затулі́ць, ‑тулю, ‑туліш, ‑туліць; зак., каго-што.
1. Закрыць, засланіць чым‑н. Затуліць вочы далонямі. □ Апоўначы Свіст.. затуліў нейкім рыззём абодва акенцы і ўзяўся распальваць у грубцы. Быкаў. [Зыбін] заўважыў, што Жэня, у сваёй кароткай ватоўцы, у няцёплай хустцы, стыне на ветры, і стаў так, каб затуліць яе. Мележ. // Пакрыўшы, засланіўшы сабой, зрабіць нябачным. Пад вечар шэрыя хмаркі ўсё ж такі сабраліся ў адну і затулілі неба. Маўр.
2. Схаваць, захінуць у што‑н.; утуліць. [Хрысціна] шчыльней захуталася ў куртку, падняла каўнерык, затуліла ў яго твар. Асіпенка. Вінцэсь падышоў к грамадзе, адвярнуўся ад ветру, затуліў бараду ў каўнер сваёй світкі. Нікановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)