якая выклікаецца трыхаманадамі. У чалавека крыніца інфекцыі — хворыя на Т. і паразітаносьбіты (заражэнне адбываецца пераважна палавым шляхам). Адносіцца да венерычных хвароб. Найчасцей бывае Т. похвы (трыхаманадны кальпіт у жанчын) і Т. мочаспускальнага канала (трыхаманадны урэтрыт у мужчын). Адрозніваюць Т. востры, падвостры, хранічны. Асн. прыкметы: белі, сверб, набраканне слізістай абалонкі, частае мочаспусканне, агульная слабасць. У мужчын часта працякае бессімптомна. Лячэнне тэрапеўтычнае. У жывёл найб. пашыраны Т. палавых органаў буйн. раг. жывёлы, свіней, птушак. Заражаюцца пераважна пры спароўванні або штучным асемяненні.

т. 16, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАН’ЮНКТЫВІ́Т (ад лац. conjunctivus злучальны + ...іт),

запаленне слізістай (злучальнай) абалонкі вока. Адна з найб. пашыраных хвароб вачэй. Адрозніваюць К. востры і хранічны. Найчасцей бывае востры; выклікаецца інфекцыяй, дзеяннем розных хім. рэчываў, траўмамі і інш. Прыкметы: пачырваненне слізістай абалонкі вока, рэзь, слёзацячэнне, святлабоязь, слізістыя ці слізіста-гнойныя выдзяленні. Пры своечасовым лячэнні ўскладненняў не пакідае, доўжыцца 3—6 дзён, вірусны — да 1 мес. К. ад трахомы, ганарэі, дыфтэрыі пакідаюць язвы рагавой абалонкі, бяльмо. Хранічнаму К. садзейнічаюць пыл, дым, недастатковае асвятленне, некарыгіраваныя акулярамі анамаліі зроку, анеміі, гельмінтозы, адэноіды, парушэнне абмену рэчываў. Лячэнне: ліквідацыя асн. прычын, тэрапеўтычнае.

Л.​М.​Марчанка.

т. 8, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЯКАРДЫ́Т (ад мія... + грэч. kardia сэрца),

запаленне мышцы сэрца (міякарда) у чалавека і жывёл. Бывае востры, падвостры і хранічны, дыфузны і ачаговы. Паводле ступені цяжкасці — лёгкі, сярэднецяжкі, цяжкі. Прычыны: інфекцыя (ангіна, дыфтэрыя, шкарлятына, туберкулёз і інш.), алергія, інтаксікацыя. У дзяцей можа развіцца пры рэўматызме. Рэўматычны М. нярэдка спалучаецца з эндакардытам. Прыкметы М. залежаць ад парушэння сардэчнага рытму і недастатковай скарачальнай функцыі міякарда (агульная слабасць, задышка ў спакоі, набраканне шыйных вен, працяглы «ныючы» боль у вобласці сэрца, сэрцабіццё, хуткая стамляльнасць). Ускладненні: кардыясклероз, сардэчная недастатковасць. Лячэнне: пасцельны рэжым, вітаміны, сардэчна-сасудзістыя сродкі, ліквідацыя асн. хваробы.

т. 10, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЕЛАНЕФРЫ́Т (ад грэч. pyelos лаханка + nephros нырка),

інфекцыйна-запаленчае захворванне лаханкі і парэнхімы ныркі з пераважным пашкоджаннем яе прамежкавай тканкі. Узбуджальнікі П. — стрэптакокі, стафілакокі, сінягнойная палачка і інш. Развіваецца як самаст. захворванне або на фоне хвароб мочапалавой сістэмы (напр., мочакамянёвая хвароба), як ускладненне пасля грыпу, запалення лёгкіх і інш. Бывае ў цяжарных жанчын. Адрозніваюць П. востры і хранічны. Прыкметы вострага: дрыжыкі, т-ра цела да 40 °C, моташнасць, ірвота, боль у паясніцы, мышцах, лейкацыты ў мачы. Пры хранічным П. — слабасць, хуткая стамляльнасць, ацёчнасць твару, расстройствы мочаспускання, у мачы лейкацыты і бактэрыі; бывае нырачная недастатковасць. Лячэнне тэрапеўт. і хірургічнае.

т. 12, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЛЬПІ́Т,

запаленне пульпы зуба. Узнікае пры пападанні ў яе бактэрый, іх таксінаў, прадуктаў распаду тканак з карыёзнай поласці, парушаных калязубных тканак, пры траўме зуба, з крывацёкам пры цяжкіх інфекц. захворваннях і інш. Бывае востры і хранічны, ачаговы і дыфузны (пашыраецца на ўсю пульпу зуба). П. пашкоджвае малочныя і пастаянныя зубы. Характарызуецца моцным болем, які можа ўзнікаць, напр., пры пападанні на хворы зуб халоднай (гарачай) ежы; пры некат. формах П. холад купіруе боль. Часам П. закранае галіны трайчастага нерва і боль пераходзіць на пэўныя часткі твару. Лячэнне: поўнае ці няпоўнае выдаленне пульпы з далейшым пламбаваннем зуба.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

chronic

[ˈkrɑ:nɪk]

adj.

1) зацяжны́, храні́чны (пра хваро́бу)

a chronic disease — зацяжна́я хваро́ба

2) ста́лы, ве́чны, заўсёдны

a chronic liar — ве́чны маню́ка

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

САП,

вострая інфекцыйная хвароба жывёл і чалавека са з’явамі інтаксікацыі і ўтварэннем спецыфічных гранулём. Узбуджальнік — палачкападобная бактэрыя псеўдамонас хворых жывёл (коні, аслы, мулы і інш.). Чалавек часцей заражаецца ад хворых на С. коней праз пашкоджаныя скуру, слізістыя абалонкі. С. бывае востры і хранічны. На месцы пранікнення ўтвараецца чырвона-барвовая папула, потым пухірок (пустула), які разбураецца з утварэннем язвы. Прыкметы С.: высокая т-ра цела (да 40,5 °C), галаўны і мышачны боль, прыпухласць у вобласці суставаў, на скуры множныя вузельчыкі і папулы. Абсцэсы ўтвараюцца таксама ў мышцах (асабліва ікраножных), лёгкіх, печані, селязёнцы, суставах, касцях з далейшым фарміраваннем свішчоў. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае. Хворых жывёл знішчаюць.

А.​А.​Астапаў.

т. 14, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПНЕЎМАКАНІЁЗ (ад грэч. pneumon лёгкія + konia пыл),

прафесійная хвароба лёгкіх чалавека, абумоўленая ўздзеяннем прамысл. пылу. Пры П. развіваюцца склератычныя змены лёгачнай тканкі, у ёй разрастаецца злучальная тканка (гл. Пнеўмасклероз). Найб. небяспечны пыл з часцінкамі, меншымі за 5 мкм, які пры ўдыху пранікае ў глыбокія аддзелы лёгачнай тканкі. Выклікае П. расл. пыл (напр., мука, тытунь), жывёльны (футравы, валасяны), мінер. (азбеставы), метал. (алюмініевы, жалезны). Працяглае ўдыханне арган. пылу выклікае хранічны насмарк, ларынгіт, трахеіт, бранхіт, пнеўманію. Растварэнне часцінак пылу ў лёгачнай тканцы прыводзіць да ўтварэння таксічных хім. злучэнняў. Асабліва небяспечна ўдыханне пылу, які мае ў сабе свабодны двухвокіс крэмнію (гл. Сілікоз). Найб. частае ўскладненне П. — хранічная лёгачна-сардэчная недастатковасць. Лячэнне комплекснае.

М.​К.​Недзьведзь.

т. 12, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАМАТЫ́Т [ад грэч. stoma (stomatos) рот],

пашкоджанне слізістай абалонкі ротавай поласці. Бывае абмежаванае запаленне слізістай абалонкі языка — гласіт, дзяснаў — гінгівіт. Адрозніваюць С. афтозны, катаральны, язвавы, некратычны; востры і хранічны; першасны і другасны. Першасны ўзнікае пры траўматычных пашкоджаннях слізістай абалонкі поласці рота (напр., прыкусванне, раненне, зубны камень, няякасныя пломбы — мех. траўмы), хім. і тэрмічных апёках, ад мікробаў, вірусаў. Пашыраны С. ад віруснай інфекцыі (напр., востры герпетычны ў дзяцей — праява першаснага інфіцыравання поласці рота вірусам герпесу). Другасны С. — вынік парушэнняў абмену рэчываў, хвароб нерв. сістэмы, СНІДу і інш. Агульныя прыкметы: пачырваненне і набраканне слізістай абалонкі поласці рота, высыпка, боль, непрыемны пах з рота. Лячэнне: процізапаленчая і сімпатаматычная тэрапія.

А.​С.​Арцюшкевіч, З.​Р.​Валеева.

т. 15, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАКСІ́Т (ад лац. coxa бядро + ...іт),

запаленчы працэс тазасцегнавога сустава. Адрозніваюць К. спецыфічныя інфекц. (ганарэйныя, туберкулёзныя, сіфілітычныя і інш.), неспецыфічныя інфекц. (гнойныя), асептычныя (рэўматоідныя, рэўматычныя, з прычыны хваробы Бехцерава і інш.), як ускладненне інфекц. хваробы (дызентэрыя, бруцэлёз, адзёр і інш.). Бывае востры ці хранічны Прыкметы К.: запаленчыя змены ў сінавіяльнай абалонцы, утварэнне серознага, серозна-фібрознага ці гнойнага выпату. Выяўляецца болем у вобласці пашкоджанага сустава, павышэннем т-ры цела, абмежаванай рухомасцю сустава. Запаленчы выпат у суставе выклікае яго павелічэнне, выхад яго за межы капсулы — абсцэс ці флегмону. Запаленне з сінавіяльнай абалонкі можа пераходзіць на касцявыя структуры, разбурае вяртлюжную ўпадзіну, галоўку і шыйку сцегнавой косці, што выклікае паталаг. вывіх сцягна і пакарачэнне ніжняй канечнасці. Лячэнне: імабілізацыя, тэрапеўтычнае, хірургічнае, артапедычнае.

А.​У.​Руцкі.

т. 7, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)