чарадзейства; абрады, дзеянні або слоўныя формулы-заклінанні, якімі чалавек імкнуўся ўздзейнічаць на сілы прыроды, лёс, істоты і прадметы. Узнікла ў першабытным грамадстве. Вядомая ўсім народам, захавалася ў рэліг. вераваннях да нашага часу. Адрозніваюць белую М., якая заклікала бога, і чорную М., што звярталася да «нячыстай» сілы. У аснове М. ўяўленне, што пэўнае дзеянне выклікае адпаведную жаданую з’яву. Найб. пашыраныя віды М.: лячэбна-засцерагальная (знахарства, замовы), гасп. (земляробчая, паляўнічая, бортніцкая, будаўнічая), быт. (засцярога ў дарозе, пры начлезе ў лесе і інш.), любоўная (прыварожванне, адварожванне), шкаданосная (насланнё, псаванне, заломы ў жыце). Часта была заняткам т.зв. чараўнікоў, ведзьмароў, шаманаў. Рэшткі магічных элементаў існуюць і ў наш час.
Літ.:
Никифоровский Н.Я. Простонародные приметы и поверья, суеверные обряды и обычаи, легендарные сказания о лицах и местах. Витебск, 1897;
Сержпутоўскі А.К. Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў. Мн., 1930;
Максимов С.В. Нечистая, неведомая и крестная сила. СПб., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВАЯ СТАТЫ́СТЫКА,
раздзел статыстычнай фізікі, у якім вывучаюцца ўласцівасці сістэм тоесных мікрачасціц. Дала магчымасць тлумачыць многія фіз. з’явы, якія з пункту гледжання класічнай фізікі нельга было тлумачыць, напр., Планка закон выпрамянення абсалютна чорнага цела, электраправоднасць, цеплаёмістасць цвёрдых цел, звышцякучасць, звышправоднасць.
З квантавай механікі вынікае, што энергія такой сістэмы мае дыскрэтныя значэнні, а хвалевыя функцыі, якія апісваюць розныя станы сістэмы мікрачасціц сіметрычныя (гл.Бозе—Эйнштэйна статыстыка) або антысіметрычныя (гл.Фермі—Дзірака статыстыка) адносна перастановак часціц. В.Паўлі даказаў, што тып К.с. вызначаецца спінам часціц: часціцы з паўцэлым спінам (напр., электроны, нейтрына, пратоны) падпарадкоўваюцца К.с. Фермі—Дзірака (ферміёны), з цэлым спінам (напр., фатоны, альфа-часціцы) — Бозе—Эйнштэйна (базоны). Пры высокіх т-рах квантавыя эфекты неістотныя і формулы размеркавання часціц (пры адсутнасці знешніх палёў) пераходзяць у класічнае Максвела размеркаванне. Пры дастаткова нізкіх т-рах амаль усе ніжнія станы ферміёнаў будуць запоўненымі (выраджаны фермі-газ); базоны пры гэтых умовах імкнуцца перайсці ў стан з нулявым імпульсам (Бозе—Эйнштэйна кандэнсацыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУАСО́НА РАЗМЕРКАВА́ННЕ,
размеркаванне імавернасці выпадковай велічыні з цэлалікавымі неадмоўнымі значэннямі. Функцыя П.р. такіх велічынь задаецца формулай
, дзе λ > 0 — параметр, які супадае з матэматычным чаканнем і дысперсіяй выпадковай велічыні, k = 0, 1, 2, ... — нумар выпрабавання. Атрымана С.Д.Пуасонам (1837) пры вывядзенні набліжанай формулы бінаміяльнага размеркавання пры вялікім ліку выпрабаванняў.
У тэарэтыка-імавернасных мадэлях П.р. выкарыстоўваецца як набліжанае і як дакладнае размеркаванне. Напр., калі пры n незалежных выпрабаваннях падзеі A1, ..., An назіраюцца з аднолькавай малой імавернасцю p, то імавернасць адначасовага ажыццяўлення якіх-н. k падзей набліжана выражаецца функцыяй pk(np) (гл.Пуасона тэарэма). У прыватнасці, такая мадэль добра апісвае працэс радыеактыўнага распаду і інш.фіз. з’явы. Як дакладнае П.р. выкарыстоўваецца ў тэорыі выпадковых працэсаў, напр., пры разліку нагрузкі ліній сувязі, дзе мяркуюць, што колькасці выклікаў на працягу неперасякальных інтэрвалаў часу ёсць незалежныя выпадковыя велічыні, якія падпарадкоўваюцца П.р.
А.А.Гусак.
Пуасона размеркаванне. Pk(λ) з рознымі значэннямі параметра λ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Найсці́, найці́ ’найсці’, ’знайсці’, ’нарадзіць’ (Бяльк., Яруш., Кліх, Пятк., Сл. ПЗБ, ТС), найсці́ся, найці́цца ’знайсціся’, ’нарадзіцца’ (Жд. 1, Сцяшк. Сл., Мат. Гом., Юрч., Сл. ПЗБ, ТС). Параўн. рус.найти́, укр.найти́, польск.najść, чэш.najít, славац.nájsť, в.-луж.nańć, nadeńc, н.-луж.najś, славен.nájti, серб.-харв.наћи, балг.на́йда, макед.найде, што дае падставы для рэканструкцыі *na‑iti (гл. ісці), звычайна са значэннем ’найсці, напасці, натрапіць’ і ’знайсці’ (параўн. Копечны, Zákl. zásoba, 65). Значэнне ’нарадзіць’, ’нарадзіцца’, якое адлюстроўвае эўфемізм, што мае засцерагальную (ахоўную) функцыю (паводле Машыннага, «ma na celu wprowadzenie w błąd złych mocy», Kultura, II, 1, 277), таксама вядома большасці славянскім мовам, параўн. рус.найти сына і прынятыя формулы, што «тлумачаць» дзецям іх з’яўленне: найти в крапиве, найти за углом, серб.-харв.нашло се дијете (Вук) і інш.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ГА́РВЕЙ, Харві (Harvey) Уільям (1.4.1578, г. Фолкстан, Вялікабрытанія — 3.6.1657), англійскі ўрач, заснавальнік сучаснай фізіялогіі і эмбрыялогіі. Д-р медыцыны (1602), праф. (1616). Чл. Каралеўскай калегіі ўрачоў (1607). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1597). Працаваў у Падуі (Італія). З 1609 гал. ўрач і хірург у Бальніцы св. Варфаламея, праф. анатоміі, фізіялогіі і хірургіі ў Каралеўскім ун-це ў Лондане. Навук. працы па эксперым. фізіялогіі, стварыў вучэнне пра кровазварот (1628), вызначыў функцыян. значэнне розных аддзелаў сэрца і буйных сасудаў, апісаў малы (лёгачны) і вял. кругі кровазвароту, выявіў памылковасць поглядаў Галена, што ў артэрыях знаходзіцца асаблівая «жыццёвая моц», якая забяспечвае пульсацыю сасудаў, за што трапіў пад жорсткія нападкі вучоных-схаластаў і царквы. Выявіў матэрыяльную аснову паходжання жывёльнага свету ў процівагу вучэнню Арыстоцеля аб самазараджэнні; сфармуляваў асновы тэорыі эпігенезу (аўтар формулы: «ўсё жывое — з яйца»), прадугадаў ідэю біягенетычнага закону.
Тв.:
Рус.пер. — Анатомическое исследование о движении сердца и крови у животных.
нац.Л., 1948.
Літ.:
Быков К.М. Уильям Гарвей и открытие кровообращения. М., 1957;
История биологии с древнейших времен до начала XX в. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАБО́РНЫЯ ПРАЦЭСЫ,
працэсы вырабу тэкставых друкарскіх форм. Бываюць ручныя, машынныя (механізаваныя, з выкарыстаннем наборных машын) і аўтаматызаваныя (з дапамогай наборных аўтаматаў, настольных выдавецкіх сістэм і інш.). Да Н.п. адносяць таксама карэктуру і вёрстку набору.
Ручным спосабам набіралі пераважна загалоўкі, табліцы, формулы і інш. складаныя часткі выдання, для гэтага выкарыстоўвалі літары і прагальныя матэрыялы. Пры машынных Н.п. з дапамогай радковаадліўных лінатыпаў і літараадліўных манатыпаў атрымліваюць метал. формы, прыдатныя для непасрэднага друкавання або стэрэатыпавання (гл.Стэрэатыпія). Пры фотанаборы атрымліваюць дыяпазітывы (негатывы) палос, прыдатныя для вырабу друкарскіх форм кантактным капіраваннем; тэкст набіраюць на фотанаборных машынах. На наборна-друкавальных машынах тэкст набіраюць на плёнцы (тэкставыя дыяпазітывы), паперы (выдавецкія арыгінал-макеты) або непасрэдна на формным матэрыяле, пасля апрацоўкі якога атрымліваюць друкарскую форму. Пры ручным і машынным спосабах набору робяць вёрстку ці мантаж дыяпазітываў (негатываў) на плёнку па разметцы выдавецкага арыгінала або па макеце, з наступнай карэктурай і праўкай набору. Выкарыстанне фотаэлектронных аўтаматаў, персанальных ЭВМ, выдавецкіх камп’ютэрных сістэм, счытвальных прыстасаванняў і інш. дазваляе поўнасцю аўтаматызаваць Н.п.
Літ.:
Колосов А.И. Наборные и стереотипные процессы. М., 1977;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЛАМЛЕ́ННЕ СВЯТЛА́,
змена напрамку распаўсюджвання аптычнага выпрамянення (святла) пры яго праходжанні праз мяжу падзелу двух асяроддзяў.
Для працяглай плоскай мяжы падзелу аднародных ізатропных асяроддзяў пераломлены прамень ляжыць у плоскасці, якая праходзіць праз прамень і нармаль да мяжы падзелу, вуглы падзення α і пераламлення β падпарадкоўваюцца закону Снэля: sinα /sinβ = n2/n1, дзе n1 і n2 — абсалютныя пераламлення паказчыкі 1-га і 2-га асяроддзя адпаведна. П.с. суправаджаецца таксама адбіццём святла. Суадносіны інтэнсіўнасцей падаючага, адбітага і пераломленага праменяў залежаць ад вуглоў падзення і пераламлення, а таксама ад палярызацыі падаючага праменя (гл.Фрэнеля формулы). Пры любых вуглах падзення, адрозных ад 0, П.с. суправаджаецца зменай стану палярызацыі святла, што выкарыстоўваецца для атрымання лінейна-палярызаванага святла (гл.Брустэра закон). На законах П.с. заснавана будова аптычных прылад, якія служаць для змены напрамку светлавых праменяў і атрымання відарысаў аптычных, напр., мікраскопаў, тэлескопаў, спектрографаў, фотаапаратаў. Гл. таксама Падвойнае праменепераламленне.
В.В.Валяўка.
Да арт.Пераламленне святла: 1 — падаючы прамень; 2 — пераломлены прамень; 3 — нармаль да паверхні падзелу асяроддзяў I і II; α — вугал падзення; β — вугал пераламлення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНК ((Planck) Макс Карл Эрнст Людвіг) (23.4.1858, г. Кіль, Германія — 4.10.1947),
нямецкі фізік-тэарэтык, адзін з заснавальнікаў квантавай тэорыі. Чл. Берлінскай АН (1894), Лонданскага каралеўскага т-ва (1926). Замежны ганаровы чл.АНСССР (1926). Вучыўся ў Мюнхенскім (1874—77) і Берлінскім (1877—78) ун-тах. З 1880 у Мюнхенскім ун-це, праф. ун-таў у Кілі (з 1885) і Берліне (з 1889), адначасова сакратар Берлінскай АН (1912—43). Навук. працы па тэрмадынаміцы, тэорыі цеплавога выпрамянення, тэорыі адноснасці, электрамагнетызме, оптыцы, акустыцы, кінетычнай тэорыі газаў, гісторыі і метадалогіі фізікі. Выказаў меркаванне аб дыскрэтным характары энергетычных працэсаў у атамных асцылятарах, увёў паняцце квант энергіі і фундаментальную фіз. канстанту h (гл.Планка пастаянная). Устанавіў закон размеркавання энергіі ў спектры абс. чорнага цела (гл.Планка закон выпрамянення). Увёў паняцце «тэорыя адноснасці», вывеў рэлятывісцкае ўраўненне дынамікі, атрымаў формулы для энергіі і імпульсу электрона. Нобелеўская прэмія 1918.
Тв.:
Рус.пер. — Единство физической картины мира. М., 1966;
Избр. труды. М 1975.
Літ.:
Макс Планк, 1858—1958. М., 1958;
Кляус Е.М., Франкфурт У.И. Макс Планк, 1858—1947. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
палані́ць, ‑ланю, ‑лоніш, ‑лоніць; зак. і незак., каго-што.
1. Захапіць, узяць у палон. Зграя варожая злева і справа Іх паланіла для жорсткай расправы.Звонак.// Заваяваць, захапіць якія‑н. землі, краіны і пад. У кожным слове Соніных бацькоў гучала нянавісць да чужынцаў, якія паланілі родны край.Новікаў.
2.перан. Прывабіўшы, падпарадкаваць свайму ўплыву. Хацеў знайсці да ісціны ключы, А паланілі формулы і словы.Грахоўскі.Сэрца стала паслухмяным, — любы словам паланіў.Машара.// Зачараваць. Спявалі [дзяўчаты] зладжана, прыгожа, але асабліва паланіў адзін цудоўны голас.Шамякін.Хутка песні і вясёлая музыка паланілі атрад.Лынькоў.
3.Разм. Ахапіць, запоўніць сабой. Водбліскі цямнелі, гаслі, знікалі і зноў успыхвалі з новаю сілай, паланілі ўсё неба.Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ГЕАМЕТРЫ́ЧНАЯ ІЗАМЕ́РЫЯ, цыс-транс-ізамерыя,
з’ява існавання малекул рознай прасторавай будовы пры аднолькавай паслядоўнасці і тыпе хім. сувязей у злучэнні; від прасторавай ізамерыі. З’яву геаметрычнай ізаметрыі растлумачыў Я.Х. вант Гоф (1874).
Геаметрычная ізаметрыя ўласцівая злучэнням з падвойнымі сувязямі (найчасцей C=C і C=N), вакол якіх немагчыма свабоднае вярчэнне атамаў, і цыклічным злучэнням з малымі (неараматычнымі) цыкламі. Магчыма, калі атам вугляроду пры падвойнай сувязі ці ў цыкле мае неаднолькавыя замяшчальнікі (групоўку атамаў тыпу RR′C = CRR′), якія па-рознаму размешчаны адносна плоскасці падвойнай сувязі (гл.Кратныя сувязі) ці кольца ў цыклічных злучэннях. Існуюць 2 формы геам. ізамераў: цыс-ізамеры — аднолькавыя замяшчальнікі знаходзяцца па адзін бок ад плоскасці падвойнай сувязі (формула 1) ці кольца (формула 3), транс-ізамеры — па розныя бакі (формулы 2, 4). У цыклічных злучэннях адначасова з геаметрычнай ізаметрыяй магчыма і аптычная ізамерыя. Геам. ізамеры маюць розныя фіз. і хім. ўласцівасці. Цыс-ізамеры даволі лёгка (пад уздзеяннем святла, цяпла, хім. рэагентаў) пераходзяць у больш устойлівыя транс-ізамеры, напр., малеінавая кіслата. Геаметрычная ізамерыя ўласцівая і палімерам, напр., гутаперча (транс-поліізапрэн), каўчук натуральны (цыс-полііэалрэн).