ліс, ліса; мн. лісы, ‑оў; м.

1. Драпежная млекакормячая жывёліна сямейства сабачых з вострай мордай і доўгім пушыстым хвастом. Як толькі яны ўзышлі на ўзлесак, адзін з хлапчукоў выпудзіў даўгахвостага ліса. Шахавец. // Футра гэтай жывёліны.

2. Самец лісы.

3. перан. Разм. Пра хітрага, ліслівага чалавека. [Вайтовіч:] — Ты стары ліс і хады ўсе ведаеш не горш за свайго пана, але параду маю паслухай. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазаво́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.

1. Завесці, адвесці куды‑н. усіх, многіх. Пазаводзіць дзяцей у яслі.

2. Абзавесціся кім‑, чым‑н., увесці што‑н. — пра ўсіх, многіх. Пазаводзілі людзі пчол. □ [Вудзік:] — Вярнуліся паны з сваёй чэляддзю, пачалі заводзіць свае парадкі, ды яшчэ горш за царскія. Войтаў, солтысаў пазаводзілі. Колас.

3. Прывесці ў рух якія‑н. механізмы. Пазаводзіць гадзіннікі. Пазаводзіць маторы машын.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пацяша́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго.

1. Весяліць, забаўляць. Бывала, калі мы ішлі са школы, Антось да самага броду пацяшаў нас рознымі выдумкамі. Чарнышэвіч.

2. Разм. Суцяшаць, супакойваць, абнадзейваць. — Гэты пан лепшы, дасць вопратку, — пацяшаў бацька, хоць сам у гэта ні кропелькі не верыў. Пальчэўскі. «Нічога, каток, — пацяшае .. [бабка], — бывае яшчэ і горш...» Брыль.

•••

Пацяшаць вока — тое, што і цешыць вока гл. цешыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ціхо́ня, ‑і, ДМ ‑ю, Т ‑ем, м.; ДМ ‑і, Т ‑яй (‑яю), ж.

Ціхі, лагодны, ціхмяны чалавек. Аднойчы гэты ціхоня, які, здавалася, і мухі не мог пакрыўдзіць, учыніў такое, што не кожны даваў веры. Сіняўскі. І вось Волька скончыла вучобу не горш, а, можа, нават і лепш за Петруся. Вось табе і ціхоня Волька. Хто б мог падумаць!.. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АТРУЧЭ́ННЕ,

захворванне, абумоўленае паступленнем у арганізм таксічных рэчываў (ядаў), якія парушаюць яго фізіялагічныя функцыі і ствараюць небяспеку для жыцця. Атрутным дзеяннем валодаюць многія хім. рэчывы сінт. і прыроднага паходжання (напр., пестыцыды, прамысл. яды, таксіны мікраарганізмаў, атрутныя рэчывы ядавітых раслін і жывёл). Трапляюць яды ў арганізм праз рот, дыхальныя шляхі, скуру, пры ўкусах змей ці членістаногіх (восы, пчолы, шэршні, скарпіёны, ядавітыя павукі і інш.), пры падскурных і ўнутрымышачных ін’екцыях. Адрозніваюць атручэнні бытавыя (напр., рэчывамі быт. хіміі, харчовыя, алкагольныя, чадным газам і інш.), прафесійныя (пры парушэнні правілаў гігіены і тэхнікі бяспекі), медыкаментозныя (ад перадазіроўкі лякарстваў). У асобную групу вылучаюць кармавыя атручэнні жывёл, што ўзнікаюць ад корму, забруджанага ядахімікатамі (пестыцыдамі, гербіцыдамі, фунгіцыдамі), плесневымі і інш. грыбкамі (напр., спарыннёй), травяной тлёй, вусенямі капусніцы, ядавітымі раслінамі (цыкутай, дурнап’янам, белакрыльнікам, казяльцом і інш.).

Вострыя атручэнні ўзнікаюць адразу або неўзабаве пасля паступлення вял. дозы яду ў арганізм, хранічныя — пры працяглым яго ўздзеянні ў невял. дозах. Клінічныя прыкметы атручэння залежаць ад прыроды і колькасці яду, што трапіў у арганізм, выбіральнасці яго ўплыву на дзейнасць органаў і тканак, адчувальнасці арганізма і стану здароўя. Могуць пераважаць пашкоджанні нервовай (сутаргі, галюцынацыі, псіхозы), сардэчна-сасудзістай (пачашчэнне пульсу, сінюшнасць, падзенне ціску), дыхальнай сістэм, печані і нырак. Горш пераносяць атручэнне дзеці, цяжарныя жанчыны, старыя і хворыя людзі. Лячэнне атручэння павінна пачынацца неадкладна. Меры першай дапамогі пры атручэнні: штучна выклікаць ірвоту, многа піць вады, малака, слабы раствор марганцоўкі, суспензіі актываванага вугалю; пры неабходнасці робяць штучнае дыханне і непрамы масаж сэрца; пры газавых атручэннях пацярпелага выносяць на свежае паветра. У бальнічных умовах выкарыстоўваюць антыдоты (проціяддзі), пры неабходнасці робяць гемадыяліз, гемасорбцыю, заменнае пераліванне крыві

Г.​Г.​Шанько.

т. 2, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

друкава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад друкаваць.

2. у знач. прым. Зроблены друкаваным спосабам; нерукапісны. Друкаваная кніга. // у знач. наз. друкава́нае, ‑ага, н. Тое, што надрукавана. Чытае [Аксён Каль] з друкаванага слаба, а з рукапіснага яшчэ горш. Колас.

3. у знач. прым. Які мае форму надрукаванага. Друкаваныя літары.

4. у знач. прым. Змешчаны ў друку. Друкаваныя варыянты верша.

•••

Друкаванае слова гл. слова.

Друкаваны аркуш гл. аркуш.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

налучы́ць, ‑лучу, ‑лучыш, ‑лучыць; зак.

Разм.

1. на каго-што. Натрапіць, набрысці. Налучыць на воўчую яму. □ [Раман:] — Налучыш яшчэ на падземны валун — пакалечыш плугі... Пташнікаў.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); каго. Знянацку захапіць, застаць. Запытанне настаўніка налучыла.. [Ліду] знянацку. Колас.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.); каго. Здарыцца з кім‑н. І горш за ўсё тое, што гэтае здарэнне якраз налучыла маленькую Натальку. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паме́рці, ‑мру, ‑мрэш, ‑мрэ; пр. памёр, памерла; зак.

1. Перастаць жыць. Некалькі разоў прыходзіла да хлопцаў [сястра], праведвала Сцяпана: яму станавілася ўсё горш і горш. Увечары ён памёр. Мележ. Маці і памерла, як жыла, ціха, непрыкметна. Ваданосаў. // за каго-што і без дап. Ісці на смерць у імя чаго‑н., загінуць, абараняючы што‑н. [Камандзір:] — Рана, Астап, ты выбраўся ў дальнюю дарогу... Рана... Слаўна ты жыў... Слаўна памёр за людзей нашых... Лынькоў. Заўсёды ў час пагранічнік бярэцца за зброю. Заўсёды гатовы перамагчы і заўсёды гатовы памерці. Брыль.

2. перан. Знікнуць, бясследна прапасці. Ён памёр. Расстралялі Якіма... Цёмны гай зашумеў галасней... Але справа магутнага КІМа Не памрэ, — будзе вечна квітнець!.. Трус.

3. перан. Разм. Пазбавіцца сіл, знемагчы ад якіх‑н. пачуццяў. [Данілка:] Яшчэ раз як здарыцца гэткая ночка з пажарам, то я зусім памру ад страху. Купала.

•••

Памерці пад нажом — памерці ў час хірургічнай аперацыі.

Хоць памры — абавязкова (зрабіць, выканаць што‑н.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

не́куды, прысл.

1. Кудысьці, невядома куды. Некуды ж вось ідзе гэтая вузкая лясная дарожка. Брыль. [Вісарыёна] моцна ўдарылі па галаве, схапілі за рукі, некуды пацягнулі. Самуйлёнак. Паравоз, пыхкаючы і набіраючы хуткасць, паімчаўся некуды ўдалячынь. Шчарбатаў.

2. Няма такога месца, куды б можна было адправіцца, змясціць каго‑, што‑н. Без вестак ад цябе — нам некуды ісці. Глебка.

•••

Далей (ехаць, ісці) некуды — горш таго, што ёсць, быць не можа.

Дзець некуды гл. дзець.

Некуды вачэй дзець гл. дзець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазба́віцца, ‑збаўлюся, ‑збавішся, ‑збавіцца; зак.

1. каго-чаго і ад каго-чаго. Збавіцца, вызваліцца ад каго‑, чаго‑н. Пазбавіцца недахопаў. Пазбавіцца ад няпрошанага госця. □ Джулія ўжо пазбавілася першай збянтэжанасці, зноў стала рухавай, рызыкоўнай і, здавалася, гатовай да ўсяго. Быкаў. Мяне цяпер пачало непакоіць і тое, як нам ўдасца пазбавіцца ад гэтага чалавека. Чыгрынаў.

2. чаго. Страціць што‑н., застацца без чаго‑н. Пазбавіцца самастойнасць. □ Пазбавіцца зямлі, бадзяцца па свету для.. [Лявона Зябліка] горш, чым смерць. Ярош.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)