арганізацыйна аформлены пастаянна дзеючы цэнтр па куплі-продажу валюты розных краін. Пакупнікі і прадаўцы на валютнай біржы — пераважна банкі, якія ажыццяўляюць здзелкі за свой кошт ці па даручэнні кліентаў. Заснавальнікам валютнай біржы могуць быць цэнтр. (нац.) банк краіны і камерцыйныя банкі, якія маюць ліцэнзію на вядзенне аперацый з валютай.
Зачаткі валютнай біржы з’явіліся ў 15—16 ст. у Італіі, дзе на аснове мануфактурнай вытв-сці ў Венецыі, Генуі і Фларэнцыі пашыраўся знешні гандаль. У бельгійскім г. Бруге вэксальны гандаль адбываўся на плошчы перад домам сям’і van der Burse, адкуль сходы купцоў на плошчы атрымалі назву Borsa (біржа). У 1608 створана Амстэрдамская біржа, якая і цяпер захавала характар універсальнай — фондавай, таварнай і валютнай. Сучасныя валютныя біржы — дзярж. ці акцыянерныя ўстановы, знаходзяцца пад кантролем дзяржавы. Мэты: рэгуляванне валютных курсаў (у т. л. і шляхам валютнай інтэрвенцыі), ажыццяўленне валютнай палітыкі цэнтр. (нац.) банкам краіны, дыверсіфікацыя валютных рэзерваў банкаў, прадпрыемстваў, дзяржавы, страхаванне валютнай і крэдытнай рызыкі, атрыманне прыбытку шляхам валютнай спекуляцыі. На валютнай біржы традыцыйна па некалькі разоў на працягу дзелавога дня фіксуюць валютныя курсы і публікуюць іх у афіцыйных біржавых бюлетэнях. Найб. вядомыя валютныя біржы — у ФРГ, Францыі, Японіі, краінах Бенілюкса. У Мінску з 1993 адкрыта Міжбанкаўская валютная біржа Беларусі. У цэлым значэнне валютнай біржы ў міжнар.гандлі валютай невялікае з-за пашырэння прамога міжбанкаўскага гандлю валютай праз валютныя рынкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЧАЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1743—44,
буйное антыфеад. выступленне сялян Крычаўскага староства (гл.Крычаўская воласць). Выклікана ўзмацненнем феад.-прыгоннага прыгнёту, жорсткай эксплуатацыяй сялян арандатарамі і адміністрацыяй староства. Доўгія гады сяляне вялі ўпартую барацьбу супраць самавольства адміністрацыі староства і арандатараў, адмаўляліся плаціць падаткі, адбываць паншчыну і інш. павіннасці, збівалі панскіх прыказчыкаў, уцякалі на Украіну. У канцы 1743 выбухнула ўзбр. паўстанне, якое ўзначалілі мясц. сяляне В.Вашчыла і яго паплечнікі І.Карпач, С.Бачко, В.Вецер і інш. Сяляне выступалі супраць шляхты, нападалі на дамы купцоў і ліхвяроў, разганялі адміністрацыю. Кіраўнік Крычаўскага староства Г.Ф.Радзівіл 15.1,1744 накіраваў супраць паўстанцаў войска на чале з палкоўнікам Пястжэцкім, якое размясцілася ў Крычаве. 18.1.1744 сяляне штурмавалі Крычаў сіламі да 2 тыс.чал., але былі разбіты добра ўзброеным войскам. Пацярпеўшы паражэнне, паўстанцы сабраліся каля в. Царкавішча, дзе папоўніліся новымі сіламі (да 4 тыс.чал.) і планавалі пачаць 26.1.1744 новую аблогу Крычава. Але ў ноч перад аблогай на іх лагер нечакана напалі атрады Пястжэцкага. У выніку забіта больш за 200 чал. і шмат паранена. У пач.лют. 1744 паўстанне канчаткова задушана; 76 чал. было пакарана смерцю; да розных мер пакарання былі прыгавораны ўсе актыўныя паўстанцы, якія трапілі ў палон. Радзівіл абмежаваўся асобнымі ўступкамі: замяніў прымусовыя работы на будах грашовым чыншам, зняў некат. абмежаванні ў сялянскім гандлі, аб’явіў пра намер не здаваць староства ў арэнду і інш.
Літ.:
Мялешка В.І., Лойка П.А. Паўстанне сялян пад кіраўніцтвам Вашчылы. Мн., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́БЕК (Lübeck),
горад на Пн Германіі, на р. Траве, каля ўпадзення яе ў Любекскую бухту Балтыйскага м., зямля Шлезвіг-Гольштэйн. 214 тыс.ж. (1994). Марскі і рачны порт на канале Эльба—Траве. Паромная сувязь з г. Ханка (Фінляндыя) і інш. Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: машынабудаванне, у т. л. цяжкае, суднабудаванне, чорная і каляровая (выплаўка медзі) металургія, дрэваапр., харчовая. Музеі: мастацтва і гісторыі культуры, св. Ганны (сярэдневяковае мастацтва), Дом Бена (мастацтва 19—20 ст.), Гольстэнтар (гісторыя горада). Арх. помнікі 12—18 ст. (раманска-гатычны кафедральны сабор, гатычныя цэрквы, ратуша, брама і інш.), многія з іх знішчаны ў 2-ю сусв. вайну, рэканструяваны; уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Засн. ў 1143 каля разбуранага ў 1138 слав. паселішча Любеч. У 1163 атрымаў гар. права, з 1226 імперскі горад. З 13 ст. зыходны пункт ням. каланізацыі ўзбярэжжа Балт.м., адыгрываў вядучую ролю ў паўн.-герм., паўн.-еўрап.гандлі і Ганзе. У 1530-я г. праведзена Рэфармацыя Пасля заняпаду Ганзы страціў ключавое эканам. становішча ў Балт. рэгіёне. У 1806—13 акупіраваны франц. войскамі. З 1815 вольны горад у складзе Герм. саюза, у 1867—70 — Паўн.-Герм. саюза, у 1871—1918 — Герм. імперыі. У 1937 уключаны ў прускую прав. Шлезвіг-Гольштэйн. Пасля 2-й сусв. вайны ў 1945—49 у брыт.акупац. зоне.
Літ.:
Никулина Т.С. Социально-политическая борьба в Ганзейском городе в XIV—XVI вв.: По материалам Любека. Куйбышев, 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫЯ РАЗЛІ́КІ,
разлікі паміж дзяржавамі, арг-цыямі, фірмамі і грамадзянамі, якія знаходзяцца на тэр. розных краін. Выкліканы развіццём міжнар. сувязей і разлікаў па знешнім гандлі, крэдытах і інвестыцыях, трансп. паслугах, турызме, а таксама па ўтрыманні дыпламат. прадстаўніцтваў за мяжой, камандзіроўках, паездках розных дэлегацый і г.д. Бываюць двухбаковыя (ажыццяўляюцца паміж дзвюма краінамі) і шматбаковыя (сродкі ад рэалізацыі тавараў і паслуг выкарыстоўваюцца на плацяжы трэцім краінам). У гэтай сувязі буйнейшыя банкі розных краін падтрымліваюць узаемныя карэспандэнцкія сувязі, адкрываюць адзін аднаму бягучыя рахункі, захоўваюць на іх грашовыя сродкі ў адпаведнай замежнай валюце і выконваюць на аснове ўзаемнасці плацежныя і інш. даручэнні, што дазваляе частку плацяжоў рабіць у форме безнаяўных разлікаў. У практыцы М.р. паняцце наяўных разлікаў больш шырокае і часцей выкарыстоўваецца ва ўнутр. тавараабароце, чым у міжбанкаўскіх разліках. У сферы М.р. часта ўзнікаюць праблемы ўстанаўлення і рэгулявання суадносін абмену нац. грашовай адзінкі з замежнай і незбалансаванасці разлікаў з замежнымі краінамі. Увесь комплекс адносін, што ўзнікаюць у працэсе М.р., выяўляецца ў плацежных балансах краін, а іх незбалансаванасць патрабуе механізма выраўноўвання. На эфектыўнасць М.р. істотна ўплывае кан’юнктура на знешнім і ўнутр. рынках, ступень развіцця міжнар.гасп. сувязей і нац. эканомікі, абарачальнасць валют, узровень валютнага курса і інш. фактары. Стабільная сістэма М.р. станоўча ўплывае на эканоміку краіны і міжнар.эканам. адносіны. Парушэнне сістэмы М.р. (напр., у перыяд крызісаў, эканам. і паліт. ускладненняў) стрымлівае развіццё знешняга гандлю, адмоўна адбіваецца на развіцці нац. эканомікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТЫ́,
горад, цэнтр Мастоўскага раёна Гродзенскай вобл., на р. Нёман пры ўпадзенні ў яе р. Зальвянка. За 60 км ад Гродна. Вузел чыгунак і аўтадарог на Гродна, Ліду, Ваўкавыск. 18,5 тыс.ж. (1998).
Упершыню ўпамінаюцца ў Літоўскай метрыцы пад 1486 як мястэчка, цэнтр воласці Гродзенскага пав. [ а думку некат. даследчыкаў (А.С.Себасцьян, М.Ф.Спірыдонаў), у дакуменце мелася на ўвазе сучасная в. Правыя Масты, а ўласна М. ўзніклі ў пач. 20 ст.]. Пасля 1589 валасны цэнтр Гродзенскай эканоміі. У 17 ст. мястэчка атрымала некат. прывілеі паводле магдэбургскага права; праводзіліся 2 кірмашы штогод, значнае месца ў гандлі займаў лес (аж да 20 ст.), які сплаўлялі па Нёмане. З 1795 у Рас. імперыі, мястэчка Гродзенскага пав. У 1897—2633 ж. Да 1907 злучаны чыгункамі з Гроднам, Лідай, Ваўкавыскам. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Гродзенскага пав. Беластоцкага ваяв., у 1927 засн. фанерны з-д Канапацкіх. З 1939 у БССР, з 1940 рабочы пасёлак, цэнтр Мастоўскага раёна. 25.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў М. і раёне 2681 чал. Вызвалены 13.7.1944 у ходзе Беластоцкай аперацыі 1944. З 1949 гар. пасёлак, з 1955 горад. У 1962—65 у Ваўкавыскім р-не. У 1970—11,6 тыс. ж.
Прадпрыемствы дрэваапр. (Мастоўскі фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат), лёгкай і харч. прам-сці. Мастоўскі музей «Лес і чалавек». Брацкія магілы: сав. воінаў; сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял Айч. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЕ ПРА́ВА,
сістэма норм звычаёвага і пісанага феад. права, якая дзейнічала на тэр.Полацкага княства, а пазней Полацкага ваяводства. Аб выключным становішчы Полацкай зямлі ў ВКЛ сведчаць палажэнні дагавора /388 паміж ВКЛ і Лівонскім ордэнам і дагавора Полацка і Рыгі 1478 аб дружбе і гандлі. Права палачан прымаць паслоў з Ноўгарада, Пскова, Лук і «Немец» і вырашаць на месцы ўсе спрэчныя пытанні было замацавана ў спец. грамаце, выдадзенай вял.кн. Аляксандрам у 1499. Важнейшымі крыніцамі П.п. да прыняцця Статута ВКЛ 1529 былі прывілей Полацку 1498 на магдэбургскае права, грамата 1499 аб намесніцкім і войтаўскім судзе, пацвярджальная грамата 1502 аб царкоўным судзе полацкага архіепіскапа і «Прывілей баярам, мяшчанам і ўсёй зямлі Полацкай на правы і вольнасці іх...» (гл. таксама Полацкія прывілеі). Найважнейшым элементам дзярж.-прававога жыцця палачан у канцы 15—1-й пал. 16 ст. было права вырашаць важнейшыя пытанні гар. жыцця на сходзе-сойме. Аўтаномнасць Полацкай зямлі была і ў тым, што полацкі ваявода прызначаўся толькі са згоды палачан. Паводле П.п. нават вял. князь не меў права судзіць палачан па-за межамі Полацкай зямлі, а таксама перадаваць яе ў чыё-небудзь уладанне. Абмежаванымі былі правы цэнтр. ўрада ў царк. і маёмасных справах палачан і паўнамоцтвы полацкага ваяводы. Палачанам гарантаваліся і асобныя прывілеі: яны вызваляліся ад гандлёвых пошлін на тэр. ўсёй дзяржавы і ад некаторых падаткаў, ім гарантавалася права вольнага распараджэння маёнткамі. Рашэнні і прыгаворы, вынесеныя ў Полацкай зямлі, не пераглядаліся ў вышэйшых судах дзяржавы. Нормы П.п. былі выкарыстаны пры падрыхтоўцы Статутаў ВКЛ 1529, 1566 і 1588.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНЫ КУРС,
цана грашовай адзінкі (валюты) адной краіны, выражаная ў грашовых адзінках інш. краін ці міжнар. валютных адзінках (СДР, ЭКЮ). Фактычна гэта прапорцыя абмену валют ці каэфіцыент пераліку адной валюты ў другую. Валютны курс неабходны для ўзаемнага абмену валютамі пры гандлі таварамі, паслугамі і руху капіталаў, параўнання цэн на сусв. і нац. рынках, вартасных паказчыкаў развіцця краін, пераацэнкі рахункаў у замежнай валюце. Адрозніваюць валютны курс: фіксаваны, плаваючы і зменлівы. Пры фіксаваным валютным курсе афіцыйна ўстанаўліваюцца суадносіны нац. валют на аснове валютнага парытэту; гэта характэрна для краін — членаў Міжнароднага валютнага фонду (МВФ), якія ўстанавілі залатую вартасць сваёй нац. валюты, яе парытэт адносна долара ЗША і не дапускалі ваганняў ад яго больш як на 1%. Аднак большасць краін — членаў МВФ вымушаны былі дэвальвіраваць свае валюты, і валютны курс фактычна вагаўся пад уплывам попыту і прапановы (зменлівы валютны курс). У 1973 уведзены плаваючы валютны курс, які прадугледжвае свабоду выбару рэжыму валютнага курсу пры ўвязцы яго змен з дынамікай курсу валют інш. краін ці валютнага кошыка. Напр., краіны — члены Еўрапейскай валютнай сістэмы ў рамках рэжыму плаваючага курсу практыкуюць узгадненне адносных ваганняў валютнага курса. Для афіц. ўстанаўлення курсу замежных валют нац. ці буйныя камерцыйныя банкі краіны праводзяць каціроўку: курс грашовай адзінкі замежнай валюты выражаюць у пэўнай колькасці нац. валюты (прамая каціроўка, прынятая ўсімі краінамі); толькі ў Вялікабрытаніі існуе адваротная валютная каціроўка: за адзінку прыняты фунт стэрлінгаў, які выражаецца ў пэўнай колькасці замежнай валюты. Механізм фарміравання і вагання валютнага курса істотна залежыць ад ступені эканам. развіцця, дзелавой актыўнасці і прынцыпаў валютнай сістэмы краіны. Для стабілізацыі курсу нац. валюты дзяржава прымае адпаведныя загады, у т. л. і валютную інтэрвенцыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́СЬМЫ З’ЕЗД КП(б)Б, XIII канферэнцыя КП(б)Б. Адбыўся ў Мінску 12—14.5.1924; 198 дэлегатаў з рашаючым і 83 з дарадчым голасам ад 13 975 чл. і канд. у чл. партыі.
Парадак дня: даклад аб рабоце ЦКК РКП(б) (І.І.Шварц); справаздачы Часовага Бел. Бюро ЦК РКП(б) (А.М.Асаткін-Уладзімірскі). Часовай Кантрольнай камісіі (Р.М.Вендэ); аб унутр.гандлі і кааперацыі (А.Р.Чарвякоў); аб рабоце ў вёсцы (В.У.Дзякаў); аб рабоце сярод моладзі (М.С.Арэхва); парт.-арганізац. пытанне (В.А.Багуцкі); выбары кіруючых органаў партыі.
З’езд ухваліў дзейнасць ЦКК РКП(б), узбуйненне БССР і работу Белбюро па «стварэнні адзінага арганізма Кампартыі Беларусі»; звярнуў увагу на тое, што пры 70% бел. насельніцтва ў апараце кіраўніцтва БССР непрапарцыянальна вял. колькасць прадстаўнікоў інш. нацыянальнасцей; у ЦВК і СНКБССР беларусаў 35,5%, у калегіях наркаматаў — 22%. З’езд паставіў задачы: павялічыць пралет. праслойку ў партыі, дабіцца стварэння ячэек на ўсіх прамысл. прадпрыемствах, прымаць у партыю лепшых прадстаўнікоў бяднейшага сялянства і вясковай інтэлігенцыі; падкрэсліў неабходнасць росту дзярж. і каап. гандлю, авалодання рынкам, выцяснення з гандлю прыватніка. Вызначыў мерапрыемствы па выцяснення капіталіст. элементаў у вёсцы, але адзначыў, што 70% сялян складаюць сераднякі. Галоўным у рабоце парт. арг-цый на вёсцы з’езд лічыў каапераванне шырокіх сял. мас. Ён засяродзіў увагу на неабходнасці вывучэння ленінізму, паляпшэння кіраўніцтва камсамолам. На з’ездзе гучала думка пра сусв. рэвалюцыю, якую можна паскорыць сваімі поспехамі. Замест Часовага Бел. Бюро ЦК РКП(б) і Часовай Кантрольнай камісіі выбраны ЦККП(б)Б у складзе 25 чл. і 7 канд., ЦКК — 16, Цэнтр.рэвіз. камісія з 5 чл.
Кр.: XIII конференция Коммунистической партии (больш.) Белоруссии: Стеногр. отчет. Мн., 1924.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСПА́НСКАЯ СПА́ДЧЫНАвайна за Іспанскую спадчыну 1701—14,
вайна за права наследавання ісп. трона пасля згасання ў 1700 ісп. лініі Габсбургаў. Паводле завяшчання апошняга ісп. Габсбурга Карла II ісп. трон павінен быў заняць Філіп V Бурбон (унук франц. караля Людовіка XIV), жанаты з сястрой Карла II. Свае прэтэнзіі на ісп. трон прад’явілі таксама аўстр. Габсбургі, вылучыўшы прэтэндэнтам эрцгерцага Карла (будучы імператар Карл V). Аўстрыю падтрымалі Англія, Галандыя, Партугалія, Савоя і большасць герм. княстваў. Ваен. дзеянні вяліся адначасова ў Ісп. Нідэрландах, Іспаніі, Італіі, Зах. Германіі і на морах; у Іспаніі, дзе супраць панавання Філіпа V выступіла Каталонія, яны набылі характар грамадз. вайны. Англа-галандскія войскі ўзначальваў герцаг Мальбара, імперскія войскі — Яўгеній Савойскі. Франц. войскі (на чале маршалы Л.Вілар, Н.Каціна, Л.Вандом) пацярпелі шэраг паражэнняў пры Гохштэце (1704), Раміі і Турыне (1706), Аўдэнардэ (1708); англ. флот захапіў Гібралтар (1704), в-аў Менорка (1708). Эрцгерцаг Карл высадзіўся ў Іспаніі, абвясціў сябе ісп. каралём і захапіў Каталонію і Арагон. У 1709 франц. войскі разгромлены каля Мальплаке. Уступленне на імператарскі прастол Карла V (1711) прывяло да выхаду з кааліцыі Англіі і Галандыі, якія апасаліся аб’яднання ісп. і аўстр. уладанняў і ўзнікнення ў Еўропе магутнай імперыі Габсбургаў. Паводле Утрэхцкага міру 1713 і Раштацкага міру 1714 ва ўладанні Філіпа V засталася Іспанія з калоніямі пры ўмове яго адмовы ад правоў на франц. прастол. Аўстр. Габсбургі атрымалі паўд. Нідэрланды, Сардзінію, Міланскае герцагства і Неапалітанскае каралеўства, Савоя — Сіцылію, Вялікабрытанія — Гібралтар, Менорку, прывілеі ў гандлі з ісп. калоніямі і частку франц. уладанняў у Паўн. Амерыцы. Вайна пацвердзіла рост магутнасці Вялікабрытаніі на морах і ў каланіяльным саперніцтве, прыпыніла тэр. экспансію Францыі ў Еўропе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭГРА́ЦЫЯ ЭКАНАМІ́ЧНАЯ,
працэс узаемнага прыстасавання, гасп. і паліт. аб’яднання нац. гаспадарак дзвюх і больш краін для ажыццяўлення міждзярж. эканам. палітыкі. Засн. на глыбокіх устойлівых інтэрнац. узаемасувязях і міжнар.падзеле працы, узаемадзеянні эканомік на розных узроўнях і ў разнастайных формах. На мікраўзроўні ажыццяўляецца шляхам узаемадзеяння прадпрыемстваў і фірмаў розных краін на аснове фарміравання эканам. адносін паміж імі, у т. л. стварэнне філіялаў за мяжой; на міждзярж. узроўні — эканам. аб’яднанняў накшталт транснац. карпарацый (ТНК) і інш.гасп. комплексаў. Развіццё інтэграцыйных сувязей выклікае неабходнасць міждзярж. або наддзярж. рэгулявання, накіраванага на ўзгадненне сумеснай эканам., навук.-тэхн., сац., валютна-фін. і інш. палітыкі, свабоднага перамяшчэння прадукцыі (тавараў, паслуг), капіталу і прац. рэсурсаў паміж краінамі. У выніку могуць стварацца гасп. комплексы з адзінай валютай, фін. фондамі, інфраструктурай, агульнай эканам. стратэгіяй і агульнымі органамі кіравання. І.э. можа быць у форме зоны свабоднага гандлю (адмяняюцца гандл. абмежаванні паміж краінамі-ўдзельніцамі) або мытнага саюзу, які можа быць дапоўнены плацежным саюзам (узаемная канверсаванасць валют і функцыянаванне адзінай разліковай грашовай адзінкі). Больш складанымі формамі І.э. з’яўляюцца агульны рынак (гл.Еўрапейскае эканамічнае супольніцтва), эканам. і валютны саюз, які ўключае ўсе інш. формы інтэграцыі і мае агульную эканам. і валютна-фін. палітыку.
Фарміраванне інтэграцыйных працэсаў ажыццяўляецца на аснове ўзаемных пагадненняў, што маюць прававую базу. Сярод іх вылучаюцца: Еўрап. саюз, Паўн.-Амер. пагадненне аб свабодным гандлі (ЗША, Канада, Мексіка), Азіяцка-Ціхаакіянская эканам. садружнасць (яе членамі з’яўляюцца 18 краін, у т. л. Аўстралія, Канада, Кітай і інш.), Садружнасць Незалежных Дзяржаў (СНД). Рэспубліка Беларусь праводзіць шматвектарную знешнюю палітыку, але гал. ўвагу аддае інтэграцыйным сувязям з краінамі СНД. У адпаведнасці са Статутам Саюза Беларусі і Расіі найважнейшай задачай у эканам. сферы з’яўляецца стварэнне ўмоў для свабоднай эканам. інтэграцыі гасп. суб’ектаў, дасягненне вышэйшага ўзроўню І.э. дзвюх краін.