Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ЦКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ГІМНА́ЗІЯ Існавала ў Клецку ў 1924—31. Утрымлівалася на дабрачынныя ахвяраванні і плату за навучанне (маламаёмныя сял. дзеці вызваляліся ад платы). Дырэктар Р.У.Якубёнак. Прымаліся вучні, якія скончылі 4 кл. нар. вучылішча. Выпускныя экзамены навучэнцы здавалі ў Віленскай або Навагрудскай гімназіях. У 1924/25 навуч. г. ў К.б.г. займалася 58 навучэнцаў у 1—4-м кл. і 20 у падрыхтоўчым, у асн. дзеці местачкоўцаў, сялян з навакольных вёсак Клеччыны і Стаўбцоўскага павета; у 1930/31—160 навучэнцаў у 1—8-м кл. з усёй Зах. Беларусі. За час існавання гімназія выпусціла 3 патокі абітурыентаў, каля 20 атрымалі сярэднюю адукацыю. У жн. 1931 польская дэфензіва выкрыла падп. дзейнасць навучэнцаў гімназіі, правяла арышты і гімназія была закрыта.
В.М.Сокал, Д.М.Чорны.
т. 8, с. 333
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАС (ад лац. classis разрад, група),
1) сукупнасць, група прадметаў або з’яў, якія маюць агульныя прыкметы.
2) Буйная сац. група людзей, гл. Класы сацыяльныя.
3) Адна з таксанамічных катэгорый у сістэматыцы раслін і жывёл, гл. Клас у біялогіі.
4) У логіцы, матэматыцы — мноства; адвольная (канечная або бесканечная) сукупнасць прадметаў, вылучаных па якой-н. прыкмеце.
5) Тэхнічны разрад марскіх і рачных суднаў; разрад пасаж. вагонаў, кают і інш., якія ўстанаўліваюцца ў залежнасці ад зручнасці і выгод.
6) Пастаянны (у межах навуч. года) калектыў навучэнцаў, а таксама памяшканне для іх заняткаў.
7) У некаторых спец. навуч. установах — група навучэнцаў, якія спецыялізуюцца па якому-н. прадмету (напр., К. скрыпкі). 8) Мера якасці, узровень, у залежнасці ад якога вызначаецца месца прадмета ў шэрагу сабе падобных (напр., каштоўныя камяні); ступень падрыхтаванасці, кваліфікацыя.
т. 8, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРНА́Т (ад лац. internus унутраны),
1) памяшканне пры навуч. установе для навучэнцаў, студэнтаў або агульнае памяшканне для асоб, якія працуюць на адным прадпрыемстве.
2) Школа-інтэрнат, дзе вучні жывуць і знаходзяцца на поўным або частковым дзярж. забеспячэнні.
3) Установа сістэмы сац. забеспячэння для інвалідаў і састарэлых.
т. 7, с. 286
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗНА́КА,
1) метка, знак, пастаўленыя, каб абазначыць што-н., паказаць на што-н.
2) Знак, прыкмета, акалічнасць, паводле якіх можна пазнаць, вызначыць што-н.
3) Асаблівасць, рыса, якімі асоба, прадмет адрозніваюцца ад іншых асоб, прадметаў і інш. 4) Агульнапрынятая ацэнка ступені ведаў і паводзін навучэнцаў.
5) Ганаровы знак, ордэн, медаль і інш.
т. 1, с. 109
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІЯ ГІМНА́ЗІІ,
сярэднія агульнаадук. навуч. ўстановы ў 1865—1915 у Брэсце.
Мужчынская гімназія засн. ў 1865 як 4-класная прагімназія; у 1901 пераўтворана ў гімназію. Складалася з 8 асн., 4 паралельных (1—4-ы) і падрыхтоўчага класаў. Колькасць навучэнцаў ад 450 да 520. Выкладаліся: Закон Божы, іудзейскае веравучэнне, рус., франц., ням., лац. мовы, гісторыя, геаграфія, прыродазнаўства, матэматыка, маляванне, чыстапісанне, музыка, спевы і інш. Зараз у будынку б. гімназіі размешчаны адзін з навуч. карпусоў Брэсцкага універсітэта.
Жаночая гімназія засн. 1.7.1904. Складалася з 6 асноўных і падрыхтоўчага класаў. У 1905 адкрыты 7-ы, у 1907 — 8-ы дадатковы пед. клас, у 1911 — паралельныя 3-і і 6-ы класы. Колькасць навучэнцаў вагалася ад 400—500 у 1906—07 да 340 у 1915. Выкладаліся: Закон Божы, рус., франц., ням., польск. мовы, гісторыя, матэматыка, фізіка, чыстапісанне, маляванне, геаграфія, славеснасць, рукадзелле, гігіена і інш.
М.М.Забаўскі.
т. 3, с. 301
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ДСКІЯ ГІМНА́ЗІІ.
Існавалі ў 1901—18 у г. Ліда. Лідская мужчынская гімназія — сярэдняя агульнаадук. навуч. ўстанова. Засн. ў 1913 у складзе 2 класаў, у 1914 адкрыты 3-і і падрыхтоўчы класы. Утрымлівалася за кошт дзярж. сродкаў і платы за навучанне. У 1913 было 74, у 1914—167 навучэнцаў. Праіснавала да 1917. Лідская жаночая гімназія Ф.Л. і В.С. Навіцкіх — прыватная сярэдняя агульнаадук. навуч. ўстанова. Адкрыта ў 1901 на базе 2-класнага пав. вучылішча як 4-класнае жаночае вучылішча. У 1906 пераўтворана ў 6-класную прагімназію. У 1910 адкрыты 7-ы клас; 21.6.1910 ёй нададзена права ўрадавай гімназіі. Утрымлівалася за кошт платы за навучанне. У 1914 было 227, у 1915—198 навучэнцаў. У 1914 гімназію скончылі 18, у 1916—26 чал. У Л.г. вывучаліся: Закон Божы, іудзейскае веравучэнне, рус. мова і славеснасць, чыстапісанне, ням. і франц. мовы, матэматыка, фізіка, геаграфія, гісторыя, маляванне; у мужчынскай гімназіі дадаткова выкладаліся гімнастыка, у жаночай — рукадзелле.
т. 9, с. 252
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ПЕДАГАГІ́ЧНЫ КАЛЕ́ДЖ.
Засн. ў 1983 у Мінску як Мінскае пед. вучылішча № 2. З 1993 сучасная назва. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч. г.): выкладанне ў пач. класах; пазакласная і пазашкольная выхаваўчая работа (для навучэнцаў з недахопамі слыху); выкладанне бел. мовы і л-ры ў базавай школе, выкладанне замежнай мовы (ням. і англ.) у базавай школе. Прымаюцца асобы з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае.
т. 10, с. 448
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ІНСТЫТУ́Т АДУКА́ЦЫІ.
Засн. ў кастр. 1929 у Мінску як НДІ педагогікі і педалогіі. З 1931 НДІ камуніст. выхавання, з 1934 НДІ школьнай педагогікі, з 1940 НДІ школ, з 1951 НДІ педагогікі, з 1990 БелНДІ адукацыі, з 1993 Нац. ін-т адукацыі. Асн. кірункі навук. дзейнасці: фундаментальныя і прыкладныя даследаванні па педагогіцы (дыдактыка, тэорыя і методыка выхавання, дэфекталогія), псіхалогіі, культуралогіі, філасофіі, эканоміцы і гісторыі адукацыі; распрацоўка стандартаў адукацыі, тэарэтыка-метадалаг. праблем нац. сістэмы непарыўнай адукацыі і выхавання, навукова-метадычнага забеспячэння навучання, выхавання і развіцця асобы; даследаванне праблем псіхолага-пед. рэабілітацыі, сац.-прававой абароны і спецыфікі навучання і выхавання ва ўмовах радыяцыйнага забруджання і інш. экстрэмальных сітуацый; распрацоўка праблем навучання і выхавання навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафіз. развіцця, праблем дыягнастычнага забеспячэння, прафарыентаваных і прафадаптаваных методык і інструментарыя па адбору навучэнцаў для дыферэнцыраванай агульнай, профільна-прац. і прафес. адукацыі; даследаванне праблем псіхолага-пед. адукацыі бацькоў і насельніцтва, параўнальнай адукацыі ў краінах замежжа; падрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі навукова-пед. кадраў, у т. л. магістраў, канд. і д-роў навук.
В.У.Чэчат.
т. 11, с. 238
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЛАКІ́ТНЫ ПАТРУ́ЛЬ»,
добраахвотныя аб’яднанні (атрады і групы) школьнікаў, навучэнцаў, аматараў прыроды, якія арганізоўваюцца для ўдзелу ў грамадскай прыродаахоўнай дзейнасці пры адначасовым удасканаленні ведаў па біялогіі і ахове прыроды. Ствараюцца з мэтай вывучэння і аховы рыбных багаццяў краіны на базе сярэдніх школ, станцый юннатаў, летніх лагераў адпачынку. Працуюць пад кіраўніцтвам выкладчыкаў і работнікаў прыродаахоўных арг-цый. На Беларусі «блакітныя патрулі» існуюць з 1965. На 1.1.1996 у 120 атрадах было каля 1500 чал.
Г.П.Прышчэпаў.
т. 3, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)