ЕЗУІ́ЦКАЕ ВЫХАВА́ННЕ,
сістэма выхавання, распрацаваная ордэнам езуітаў. Яе прынцыпы і методыка выкладзены ў спец. школьным статуце «Ratio atque institutio studiorum Societatis Jesu» («План і арганізацыя заняткаў у грамадстве Icyca»), зацверджаным y 1599. Адна з характэрных рыс Е.в. — адмова ад суровай дысцыпліны, якая існавала ў сярэдніх і вышэйшых школах сярэдневякоўя. Аднак езуітамі была распрацавана сістэма пакаранняў, якая прыніжала чалавечую годнасць вучняў (каўпак з аслінымі вушамі, ганебная лава і інш.) і сістэма ўзнагарод (пачэснае месца ў класе, адзнакі і г.д.). Настаўнікі-езуіты імкнуліся кантраляваць кірунак думак навучэнцаў, вялі за імі пастаянны нагляд. Е.в. было накіравана на падрыхтоўку вучняў да служэння каталіцкай царкве, аўтарытэту папы рымскага, вышэйшых царк. іерархаў (гл. таксама Езуіцкія навучальныя ўстановы, Калегіум).
В.Ф.Шалькевіч.
т. 6, с. 383
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ,
установа ордэна езуітаў у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. У 1626—31 місія, у 1631—1714 рэзідэнцыя, у 1714—73 калегіум. Сродкі на стварэнне місіі ахвяравалі Е.Галаўня і Я.Машынскі, першы кіраўнік місіі Я.Разнавольскі. Да сярэдзіны 18 ст. драўляныя збудаванні калегіума некалькі разоў знішчаліся пажарамі. Каля 1754 пабудаваны мураваны 3-нефавы касцёл, у 1752 — навуч. корпус. У 1649 у рэзідэнцыі адкрыты класы граматыкі, у 1653 — паэтыкі і рыторыкі. Пасля пераўтварэння рэзідэнцыі ў калегіум навуч. праграма адпавядала гэтаму тыпу навуч. устаноў. Каля 1680 адкрыта муз. бурса, у 1705 — канвікт (пансіён), у 1721 — аптэка. Была б-ка. Ў 18 ст. колькасць навучэнцаў складала ад 13 да 51 чал. У 1773 калегіум закрыты.
т. 11, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАФЕСІ́ЙНА-ТЭХНІ́ЧНАЯ АДУКА́ЦЫЯ,
сістэма падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі спецыялістаў для розных галін нар. гаспадаркі; адна з састаўных частак прафесійнай адукацыі. Засн. на базавай або агульнай сярэдняй адукацыі. Уключае прафес. вучылішчы, ліцэі, каледжы, вышэйшыя прафес. і тэхн. ўстановы, цэнтры прафес. адукацыі, навуч.-вытв. цэнтры і інш. Мае розныя профілі: маш.-буд., буд., аграпрамысл., электратэхн., хім., сферы паслуг і інш. Для атрымання дадатковых прафес. ведаў і навыкаў, набыцця новых прафесій і спецыяльнасцей прафес.-тэхн. навуч. ўстановы праводзяць павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўку кадраў. На Беларусі ў сістэме П.-т.а. 248 навуч. устаноў, у якіх 136 тыс. навучэнцаў па 350 прафесіях (2000/2001 навуч. г.). Гл. таксама Беларусь (раздз. «Асвета»).
Э.М.Каліцкі.
т. 13, с. 28
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЬСКІ Фама Антонавіч (31.10.1890, в. Цімкавічы Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 2.3.1952),
бел. і ўкр. вучоны ў галіне педагогікі і псіхалогіі. Праф. (1925). Скончыў Кіеўскі ун-т (1913). З 1913 выкладаў у гімназіях на Ўкраіне, загадваў Златапальскай прац. школай. З 1921 на педкурсах у г. Наваміргарадзе, Ін-це нар. адукацыі ў м. Златапаль б. Кіеўскай губ. З 1925 у Данецкім, з 1929 у Херсонскім ін-тах нар. адукацыі, Чаркаскім ін-це сац. выхавання. З 1932 заг. кафедры педагогікі Краснадарскага і адначасова Кубанскага с.-г. ін-таў, пазней заг. школьна-пед. аддзела, в.а. дырэктара Краснадарскага пед. ін-та, заг. кафедры педагогікі Омскага с.-г. ін-та. У 1935—36 заг. кафедры педагогікі і псіхалогіі Магілёўскага пед. ін-та. З 1936 у Ферганскім пед. і Какандскім настаўніцкім ін-тах. У 1940—45 загадваў кафедрай педагогікі і псіхалогіі Чарнігаўскага і Бухарскага пед. ін-таў. З 1946 у Крымскім пед. і Ленінградскім абл. настаўніцкіх ін-тах. З 1951 заг. кафедры педагогікі Кіеўскага ін-та фіз. культуры. Навук. працы па метадалогіі і гісторыі педагогікі, праблемах кіравання школай, стварэння школ для адораных дзяцей, пытаннях арганізацыі навуч. працэсу ў сярэдняй школе і ВНУ, распрацоўкі крытэрыяў ацэнкі ведаў навучэнцаў, маральнага выхавання вучняў старэйшага школьнага ўзросту і інш. Аўтар даследаванняў «Вывучэнне паспяховасці навучэнцаў па стандартызаваных тэстах», «Арганізацыя навуковай работы» (абодва 1926), «Арганізацыя школ для адораных дзяцей», «Арганізацыя школ для звышадораных дзяцей» (абодва 1927), «Вывучэнне здольнасцей дзяцей» (1928), «Нарматыўныя элементы педагогікі пры выкладанні яе ў педагагічных ВНУ» (1929), «Вялікі рускі педагог К.Дз.Ушынскі» (1946) і інш.
Тв.:
Виявлення організаторів у групі та вимірювання організованости групи. Луганськ, 1928;
Педагогіка як наука. Луганськ, 1929.
Літ.:
Прафесар Фама Антонавіч Бельскі: Бібліягр. паказ.;
Профессор Фома Антонович Бельский: Библиогр. указ. Мн., 2002.
А.І.Бельскі.
т. 18, кн. 1, с. 350
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
адзна́ка, -і, ДМ -на́цы, мн. -і, -на́к, ж.
1. Знак, метка, след, якія паказваюць на што-н.; запіс, штамп і пад., якія сведчаць што-н.
А. на карце.
А. ў дакументах.
2. Прыкмета, акалічнасць, па якіх можна вызначыць што-н.
Па ўсіх адзнаках ураджай будзе добры.
3. Асаблівасць, рыса, якімі асоба ці прадмет адрозніваюцца ад іншых асоб ці прадметаў.
Індывідуальная а. асобы.
4. Агульнапрынятае абазначэнне ацэнкі ведаў і паводзін навучэнцаў.
Атрымаць выдатную адзнаку.
5. Ганаровы знак, ордэн, медаль і пад.
Дыплом з адзнакай.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
ВІ́ЦЕБСКАЕ РЭА́ЛЬНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА.
Існавала ў 1910—18 у Віцебску. Засн. паводле завяшчання мсціслаўскага ваяводы І.Гільзена (памёр у 1786), нашчадкі якога сродкі ад атрыманых прыбыткаў павінны былі накіроўваць на «пашырэнне навук і выхаванне беднага высакароднага юнацтва». Паколькі ўмовы завяшчання не выконваліся, мін-ва нар. асветы і Віцебская мужчынская гімназія ў 1907 праз суд спагналі 200 тыс. руб., палавіна гэтых сродкаў была накіравана на адкрыццё вучылішча. Былі набраны хлопчыкі ў падрыхтоўчы і 2 першыя класы. Старэйшыя класы адкрываліся паступова (па аднаму штогод). Поўны склад навучэнцаў набраны ў 1916 (93 чал.). Тэрмін навучання 7 гадоў. Дырэктар вучылішча В.К.Краснянскі. Выкладаліся: матэматыка, фізіка, прыродазнаўства, чарчэнне, маляванне, ням. і франц. мовы, механіка, тэхналогія, камерцыя. У 1917 адбыўся адзіны выпуск (72 чал.).
С.В.Сяліцкі.
т. 4, с. 215
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ГЕАЛАГІ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА (БГТ), Беларускае рэспубліканскае навукова-тэхнічнае геалагічнае таварыства,
добраахвотная незалежная творчая грамадская арг-цыя. Засн. ў 1991. Аб’ядноўвае спецыялістаў па вывучэнні і выкарыстанні нетраў Рэспублікі Беларусь, выкладчыкаў і навучэнцаў вышэйшых і сярэдніх спец. геал. навуч. устаноў. Асн. мэты: стварэнне спрыяльных умоў для творчасці геолагаў і нафтавікоў; абарона навук., прафес. і сац. інтарэсаў членаў т-ва; развіццё творчых і дзелавых кантактаў з вучонымі і спецыялістамі ў галіне геалогіі і нафтаздабычы з інш. дзяржаў. У БГТ уваходзяць (1996) т-вы мінералагічнае і палеанталагічнае, секцыі нафтавай геалогіі, водных рэсурсаў, геатэхналогіі, дыстанцыйных даследаванняў, карысных выкапняў, распрацоўкі геафіз. апаратуры, геаэкалагічнага картавання, работы з моладдзю, а таксама антрапагенавая, тэктанічная, геахім., геамарфалагічная камісіі і рэдакцыйна-выдавецкі савет. З 1994 выдае навук. час. «Літасфера» (сумесна з АН Беларусі).
т. 2, с. 395
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ МУЖЧЫ́НСКАЯ ГІМНА́ЗІЯ.
Існавала ў Віцебску ў 1808—1918. Засн. на базе 5-класнага нар. вучылішча. Была пад папячыцельствам Віленскай навучальнай акругі (у 1829—50 Беларускай навучальнай акругі, у 1850—64 Пецярбургскай). Тэрмін навучання 7, з 1871 — 8 гадоў. Рыхтавала навучэнцаў да паступлення ва ун-т. Напачатку прымаліся дзеці ўсіх саслоўяў, з 1828 толькі дваран і чыноўнікаў. Выкладаліся філасофія, палітэканомія, права, польск., рус., лац., грэч., франц., ням. мовы, фізіка-матэм. і прыродазнаўчыя дысцыпліны. У розныя часы выкладчыкамі працавалі А.П.Сапуноў, М.Я.Нікіфароўскі, П.В.Шэйн, браты М. і В.Чысцяковы і інш. Сярод выпускнікоў і вучняў гімназіі І.І.Гарбачэўскі, Т.Заблоцкі, Я.Вуль, Л.Шапялевіч і інш. Гімназісты ўдзельнічалі ў паўстанні 1863—64. За час існавання гімназія падрыхтавала каля 3 тыс. юнакоў. Скасавана дэкрэтам ВЦВК ад 16.10.1918.
С.В.Сяліцкі.
т. 4, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАМАРЭ́ЎСКІ Леў Міхайлавіч (27.7. 1896, г. Харкаў, Украіна — 24.3.1976),
балетмайстар і педагог. Па адукацыі ўрач. Танц. мастацтву вучыўся ў балерыны Ю.Сядовай. З 1930 балетмайстар Бел. студыі оперы і балета, да 1937 у Дзярж. т-ры оперы і балета БССР. У 1933 з групай запрошаных ім артыстаў БДТ-1, навучэнцаў харэагр. класа Бел. муз. тэхнікума і танцораў-аматараў паставіў балет «Чырвоны мак» Р.Гліэра, які даў пачатак балетнаму рэпертуару т-ра оперы і балета Беларусі. Сярод інш. пастановак: балет «Канёк-Гарбунок» Ц.Пуні, танцы ў операх «Кармэн» Ж.Бізэ, «Князь Ігар» А.Барадзіна, «Пікавая дама» П.Чайкоўскага і інш. Працаваў у т-рах оперы і балета Алма-Аты і Фрунзе, у мімічным ансамблі Вял. т-ра ў Маскве.
Б.С.Смольскі.
т. 8, с. 446
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ГІМНА́ЗІЯ,
першая сярэдняя беларускамоўная навуч. ўстанова ў Мінску ў 1919—20. Створана 5.9.1919 на базе 3-га Мінскага пач. вучылішча. Дзейнічалі 4 класы. Выкладаліся бел. мова і л-ра, лац., рус., франц., ням. і польск. мовы, гісторыя Беларусі, прыродазнаўства, матэматыка, геаграфія, спевы, маляванне, ручная праца і інш. Існавалі фіз. кабінет, хім. лабараторыя; працавалі гурткі тэатр., прыгожага мастацтва. Многія навучэнцы былі чл. Мінскай бел. вучнёўскай грамады. Навучанне платнае. Дзеці бедных бацькоў і сіроты вызваляліся ад платы. Фінансавую дапамогу аказваў Часовы бел. нац. к-т. Дзейнасць гімназіі праходзіла пад наглядам польск. адміністрацыі. Сярод навучэнцаў паэты А.Александровіч, К.І.Жылка, матэматык Б.П.Дземідовіч, тэатр. дзеяч Я.Рамановіч. У 1920 пераўтворана ў 13-ю Мінскую сярэднюю школу 2-й ступені.
У.В.Ляхоўскі.
т. 10, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)