ЛУЧЫ́НСКІ (Аляксандр Аляксандравіч) (5.4.1900, г. Кіеў — 25.12.1990),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944), ген. арміі (1955). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1940). У Чырв. Арміі з 1919. У Вял. Айч. вайну на Закаўказскім, Паўн.-Каўказскім, 1-м і 3-м Бел., 1-м Укр. і Забайкальскім франтах: камандзір стралк. дывізіі, корпуса, камандуючы арміяй. Удзельнік вызвалення Глуска, Слуцка, Вілейкі, Мінска, Баранавіч, Пружан, Брэста. Пасля вайны на камандных пасадах у Сав. Арміі. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1946—58. Ганаровы грамадзянін г. Брэст.

т. 9, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

касмапалі́т

(гр. kosmopolites = грамадзянін свету)

1) прыхільнік касмапалітызму, асоба, якая адмаўляе сваю прыналежнасць да якой-н. нацыянальнасці;

2) расліна або жывёла, якая жыве па ўсім зямным шары.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ГАПЕ́ЕЎ (Яфім Данілавіч) (8.3.1908, в. Левенка Бранскай вобл., Расія — 3.7.1990),

адзін з кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Скончыў Рэсп. парт. школу пры ЦК КП(б)Б (1949). З 1931 у Чырв. Арміі. З 1933 на сав. і парт. рабоце. З ліп. 1941 у тыле ворага, з студз. 1943 упаўнаважаны ЦК КП(б)Б і БШПР па Лідскай зоне, у крас. 1943 — ліп. 1944 камандзір Лідскага партыз. злучэння, адначасова кіраўнік Лідскага падп. міжрайпартцэнтра, сакратар Баранавіцкага падп. абкома КП(б)Б. Пасля вайны на парт. рабоце. Ганаровы грамадзянін г. Ліда.

т. 5, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЎРЫ́ЛАЎ (Пётр Міхайлавіч) (30.6.1900, в. Альведзіна Пестрачынскага р-на, Татарстан — 26.1.1979),

адзін з кіраўнікоў Брэсцкай крэпасці абароны 1941, Герой Сав. Саюза (1957). З 1918 у Чырв. Арміі. Скончыў камандныя курсы ў Махачкале (1923), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1939). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40, устанаўлення сав. улады ў Латвіі. У Вял. Айч. вайну камандзір 44-га палка 42-й стралк. дывізіі маёр Гаўрылаў амаль месяц узначальваў абарону Усх. форта Брэсцкай крэпасці; цяжка паранены трапіў у палон, вызвалены сав. войскамі ў 1945. Да 1946 у Чырв. Арміі. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1958—62. Ганаровы грамадзянін Брэста.

П.М.Гаўрылаў.

т. 5, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЕ́ЙКА (Зыгмунт) (Мінейка Газдава Сігізмунд Станіслававіч, псеўд. Баравы, 1840, в. Зялёны Бор Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл., паводле інш. звестак Вільня — 27.12.1925),

удзельнік паўстання 1863—64. Скончыў Акадэмію Генштаба ў Парыжы (1868). У 1861 вёў рэв. агітацыю сярод сялян Ашмянскага пав., у 1863 у атрадах М.​Лянгевіча, паўстанцкі ваен. начальнік Ашмянскага пав., камандзір атрада. 3.6.1863 атрад разбіты пад Расолішкамі, М. схоплены і прыгавораны да 12 гадоў катаргі. У Сібіры адзін з кіраўнікоў рэв. арг-цыі ссыльных. У 1865 уцёк за мяжу. З 1891 у Грэцыі, удзельнічаў у вайне з Турцыяй за Крыт. Ганаровы грамадзянін Грэцыі.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 10, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́РДМАН (Эдуард Баляслававіч) (н. 25.2.1922, г. Рэчыца Гомельскай вобл.),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў камсам.-маладзёжнага падполля і партыз. руху ў Пінскай вобл. ў Вял. Айч. вайну, ген.-маёр (1969). Скончыў ВПШ пры ЦК КПСС (1958). З 1939 на камсам. рабоце. З пач. Вял. Айч. вайны нам. сакратара, сакратар, чл. Пінскага падп. абкома, адначасова сакратар Пінскага падп. гаркома ЛКСМБ, з ліп. 1943 пам. камісара атрада В.З.Каржа, нам. камісара партыз. брыгады імя Молатава. Пасля вайны на парт., камсам. і сав. рабоце, у органах дзярж. бяспекі. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1974—79. Ганаровы грамадзянін г. Пінск.

т. 11, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЛІПЕ́НКА (Міхаіл Карнеевіч) (н. 3.9.1924, в. Дубраўка Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1943), ген.-лейтэнант (1984). Скончыў Куйбышаўскае ваен. вучылішча сувязі (1946), Ваен. акадэмію сувязі (1953) і акад. курсы пры ёй (1972). У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Паўн.-Зах., Ленінградскім, Варонежскім, 1-м Укр. франтах. Сувязіст мал. сяржант П. вызначыўся 2 і 5.10.1943 у час пераправы цераз Дняпро на Пд ад Кіева: удзельнічаў у яго вызваленні. Да 1973 на камандных пасадах у Сав. Арміі, да 1991 на выкладчыцкай рабоце. Аўтар кн, «Сам-насам з вайною» (1999). Ганаровы грамадзянін г. Кіеў.

М.К.Піліпенка.

т. 12, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМАДЗЯ́НСТВА,

прававая прыналежнасць асобы да пэўнай дзяржавы. У сілу грамадзянства на чалавека распаўсюджваюцца законы дзяржавы, грамадзянскія правы і абавязкі, а дзяржава ў сваю чаргу абараняе і апякае яго на сваёй тэрыторыі і па-за яе межамі. У дзяржавах з манархічнай формай праўлення тэрмін «грамадзянства» ўжываецца ў значэнні «падданства».

Грамадзянства Рэспублікі Беларусь — неад’емны атрыбут яе дзярж. суверэнітэту. Грамадзянамі Беларусі з’яўляюцца асобы, якія пастаянна пражывалі на тэр. Беларусі на дзень набыцця сілы Закона «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» ад 18.10.1991 або атрымалі яе грамадзянства ў адпаведнасці з гэтым Законам. Грамадзянства Рэспублікі Беларусь з’яўляецца роўным для ўсіх грамадзян незалежна ад падстаў яго набыцця. Дакументам, які сведчыць аб грамадзянстве, з’яўляецца пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Грамадзянін не можа быць пазбаўлены грамадзянства, як і ніхто з грамадзян краіны не можа быць адвольна пазбаўлены права змяніць грамадзянства. Набываецца грамадзянства па нараджэнні, у выніку прыёму ў грамадзянства, на інш. падставах, прадугледжаных міжнар. дагаворамі Рэспублікі Беларусь ці яе заканадаўствам аб грамадзянстве. Пражыванне грамадзяніна на тэр. інш. дзяржавы само па сабе не вядзе да страты грамадзянства. Грамадзянін не можа быць выдадзены інш. дзяржаве, калі гэта не прадугледжана міжнар. дагаворамі Беларусі. Спыняецца з прычыны выхаду з грамадзянства, з прычыны страты грамадзянства, на інш. падставах, прадугледжаных законам. Выхад з грамадзянства ажыццяўляецца па хадайніцтве асобы ў прадугледжаным законам парадку. Грамадзянства страчваецца, калі асоба набыла грамадзянства інш. дзяржавы ці паступіла на ваен. службу, у праваахоўныя і інш. дзярж. органы замежнай дзяржавы або калі грамадзянства Рэспублікі Беларусь было атрымана ёю незаконным шляхам.

С.​У.​Скаруліс.

т. 5, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

спарта́нец

(ад гр. Sparte = Спарта)

1) грамадзянін старажытнагрэчаскай дзяржавы Спарты, жыхары якой вызначаліся суровым спосабам жыцця, вынослівасцю і цярплівасцю;

2) перан. чалавек, які адмаўляецца ад раскошы, вядзе суровы спосаб жыцця.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БО́ЛБАС (Аляксандр Карпавіч) (н. 11.12.1911, в. Слабодка Бабруйскага р-на),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Мінскую саўпартшколу (1936), курсы палітсаставу пры Ваен. акадэміі бранятанк. і механізаваных войскаў (1946), курсы палітсаставу (1956). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну на Зах., Паўд.-Зах., Сцяпным, Варонежскім, 1-м Укр., 1, 2 і 3-м Прыбалтыйскім франтах, удзельнік абароны Мінска, Бабруйска, Рагачова, Магілёва, Смаленска, Масквы, Сталінградскай і Курскай бітваў. У баях каля Кіева ў вер. 1943 байцы батальёна пад яго камандаваннем фарсіравалі Дняпро, захапілі і ўтрымалі плацдарм. Да 1958 у Сав. Арміі. Ганаровы грамадзянін г. Грабёнка і гар. пас. Ржышчаў (Украіна).

т. 3, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)