СВЯНЦІ́ЦКІ (Іларыён Сямёнавіч) (7.4.1876, г. Буск Львоўскай вобл., Украіна — 18.9.1956),
украінскі філолаг-славіст, мовазнавец. Д-р слав. філалогіі (1902). Д-р філал. н. (1941), праф. (1939). Скончыў Львоўскі ун-т (1899), Пецярб. археал. ін-т (1900). Арганізатар і дырэктар (1905—52) Львоўскага Нац. музея (Музей укр. мастацтва). Для бел. аддзела сабраў 23 слуцкія паясы, 12 кніг «Бібліі» Ф.Скарыны, бел. старадрукі, рукапісныя кнігі, граматы, акты, абразы і інш. У кн. «Адраджэнне беларускага пісьменства» (1908) даў высокую ацэнку развіццю новай бел. л-ры, у дадатку да яе змясціў забароненыя ў Расіі вершы Я.Купалы «Там» і «Што ты спіш?». Гісторыі бел. культуры і л-ры прысвяціў працу «Асновы адраджэння беларускага пісьменства» (1914), адлюстраваў гэтыя праблемы і ў кн. «Пачатак кнігадрукавання на землях Украіны 1573—1791» (1924) і інш. Кн. «Росквіт культурна-нацыянальнага жыцця Усходняй Беларусі» (1928) — першае ў Зах. Украіне даследаванне бел. л-ры.
Тв.:
Опись музея Ставропигийского института во Львове. Львов, 1908;
Лавришевское Евангелие начала XIV в. // Изв Отд. рус. яз. и словесности имп. Акад. наук. СПб., 1913. Т. 18, кн. 1;
Нариси про мову пам’яток староруського письменства XI в. // Питання слов’янського мовознавства. Львів, 1948.
Літ.:
Панізнік С. Іларыён Свянціцкі // Полымя. 1968. № 3;
Яго ж. Чатыры сцяжыны паэта // Дзень паэзіі-72. Мн., 1972;
Кабржыцкая Т., Рагойша В. Карані дружбы. Мн., 1976;
Рагойша В. «Шчырапаважаны прафесар...» // Рагойша В Напісана рукой Купалы. Мн., 1981.
С.С.Панізнік.
т. 14, с. 270
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)