1) спецыяльная гісторыка-філал. дысцыпліна, якая вывучае стараж. рукапісныя і друкаваныя помнікі з мэтай іх правільнага прачытання, вызначэння аўтарства, часу і месца стварэння, выяўлення іх сапраўднасці, аўтэнтычнасці. На аснове вонкавых прыкмет рукапісу даследуе пісчыя матэрыялы, прылады, тып пісьма, асаблівасці спосабаў запісу, аздабленне (арнамент, мініяцюры), афармленне пераплётаў, вадзяныя знакі на паперы і г.д. Цесна звязана з гісторыяй, эпіграфікай, геральдыкай, сфрагістыкай, дыпламатыкай, храналогіяй, археалогіяй, нумізматыкай, мовазнаўствам, літаратуразнаўствам, музыказнаўствам і інш. Асобная галіна П. — крыптаграфія. Паводле сістэмы пісьма, алфавіта і мовы адрозніваюць П. грэч., лац., слав., араб., кіт., груз., індыйскую і інш.Слав. П. вывучае стараж. помнікі беларусаў, рускіх, украінцаў, балгараў, сербаў, напісаных пераважна кірыліцай, а таксама глаголіцай, пэўнымі тыпамі пісьма (уставам, паўуставам і скорапісам), дэкаратыўным пісьмом (вяззю).
П. як навука ўзнікла ў 17 ст. ў Францыі і спачатку лічылася галіной дыпламатыкі. Тэрмін «П.» ўпершыню ўжыў франц. вучоны Б.Манфакон (навук. праца «Грэчаская палеаграфія», 1708, на лац. мове) і вылучыў яе ў самаст.навук. дысцыпліну. У Расіі зарадзілася ў 1-й чвэрці 18 ст.Вял. роля ў распрацоўцы слав. кірыліцкай П. належыць І.І.Сразнеўскаму, А.І.Сабалеўскаму, В.М.Шчэпкіну, В.Ягічу і інш. Пачынальнік бел. П. — Я.Ф.Карскі, які найб. дэталёва вызначыў і апісаў крыніцы палеагр. назіранняў з улікам іх складу, месца захоўвання рукапісаў у працы «Славянская кірылаўская палеаграфія» (1928, факсімільнае выданне 1979), апісаў таксама матэрыялы рукапісаў, іх вонкавае афармленне, прылады пісьма. Помнікі пісьменнасці, створаныя на Беларусі, вывучалі І.І.Грыгаровіч, А.Турчыновіч, М.В.Каяловіч, І.М.Даніловіч, М.К.Любаўскі, М.К.Баброўскі, М.Я.Нікіфароўскі, М.В.Доўнар-Запольскі, А.П.Сапуноў, Дз.І.Даўгяла, У.І.Пічэта, М.М.Улашчык, В.І.Баркоўскі, А.П.Ігнаценка, В.І.Мялешка, В.Ф.Шматаў і інш. Апісанне некалькіх тысяч помнікаў пісьменнасці даў В.Ю.Ластоўскі ў сваёй манаграфіі «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі» (1926). Пра наяўнасць асобнай бел. разнавіднасці кірылічнага пісьма пісаў Л.У.Чарапнін у працы «Руская палеаграфія» (1956). Бел. мовазнавец А.М.Булыка ў манаграфіі «Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы» (1970) разгледзеў напісанне асобных кірылічных літар у бел. пісьме на розных этапах яго развіцця. Эвалюцыю бел. пісьма ў сувязі з развіццём літ. мовы вывучалі А.І.Жураўскі і Л.М.Шакун. Бел.славіст М.А.Паўленка ў працы «Гісторыя пісьма» (2-е выд. 1987) раскрыў асн. этапы развіцця бел. пісьма. Палеаграфічнае апісанне Баркулабаўскага летапісу зрабіла Н.Т.Вайтовіч. На прыкладзе Судовай (актавай) кнігі Каўнаскага земскага суда 1566—67 літ. вучоны А.К.Антановіч выявіў асаблівасці бел. скорапісу 2-й пал. 16 ст. Яму належыць таксама палеаграфічнае апісанне унікальных па сваёй значнасці бел. тэкстаў, напісаных араб. пісьмом («Беларускія тэксты, напісаныя арабскім пісьмом...», 1968). Літоўскі гісторык Э.Лаўцявічус у працы «Папера ў Літве ў XV—XVIII стст.» (1979) сабраў звесткі пра паперні ў Вільні, Слуцку, Паставах, Гальшанах, Смаргоні і інш. Разгляду асаблівасцей бел. пісьма прысвяціў сваю працу польскі вучоны Т.Рот-Жаброўскі («Гісторыя рускага пісьма», 1987). Пячаткі стараж.-бел. дакументаў апісаў у сваёй працы «Пячаткі старажытнай Беларусі» (1993) бел. гісторык А.К.Цітоў, стараж. прылады пісьма (пісалы) — археолагі Ф.Д.Гурэвіч, Я.Г.Звяруга, А.М.Мядзведзеў. Палеаграфічныя здымкі шматлікіх дагэтуль невядомых стараж. рукапісаў апісаў рас. кнігазнавец М.В.Нікалаеў (кн. «Палата кнігапісная», 1993). Падрыхтаваны і выдадзены першы вучэбны дапаможнік «Беларуская палеаграфія» (1996).
2) П. ў музыцы — прыкладная музыказнаўчая дысцыпліна, якая вывучае стараж. сістэмы муз. натацыі, метады іх транскрыпцыі на сучасную натацыю і даследаванне рукапісных помнікаў муз. пісьменнасці, эвалюцыю муз. знакаў. Выконвае крыніцазнаўчыя функцыі — выяўляе, апісвае, сістэматызуе, расшыфроўвае і перакладае муз. помнікі на сучасную натацыю. Выкарыстоўвае метады даследавання пеўчай і агульнай П. Вылучаюць муз. П. візантыйскую (грэч.), лац. (грыгарыянскую), армянскую, славяна-рускую і інш.
Як навука пачала складвацца ў 1850-я г. Яе асн. палажэнні выкладзены ў працах Ш.Э.А.Кусмакера, а таксама І.Вольфа («Гісторыя мензуральнай натацыі ад 1250 да 1460», т. 1—3, 1904—65; «Даведнік натацый», т. 1—2, 1913—19). Уклад у вывучэнне пеўчай натацыі зрабілі Г.Рыман, О.Фляйшэр, П.І.Вагнер, П.Ферэці, Ж.Хандшын, Э.Ямерс. У Францыі выдадзены збор помнікаў неўменнага пісьма «Палеаграфія музычная» (т. 1—19, 1889—1950). Асаблівасцям візант. натацыі прысвечаны працы А.Гастуэ і Ж.Б.Цібо на мяжы 19—20 ст., у 1920—30-я г. — даследаванні Э.Велеса, Г.Тыльярда і К.Хёга. Славяна-рус. пеўчая П. ўключае рус., бел., укр., балг., сербскія, часткова харвацкія рукапісныя муз. помнікі 10—20 ст., знаменныя сістэмы натацыі — кандакарную, стаўпавую (знаменную, крукавую), дзямественную, пуцявую, казанскую і інш., а таксама квадратную лінейную, што на Беларусі вядома з 15 ст., і знаменна-лінейныя дваязнаменныя рукапісы. Найб. раннія даследаванні належаць В.Ундольскаму (1846) і І.Сахараву (1849). Муз. П. цікавіліся У.Адоеўскі, У.Стасаў. Вял. ўклад у распрацоўку муз. П. зрабілі Дз.Разумоўскі, С.Смаленскі, В.Металаў, А.Праабражэнскі, І.Вазнясенскі, пазней да яе звярталіся В.Бяляеў, М.Успенскі. Заснавальнік сучаснай муз. П і школы муз. медыявістыкі — М.Бражнікаў (аўтар прац «Руская пеўчая палеаграфія», «Курс лекцый па старажытнарускай музыцы і палеаграфіі», абедзве 1971, рукапісы). У галіне славяна-рус. П. працавалі замежныя даследчыкі Э.Ара, І.Гарднер, Э.Кошмідэр, М.Веліміровіч, Р.Палікарава-Вердэй, О.Странк, К.Флорас, К.Леві, Б.Карастаянаў і інш.
На Беларусі ў галіне муз. П. працуюць даследчыкі-медыявісты Л.Касцюкавец (аўтар курсу) у Бел. акадэміі музыкі, Т.Ліхач і інш.Гл. таксама Нотнае пісьмо, Царкоўная музыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАРЫНАЗНА́ЎСТВА,
комплексная навук. дысцыпліна, якая вывучае жыццё і дзейнасць Ф.Скарыны, яго творчую і духоўную спадчыну, асяроддзе, эпоху, публікацыю крыніц і крыніцазнаўчыя даследаванні. У шырокім сэнсе ў С. ўключаюцца таксама навук. і папулярныя публікацыі, маст. творы (літ. і выяўл. мастацтва, кінафільмы, тэатр. пастаноўкі, паштовыя маркі і г.д.), канферэнцыі, юбілейныя форумы, прысвечаныя Скарыне і яго пераемнікам, асэнсаванне яго ролі ў развіцці айч., еўрап. і сусв. культуры ад сярэдневякоўя да сучаснасці.
Першыя звесткі пра кнігі Скарыны занатаваны яшчэ пры яго жыцці (віленскі святар Мацвей, 1522; пратэстанцкі біскуп Прусіі П.Сператус, каля 1530; італьян. мовазнавец Т.А.Альбанезі, 1539, і інш.). Дзейнасць Скарыны прыцягвала ўвагу пісьменнікаў, палемістаў, гісторыкаў 16—17 ст. найперш з-за біблейскай тэматыкі, моўных, рэд., перакладчыцкіх і друкарскіх своеасаблівасцей яго выданняў. Ў часы Адраджэння, Рэфармацыі і пазней выданні Скарыны неадназначна ўспрымаліся паліт. і культ. дзеячамі (С.Будны, І.Фёдараў, А.Курбскі, Ш.Старавольскі), іерархамі розных канфесій, прадстаўнікамі поліэтнічнай інтэлігенцыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Звесткі італьян. публіцыста П.П.Вергерыя (Верджэрыо) пра «рус. Біблію», якую ён бачыў у Вільні ў 1550-я г., паўтораны Ж.Ле Лонгам (1709), І.-П. Колем (1729), Я.-Д.Гофманам (1740). У сярэдзіне 18 ст.ням. даследчык С.В.Рынгельтаўб адзначаў кнігі Скарыны толькі як адну з крыніц больш позніх пратэстанцкіх перакладаў Бібліі Буднага. Станаўленне рэтраспектыўнай бібліяграфіі ў Расіі ў канцы 18—пач. 19 ст. (пасля падзелаў Рэчы Паспалітай) паставіла пытанне пра пашырэнне гіст. і культуралагічных славяназнаўчых даследаванняў у новых этнатэрытарыяльных межах, што дало пазітыўныя вынікі і ў вывучэнні спадчыны Скарыны. У працах І.Р.Бакмейсцера, І.Г.Штрытэра, П.А.Аляксеева апісаны асобныя кнігі Скарыны, прыведзены фрагментарныя звесткі з яго біяграфіі, высвятляліся аспекты яго рэдакцыйна-перакладчыцкай дзейнасці ў параўнанні з маскоўскімі выданнямі і зах.-еўрап. традыцыямі. Чэшскі славіст і асветнік І.Добраўскі першы адзначыў, што кнігі Скарыны прызначаліся «простым русінам», а «літоўская мова яго выданняў значна адрознівалася ад традыцыйных царкоўнаславянскіх рукапісаў». Ён даказаў, што Скарына пры перакладзе Бібліі карыстаўся чэшскім перакладам Вульгаты, а яго Біблія друкавалася ў чэшскай, а не варшаўскай Празе. У сярэдзіне 19 ст.рас. мастацтвазнавец Дз.А.Равінскі адзначаў арыгінальнасць, высокі ўзровень і якаснае тэхн. выкананне фігурных гравюр у пражскай Бібліі, апісаў іх тэматыку. На яго думку, гравюры Скарыны не маюць аналагаў у еўрап. кнігадрукаванні. Ён высока ацаніў партрэт Скарыны, «падпісаны невядомым майстрам». Лічыў, што віленскае кнігадрукаванне не дасягнула ўзроўню пражскіх выданняў. У.В.Стасаў звярнуў увагу на маст. вартасць, дасканаласць і «тонкасць» віленскіх ініцыялаў і заставак. Гэтыя асаблівасці малых кніжак Скарыны (разам з вельмі добрым шрыфтам) робяць іх падобнымі да слав. «эльзевіраў». Стасаў выказаў меркаванне, што ў пражскай друкарні Скарыны працавала некалькі гравёраў, у т. л. «славянскага племені», што ў гравюрах «адчуваецца славянскі тып твару і адзення». На думку археографа А.Я.Віктарава, пражскі Псалтыр 1517 найб. адпавядаў рэліг. і кніжна-асветніцкім патрэбам «рускага» насельніцтва. Ён крытыкаваў сцвярджэнні некат. даследчыкаў (Я.Ф.Галавацкага, В.Копітара) адносна каталіцкіх або рэфармацыйных поглядаў Скарыны. Найб. грунтоўна наяўныя на той час выданні Скарыны апісаў В.С.Сопікаў. Поўнае і разгорнутае апісанне ўсіх вядомых пражскіх і віленскіх выданняў Скарыны зрабіў І.П.Каратаеў у бібліягр. працах 1878 і 1883. Больш плённы перыяд у С. пачаўся з выхадам у свет доктарскай дысертацыі славіста П.У.Уладзімірава «Доктар Францыск Скарына: Яго пераклады, друкаваныя выданні і мова» (1888), якая адкрывалася гістарыяграфічным даследаваннем. Дзейнасць Скарыны ён разгледзеў на фоне «маральна-рэлігійнага і духоўнага» жыцця ВКЛ і падкрэсліў важную яго ролю ў стварэнні духоўных перадумоў для культ. і грамадска-паліт. актыўнасці мяшчанства, для пашырэння кантактаў з краінамі Цэнтр. і Зах. Еўропы, для эвалюцыі кніжнага пісьменства, пранікнення нар. мовы ў л-ру. Па дакумент. крыніцах ён узнавіў жыццёвы шлях Скарыны, адзначыў яго «заходнярускае» паходжанне, сувязі з родным Полацкам, спрабаваў звязаць дзейнасць Скарыны з культ. развіццём «заходнярускіх» зямель канца 15 — пач. 16 ст., прааналізаваў амаль усе вядомыя на той час спісы выданняў Скарыны, асабліва рэдкія рукапісы, якія, магчыма, данеслі да нас тэксты нявыдадзеных або страчаных кніг Скарыны. Значная частка Гэтай працы прысвечана характарыстыцы мовы скарынаўскіх перакладаў, друкарскіх і маст. асаблівасцей выданняў. На яго думку, «руская» (беларуская) мова Скарыны найб. выразна адчуваецца ў пражскіх кнігах. Праблему мовы Скарыны «ўзору беларускай гутаркі пачатку 16 ст». першы навукова паставіў Ф.Буслаеў. Падобнай думкі прытрымліваліся А.Аганоўскі, Уладзіміраў, М.Мурко, М.Драгаманаў, чэшскі філолаг І.Первольф, польскія вучоныя С.Ліндэ, М.Вішнеўскі, А.Брукнер, Л.Васілеўскі. За разнавіднасць польскай выдавалі мову Скарыны П.Кепен, В.Бадзянскі, Галавацкі. З поглядамі пра «рускі» (беларускі) характар скарынавых твораў не пагаджаўся А.Сабалеўскі, які лічыў яе царкоўнаславянскай. Значны ўклад у С. зрабіў Я.Ф.Карскі, які разгледзеў дзейнасць Скарыны на агульным фоне развіцця бел. культуры, мовы, асветніцтва. На мяжы 19—20 ст. і пазней у т.зв. нашаніўскі перыяд пачынаецца ўласна бел. С.: публікацыі А.Кіркора, М.Доўнар-Запольскага, А.Ельскага, А.Сапунова, І.Луцкевіча, А.Луцкевіча, В.Ластоўскага, Л.Гмырака, Р.Зямкевіча, пасля М.Гарэцкага, У.Ігнатоўскага, М.Янчука, М.Шчакаціхіна і інш. У 1921 выйшла філасофска-публіцыст. эсэ І.Абдзіраловіча (І.Канчэўскага) «Адвечным шляхам», у якім нац.-асветніцкі ідэал Скарыны прадстаўлены ўзорнай дамінантай на гіст.-цывілізацыйным шляху самабытна-творчага самасцвярджэння бел. супольнасці пры яе неадназначным геапаліт. становішчы паміж візант. Усходам і рыма-каталіцкім Захадам. У 1925 у Вільні выйшаў навук.-папулярны нарыс А.Станкевіча «Доктар Францішак Скарына — першы друкар беларускі», у 1926 у Коўне — манаграфія Ластоўскага «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі». На думку Ластоўскага, выдавецкую дзейнасць Скарыны падтрымлівалі віленскае і полацкае купецтва, кнігі друкаваліся «па магчымасці на зразумелай народу мове», усталёўвалі «жыццёвую мудрасць» — ідэі патрыятызму, маральнага ўдасканалення, спрыялі развіццю свецкіх навук. На яго думку, процідзеянне Скарыне аказвала правасл. і каталіцкае духавенства, што ў значнай меры паслужыла і прычынай спынення яго друкарскай дзейнасці.
Усе манаграмы і крыптанімы ў пражскіх і віленскіх выданнях Скарыны даследчык прыпісваў мясц. майстрам«русінам». З нагоды 400-гадовага юбілею віленскіх выданняў Скарыны ў 1926 у Мінску выдадзены навук.зб. артыкулаў бел. даследчыкаў «Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925» (аўтары І.Воўк-Левановіч, В.Дружчыц, М.Любаўскі, У.Перцаў, У.Пічэта, М.Піятуховіч, Шчакаціхін, Дз.Ягораў, А.Ясінскі). Гал. яго тэмы: умовы развіцця ВКЛ, Чэхіі, Італіі і гісторыя бел. кірылічнага кнігадрукавання ў 16—17 ст., Адраджэнне на Беларусі, літ. дзейнасць і мова выданняў Скарыны. Навук. узроўнем вылучаліся артыкулы Пічэты «Скарыніяна» і Шчакаціхіна «Гравюры і кніжныя аздобы ў выданнях Францыска Скарыны», дзе ўпершыню сістэматызаваны мастацка-стылявыя рысы 45 гравюр з выданняў Скарыны. Шчакаціхін паставіў таксама пытанне пра дату выхаду «Малой падарожнай кніжкі». На яго погляд, яна надрукавана ў Вільні каля 1530. М.В.Доўнар-Запольскі працэс станаўлення бел. кнігадрукавання разглядаў у непарыўнай сувязі з «вял. гаспадарчай перабудовай» як у Зах. свеце, так і ў Літоўска-Беларускай дзяржаве. Пічэта, разглядаючы творчасць Скарыны як з’яву рэнесансавай культуры, упершыню ў навук. плане паставіў пытанне пра бел. Адраджэнне. У канцы 1920-х — 1930-я г.навук. даследаванне творчасці Скарыны амаль поўнасцю спынілася.
У 1958 М.А.Алексютовіч у манаграфіі «Скарына, яго дзейнасць і светапогляд» разгледзеў асн. праблемы сац.-эканам. і культ. развіцця Беларусі ў 1-й пал. 16 ст., жыццё і дзейнасць Скарыны, яго сац. і культ.-асветныя, гуманістычныя погляды, уплыў яго творчай спадчыны на развіццё ўсх.-слав. пісьменства. У пач. 1960-х г. у сувязі з 400-годдзем рус. кнігадрукавання да вывучэння «пражскага ўрока» звярнуўся рас. мастацтвазнавец А.А.Сідараў. Літоўскі гісторык Л.І.Уладзіміраў лічыў, што фарміраванне бел. кнігадрукавання абумоўлена развіццём духоўнай культуры ВКЛ, патрэбамі мяшчан, шляхты, дзярж. органаў, каталіцкай і правасл. царквы. Ён выказаў гіпатэтычнае меркаванне, што папярэднікам Скарыны быў малавядомы лонданскі кнігавыдавец канца 15 ст. Дж.Літвін. Бел.літ.-знавец А.Ф.Коршунаў у 1969 выдаў прадмовы і пасляслоўі Скарыны (перавыдадзена з дапаўненнямі ў 1990), мастацтвазнавец Л.Баразна падрыхтаваў альбом гравюр Скарыны з гіст.-мастацтвазнаўчым экскурсам (1972, 2-е выд. 1990). Праблемы маст. афармлення кніг Скарыны ў рэчышчы еўрап. і ўласна бел. традыцый узняты ў манаграфіях бел. мастацтвазнаўца В.Ф.Шматава «Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст.» (1984) і «Мастацтва кнігі Францыска Скарыны» (1990). Ён прапанаваў новую маст.-стылістычную класіфікацыю пражскіх гравюр і інш. кампанентаў афармлення выданняў Скарыны (ініцыялы, застаўкі, канцоўкі, наборны арнамент, паліграф. арганізацыя тэксту); абгрунтаваў іх маст. асаблівасці ў параўнанні з зах.-еўрап. і ўласна бел.выяўл. традыцыямі. У шматлікіх публікацыях прааналізаваны тыпалагічныя асаблівасці выданняў Скарыны, іх тыпаграфіка, гіст. лёс, этапы развіцця С. Кнігазнаўчае апісанне большасці кніг Скарыны з асвятленнем іх паходжання, уладальнікаў, маргінальных запісаў і інш. далі Я.Л.Неміроўскі, В.І.Лук’яненка, Ю.А.Лабынцаў, І.В.Паздзеева, Г.Я.Галенчанка. Апісанне ўсіх пражскіх экзэмпляраў (без пазней знойдзенага канвалюта, набытага Лонданскай б-кай імя Скарыны) з поўным падборам факсімільных рэпрадукцый гравюр і арнаментыкі змешчана ў 8-томным апісанні кірылічных выданняў, падрыхтаванага Неміроўскім у рамках агульнаеўрап. праекта даследавання слав. кірылічнай кнігі («Зводны каталог старадрукаў кірылаўскага шрыфту». Бадэн-Бадэн, 1998. Т.З). Выданні Скарыны ў рэтраспектыве ўсяго бел. кірылічнага кнігадрукавання 16—18 ст. апісаў Галенчанка ў зводным каталогу «Кніга Беларусі, 1517—1917» (1986). У 1990—91 выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя» апубл. выданне факсімільнага тыпу, куды ўвайшла пражская Біблія Скарыны 1517—19 (складанне і навук. падрыхтоўка Галенчанкі, прадмова А.Л.Петрашкевіча). «Слоўнік мовы Скарыны (т. 1—3, 1977—94) выдаў У.В.Анічэнка. У 1991 фрагменты «Малой падарожнай кніжкі» апубл. Лабынцаў у выданні «Зерцало жития...»: З літаратурнай спадчыны Францыска Скарыны», У.Г.Кароткі — «Прадмовы і пасляслоўі паслядоўнікаў Скарыны». Вынікі шматгадовых даследаванняў падсумаваны ў працы Неміроўскага «Францыск Скарына: Жыццё і дзейнасць беларускага асветніка» (1990). У манаграфіі Галенчанкі «Францыск Скарына — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар» (1993) асн. ўвага звернута на асвятленне грамадска-паліт. і культ. фактараў узнікнення бел. кнігадрукавання, выяўленне этнасац. і дзярж.-геагр. арэала пашырэння яго кніг, уздзеянне творчай спадчыны Скарыны на выдавецкую дзейнасць яго пераемнікаў (Буднага, В.Цяпінскага, брацкіх кнігавыдаўцоў і інш). Паглыблены прафесіяналізм, дыферэнцыяцыя і рознабаковасць прац па С. 1960—90-х г. сведчылі пра фарміраванне адпаведных гіст.-культ., лінгвістычна-філас., літ.-знаўчай, кнігазнаўчай, гіст.-маст. школ ці тэматычных кірункаў. Агульны гіст. фон, філас., грамадска-паліт., этычныя, эстэтычныя погляды Скарыны, рэнесансава-гуманістычныя, дэмакр. тэндэнцыі ў яго творчасці разгледжаны ў «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 1, 1968). Дзейнасць Скарыны на фоне паліт., сац.-эканам. і культ. развіцця ВКЛ, яе міжнар. аспекты даследаваны ў зб. «Скарына і яго эпоха» (1990), у публікацыях В.К.Зайцава, В.У.Чапко, А.П.Грыцкевіча, У.М.Конана, С.А.Падокшына. Падокшын у манаграфіі «Францыск Скарына» (1981) даследаваў гнасеалагічныя, анталагічныя, сац.-паліт., эстэтычныя погляды Скарыны, падкрэсліў некананічнасць яго біблейскіх перакладаў. Філасофскія, этычныя, грамадска-паліт. погляды Скарыны і яго паслядоўнікаў разгледжаны ў манаграфіях Падокшына «Скарына і Будны: Нарыс філасофскіх поглядаў» (1974) і «Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага» (1990). Літ., перакладчыцкай і пісьменніцкай дзейнасці Скарыны з выкарыстаннем новых матэрыялаў прысвечаны даследаванні Лабынцава «Пачатае Скарынам» (1990) і «Зерцало жития...», працы В.А.Чамярыцкага, А.В.Мальдзіса, М.М.Грынчыка, А.А.Лойкі. Значэнне скарынаўскіх ідэй і яго творчасці ў новай бел. л-ры канца 19 — пач. 20 ст. раскрыта ў кн. А.К.Каўкі «Тут мой народ» (1989). Своеасабліва інтэрпрэтуе спадчыну Скарыны ў рэчышчы ўсх.слав. Адраджэння А.А.Яскевіч у кн. «Творы Ф.Скарыны: Жанравая структура. Філасофскія погляды. Мастацтва слова» (1995). Моўнае наватарства, бел. і кніжнаслав. рысы тэкстаў і перакладаў Скарыны і яго паслядоўнікаў характарызуюцца ў працы А.І.Жураўскага «Гісторыя беларускай літаратурнай мовы» (т. 1. 1967), калектыўнай працы А.М.Булыкі. Жураўскага. У.М.Свяжынскага «Мова выданняў Францыска Скарыны» (1990), у даследаваннях Анічэнкі, А.Я.Баханькова, А.А.Парукава, Л.М.Шакуна і інш. Творчасць Скарыны як пачынальніка арыгінальнага бел. вершаскладання, яго гімнаграфічныя творы даследуюцца ў працах В.Тумаша, А.А.Турылава, Грынчыка, Яскевіч, у манаграфіі І.В.Саверчанкі «Старажытная паэзія Беларусі, XVI — першая палова XVII ст.» (1992), кн. Лойкі «Старабеларуская літаратура» (2001). Свае падыходы да біяграфіі і творчасці Скарыны выклаў У.У.Агіевіч у працы «Сімволіка гравюры Скарыны» (1999). Новы ўзровень С. ў канцы 1980—90-х г. звязаны з дзейнасцю АН Беларусі, дзе распрацоўвалася юбілейная праграма скарыназнаўчых даследаванняў, а таксама выд-ваў «Навука і тэхніка» (з 1996 «Беларуская навука») і «Беларуская Энцыклапедыя». У 1991 створаны Навукова-асветны цэнтр імя Скарыны, які таксама распачаў даследаванні па С. Распрацоўкай праблем С., выяўленнем новых крыніц займаліся бел., рас., укр. даследчыкі: В.І.Дарашкевіч, В.Н.Дышыневіч, Я.Дз.Ісаевіч, Г.П.Лебедзеў, А.С.Мыльнікаў, М.В.Нікалаеў, В.Р.Пуцко, Шакун, С.Шупа і інш.Вял. матэрыял абагульнены і сістэматызаваны ў фундаментальным юбілейным энцыклапедычным даведніку «Францыск Скарына і яго час» (1988).
Да 500-годдзя з дня нараджэння Скарыны выдадзены навук.-тэматычныя зб-кі і навук.-папулярныя і літ. творы У.А.Калесніка, Каўкі, Лойкі, А.К.Клышкі, Петрашкевіча і інш. Для замежных чытачоў па заказе ЮНЕСКА Галенчанка, Чамярыцкі і Шматаў апубл. ў Парыжы навук.-папулярную кн. «Францыск Скарына» (у 1979 на франц., у 1980 на англ. мовах). Паводле пастановы ЮНЕСКА 1990 год быў аб’яўлены годам Скарыны. Скарынаўскія чытанні і навук. канферэнцыі прайшлі ў Мінску, Гомелі, Варшаве, Празе, Вільнюсе, Маскве, Лондане, Падуі (1986—92). Важкі ўклад у С. (пераважна ў даследаванне крыніцазнаўчых аспектаў выдавецкай дзейнасці і творчасці Скарыны і яго біяграфіі) замежных гісторыкаў, мастацтвазнаўцаў, філолагаў (Ю.Віцьбіч, Л.Гарошка, Р.Жук-Грышкевіч, Я.Запруднік, А.Калубовіч, В.Пануцэвіч, Я.Пятроўскі, В.Кіпель, С.Станкевіч, Я.Станкевіч, П.Татарыновіч, П.Урбан і інш.). Адным з цэнтраў славяназнаўчых даследаванняў у 1920—30-я г. была Прага. У 1926 у Пражскім ун-це абараніў дысертацыю «Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве» І.С.Дварчанін. Гэта было 1-е ў бел.літ.-знаўстве даследаванне пра Скарыну, яго светапогляд, культ.-гуманіст. і патрыят. дзейнасць (у пер. на бел. мову апубл. ў 1991). Этапнымі ў С. былі публікацыі рус. гісторыка-славіста, выкладчыка Карлава ун-та ў Празе, А.Ф.Флароўскага, які даследаваў пытанні, звязаныя з жыццём і дзейнасцю Скарыны ў Чэхіі. У артыкулах і ў яго манаграфіі «Чэшская біблія ў гісторыі рускай культуры і пісьменнасці: Францыск Скарына і прадаўжальнікі яго справы» (1940—46) прыведзены невядомыя раней факты з біяграфіі Скарыны. На думку даследчыка, Скарына заснаваў сваю друкарню ў Празе, дзе быў высокі ўзровень кнігадрукавання і меліся сувязі з ням. і італьян. выд-вамі. Ён прааналізаваў суадносіны чэшскай Бібліі 1506 і Бібліі Скарыны, высвятляў уздзеянне творчасці Скарыны на бел., рус. і ўкр. рукапісную кніжнасць 16—17 ст. Традыцыі чэшскага С. працягваюць П.Р.Покарні, Ф.Сокалава і інш. Цікавасць у гіст.-параўнальным і бібліягр. аспектах мае шматтомнае выданне «Друкары старажытнай Польшчы XV—XVIII ст.», 5-ы выпуск якога прысвечаны ВКЛ (1959). Дзейнасць Скарыны асвятляецца ў абагульняльных працах польскай даследчыцы М.Б.Тапольскай па гісторыі кніжнай культуры ВКЛ. Супрацоўнік Нац. музея ў Варшаве В.Дэлюга выявіў сувязі некат. пражскіх гравюр Скарыны з папярэднімі чэшскімі, ням., пражскімі друкаванымі яўр. выданнямі 15 — пач. 16 ст. Асобныя пытанні С. з акад. пазіцый рэгулярна асвятляліся ў лонданскім час. «The Journal of Byelorussian Studies» («Часопіс беларускіх даследаванняў»), у час. «Запісы» Бел. ін-та навукі і мастацтва ў ЗША. Большую ч. 5-й юбілейнай кн. «Запісаў» (1970), якую падрыхтаваў Тумаш (Сымон Брага) складае храналагічна-бібліягр. агляд прац пра Скарыну. Ён аўтар артыкулаў «Геаграфічная лакалізацыя жыццяпісу доктара Скарыны», «Пытанне імя доктара Скарыны», «Канфіската ў Вроцлаве кнігаў Бібліі Скарыны», «Кнігі Скарыны на захадзе Еўропы ў пару ягонную й сёння». У артыкуле, прысвечаным «Малой падарожнай кніжцы» («Запісы». 1978. Кн. 16), ён даказаў, што 2 дрэварыты нюрнбергскай друкарні канца 15 ст. выкарыстоўваліся Скарынаю ў Вільні. Унікальны дацкі экзэмпляр «Малой падарожнай кніжкі» з захаванай пасхаліяй у 1971 апісаў А.Надсон, што дазволіла датаваць яе 1522 ці 1523. У манаграфіі бел. віленскага даследчыка Х.Ільяшэвіча «Друкарня дома Мамонічаў у Вільні (1575—1622)» (1938) зроблена спроба высветліць выключную ролю сталіцы ВКЛ у пашырэнні друкарскай справы на «ўсходзе», уплыў дзейнасці Скарыны на станаўленне бел., рус. і ўкр. кнігадрукавання ў 16—18 ст. Змястоўныя зб-кі прац вільнюскіх навук. канферэнцый, прысвечаных Скарыне, апубл. ў 1979, 1987, 1991.
Этапы паслядоўнага развіцця С. ў сінт. форме адлюстраваны ў спец. абагульняльных працах — «Скарыніянах». Аўтарам 1-й «Скарыніяны», прызначанай для выдання «Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925» (1926) быў Пічэта. У яго аглядзе ўлічаны асн. выданні актаў (акрамя М.Круповіча), бібліягр. апісанні Бакмейсцера, Штрытэра, Аляксеева, Сопікава, Каратаева, П.М.Строева, прааналізаваны біягр. звесткі, выдавецкая, літ., перакладчыцкая дзейнасць, маст. асаблівасці выданняў, грамадскія погляды, уплыў спадчыны Скарыны на яго паслядоўнікаў, развіццё бел. і ўсх.-слав. культуры. З 1926 і да сярэдзіны 1960-х г. С. даследаваў А.В.Флароўскі, у т. л. ў яго фундаментальнай працы «Чэшская біблія ў гісторыі рускай культуры і пісьменнасці» і новых матэрыялах пра Скарыну (дакументы 2-га пражскага перыяду і інш.). Гістарыяграфічныя працы Пічэты і Флароўскага значна дапоўнены даследаваннямі М.Б.Батвінніка, Дышыневіч, Каўкі, У.М.Казберука. Замежнае С. канца 1940—70-х г. разгледжана ў публікацыі Я.Садоўскага «Скарыназнаўства на Захадзе пасля другой сусветнай вайны» (1983). Пазнейшыя агляды С. рабілі Неміроўскі, Галенчанка, аўтары артыкулаў у пражскім зб. «Францыск Скарына ў працах чэшскіх славістаў» (1992). Нямала каштоўных гістарыяграфічных аглядаў, рэцэнзій апубл. ў перыяд. выданнях, матэрыялах Скарынаўскіх чытанняў, зб-ках «Беларусіка», «Скарыніч», «Шляхам гадоў» і інш.
Сістэматызацыі даследаванняў па С. спрыялі рэтраспектыўныя бібліягр. паказальнікі галіновай і бягучай бібліяграфіі. 2 рэтраспектыўныя паказальнікі склаў Тумаш (1970, 1989), па аналагічнай схеме — Неміроўскі (1978); найб. поўны паказальнік да юбілею Скарыны склалі Неміроўскі і Л.А.Осіпчык (1990). Гісторыя біягр. і кнігазнаўчага вывучэння выданняў Скарыны адлюстравана ў тэматычна-храналагічным паказальніку Галенчанкі (1993).
Асобны раздзел С. стварае публікацыя і вывучэнне дакументальных крыніц, гіст. дакументаў, звязаных з жыццём і дзейнасцю Скарыны. Звесткі пра дакументальныя матэрыялы сустракаюцца ва ўсіх аглядах С. (працы Уладзімірава, Пічэты, Флароўскага, Алексютовіча і інш.). Большасць актаў апубл. ў даследаваннях або розных зб-ках і перыяд. выданнях. Агульны іх спіс з тлумачэннямі змешчаны ў 5-й кнізе «Запісаў» (1970). Дарашкевіч падрыхтаваў 1-е зводнае выданне дакументаў і матэрыялаў «Францыск Скарына: Зборнік дакументаў і матэрыялаў» (1988, уключана 55 актаў і вытрымак з дакументаў).
Матрыкуляцыйны спіс Кракаўскага ун-та 1504 выявіў С.Пташыцкі, прамацыйны акт 1506 (пра экзамены на вучоную ступень бакалаўра філасофіі) — А.С.Петрушэвіч, экзаменацыйныя запісы Падуанскага ун-та 1512 (пра наданне ступені ў «лекарскіх науках» доктара) — С.Віндакевіч, пратакол падуанскай курыі 9.11.1512 — Садоўскі. Некалькі дакументаў, звязаных са знаходжаннем Скарыны ў 1530 у Кёнігсбергу абнародаваны А.І.Мілавідавым. Шэраг дакументаў пражскага перыяду дзейнасці Скарыны выявіў Флароўскі.
Матэрыялы судовых працэсаў па маёмасных справах 1520 — сярэдзіны 1530-х г., у т. л., віленскія і полацкія акты 1529 і 1535, увёў ва ўжытак Уладзіміраў, пазнанскія — М.Вайцяхоўская і Дарашкевіч; 2 каралеўскія прывілеі Скарыну — Круповіч. Значную колькасць дакументаў, што, на думку даследчыкаў, датычацца Скарыны, але не ўпамінаюць яго імя, у іх ліку імянны склад віленскай рады, каралеўскі прывілей 1532, прадстаўлены ў пазнанскі магістрат Скарынай, адшукаў Галенчанка. Найб. значныя поспехі С. ў біяграфічных, кнігазнаўчых, літ.-знаўчых і мовазнаўчых даследаваннях, у вывучэнні светапогляду Скарыны.
Літ.:
Ботвинник М.Б. Изучение жизни и деятельности Франциска Скорины в БССР // Белорусский просветитель Франциск Скорина и начало книгопечатания в Белоруссии и Литве. М., 1979;
Яго ж. Историография изучения «Малой подорожной книжки» и «Апостола» Ф.Скорины // Франциск Скорина — белорусский гуманист, просветитель, первопечатник. Мн., 1989;
Яго ж. Вывучэнне жыцця і дзейнасці Францыска Скарыны ў ЗША // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1990. № 4—5;
Яго ж. Навука і невуцтва: Скарыназнаўства ў Акадэміі навук БССР і ў Польшчы (1928—1941) // Полымя. 2000. №12;
Дышиневич В.Н. Скориноведение: некоторые вопросы историогр. и библиогр. // Книга в Белоруссии: Книговедение, источники, библиогр. Мн., 1983. Вып. 2;
Чамярыцкі В.А. Скарыназнаўства на сучасным этапе // Славяне: адзінства і мнагастайнасць. Вып. 3. Гуманізм і асветніцтва ў славянскіх культурах. Мн., 1990;
Франциск Скорина в белорусском советском обществоведении. Мн., 1987;
Неміроўскі Я.Л. Скарыназнаўства // Францыск Скарына і яго час: Энцыкл. давед Мн., 1988;
Каўка А.К. Беларускае скарыназнаўства ў 20-я гг. XX ст. // Кніжная культура Беларусі. Мн., 1991;
Шматаў В. Нататкі мастацтвазнаўчай Скарыніяны // Культура беларускага замежжа. Мн., 1993. Кн. 1;
Сокалава Ф. Вывучэнне жыцця і дзейнасці Ф.Скарыны чэшскімі даследчыкамі: Пер. з чэш. // Беларусіка=Albaruthenica. Мн., 1993. Кн. 1;
Галенчанка Г. Праблемныя дакументы Скарыніяны ў кантэксце рэальнай крытыкі // Там жа. Мн., 1998. Кн. 9;
Шалькевич В.Ф. Скорина и скориниана. Мн., 2001;
Тумаш В. Пяць стагоддзяў Скарыніяны, XVI — XX: [Бібліягр.]. Нью-Ёрк, 1989;
Открытие Скорины: Библиогр. указ. книговедческих и библиогр. описаний изд. Ф.Скорины, его книг, представленных в собраниях XVI — XX вв., обзоров Скоринианы / Сост. Г.Я.Голенченко. Мн., 1989;
Францыск Скарына: Жыццё і дзейнасць: Паказ. літ. [1539—1989] / Склад. Я.Л.Неміроўскі, Л.А.Осіпчык. Мн., 1990;
Францыск Скарына: Жыццё і дзейнасць: Паказ. літ.: Дад за 1530—1988 гг., 1989—1993 гг. / Склад. В.Грышкевіч. Л.Юрэвіч. Мн., 1995;
Sadoŭski J. Sludies on doktor Francis Skaryna in the West since World War II // Запісы Бел. ін-та навукі і мастацтва. 1983. Кн. 17;
Francisco Skoryna v díle českych slavistu. Praha, 1992;
Nemirowskij E. Die Prager Druckerei von Francisk Skorina (1517—1519) // Gesamtkatalog der Frühdruck in kyrilisclier Sclirift. Baden-Baden, 1998. Bd. 3. Гл. таксама да арт.Скарына Ф.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСК,
горад, цэнтр Віцебскай вобл. і Віцебскага р-на, на Зах. Дзвіне, у сутоках рэк Віцьба і Лучоса. За 300 км ад Мінска. Вузел чыгунак на Маскву, С.-Пецярбург, Оршу, Полацк і аўтадарог. Порт на Зах. Дзвіне. Аэрапорт. 356,4 тыс.ж. (1996).
Гісторыя. Археал. даследаванні сведчаць, што першыя пасяленні чалавека на тэр. горада адносяцца да каменнага веку. Паводле падання, зафіксаванага ў Віцебскім летапісе 18 ст., Віцебск (летапісны Видбеск, Видебск, Витьбеск, Витепеск) заснаваны кіеўскай княгіняй Вольгай у 974. Назву атрымаў ад р. Віцьба. Займаў важнае месца на шляху «з варагаў у грэкі» У 1021 вял. кіеўскі кн. Яраслаў Мудры перадаў Віцебск полацкаму кн. Брачыславу Ізяславічу. Пасля смерці полацкага кн. Усяслава Брачыславіча (1101) — цэнтр удзельнага Віцебскага княства. З 1320 у складзе ВКЛ. Да 1351 у Віцебску закончана буд-ва мураваных Верхняга і Ніжняга замкаў (гл.Віцебскія замкі), княжацкага палаца. З 14 ст. Віцебск — цэнтр Віцебскага павета. У 15—16 ст. буйны гандлёвы і рамесны цэнтр. У 1441 названы ў ліку 15 найбуйнейшых гарадоў ВКЛ. Адным са сведчанняў яго гандл. сувязей з замежжам з’яўляецца Віцебскі скарб. З 1506 цэнтр Віцебскага ваяводства. У 1597 гораду дадзена магдэбургскае права, ён атрымаў уласны герб — у блакітным полі пагрудная мужчынская выява, пад якой чырвоны меч. Паводле магдэбургскага прывілея Віцебску дазвалялася мець сваю пячатку, ратушу (гл.Віцебская ратуша), гасціны двор. Органам гар. самакіравання стаў магістрат, што складаўся з радцаў і лаўнікаў на чале з войтам. У выніку ваен. падзей пач. 16—18 ст. горад неаднаразова быў разбураны і спалены. 12.11.1623 у Віцебску ўспыхнуў бунт супраць полацкага уніяцкага архіепіскапа І.Кунцэвіча (гл.Віцебскае паўстанне 1623). Бунт быў задушаны каралеўскім войскам, а горад пазбаўлены магдэбургскага права (вернута ў 1654). У 17 ст. Віцебск — значны гандл. і рамесніцкі цэнтр (больш за 1 тыс. дамоў, дрэва- і металаапрацоўчая, гарбарная, ганчарная, васкабойная, мылаварная вытв-сці, апрацоўка футра, піва- і мёдаварэнне). У 2-й пал. 18 ст. стаў 2-м па велічыні горадам Беларусі (пасля Магілёва). З 1772 у складзе Рас. імперыі. У 1772—77 цэнтр Віцебскай правінцыі. Як павятовы горад уваходзіў у Пскоўскую, з 1776 у Полацкую губ., з 1796 цэнтр Беларускай, з 1802 — Віцебскай губерні. З 1777 пачало дзейнічаць першае прамысл. прадпрыемства — гарбарнае. У 1781 зацверджаны новы герб Віцебска з выявай «Пагоні». У 1785 у Віцебску 10,5 тыс.ж. У 1826 створана Беларускае вольнае эканамічнае таварыства, у 1834 — Віцебскае таварыства ўрачоў, з 1838 выдавалася газ.«Витебские губернские ведомости», у 1845 пачаў працаваць гар.тэатр. Паводле перапісу 1887 у Віцебску 65 871 ж., каля 2800 дамоў, 31 навуч. ўстанова, 3 друкарні, 2 бальніцы. Развіццё рэв. руху ў Віцебску звязана з дзейнасцю разначынцаў-народнікаў. У 1892 узнік марксісцкі гурток, у 1896—97 — рабочая арг-цыя, з 1897 — сац.-дэмакр.к-т Бунда, з 1903 — арг-цыяРСДРП. У рэвалюцыю 1905—07 адбыліся масавыя выступленні гараджан, існаваў Віцебскі кааліцыйны камітэт, які выконваў некат. функцыі Савета рабочых дэпутатаў. У 1-ю сусв. вайну з восені Віцебск стаў прыфрантавым горадам, куды перамясціліся штаб Дзвінскай ваеннай акругі, ваен. ўстановы, шпіталі; гарнізон горада ў 1916 налічваў 40 тыс. ваеннаслужачых. Лют. рэвалюцыя 1917 актывізавала паліт. жыццё. У Віцебску сфарміраваны мясц. органы Часовага ўрада, арганізаваны Віцебскі грамадскі к-т, 20.3(2.4). 1917 створаны Віцебскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Каля 20 розных партый і рухаў уключыліся ў барацьбу за ўладу і ўплыў на насельніцтва горада і губерні. 27.10(9.11).1917 Віцебскі ВРК узяў уладу ў горадзе ў свае рукі. З 2.2.1919 Віцебск у складзе РСФСР. 3.3.1924 вернуты БССР, стаў цэнтрам Віцебскага раёна і Віцебскай акругі. У 1933 — 125,3 тыс.ж. У 1930-я г. горад ператварыўся ў буйны прамысл. і культ. цэнтр рэспублікі. З 15.1.1938 цэнтр Віцебскай вобласці, з 27.9.1938 горад абл. падпарадкавання.
У 1940 — 180 тыс.ж. 11.7.1941 Віцебск акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. Для абароны горада было сфарміравана Віцебскае народнае апалчэнне 1941. З першых дзён акупацыі ў горадзе дзейнічала Віцебскае патрыятычнае падполле. За час акупацыі гітлераўцы загубілі ў Віцебску і наваколлі 76 тыс. ваеннапалонных і каля 62 тыс. мірных грамадзян. 26.6.1944 горад вызвалены ў выніку Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944. За пасляваен. гады нанава адбудаваны.
Гаспадарка. У 1825 у Віцебску было 10 прадпрыемстваў. З 2-й пал. 19 ст.сац.-эканам. стан горада адметны развіццём капіталіст. адносін. У 1866 праз Віцебск пракладзена Рыга-Арлоўская чыгунка, пазней чыг. лініі звязалі горад з Пецярбургам, Масквой, Брэстам і Кіевам. У 1882 заснаваны Віцебскі чыгуналіцейна-машынабудаўнічы завод, у 1883 — Віцебская тытунёва-махорачная фабрыка, у 1889 — Віцебская папярова-кардонная фабрыка, у 1892 — Віцебская акулярная фабрыка, развіваліся шчацінная, шкляная, васкабойная, гарбарная, па вырабе карабельных канатаў і інш. галіны вытворчасці. У 1897 на 102 фабрычна-заводскіх прадпрыемствах было занята каля 1,5 тыс. рабочых, на 1795 саматужных прадпрыемствах — каля 5 тыс. рамеснікаў. Бельгійскае акц.т-ва пабудавала ў Віцебску ў 1897 электрастанцыю (гл.Віцебская электрастанцыя), у 1898 — трамвайную лінію (першую на Беларусі) з эл. цягай; у цэнтры горада — водаправод. Да буйных акц. прадпрыемстваў належалі Віцебская лёнапрадзільная фабрыка «Дзвіна» і Віцебскі піваварны заводакц.т-ва «Левенбрэй». У 1913 Віцебск меў высокі ўзровень канцэнтрацыі прам-сці: дзейнічала 45 ф-к і з-даў; працавала каля 8 тыс.чал., з іх 40% у тэкстыльнай і каля 20% у металаапр. галінах. У 1920-я г. Віцебск ператварыўся ў буйны прамысл. цэнтр рэспублікі. У 1923 пачала працаваць абутковая ф-ка (гл.Віцебская абутковая фабрыка «Чырвоны Кастрычнік»). Да канца 1925 у Віцебску ўведзены ў дзеянне з-ды машынабудаўнічы «Чырвоны металіст», гарбарны і інш. У 1927 у горадзе працавала 36 прадпрыемстваў цэнзавай прам-сці (7036 рабочых). У 1928—33 пабудаваны швейная ф-ка «Сцяг індустрыялізацыі», фанерны з-д (гл.«Віцебскдрэў»), арцель «8 Сакавіка» (гл.Віцебская фабрыка мастацкіх вырабаў «Купава»), ф-кі панчошна-трыкатажная (гл.Віцебскае панчошна-трыкатажнае аб’яднанне «КІМ»), кардонная, шчацінна-шчотачны камбінат, элеватар, заводы маслабойны, цагельныя, кафляны, вапнавы. У 1933—37 рэканструяваны інсуючыя, створаны новыя прадпрыемствы. У 1938 у Віцебску дзейнічала 209 прадпрыемстваў (разам з арцелямі). Выпускалася 28% прамысл. прадукцыі, працавала 81 тыс. рабочых. У 1940 заснаваны Віцебскі станкабудаўнічы завод імя Камінтэрна. Пасля вызвалення Віцебска ад ням.-фаш. захопнікаў першымі былі адноўлены станкабудаўнічыя з-ды; заснаваны Віцебскі завод заточных станкоў. У 1948—50 створаны мэблевая ф-ка (гл.«Віцебскмэбля»), дывановы камбінат (гл.«Віцебскія дываны»). З 1951 працуе з-д Металмаш (гл.Віцебскі прыладабудаўнічы завод), з 1955 — Віцебская шаўкаткацкая ф-ка (гл.Віцебскі камбінат шаўковых тканін), з-д зборнага жалезабетону, буйнапанэльнага домабудавання, з 1960 — Віцебскі завод трактарных запасных частак. Індустрыяльнае развіццё актывізавалася ў 1960—70-я г. Зараз Віцебск — буйны прамысл. і культ. цэнтр, дае каля 1/3 валавой прадукцыі вобласці. Развіта машынабудаванне і металаапрацоўка (Віцебскі станкабудаўнічы завод імя С.М.Кірава, Віцебскі завод тэхналагічнага абсталявання «Эвістар», «Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Электравымяральнік», Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Віцязь», Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Маналіт» і інш.), лёгкая (Віцебская прамыслова-гандлёвая фірма «Футра», Віцебскае тэкстыльнае вытворчае аб’яднанне, «Белвест» і інш.), харчовая (мясакамбінат, кандытарскі камбінат «Віцьба», з-ды алейнаэкстракцыйны, кансервавы, макаронная ф-ка, піваварны завод і інш.); дрэваапрацоўчая, буд. матэрыялаў (з-ды буйнапанэльнага жалезабетону, дрэнажных труб, керамзітавага жвіру) прам-сць.
Асвета. У 10—11 ст. у Віцебску пры цэрквах, манастырах, княжацкіх дварах ствараліся школы, у якіх па царк. кнігах вучылі дзяцей маёмных класаў. Паводле знойдзенай пры раскопках берасцяной граматы, у 13—14 ст. у школах Віцебска вучыліся дзеці купцоў і рамеснікаў. У 14—18 ст. пры праваслаўных, каталіцкіх і пратэстанцкіх храмах і манастырах існавалі школы, езуіцкі (гл.Віцебскі езуіцкі калегіум) і піярскі (1775) калегіумы, дзейнічалі правасл. брацтвы і базыльянскія школы і інш. У канцы 18 — пач. 19 ст. рымска-каталіцкія ордэны адкрывалі жаночыя школы і пансіянаты. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі ў канцы 18 ст. ў Віцебску былі адкрыты рус. школы, вучылішчы, гімназіі. Першая рус. школа адкрыта ў канцы 1770-х г. (у 1784 у ёй навучалася 76 дзяцей). Першая мужчынская гімназія (гл.Віцебская мужчынская гімназія) адкрыта ў 1808, у 1834 — Віцебская настаўніцкая семінарыя, у 1870 — Віцебская Марыінская жаночая гімназія. Мед. работнікаў сярэдняй кваліфікацыі рыхтавала з 1872 Віцебская фельчарская школа. У 1906—13 існавала прыватная Віцебская фельчарска-акушэрская школа. У 1890 1856 адкрыта духоўная семінарыя, а ў 1902 — епархіяльнае жаночае вучылішча. У 1891 у Віцебску 22 навуч. ўстановы, у якіх займалася каля 3500 навучэнцаў, у т. л. павятовыя вучылішчы: двухкласнае (145 навучэнцаў) і аднакласнае (148 навучэнцаў), прыходскае (60 навучэнцаў); 5 б-к, чытальня. У 1910 адкрыты першы на Беларусі настаўніцкі ін-т (гл.Віцебскі настаўніцкі інстытут), пераўтвораны ў 1918 у пед.ін-т, Віцебскае рэальнае вучылішча. У 1911 створана Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута. У 1920 засн. механіка-буд. тэхнікум, у 1921 — вышэйшы с.-г. тэхнікум (з 1924 ветэрынарны ін-т), маст. вучылішча. У 1940 у Віцебску 29 ясляў, 53 дзіцячыя сады, 43 агульнаадук. школы, 15 сярэдніх спец.навуч. устаноў, 4 ВНУ, 2 н.-д. ўстановы, 19 дамоў культуры і клубаў. У 1996/97 навуч.г. ў Віцебску 110 дашкольных устаноў, у т. л. дашкольная гімназія, 2 цэнтры развіцця дзіцяці, 7 дашкольных устаноў з паглыбленымі кірункамі дзейнасці (замежная мова, бел. мова, эстэтыка і інш.) і 2 санаторнага тыпу, 4 кампенсуючыя дашкольныя ўстановы, дзіцячы дашкольны дом. Дзейнічаюць 44 агульнаадук. школы (48 317 вучняў, у т. л. 1 ліцэй, 2 гімназіі), школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі слыху і школа-інтэрнат для дзяцей з затрымкай псіх. развіцця; 14 прафес.-тэхн. вучылішчаў (больш за 7 тыс. навучэнцаў); 9 сярэдніх спец.навуч. устаноў, у т. л.Віцебскі станкаінструментальны тэхнікум, Віцебскі політэхнічны тэхнікум, Віцебскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум, Віцебскі індустрыяльна-тэхналагічны тэхнікум, Віцебскі філіял Вышэйшага каледжа сувязі. У Віцебску 4 дзярж.ВНУ: Віцебскі універсітэт, Віцебская акадэмія ветэрынарнай медыцыны, Віцебскі медыцынскі інстытут, Віцебскі тэхналагічны універсітэт, а таксама Віцебскі філіял Міжнароднага недзяржаўнага інстытута працоўных і сацыяльных адносін.
Архітэктура. Старажытны цэнтр горада — гарадзішча (Замкавая гара) на левым беразе Віцьбы на высокім узгорку, вакол якога ў 9 — пач. 10 ст. ўзніклі 3 паселішчы. У 10—13 ст. Віцебск — умацаваны замак (дзядзінец), да якога далучаўся вакольны горад (пасад). Са збудаванняў таго часу вядома Віцебская Благавешчанская царква. У 2-й пал. 13 — пач. 14 ст. сфарміраваліся Верхні (б. дзядзінец) і Ніжні (б. пасад), у 16 ст. — Узгорскі замкі, якія былі цесна звязаны паміж сабой. Уяўленне пра планіроўку і забудову горада дае унікальны графічны дакумент — «Чарцёж» Віцебска 1664. Сярод будынкаў 17 ст.Віцебскі гасціны двор, Віцебская Святадухаўская царква, Віцебская Сімяонаўская царква, Віцебская Спаса-Праабражэнская царква, Віцебская Увядзенская царква, Віцебскі палац Агінскага і інш. У драўляным грамадзянскім і культавым дойлідстве сфарміравалася Віцебская школа дойлідства. Рэгулярныя планы забудовы Віцебска распрацоўваліся ў канцы 18 — пач. 19 ст. Планіровачна горад падзяляўся на 3 часткі: Узгорскую (паміж Зах. Дзвіной і Віцьбай), Заручаўскую (паміж Віцьбай і Ручаём), Задзвінскую (на правым беразе Зах. Дзвіны). Сфарміраваўся развіты грамадскі цэнтр горада, які складаўся з Саборнай і Рыначнай плошчаў. У ансамбль Саборнай пл. ўваходзілі касцёл і калегіум езуітаў, Віцебскага акруговага суда будынак. Рыначную пл. фарміравалі ратуша, Васкрасенская царква, касцёл і Віцебскі кляштар бернардзінцаў. На высокім беразе Зах. Дзвіны пабудаваны Віцебскі палац губернатара, у розных частках горада — Віцебская Успенская царква і манастыр базыльян, Віцебскі Варварынскі касцёл, Віцебская Троіцкая царква Маркава манастыра, Віцебская Троіцкая царква на Пескаватыку, Мікалаеўская, Казанская цэрквы. Сярод грамадскіх будынкаў канца 19 — пач. 20 ст. вылучаліся: мужчынская гімназія, Віцебскага пазямельна-сялянскага банка будынак, Віцебскага духоўнага вучылішча будынак. З пач. 1930-х г. вялося комплекснае буд-ва — ствараліся жылыя пасёлкі каля буйных прамысл. прадпрыемстваў, на гал. магістралях горада будаваліся 4-павярховыя жылыя дамы камунальнага тыпу, Віцебскі жылы дом спецыялістаў, Віцебскі дом-камуна, Віцебскі клуб металістаў. У першыя пасляваен. дзесяцігоддзі праводзілася рэканструкцыя гар. цэнтра, пабудаваны чыг. вакзал, гасцініца «Дзвіна» (арх. В.Ладыгіна, Я.Заслаўскі), будынак Бел.драм.т-ра імя Я.Коласа (арх. А.Максімаў, Т.Рыскіна) і інш. У 1970—90-я г. развіццё горада ажыццяўляецца па генпланах 1975 і 1982. Завершаны ансамбль Перамогі плошчы, аформлена пл. Тысячагоддзя Віцебска (б. Тэатральная). Сярод грамадскіх будынкаў: новыя карпусы мед. (арх. В.Данілаў), пед. (арх. У.Зубкоў, З.Конаш), вет. (арх. А.Грачышнікаў) ін-таў, 12-павярховая гасцініца «Віцебск» (арх. Данілаў, З.Даўгяла), Палац культуры прафсаюзаў (арх. В.Кірылаў, А.Бельскі), кінатэатр «Брыганціна» і летні амфітэатр (арх. В.Бабашкін) і інш. У цэнтр. частцы горада захавалася гіст. планіроўка 16—17 ст., мураваная забудова і асобныя помнікі гісторыі і архітэктуры 18 — пач. 20 ст. У Віцебску дзейнічае абл.арг-цыяБел. саюза архітэктараў (з 1974). Помнікі героям Айч. вайны 1812, П.М.Машэраву, В.З.Харужай. Брацкія магілы і вайск. могілкі сав. воінаў. Батанічны сад.
Мастацкае жыццё Віцебска канца 19 — пач. 20 ст. вызначалася актыўнасцю. У крас. 1871 тут працавала маст.-археал. выстаўка, дзе экспанаваліся жывапісныя і графічныя творы, фотаздымкі бел. гарадоў, этнагр. прадметы, археал. знаходкі з прыватных збораў. У 1893 1897 адкрыты Віцебскі царкоўнаархеал. музей. У 1898 пачала працаваць Віцебская школа-майстэрня Ю.Пэна. З Віцебшчынай звязана творчасць мастакоў Н.Орды, І.Трутнева, Дз.Струкава, К.Стаброўскага, І.Аскназія, М.Дабужынскага, Я.Мініна і інш., якія зрабілі шматлікія замалёўкі помнікаў стараж. архітэктуры, пейзажаў Віцебска і краю. У 1892—98 у маёнтку Здраўнева пад Віцебскам жыў і працаваў І.Я.Рэпін. У 1919—23 працавала створаная па ініцыятыве М.Шагаланар.маст. школа «новага рэвалюцыйнага ўзору», у якой выкладалі Дабужынскі, Пэн, К.Малевіч, Р.Фальк, А.Бразер, С.Юдовін і інш. У 1919—21 пры школе існаваў музей сучаснага мастацтва, створаны па ініцыятыве Шагала. Фонд складаўся з 120 твораў авангардысцкага характару. У 1925 частка работ перададзена ў Віцебскі абл. краязнаўчы музей. У хуткім часе школа ператварылася ў вышэйшыя маст.-практычныя майстэрні, пазней — у маст. практычны ін-т (існаваў да 1922). У 1919 адбываліся выстаўкі твораў мастакоў-авангардыстаў, дзе акрамя работ віцебскіх жывапісцаў і графікаў экспанаваліся карціны з музеяў Масквы і Петраграда. У 1920—23 дзейнічала арг-цыя«Сцвярджальнікі новага мастацтва», якая мела на мэце замяніць выяўл. мастацтва абстрактнымі формамі вытв.-маст. канструявання. У 1920 выйшлі кнігі Малевіча «Бог не скінуты», «Мастацтва, царква, фабрыка», «Супрэматызм» (у апошняй аўтар выклаў тэорыю новага авангардысцкага кірунку). Выдаваліся часопісы «Искусство» (1921—22) і «Журнал ВИТРОСТА» (Віцебскага аддзялення РОСТА, 1921), плакаты Віцебскія «Окна РОСТА» (1919—22) і інш. На іх старонках публікаваліся матэрыялы пра маст. жыццё горада. У 1923 адкрылася Віцебскае народнае мастацкае вучылішча, пры якім у 1927 створана аб’яднанне моладзі Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыі (кіраўнік П.Гаўрыленка). Аб’яднанне ў 1928—30 наладжвала ў горадзе маст. выстаўкі. У 1920-я г. пачало дзейнічаць Віцебскае акр.т-ва краязнаўства (кіраўнік М.Каспяровіч), куды ўваходзілі А.Шлюбскі, І.Фурман, З.Гарбавец, І.Гаўрыс, Мінін, М.Эндэ. Члены маст. секцыі т-ва пры маст. вучылішчы збіралі ўзоры нар. мастацтва, рабілі замалёўкі помнікаў архітэктуры і г.д. Т-вам выдадзены брашуры «Крашаніна» (1925) і «Віцебск у гравюрах С.Юдовіна» (1926) Фурмана, «Беларуская архітэктура» Каспяровіча (1925). Артыкулы Каспяровіча, М.Шчакаціхіна, Гаўрыса, Мініна, Я.Васілевіча па праблемах мастацтва змяшчаліся ў зборніку «Віцебшчына» (т. 1—2, 1925—28). У цэлым 1920-я г. вызначаліся вострай барацьбой паміж прыхільнікамі авангардызму і рэаліст. мастацтва. 12.7.1939 у Віцебску адкрыта маст. галерэя Пэна (экспанавалася каля 100 яго работ). Усяго ў фондах галерэі было каля 800 твораў (асн. частка перададзена ў Нац.маст. музей Беларусі, асобныя творы — у Віцебскі абл. краязнаўчы музей). У 1941 адбыліся 1-я выстаўка выяўл. мастацтва Віцебска і перасоўная выстаўка графікі. Другая абл. выстаўка твораў мастакоў Віцебска і вобласці наладжана ў 1949. Пасля стварэння ў 1952 Віцебскай абл. арг-цыі Саюза мастакоў Беларусі маст. жыццё горада актывізавалася. Выстаўкі мастакоў адбыліся ў 1953, 1955, 1957; з 1960 штогод наладжваюцца справаздачныя абл. выстаўкі, а таксама маладзёжныя, групавыя, тэматычныя, персанальныя і інш. У 1970—80-я г. адбыліся тэматычныя маст. выстаўкі: прысвечаныя 1000-годдзю Віцебска, 35-годдзю Перамогі ў Вял.Айч. вайне, 800-годдзю стварэння «Слова пра паход Ігаравы», «Зямля і людзі», «Подзвігу народа жыць у вяках», «У краі блакітных азёр», «Пейзаж нашай Радзімы», «Маладосць Віцебшчыны», «Мастак і экалогія», акварэлі; персанальныя Ф.Гумена, Я.Красоўская, І.Сталярова, У.Вітко, В.Лук’янава, М.Міхайлава, А.Ільінова, В.Ральцэвіча, Л.Анцімонава, В.Някрасава, В.Ціханенкі, П.Явіча, А.Салаўёва, А.Скавародка, А.Толкача, А.Кузьмічова. Творы мастакоў Віцебска экспанаваліся ў Маскве, Мінску, Пскове, Каўнасе, Ленінградзе, Смаленску, Зялёнай Гуры, у Віцебску — мастакоў з Мінска, Латвіі, Зялёнай Гуры, Франкфурта-на-Одэры, «Сучаснае мастацтва Ноўгарада» і інш.
Сярод экспазіцый 1990-х г. выстаўкі, прысвечаныя 75-годдзю Віцебскай маст. школы, «Пленэр-90», групы УБІКУС, «Віцебскі габелен», «Віцебская акварэль: гісторыя і сучаснасць», творы польскіх графікаў, «Барока на Беларусі», «І.Рэпін. Малюнкі», твораў М.Шагала, фінскага мастака А.Ахола-Вало, «Лепшы твор года», серыя выставак «Інфармэйшэн», «Новыя імёны»; групавыя і персанальныя выстаўкі Г.Шутава, Толкача, А.Мемуса, А.Каржанеўскага, У.Кухарава, А.Кавалёва, Гумена, У.Вольнава, Т.Беразоўскай, А.Някрасава, А.Кастагрыза, А.Ізаіткі, І.Сталярова, У.Напрэенкі, М.Дудзіна, М.Ляўковіча, Л.Мядзведскага, А.Карпана, А.Слепава, І.Шкуратава, В.Ляховіч, А.Ільінова, М.Драненкі і інш. Выстаўкі віцебскіх майстроў выяўл. мастацтва адбыліся ў Маскве, Пецярбургу, Мінску, Гданьску, Жэневе, Брэмене, Нінбургу, Варшаве, Шчэціне, Катавіцах, Берліне, Таронта, Іерусаліме, і адпаведныя выстаўкі гэтых гарадоў у Віцебску. Праведзены 1-ы міжнар. пленэр памяці М.Шагала (1994), 1-ы і 2-і міжнар. пленэры «Малевіч. УНОВИС. Сучаснасць» (1994, 1996). Перыядычна адбываюцца выстаўкі твораў самадзейных мастакоў і майстроў нар. мастацтва. Створаны незалежныя творчыя аб’яднанні «Квадрат» (1987), «УБІКУС» (1992), «Віцебская акварэль» (1995). Дзейнічаюць маст. музей, Артцэнтр імя М.Шагала, прыватная галерэя А.Пушкіна.
Літаратурнае жыццё. З Віцебскам звязана дзейнасць многіх бел., рус. і польскіх дзеячаў культуры і мастацтва. У паэзіі Сімяона Полацкага з Віцебскам асацыіруецца паняцце радзімы. У 17 ст. віцебскі ваявода Я.Храпавіцкі склаў «Дыярыуш», «дыялогам» з якога пачаў сваю дзейнасць віцебскі школьны тэатр. У 1768 С.Аверка склаў Віцебскі летапіс, дзе шмат арыгінальных звестак па гісторыі горада. У Віцебску нарадзіліся бел. і польск. паэты Ф.Д.Князьнін, А.Рыпінскі, рус. гісторык і філолаг-славіст А.Л.Пагодзін, вучыўся паэт-рамантык Т.Лада-Заблоцкі, творчасць якога прасякнута любоўю да Беларусі (паэма «Ваколіцы Віцебска» і інш.), жыў А.Дэльвіг. Віцэ-губернатарам Віцебска ў 1853—54 быў рус. пісьменнік І.Лажэчнікаў. У сярэдзіне 19 ст. літаратары Віцебска групаваліся вакол «наддзвінскага дудара» А.Вярыгі-Дарэўскага. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Віцебску і на Віцебшчыне жылі і працавалі бел. этнографы і фалькларысты Е.Раманаў, М.Нікіфароўскі, В.Астаповіч, краязнаўцы А.Сапуноў, У.Стукаліч, пісьменнік А.Пшчолка. У літ. жыцці Віцебска ўдзельнічалі рус. пісьменнікі. У горадзе бывалі Г.Дзяржавін (1799, 1800), які ў сваіх «Запісках» (1859) адзначаў нац. самабытнасць бел. народа, А.Пушкін (1820, 1824), М.Гогаль (1828), Т.Шаўчэнка (1843, 1847), І.Бунін (1889), збіраў матэрыялы для нарысаў Г.Успенскі (1890).
У 1924—28 у Віцебску дзейнічала акруговае аддзяленне літ. аб’яднання «Маладняк». Частымі гасцямі Віцебска былі Я.Купала, Я.Колас, К.Чорны, іх п’есы ставіліся на сцэне Віцебскага т-ра. У 1958 выйшаў літ.-маст. Альманах «Дзвіна». Дзейнічаюць абласныя аддзяленні Бел. саюза журналістаў (з 1970), Саюза бел. пісьменнікаў (з 1980). Пры Віцебскім пед. ін-це (з 1993 ун-т) створаны літ. музей; экспануюцца рукапісы, фотаздымкі, кнігі з аўтографамі пісьменнікаў-землякоў. У горадзе жывуць і працуюць пісьменнікі В.Беляжэнка, П.Ламан, У.Папковіч, А.Салтук, Д.Сімановіч.
У 1797—1917 працавала Віцебская губернская друкарня, якая надрукавала больш за 250 назваў кніг і больш за 400 друкаваных выданняў, у т. л. «Памятную кніжку Віцебскай губерні» (з 1860), «Агляд Віцебскай губерні» (з 1885) і інш. У 1883—88 А.Сапуновым апублікаваны зб. дакументаў па гісторыі Віцебшчыны і Полаччыны 11—19 ст.«Віцебская даўніна». Грамадска-палітычны перыяд. друк канца 19 — пач. 20 ст. прадстаўлялі газ.«Витебский листок» (1898—99) і «Витебская жизнь» (1906). Правасл. царква выдавала «Полоцкие епархиальные ведомости» (1874—1916). Афіц. органам Віцебскага губ. праўлення былі «Витебские губернские ведомости» (1838—1918), якія складаліся з афіц. і неафіц. аддзелаў. Неафіц. аддзел меў значэнне самаст. выдання і з 1901 выдаваўся асобна (у 1906—07 замест яго выходзіла прыватная газета «Витебский голос», у 1912—17 — газ.«Витебский вестник»). У 1916—17 выдаваўся штотыднёвы грамадска-паліт. і літ.час. ліберальнага кірунку «Витебский край», у 1916—19 прыватная газ. «Витебский листок». Кніжныя выданні гэтага перыяду — у асн. адбіткі з «Витебских губернских ведомостей». У 1917 выходзіла газ. «Известия военно-революционного комитета города Витебска», якая ў далейшым шмат разоў мяняла назву (у 1924—29 называлася «Заря Запада», у 1929—38 — «Віцебскі пралетарый»), з крас. 1937 «Віцебскі рабочы» (цяпер абл., незалежная). У грамадз. вайну ў Віцебску створана новая газ. «Голос бедняка» (1918). У 1919—1920-я г. выдаваліся час. «Коммунистический труд» [1919—23, выд. губкома РКП(б) і губпрафсаюза], «Голос труда» (1920—21, прафсаюзны), «Віцебская сялянская газета» (1924—27). У гады Вял.Айч. вайны на акупіраванай тэрыторыі з 1942 і ў прыфрантавой паласе распаўсюджвалася газ. «Віцебскі рабочы».
Выходзяць газеты: «Народнае слова» (абл., з 1990), «Жыццё Прыдзвіння» (раённая, з 1938, да 1991 «Ленінская праўда»), «Витебский курьер М>» (гар., з 1990), «Віцьбічы» (гар., з 1991), «Выбар» (гар., з 1991) і інш. Віцебскае абл. радыё працуе з 1927, абл. студыя тэлебачання з 1960.
Тэатральнае жыццё. У сярэднявеччы на Каляды ў Віцебску наладжваліся тэатралізаваныя гульні-паказы. З канца 17 ст. і да 1870-х г. адбываліся нар. лялечныя паказы жлоба, паказы нар. драмы «Цар Максімілян»; дзейнічаў Віцебскі школьны тэатр. У 1805, 1806 горад наведвалі польск. трупы М.Кажынскага, паміж 1808 і 1812 — А.Руткоўскага. У 1840-я г. ў Віцебску існаваў хатні т-р ген.-губернатара А.М.Галіцына, у якім выступаў і балетны ансамбль пад кіраўніцтвам М.Піёна. 23.12.1845 тут адкрыўся гар. т-р. У ім працавалі Віцебскі балет Піёна, драм. трупа Я.Чаховіча (1847—49); гастраліравалі рус., укр., польск. трупы, акцёры М.Іваноў-Казельскі, У.Давыдаў, М.Дальскі, К.Гарын, В.Далматаў, П.Арленеў і інш. У 1850—60-я г. наладжваліся аматарскія спектаклі і канцэрты. У 1900-я г. дзейнічалі мясц. трупы пад кіраўніцтвам П.Папова-Волхаўскага, Е.Кавалеўскага, К.Вітарскага, А.Вяхірава. Іх рэпертуар быў вельмі разнастайны: побач з т.зв. касавымі спектаклямі, развесяляльнымі п’есамі, вадэвілямі, камедыямі, меладрамамі ставіліся і класічныя творы. Прыкметную ролю ў культ. жыцці Віцебска адыгрывалі аматары: з пач. 1900-х г. арганізоўваліся беларускія вечарынкі, у 1906—14 існаваў Віцебскі музычна-драматычны гурток. З пач. 1920-х г. сталі пашыранымі агітац. віды мастацтва: для рабочых і чырвонаармейцаў наладжваліся канцэрты-мітынгі, ствараліся тэатр. гурткі, працавалі Віцебскі тэатр рэвалюцыйнай сатыры, Віцебскі губернскі паказальны тэатр, агітацыйна-маст. калектыў «Сіняй блузы», Піянерскі т-р, на базе якога створаны т-р рабочай моладзі (1931—34). З ліст. 1926 у Віцебску дзейнічае прафес.драм.т-р, які і цяпер з’яўляецца цэнтрам тэатр. жыцця горада (гл.Беларускі акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа). Працуе Беларускі тэатр «Лялька», дзейнічаюць шматлікія самадзейныя калектывы, прыязджаюць з гастролямі т-ры Беларусі і б. рэспублік СССР. Віцебск — месца правядзення тэатр. фестываляў: Першага бел.тэатр. (1986), Тэатр. марафона (1993), прысвечанага дню т-ра, і інш.
Музычнае жыццё Віцебска да пач. 19 ст. развівалася пераважна ў формах хатняга музіцыравання, канцэртаў мясц. аматараў і гастралёраў. У 1-й пал. 19 ст. яно канцэнтравалася вакол навуч. устаноў, пераважна жаночых пансіёнаў, дзе выхаванкі навучаліся ігры на фп. і спевам, выступалі з канцэртамі. У 1845—47 працаваў Віцебскі балет Піёна. З канца 19 ст. пры т-ры дзейнічаў прафес.сімф. аркестр. Пры муз. т-рах існавалі класы спеваў, ігры на фп. і скрыпцы; выкладалася тэорыя музыкі. Віцебскі музычна-драматычны гурток і Т-ва прыгожых мастацтваў (пач. 20 ст.) штотыднёва наладжвалі канцэрты аматараў і прафесіяналаў. У 1915 у Віцебску арганізавана аддзяленне Рус.муз.т-ва і муз. класы пры ім. У горадзе гастралявалі Л.Аўэр, І.Гофман, С.Кусявіцкі, С.Рахманінаў і Т.Туа, Р.Піньё, П.Сарасатэ, Л.Собінаў, Я.Хейфец. У 1919 праведзены 1-ы з’езд настаўнікаў спеваў і муз. дзеячаў Віцебскай губ. Асяродкам развіцця муз. культуры стаў сімф. аркестр (120 музыкантаў; дырыжор Б.Сухадрэў). У 1918 адкрылася нар. кансерваторыя, яе і сімф. аркестр узначаліў дырыжор М.Малько. Працаваў хор нар. кансерваторыі на чале з М.Анцавым. У 1922 кансерваторыя рэарганізавана ў муз. тэхнікум (з 1935 муз. вучылішча). Сіламі яго навучэнцаў у 1920-я г. пастаўлены оперы «Фауст» Ш.Гуно і «Русалка» А.Даргамыжскага. У наш час муз. цэнтр Віцебска — Віцебская абласная філармонія і муз. вучылішча. Працуюць 5 муз. школ, школа і вучылішча мастацтваў, абл. аддзяленне Бел. саюза муз. дзеячаў, шматлікія самадз.муз. і харэаграфічныя калектывы (каля 30 маюць званне народных і ўзорных). Праводзяцца шматлікія фестывалі і конкурсы, у т. л.міжнар. фестывалі «Славянскі кірмаш», імя І.І.Салярцінскага, сучаснай харэаграфіі, бальных і спарт. танцаў «Веснавыя россыпы», «Парад надзей», «Віцебская сняжынка», конкурсы гітарнай музыкі «Віцебскі лістапад», «Менестрэль» і інш.
Літ.:
Чарняўская Т.І. Архітэктура Віцебска: З гісторыі планіроўкі і забудовы горада. Мн., 1980;
Якімовіч Ю.А. Помнікі мураванага грамадзянскага дойлідства Віцебска XIX — пачатку XX ст.Мн., 1990.
Герб Віцебска 1597.Да арт.Віцебск. «Чарцёж» Віцебска 1664.Да арт.Віцебск. Від на горад. З акварэлі Ю.Пешкі. 1-я пал. 19 ст.Віцебск. Від з Успенскай гары. 1894.Да арт.Віцебск. Гасцініца «Віцебск».Від на Віцебск з боку Заходняй Дзвіны.Да арт.Віцебск. Кіраўскі мост цераз Заходнюю Дзвіну.