ВЫПА́ЛЬВАННЕ расліннасці,

падпальванне сухой расліннасці з мэтай больш хуткага рунення сенажаці ці пашы або выпуджвання паляўніча-прамысловых жывёл на паляванні. Паступова вядзе да дэградацыі расліннасці і глеб — адначасова знішчае надглебавую і глебавую фауну і біяцэноз увогуле. Пры падсечна-агнявой сістэме земляробства ў некаторых краінах трапічнага пояса праводзіцца выпальванне лесу (перыядычна). На Беларусі ў старажытнасці выпальваннем рыхтавалі лясныя глебы пад пасевы с.-г. культур. Сучасным прыродаахоўным заканадаўствам выпальванне забаронена (стварае пагрозу лясных пажараў, супярэчыць інтарэсам аховы прыроды).

т. 4, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕСАТУ́НДРА,

занальны тып ландшафту, які характарызуецца чаргаваннем на водападзелах тундры і лесу. Пашырана ў субарктычным поясе Паўн. паўшар’я. Лясныя ўчасткі прадстаўлены пераважна рэдкалессямі з дрэвамі выш. 2—8 м, якія ўтвораны найчасцей лістоўніцамі, елкамі і некат. відамі бярозы, з карлікавай бярозкай і часам ядлоўцам у падлеску, з зялёнымі імхамі і ягелямі ў наглебавым покрыве. Рэдкалессі чаргуюцца з бязлеснымі ўчасткамі: на павышэннях рэльефу — хмызняковымі, плямістымі, мохава-лішайнікавымі тундрамі, у паніжэннях — узгорыстымі, гіпнавымі і інш. балотамі. Гл. таксама Лесатундравая зона.

Лесатундра.

т. 9, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ТКАЎСКІ,

біялагічны заказнік на Беларусі, у Веткаўскім р-не Гомельскай вобл. Засн. ў 1978. Пл. 5,9 тыс. га (1995). Уключае тэр. Веткаўскага лясніцтва. Створаны ў мэтах захавання ў прыродным стане месцаў росту і прыродных запасаў дзікарослых лек. раслін (крапівы двухдомнай, ландыша майскага, палыну горкага, цмену пясчанага, чабару, чарніц і інш.), а таксама для арганізацыі рацыянальнай нарыхтоўкі іх сыравіны. Займае лясныя масівы вакол рэк Сож і Беседзь, у якіх пераважаюць маладыя імшыстыя і чарнічныя хвойнікі, трапляюцца дубровы, бярэзнікі, невял. ўчасткі ельнікаў.

т. 4, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАГЕ́ННАЯ НАГРУ́ЗКА,

прамое або апасродкаванае антрапагеннае ўздзеянне на прыроднае асяроддзе ў цэлым або на асобныя прыродныя экасістэмы ці іх кампаненты. Дыферэнцыруецца па аб’ектах і відах уздзеяння (напр., антрапагенная нагрузка на лясныя, водныя экасістэмы, паветра, флору, фауну і інш.; фізічнае, мех., хімічнае ўздзеянне і г.д.). Ацэньваецца па якасных і колькасных паказчыках, праз сетку станцый і ўстаноў глабальнага, рэгіянальнага і інш. відаў маніторынгу, экалагічнага назірання і кантролю. На сучасным этапе развіцця прадукцыйных сіл антрапагенная нагрузка на асяроддзе ў цэлым падвойваецца кожныя 10—15 гадоў.

т. 1, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАБАТАНІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ, карты расліннасці,

карты, якія адлюстроўваюць геагр. пашырэнне тыпалагічных падраздзяленняў расліннасці (асацыяцый, груп, фармацый) ці іх прасторавых камбінацый (комплексаў, спалучэнняў, радоў). У залежнасці ад мэтавага прызначэння і прынцыпаў пабудовы геабатанічныя карты падзяляюцца на універсальныя і спецыялізаваныя. Універсальныя геабатанічныя карты паказваюць размеркаванне натуральных адзінак расліннага покрыва, што склаліся ў працэсе яго гіст. развіцця, змены, якія адбыліся пад уплывам дзейнасці чалавека. Спецыялізаваныя геабатанічныя карты адлюстроўваюць рысы расліннасці, найб. важныя для гасп. выкарыстання, маюць пэўныя прыкладныя задачы (кармавыя, лясныя, раслінных рэсурсаў), часам уключаюць дадатковыя паказчыкі.

т. 5, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМАНІ́ШНІК (Succisa),

род кветкавых раслін сям. варсянкавых. 1 від — К. лугавы (S. pratensis). Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі трапляецца па ўсёй тэрыторыі на нізінных лугах, ускрайках балот, лясных палянах, нар. назвы каманіца, каноплі лясныя, папы.

Шматгадовая травяністая расліна выш. 40—100 см. Сцябло прамастойнае з доўгімі міжвузеллямі. Лісце цэласнае, ланцэтнае, на сцябле супраціўнае, пры корані ў разетцы. Кветкі сіне-фіялетавыя, блакітна-бэзавыя, радзей белыя, у галоўчатых суквеццях. Плод — 4-гранны касматы арэх. Лек., дубільная, фарбавальная і меданосная расліна.

Каманішнік лугавы.

т. 7, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАЛЁТНЫЯ ПТУ́ШКІ,

птушкі, якія штогод робяць пералёты ад месцаў гнездавання на зімоўкі (у вырай) і назад. Для іх характэрны: высокі ўзровень метабалізму, здольнасць да хуткага перамяшчэння ў паветры, арыентацыя ў прасторы, назапашванне пажыўных рэчываў і тлушчу, строгая цыклічнасць размнажэння і лінькі, хуткая перабудова фізіял. функцый і іх сінхранізацыя з сезоннымі зменамі асяроддзя. На Беларусі 162 віды П.п., большасць з іх — лясныя і вадаплаўныя, у т. л. буслы, дразды, івалгі, качкі, крачкі, кулікі, ластаўкі, мухалоўкі, чайкі, шпакі. Гл. таксама Пералёты птушак.

т. 12, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАПЁЛКА звычайная

(Coturnix coturnix),

птушка сям. фазанавых атр. курападобных. Пашырана ў Еўразіі, Афрыцы, на в-ве Мадагаскар. Насяляе пераважна ўзлескі, лясныя паляны, лугі, с.-г. палеткі. На Беларусі трапляецца ўсюды, найб. на Пд. Пералётная птушка.

Даўж. каля 20 см, маса да 145 г. Апярэнне страката-бураватае. Хвост кароткі. Корміцца пераважна насеннем раслін і насякомымі. У шлюбны перыяд самцы такуюць. Нясе да 24 яец. Вывадкавая птушка. Аб’ект спарт. палявання і развядзення (для атрымання яец).

Э.​Р.​Самусенка.

Перапёлка: 1 — самка; 2 — самец.

т. 12, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

прасе́ка Ачышчаная ад лесу і кустоў паласа ў лесе, якая раздзяляе лясныя кварталы, служыць граніцай участка, дарогай (БРС). Тое ж просека (Слаўг.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

БАНДА́РЫНА (Зінаіда Аляксандраўна) (11.10.1909, г. Гродна — 16.4.1959),

бел. пісьменніца. Скончыла Мінскі бел. пед. тэхнікум (1927), Ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1933). Настаўнічала ў бел. школе ў сібірскім пас. Медзякова (1927—28). Працавала ў бел. перыяд. друку. У 1948—50 заг. філіяла музея Я.​Купалы ў Вязынцы. Друкавалася з 1926. Аўтар зб. вершаў «Веснацвет» (1931), зб. апавяданняў для дзяцей «Лясныя госці» (1960), аповесцяў «Шуміць тайга» (1928), «Дыпломная работа» (1953), «Галіна Ільіна» (1959, апошнія дзве на рус. мове). Аповесць «Ой, рана на Івана...» (1956) пра дзіцячыя і юнацкія гады Я.​Купалы.

т. 2, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)