КАРКА́СНА-ПАНЭ́ЛЬНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,

канструкцыі будынкаў, якія складаюцца з нясучых элементаў каркаса (жалезабетонных ці стальных калон, рыгеляў) і агараджальных канструкцый (сценавых панэлей, пліт і панэлей перакрыццяў і пакрыццяў). Прызначаны для буд-ва пераважна шматпавярховых будынкаў (канструкцыі са стальным каркасам мэтазгодныя для вышынных грамадскіх будынкаў — на 30 і больш паверхаў).

Каркасна-панэльная канструкцыя: 1 — калона; 2 — рыгель; 3 — дыяфрагма жорсткасці; 4 — панэль перакрыцця; 5 — панэль вонкавай сцяны.

т. 8, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

варшта́т

(польск. warsztat, ад ням. Werkstatt)

спецыяльная канструкцыя, прыстасаваная для выканання адпаведных работ, напр. ткацкай, сталярскай, слясарнай і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

КАРКА́С (ад франц. carcasse шкілет),

касцяк, шкілет якога-небудзь вырабу, збудавання. Складаецца з асобных, змацаваных паміж сабой элементаў (стрыжняў, бэлек, калон, ферм, панэлей і інш.). Вызначае трываласць, устойлівасць, даўгавечнасць, форму вырабу (збудавання). Робіцца з металу, жалезабетону, дрэва і г.д. У буд-ве К. — нясучая канструкцыя з верт. стоек і замацаваных на іх гарыз. элементаў. Пашыраны зборныя К. з нясучымі вонкавымі агараджэннямі будынкаў і лёгкімі навяснымі панэлямі (гл. Каркасна-панэльныя канструкцыі).

т. 8, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБКЛА́ДКА падземнага збудавання,

канструкцыя для замацавання падземных вырабатак і ўтварэння ўнутранай паверхні падземных збудаванняў. Форма і памеры абкладкі залежаць ад прызначэння збудавання: для метрапалітэна, вадавода, тунэля, падземнай ГЭС і інш. Бывае апорная (разлічана на ўздзеянне нагрузкі) і абліцовачная (для аховы горных парод ад разбурэння); з маналітнага бетону або жалезабетону, зборнага жалезабетону, металу, таксама і камбінаваная, з абліцоўкай дэкар. матэрыяламі.

Уніфікаваная зборная жалезабетонная абкладка тунэляў метрапалітэна: а — з блокаў кругавога абрысу; б — з прамавугольных блокаў.

т. 1, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

машыне́рыя

(фр. machinerie)

1) унутраная канструкцыя машыны;

2) прыстасаванне ў тэатры для змены дэкарацыі;

3) разм. нескладанае, прымітыўнае прыстасаванне, прылада.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ДЭКАТРО́Н [ад дэка... + (элек)трон],

многаэлектродная газаразрадная прылада тлеючага разраду. Прызначаны для індыкацыі эл. імпульсаў у дзесятковай сістэме лічэння, падліку, камутацыі слабатокавых эл. ланцугоў і інш. Найб. хуткасць лічэння 10​5 імпульсаў за 1 с. Выкарыстоўваецца ў індыкатарных табло лічбавых кантрольна-вымяральных прылад, вылічальных прыладах і інш.

Найб. пашыраная канструкцыя двухімпульснага Д. мае анод у выглядзе дыска з размеркаванымі вакол яго індыкатарнымі і кіроўнымі электродамі. Прынцып дзеяння Д. заснаваны на накіраваным пераносе (пераключэнні) кіроўнымі імпульсамі тлеючага разраду з аднаго электрода на другі.

т. 6, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛО́М у драўляным дойлідстве,

зрубная канструкцыя шмат’яруснага верху ў выглядзе ўсечанай піраміды ці прызмы. Вядомы на Украіне з 16 ст. У бел. культавай архітэктуры 17—19 ст. сустракаліся вярхі з адным ці з двума З., якія стваралі ступеньчатаярусную кампазіцыю будынка, надавалі яму выразны сілуэт. Часам спалучаліся з ветразямі (пры чаргаванні чацверыкоў і васьмерыкоў). З. выкарыстоўваліся ў цэрквах (вёскі Рубель Столінскага, Міхалкі Мазырскага р-наў) і званіцах (Клецк).

Да арт. Залом. Міхайлаўская царква. 1796. Вёска Рубель Столінскага раёна Брэсцкай вобл.

т. 6, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОДАНАГРАВА́ЛЬНІК,

цеплаабменны апарат для награвання вады парай, гарачай вадою, газамі, эл. токам. Выкарыстоўваецца ў сістэмах гарачага водазабеспячэння, вадзянога ацяплення, нагрэву сілкавальнай вады для катлоў, быт. патрэб і інш. Памеры і канструкцыя залежаць ад прызначэння.

Пашыраны воданагравальнік паверхневага тыпу (напр., бойлеры), у якіх цяпло перадаецца праз паверхню нагрэтых трубчастых ці інш. элементаў, і кантактныя (змешвальныя), у якіх цепланосьбіт прапускаецца непасрэдна праз ваду ці змешваецца з ёю. Да мясцовых воданагравальнікаў адносяць ванныя калонкі, змеевікі або вадагрэйныя каробкі, кіпяцільнікі і інш. (гл. таксама Газавыя прылады).

т. 4, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́МПА (ад франц. rampe схіл, пакатасць),

1) канструкцыя для перамяшчэння трансп. сродкаў паміж двума рознымі ўзроўнямі з нахілам, магчымым для іх руху. Выкарыстоўваецца для падымання грузаў на чыг. платформу, заезду пагрузачна-разгрузачных машын на склады, пераходу цягнікоў метрапалітэна з паверхні зямлі пад зямлю, для пераходу на асн. магістраль у месцах развязкі руху у двух узроўнях і інш. (гл. таксама Апарэль, Пандус).

2) Асвятляльнае прыстасаванне, размешчанае на падлозе тэатр. сцэны па яе пярэднім краі, а таксама мяжа паміж глядзельнай залай і сцэнай.

т. 13, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІНДА́Ж (франц. blindage),

фартыфікацыйнае палявое збудаванне для аховы асабовага складу ад куляў, асколкаў, мін, запальных сродкаў і паражальных фактараў ядз. выбуху. Робіцца ў выглядзе выемкі ў зямлі з мясц. матэрыялаў (круглых бярвёнаў, брусоў, жардзін, фашын) і матэрыялаў прамысл. вырабу (хвалістай сталі, зборных жалезабетонных канструкцый, абалонак і інш.). Складаецца з асн. памяшкання (для асабовага складу), увахода з моцнымі дзвярамі, грунтавой абсыпкі; мае вентыляцыйны кораб. Упершыню ў Расіі бліндажы выкарыстаны ў Севастопальскай абароне 1854—55, шмат будавалася ў 1-ю і 2-ю сусв. войны.

Канструкцыя бліндажа.

т. 3, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)