КАНВЕ́РТАР (англ. converter ад лац. converto змяняю, пераўтвараю),

металургічны агрэгат для атрымання сталі з вадкага чыгуну (прадзіманнем яго паветрам або кіслародам), а таксама чарнавога металу (напр., медзі) ці сульфідаў каляровых металаў (прадзіманнем штэйнаў тэхн. кіслародам, паветрам, інш. акісляльным газам).

Сталеплавільныя К. бываюць ёмістасцю да 400 т, маюць звычайна грушападобную форму. Адрозніваюць К. з прадзіманнем чыгуну знізу (бесемераўскія і тамасаўскія К., якія страцілі сваё прамысл. значэнне) і зверху (кіслародныя К.). Заліваюць чыгун у кіслародны К. праз гарлавіну, атрыманую сталь выпускаюць праз ляток у шлемнай частцы (К. можа паварочвацца вакол гарыз. восі спец. прыводам). К. каляровай металургіі ёмістасцю да 125 т. маюць форму пераважна гарыз, цыліндра. Гл. таксама Канвертарны працэс.

Схема кіслароднага канвертара. 1 — стальны кажух; 2 — сталевыпускная адтуліна; 3 — механізм павароту; 4 — вогнетрывалая футэроўка.

т. 7, с. 576

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТО́ЎСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення на Панямонні. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. пераважна ў Мастоўскім, Шчучынскім і Зэльвенскім р-нах Гродзенскай вобл. Жаночы гарнітур складалі кашуля, спадніца з цёмна-сіняй даматканкі, кроеная з 6 кліноў або андарак з 4 прамавугольных полак (чырвона-малінавага колеру ў вузкія гарыз. разнаколерныя паскі), белы або цёмны фартух, аздоблены фальбонамі і карункамі, катанка (накшталт кофты) з белага ці шэрага валенага сукна, аблямаваная чорным аксамітам. Галаўныя ўборы жанчын — каптур, даматканая ці крамная хустка, упрыгожанні — каралі, стужкі, крыжыкі. Мужчынскае адзенне істотных мясц. адрозненняў ад іншых строяў Панямоння не мела. Вопраткай былі белая або шэрая світа, кажух.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. . Жанчыны ў верхнім адзенні (катанках). Вёска Катчыно Мастоўскага раёна. Пачатак 20 ст.

т. 10, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пастра́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго.

Страшыць некаторы час; папужаць. — А мяне арыштуюць ці не? — Не. Але пастрашыць могуць. Бажко. — Ну, не разыходзься так, — а то завярнуся і пайду, — пастрашыў ён жонку, вешаючы на ашэстак кажух. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кажа́рка ’стары кажух’ (Касп., Мядзв., Шат.; рас., Шатал.). Паводле геаграфіі — беларуская інавацыя; структура ўтварэння не зусім ясная. Паводле Сцяцко, Афікс. наз., 149, з суф. ‑арк‑а ад кожа; аднак параўн. къжары (тулуп къжары); тэрыторыя, відаць, дрысен. (віц., КЭС). Гэта дае магчымасць бачыць тут семантычную кандэнсацыю выразу *кажары тулуп, суфікс у такім выпадку — ‑к‑. На іншую магчымасць тлумачэння ўказвае рус. валаг. кожара ’кажух з аўчыны, не пакрыты сукном’ і бел. кажарына (гл.), якія сведчаць аб аснове кажар‑, якое з ‑ар‑суфіксацыяй ад кожа (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кажа́рына ’стары кажух’ (Касп.; рас., Шатал.), къжаръна, кажэръна ’паўкажушок, кажушок (звычайна стары, каравы)’ (міёр., Нар. словаўтв.). Рэгіянальнае (паўн.) утварэнне ад кожа (гл.). Суфіксацыя адзінкавасці (‑іна), аснова кажар‑, адносна якой гл. пад кажа́рка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

падбаро́ддзе, ‑я, н.

Разм. Тое, што і падбародак (у 1 знач.). Качура сядзеў у шапцы з апушчаным пад падбароддзе пасачкам, як у часе дзяжурства. Пестрак. Канстанцін Міхайлавіч хавае хворыя рукі пад кажух і нацягвае яго амаль да падбароддзя. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ёрзацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. Тое, што і ёрзаць. Чалавек, на якога наваліліся Сцяпан і Юзік, ёрзаўся пад сподам, стараючыся выбрацца наверх. Чорны. Там, дзе вісеў кажух, у запечку за перагародкай нехта біў цвёрдымі нагамі аб падлогу і ёрзаўся. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кажу́шыць ’калаціць, узнімаць скуру ўдарамі’ (Нас.). Відавочны экспрэсіўны характар утварэння (параўн. прыклады: «Не на смѣхъ ты его ловко кожушишь» (Нас., 240), і гэта зніжае надзейнасць супастаўлення слова з такімі балг. утварэннямі, як дыял. подкожушва се, подкожуши се ’аддзяляецца і ўспухае, узнімаецца (аб скуры, тынку)’ і больш далёкімі фармальна подкожуря се, подкожурявам се ’ўзнімацца, успухаць’. Калі дапусціць, што кажушыць ужывалася як тэрмін (у гарбарстве), бел. слова можна параўнаць з рус. дыял. кожемятить, кожемятиться ’валтузіцца, барукацца’. У любым выпадку да кажух ’скура і да т. п.’. Гл. кажух 1 і наст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЛАТЫ́ШСКАЯ МО́ВА,

адна з балтыйскіх моў. Мова латышоў, дзярж. мова Латвіі. Мае 3 дыялекты: сярэднелатышскі (аснова літ. мовы), лівонскі, верхнелатышскі.

У фанетыцы — адрозненне доўгіх і кароткіх галосных, 5 дыфтонгаў, складовая інтанацыя, націск на 1-м складзе; у марфалогіі — 2 роды назоўнікаў (мужч. і жан.), зваротныя назоўнікі, 6 скланенняў, 7 склонаў, 5 ладоў дзеяслова, яго складаныя часавыя формы, скланенне дзеепрыслоўяў, складаная сістэма дзеепрыметнікаў; у сінтаксісе — недапасаванае азначэнне, параўнальна вольны парадак слоў, канструкцыя «давальны самастойны».

Літ. мова склалася ў канцы 19 ст. Пісьменства з 16 ст. на аснове лац. гатычнага пісьма. У аснове сучаснай лат. графікі — лац. алфавіт (антыква) з дадатковымі дыякрытыкамі. Л.м. ўзаемадзейнічае з бел. мовай. У яе літ. мове і гаворках ёсць беларусізмы [kaza (каза), kożuch (кажух) і інш.], адпаведна ў бел. мове — латышызмы («дылда», «мітусіць» і інш.).

Літ.:

Векслер Б.Х., Юрик В.А. Латышский язык. 6 изд. Рига, 1988.

т. 9, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ка́псля ’капсуль у бутэльцы’ (Яруш.), малар. капсыль, капсуль ’жалезная пракладка паміж колам і загваздкай’ (Нар. словатв.). З польск. kapsla ’тс’, якое з ням. Kapsel ’футарал, зложніца, кажух, капсула’. Форма на -уль, магчыма, аформілася пад уплывам рус. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)