ФРЭНЕ́ЛЬ (Fresnel) Агюст Жан (10.5.1788, Бральі, Францыя — 14.7.1827),

французскі фізік, адзін са стваральнікаў хвалевай оптыкі. Чл. Парыжскай АН (1823). Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1825). Скончыў Політэхн. школу (1806), дзе і працаваў з 1817, а таксама Школу мастоў і дарог (1809). Стварыў тэорыю дыфракцыі святла (гл. Гюйгенса—Фрэнеля прынцып, Фрэнеля дыфракцыя). Незалежна ад Т.Юнга даказаў папярочнасць светлавых хваль (1821), растлумачыў палярызацыю, вярчэнне плоскасці палярызацый і падвойнае праменепераламленне святла (1823), што дало пачатак крышталяоптыцы. Устанавіў асн. заканамернасці адбіцця і пераламлення святла (гл. Фрэнеля формулы), сканструяваў лінзы і люстэркі, названыя яго імем. Даследаваў уплыў руху Зямлі на аптычныя з’явы, чым паклаў пачатак оптыцы рухомых асяроддзяў.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. труды по оптике. М., 1955.

Літ.:

Творцы физической оптики. М., 1973;

Степанов Б.И. Огюст Френель // Журн. прикладной спектроскопии. 1977. Т. 27, вып. 1.

А.​І.​Болсун.

А.Ж.Фрэнель.

т. 16, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)