раня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што.

1. Даваць магчымасць упасці, скаціцца таму, што аддзялілася, адарвалася. Ходзіць [Стася], слёзы раняе цяжкія, як шрот. Куляшоў. Лазняк раняў буйныя кроплі на мокры пясок. Няхай. // Пазбаўляцца чаго‑н., скідаць (лісты, спелыя плады і інш.). На дол хваёвы ігліцы Раняе бор. Пустэча скрозь. Прыходзька. / у перан. ужыв. У дубах крычаць сіваваронкі, І свіст над лугам рэзкі, звонкі Каршун маркотна так раняе І нейкі смутак закідае. Колас.

2. перан. Прыніжаць, траціць. Ды і як .. [Аўгіні], так ганебна .. выгнанай, было варочацца, кланяцца... [Васілю], раняць перад ім свой жаночы гонар? Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

затулі́ць, ‑тулю, ‑туліш, ‑туліць; зак., каго-што.

1. Закрыць, засланіць чым‑н. Затуліць вочы далонямі. □ Апоўначы Свіст.. затуліў нейкім рыззём абодва акенцы і ўзяўся распальваць у грубцы. Быкаў. [Зыбін] заўважыў, што Жэня, у сваёй кароткай ватоўцы, у няцёплай хустцы, стыне на ветры, і стаў так, каб затуліць яе. Мележ. // Пакрыўшы, засланіўшы сабой, зрабіць нябачным. Пад вечар шэрыя хмаркі ўсё ж такі сабраліся ў адну і затулілі неба. Маўр.

2. Схаваць, захінуць у што‑н.; утуліць. [Хрысціна] шчыльней захуталася ў куртку, падняла каўнерык, затуліла ў яго твар. Асіпенка. Вінцэсь падышоў к грамадзе, адвярнуўся ад ветру, затуліў бараду ў каўнер сваёй світкі. Нікановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Турча́ць, турчэ́ць ‘адзывацца гукамі (пра насякомых, земнаводных, птушак, хатніх жывёл і інш.)’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Варл., Растарг., Шатал., Сл. ПЗБ, Юрч. Вытв., Мат. Гом.), ‘муркаць, варкатаць’ (Байк. і Некр., Растарг.): кошка турчы́ць (Сержп. Прымхі), ‘крычаць, шумець’ (Абабур.), ‘гаварыць пустое’ (рагач., Мат. Гом.), ‘туркатаць, тарахцець, татахкаць (пра гукі машын у час работы)’ (ТСБМ, Бяльк., Байк. і Некр., Сцяшк., ДАБМ, камент., 895; ашм., Сл. ПЗБ), ‘цуруліць’ (жлоб., добр., ветк., Мат. Гом.), ‘дзюрчаць’ (воран., Сл. ПЗБ, Юрч. Сіш), турчы́ць ‘бурліць (пра бягучую ваду)’ (в.-дзв., воран., слонім., клец., слаўг., чавус., ЛА, 2). Да ту́ркаць 1 (гл.), дзеяслоў працяглага дзеяння на гукапераймальнай аснове. Параўн. Фасмер, 4, 126; ЕСУМ, 5, 681. Сюды ж вытворныя турча́нне ‘пранізлівы крык жабаў’ (Нас.), ‘балбатня, пустое плявузганне’ (Нас.), турчэ́нне ‘птушыны свіст’ (Юрч. Вытв.), турчо́к ‘цвыркун’ (смарг., Шатал.; полац., ЖНС; в.-дзв., луцэ., Сл. ПЗБ, Рэг. сл. Віц.), турчу́к, ту́рчык ‘мядзведка’ (Сл. ПЗБ), ту́рчык ‘голуб, туркаўка’ (Байк. і Некр.), турчы́ца ‘жаба, якая ўвесну моцна квакае’ (Сцяшк. Сл.), ту́рчалка ‘туркаўка’ (лельч., Мат. Гом.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

чахо́л, ‑хла, м.

1. Покрыўка з тканіны ці якога‑н. іншага матэрыялу, зробленая па форме якога‑н. прадмета для захавання яго ад псавання, забруджвання і пад. [Салдат] дастаў з чахла рыдлёўку і пачаў расчышчаць крынічку, што выбівалася з-пад зямлі ля старой алешыны на лужку. Хомчанка. Свіст ветру за дзвярамі, хлопанне чахла па гармаце вярталі мяне да рэчаіснасці. Шамякін. // Пра што‑н., падобнае па такую покрыўку па форме і прызначэнню. Кожны з карэньчыкаў знаходзіцца ў асобым чахле, які ўтвараецца з пяску, склеенага сокам расліны. Гавеман.

2. Падкладка лёгкай празрыстай жаночай сукенкі з больш шчыльнай тканіны. Гэта ўсё ж было шчасце. Шчасце першага «дарослага» валю, шчасце першай «дарослай» бальнай сукенкі, белай, у амаль белым, толькі трохі блакітным карункавым чахле. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сіпе́ць ‘утвараць сіплыя гукі’, ‘гаварыць сіплым голасам’ (ТСБМ, Нас., Др.-Падб.), ‘шыпець’ (Сл. ПЗБ), ‘злавацца, сварыцца’ (маладз., Гіл.), ‘ціха шапацець (пра дробны дождж)’ (гродз., Сл. ПЗБ; гродз., З нар. сл.), ‘імжаць’ (гродз., лун., мазыр., ЛА, 2), ‘рассыпацца, раскісаць (пра снег)’ (ТС), сіпоцець ‘шумець, пеніцца (аб страве пры закісанні)’ (ТС), сіпа́ць ‘сіпець’ (ТСБМ, Шат., Бір. дыс.), сіпа́ты, сі́плы, сі́пы ‘сіплы’ (ТС), сіпа́ты ‘макраносы’ (калінк., Арх. ГУ), сюды ж назоўнік ст.-бел. сипанїе ‘шыпенне’: оукγсить змїе без’ сипанїа (Альтбаўэр). Рус. сипе́ть ‘сіпець’, укр. оси́плый, ц.-слав. остнѫти, польск. sipieć, чэш. sipěti, sípati ‘сіпець, хрыпець’, славац. sipieť ‘шыпець’, харв. sípiti, славен. sípati, sípljem ‘пыхкаць, фыркаць’, балг. оси́пвам, макед. осипнува ‘сіпнуць’. Гукапераймальнага паходжання; гл. Праабражэнскі, 2, 288; Фасмер, 3, 626. Параўноўваюць з лац. sībilus ‘свіст’, sībilō, ‑āre ‘шыпець, свістаць, асвістваць’, новаперс. siflīden ‘свістаць, шчабятаць’ (Вальдэ-Гофман, 2, 531 і наст.), з герм. *sip‑ ‘капаць, цурчэць’ (ст.-англ. sípisn, англ. seep, с.-в.-ням. sīfen, гал. sijpelen і інш., гл. Глухак, 548). Паралелі ў літ. šypauti ‘высмейваць, насміхацца’, лат. sĩpa ‘бура’ Фасмер (там жа) лічыць спрэчнымі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

менш, прысл.

1. Выш. ст. да прысл. мала. Дзядуля ляжаў на канапе, накрыўшыся старым кажушком: апошнія дні яму нездаровілася, і ён стараўся менш хадзіць. Якімовіч. Пра сябе самога [Нічыпар] гаварыў мала і яшчэ менш пра сваю жонку. Кулакоўскі.

2. У спалучэнні з прыметнікамі, дзеепрыметнікамі і прыслоўямі ўтварае апісальную форму ступені параўнання. Над цёмнымі руінамі і рэдкімі агнямі горада ізноў пераклікаюцца гудкі заводаў. У адказ ім, з вакзала або з далёкай ускраіны даносіцца не менш задорны свіст паравоза. Брыль. Дзед быў узрушаны не менш, чым Міколка. Лынькоў.

•••

Больш-менш гл. больш.

Менш за ўсё — ужываецца пры ўзмоцненым адмоўі; тое, што і зусім не...

Ні больш ні менш (як) гл. больш.

Сама менш — а) менш за ўсіх; б) не менш чым.

Тым не менш — нягледзячы на гэта, аднак, усё ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сапці́, ‑пу, ‑пеш, ‑пе; ‑пём, ‑пяце; пр. соп, сапла, ‑ло; незак.

1. Цяжка дыхаючы, пераважна носам, утвараць гукі з прысвістам. [Пракоп] моцна соп носам, аддаючыся сузіранню свайго жыцця. Колас. Ціха сапуць, сплючы, дзеці, і рэдка-рэдка ціхенька сакатне пад печчу курачка, паварушыцца там і змоўкне. Гарэцкі. Іван сапе, чырванее і, злаўчыўшыся, дае па шапцы Ваську. Лынькоў. / Разм. Пра з’явы прыроды. Рака па скалах хвалямі грукоча, Узмыленая, ярасна сапе. Панчанка. Калядная ночка ўвесь свет пакрывае, Па белай ад снегу зямельцы снуе; Мяцеліца ў полі сапе, завывае, Свіст еіхраў спакойна заснуць не дае. Купала. // перан. Працуючы, пыхкаць, утвараць гукі з прысвістам (пра машыны, механізмы і пад.). Цягнік пыхкае параю і сапе. Скрыган. Сапуць мяхі ля горна. Зарыцкі.

2. Разм. Дзьмуць у што‑н. (звычайна пра дудку, жалейку). Сапці ў дудку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

віта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Звяртацца да каго‑, чаго‑н. з прывітаннем. Толькі.. [Алесь] зноў узяўся за рычагі, як у другі раз пачуўся свіст і з-за алешыны, смеючыся і вітаючы яго паднятай рукой, выйшаў Васіль. Краўчанка. Цябе я, мора, не вітаю, Дзень добры не прыношу ў дар. Хадыка.

2. Сустракаць каго‑, што‑н. добразычліва, прыхільна, выказваючы павагу, грамадскае прызнанне. Вітаць герояў-касманаўтаў. □ Госці дружна заапладзіравалі, вітаючы прамову Івана Кузьміча. Каршукоў. Высока ў небе ўзвіліся жаваранкі, спевам сваім вітаючы нараджэнне дня. В. Вольскі. Краіны савецкае знатных людзей Вітае сягоння сталіца. Кляшторны. // Ухваляць, падтрымліваць што‑н. Вітаць смелае пачынанне. Вітаць прапанову.

3. Віншаваць. Вітаць з надыходзячым святам. □ [Пятрусь:] — Цяпер можаш мяне вітаць — школу скончыў на «выдатна». Краўчанка.

4. без дап. Абл. Заходзіць, наведвацца. Варона гонар свой збаўляе, Ды зноў да сметніка вітае. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

не́хта, некага, некаму, некага, некім, аб некім, займ. неазначальны.

1. Нейкі чалавек, нейкая істота; невядома хто. Вось ледзь пачуўся асцярожны працяглы свіст. Чалавек сеў і насцеражыўся. Нехта зноў свіснуў, ужо трохі смялей. Крапіва. Было на.. [грэблі], казалі, і страшнае месца, адкуль часамі выбягаў нехта ў чырвоным, з пугаю ў руках. Колас. У Веры Засуліч дзверы былі не завалены — нехта яшчэ быў у яе. Зарэцкі. // Адзін, з прысутных (без удакладнення, хто іменна). І ўсе ўбачылі, як далёка-далёка, то разгараючыся, то нібы згасаючы, успыхвае агонь.. — Пэўна, нашы хлопцы нешта прыдумалі, сігналы падаюць, — выгукнуў нехта з вучняў. Скрыпка.

2. Якісьці мала каму вядомы чалавек (у спалучэнні з прозвішчам, імем). Дырэктарам гімназіі быў сын вілейскага папа, нехта Мірановіч — чалавек старарэжымнага складу і манархічных поглядаў. С. Александровіч.

3. Які‑н. чалавек, усё роўна хто; хто‑н. [Комлік:] — Пагражае [Кашын] яшчэ, нібы нехта баіцца яго... Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нямо́цны, ‑ая, ‑ае.

1. Які лёгка разбіць, зламаць, парваць і пад.; нетрывалы. Каса ў шыйцы хруснула і засталася ў купіне. — Га... нямоцная, — сказаў Пошта. Крапіва.

2. перан. Які лёгка парушаецца; няўстойлівы, ненадзейны. Нямоцны шлюб. □ Нават у пагодныя дні рэдкія газеты ці лісты ад сыноў і братоў дабіраліся.. [на востраў] у паляшуцкай торбе нялёгка,.. але і гэтая нямоцная сувязь з зямлёю пры кожным зацяжным дажджы лёгка рвалася. Мележ.

3. Які мае невялікую фізічную сілу; слабы здароўем (пра чалавека). Нямоцны чалавек.

4. Які не вызначаецца вялікай сілай; даволі слабы. Нямоцны мароз. // Які дрэнна чуваць; ціхі. Голас, [пастуха] пасля сну быў нямоцны, высільвацца яму не хацелася. Мележ. Свіст быў тоненькі, нямоцны, быццам высвіствала нейкая маленькая птушачка. Даніленка.

5. Слабай канцэнтрацыі, ненасычаны. Нямоцны чай. // Які слаба дзейнічае. Нямоцны тытунь.

6. Неглыбокі. Лена спала нямоцным хваравітым сном і не прачнулася ад лёгкага стуку, а блізкае ўздыханне гаспадыні адразу разбудзіла яе. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)