БЕ́ЛЬСКІ Фама Антонавіч (31.10.1890, в. Цімкавічы Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 2.3.1952),

бел. і ўкр. вучоны ў галіне педагогікі і псіхалогіі. Праф. (1925). Скончыў Кіеўскі ун-т (1913). З 1913 выкладаў у гімназіях на Ўкраіне, загадваў Златапальскай прац. школай. З 1921 на педкурсах у г. Наваміргарадзе, Ін-це нар. адукацыі ў м. Златапаль б. Кіеўскай губ. З 1925 у Данецкім, з 1929 у Херсонскім ін-тах нар. адукацыі, Чаркаскім ін-це сац. выхавання. З 1932 заг. кафедры педагогікі Краснадарскага і адначасова Кубанскага с.-г. ін-таў, пазней заг. школьна-пед. аддзела, в.а. дырэктара Краснадарскага пед. ін-та, заг. кафедры педагогікі Омскага с.-г. ін-та. У 1935—36 заг. кафедры педагогікі і псіхалогіі Магілёўскага пед. ін-та. З 1936 у Ферганскім пед. і Какандскім настаўніцкім ін-тах. У 1940—45 загадваў кафедрай педагогікі і псіхалогіі Чарнігаўскага і Бухарскага пед. ін-таў. З 1946 у Крымскім пед. і Ленінградскім абл. настаўніцкіх ін-тах. З 1951 заг. кафедры педагогікі Кіеўскага ін-та фіз. культуры. Навук. працы па метадалогіі і гісторыі педагогікі, праблемах кіравання школай, стварэння школ для адораных дзяцей, пытаннях арганізацыі навуч. працэсу ў сярэдняй школе і ВНУ, распрацоўкі крытэрыяў ацэнкі ведаў навучэнцаў, маральнага выхавання вучняў старэйшага школьнага ўзросту і інш. Аўтар даследаванняў «Вывучэнне паспяховасці навучэнцаў па стандартызаваных тэстах», «Арганізацыя навуковай работы» (абодва 1926), «Арганізацыя школ для адораных дзяцей», «Арганізацыя школ для звышадораных дзяцей» (абодва 1927), «Вывучэнне здольнасцей дзяцей» (1928), «Нарматыўныя элементы педагогікі пры выкладанні яе ў педагагічных ВНУ» (1929), «Вялікі рускі педагог К.​Дз.​Ушынскі» (1946) і інш.

Тв.:

Виявлення організаторів у групі та вимірювання організованости групи. Луганськ, 1928;

Педагогіка як наука. Луганськ, 1929.

Літ.:

Прафесар Фама Антонавіч Бельскі: Бібліягр. паказ.;

Профессор Фома Антонович Бельский: Библиогр. указ. Мн., 2002.

А.​І.​Бельскі.

т. 18, кн. 1, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)