ЗАПА́ЛКІ,

драўляныя палачкі (саломка) з галоўкамі з запальнай масы, якія выкарыстоўваюцца для здабывання агню. Па прызначэнні адрозніваюць запалкі бытавыя, падарункавыя і спецыяльныя. Бытавыя і падарункавыя падзяляюцца на бяспечныя (загараюцца ад спец. намазкі) і сесквісульфідныя (загараюцца ад любой паверхні, не вырабляюцца з прычыны самаўзгаральнасці). Спецыяльныя падзяляюцца на сігнальныя (рознакаляровае полымя), паляўнічыя, ветравыя, тэрмічныя, водаўстойлівыя, фатаграфічныя (замяняюць магній пры фатаграфаванні).

Асн. сыравіна для запалак — драўніна асіны, вольхі і інш. На галоўкі запалак ідуць (запальная маса): берталетава соль — 53%, шкло молатае — 13,3, клей касцявы — 12, сурык жалезны — 7, сера — 5,5, бялілы цынкавыя — 6, піралюзіт — 1,5, хромпік каліевы — 1,4, гумітрагант — 0,3%. Матэрыялы для намазкі карабка (фосфарная маса): фосфар чырвоны — 42%, антыманіт — 30, дэкстрын — 5, піралюзіт — 2, шкло молатае — 2, мел — 3%. Гл. таксама Запалкавая вытворчасць.

т. 6, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́ТНАЯ ГАЛО́ЎКА,

вузел у апаратуры для магнітнага запісу, узнаўлення і сцірання інфармацыі на магнітных носьбітах. Форма і канструкцыя М.г. залежаць ад прызначэння адпаведнай апаратуры. Выкарыстоўваецца ў прыладах гука- і відэазапісу, выліч. і вымяральнай тэхніцы, аўтаматыцы і інш.

Найб. пашыраныя індукцыйныя М.г., што маюць магнітаправод (асяродак) для канцэнтрацыі магн. патоку і абмотку (адну ці некалькі), на якую падаюцца (пры запісе ці сціранні) або з якой здымаюцца (пры ўзнаўленні) эл. сігналы інфармацыі. Асяродак вырабляецца з магнітамяккіх матэрыялаў і мае рабочы зазор (прамежак, запоўнены, напр., фольгай з берыліевай бронзы), які забяспечвае магн. сувязь з носьбітам інфармацыі.

Схема магнітнай галоўкі для кантактнага запісу: 1 — абмотка; 2 — магнітаправод; 3 — рабочы зазор; 4 — магнітны (рабочы) слой носьбіта; 5 — аснова носьбіта; 6 — поле рассеяння зазору.

т. 9, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАБІЁЗА (Scabiosa),

род кветкавых раслін сям. варсянкавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Афрыцы, пераважна ў Міжземнамор’і. На Беларусі 2 віды С.: галубіная (S. columbaria), занесеная ў Чырв. кнігу, трапляецца на парослых хмызняком пераўвільготненых лугавінах у далінах рэк, на вільготных узлесках, ускрайках балот, і жоўтая (S. ochroleuca), нар. назвы каўтуннік, папы, стараснік, расце на пясчанай глебе ў хваёвых лясах, уздоўж дарог. Характэрна для Пд рэспублікі. Інтрадукаваны С. каўказская (S. caucasica) і цёмна-пурпурная (S. atropurpurea).

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. 20—80 см. Сцёблы прамастойныя, галінастыя, апушаныя. Лісце супраціўнае, суцэльнае або рассечанае. Кветкі ў верхавінкавых суквеццях, якія ўтвараюць густыя галоўкі накшталт кошыкаў складанакветных. Плод — арэх. Фарбавальныя, меданосныя, дэкар. расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

Скабіёза галубіная.

т. 14, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пры́шва 1 ’драўляны вал у ткацкім станку, на які навіваюць ніткі асновы або вытканае палатно’ (Касп.; Інстр. 2), ’пярэдні навой’ (рас., Шатал.), ’папярочная перакладзіна ў кроснах’ (лудз., Сл. ПЗБ), ’частка кроснаў’ (Дабрав., Кросны), прышва ’сувой’ (Мат. Гом.). Рус. пришва ’пярэдні вал у ткацкім станку для ўмацавання нітак асновы і намотвання вытканага палатна’, ’абрэзак палатна, да якога прымацоўваюцца ніткі асновы’. Як сведчыць апошняе, прышва ад прышыць, тут у значэнні ’далучыць, прымацаваць’. Гл. прышыцца.

Пры́шва 2, мн. л. пры́швы, пры́шву ’пярэдняя частка ботаў, якая пакрывае пальцы і пярэднюю частку ступні; галоўкі’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Касп., Мат. Гом., ТС; ашм., Стан.), прышы́ва ’тс’ (Мат. Гом.), пры́швы ’новыя перады, галоўкі, прышытыя да старых халяў’ (Растарг., Інстр. 1), сюды ж з падобнай матывацыяй ’частка, прышытая да асноўнай’ — пры́шва ’частка (рыбалоўнай) сеткі; крыло ў жаку’ (петрык., нараўл., З нар. сл.; Маш.). Рус. при́швы ’новыя галоўкі, прышытыя да старых халяў; боты з новымі галоўкамі, прышвамі’, дыял. ’сеткавае палатно, дадаткова прышытае да крылаў невада’, укр. при́шви ’галоўкі ў ботах’, при́шивка, при́шовка ’кожны з кавалкаў сеткі, з якіх яна пасшываная’, польск. przyszwa ’саюзка’. Гл. прышва 1, а таксама Банькоўскі, 2, 952.

Пры́шва 3, прышвы, прішва, прішвы ’паплёт (у страсе паверх саломы)’; ’жэрдка ў паплёце’ (Касп., Бяльк., паст., Сл. ПЗБ; ТС; полац., слаўг., чэрык., ЛА, 4), пры́швіна ’паплеціна, прывязка’ (ТС), прышыўка ’жэрдка, мацаванне крокваў’ (Мат. Гом.), прышывала ’жэрдка ў паплёце’ (паст., глыб., Сл. ПЗБ), прышывала, прышывалі ’паплёт (у страсе паверх саломы)’ (паст., шарк., глыб., ЛА, 4). Рус. смал. пришва ’жэрдка, каб прыціснуць салому на возе7. Да прышываць ’прымацоўваць, прывязваць’, гл. прышыцца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

рыжэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.

1. Станавіцца рыжым, рыжэйшым. Валасы рыжэюць. □ Лён ужо даўно адцвіў, зялёныя буйныя галоўкі пачыналі рыжэць, перашэптваліся на ветры. Гурскі. Заставалася яшчэ з паўгадзіны часу да заходу сонца, а сена было ўжо ўсё згрэбена і зложана ў копы, каб не рыжэла ад расы. Колас.

2. Вылучацца сваім рыжым колерам, віднецца (пра што‑н. рыжае). На высокіх узгорках рыжэла ржышча. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АБРАЗІ́ЎНЫ ІНСТРУМЕ́НТ,

інструмент, рэзальнымі элементамі якога з’яўляюцца часцінкі (зярняты) абразіўных матэрыялаў. Адрозніваюць абразіўны інструмент са звязаным абразівам (шліфавальныя кругі, брускі, сегменты, галоўкі), на эластычнай аснове (шліфавальная шкурка, стужка) і ў выглядзе свабоднага абразіву (парашок, паста, суспензія, зярняты).

Для звязвання (сцэментоўвання) абразіўных зярнят карыстаюцца керамічнай, бакелітавай, метал., вулканітавай звязкамі. Па цвёрдасці абразіўны інструмент падзяляюць на мяккі, сярэднямяккі, сярэдняцвёрды, цвёрды, вельмі цвёрды і звышцвёрды. Звычайна эксплуатуюць з кругавой скорасцю да 30 м/с, а ўмацаваны абразіўны інструмент (напр., кругі з электракарунду і карбіду крэмнію, арміраваныя тканінай, шкляной сеткай, метал. кольцамі) — да 100 м/с. Выкарыстоўваюць для абразіўнай апрацоўкі металаў.

Абразіўны інструмент: 1 — плоскі шліфавальны круг прамога профілю; 2 — круг канічнага профілю; 3 — шліфавальны круг-дыск; 4 — чашка цыліндрычная; 5 — галоўка шліфавальная цыліндрычная; 6 — галоўка шаравая; 7 — брусок шліфавальны; 8 — сегмент трапецападобны; 9 — брусок для ханінгавання.

т. 1, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАЯ КАПЛІ́ЦА,

помнік архітэктуры псеўдарускага стылю. Пабудавана ў 1870—89 у Гомелі паводле праекта арх. Я.​Чарвінскага. Дэкар. работы выкананы мясц. майстрамі пад кіраўніцтвам мастака С.​Садзікава. Рэстаўрыравана ў 1971—75. Размешчана ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі. Квадратнае ў плане мураванае збудаванне (пл. каля 30 м²) накрытае высокім 8-гранным шатром з люкарнамі і цыбулепадобнай галоўкай (агульная выш. 18 м). Падобныя галоўкі завяршаюць вуглы асн. аб’ёму. Фасады абліцаваны светлай цэглай, аздоблены керамічнымі дэталямі і каляровай маёлікай. На паўд. фасадзе ўваход з лесвіцай і арачным парталам. Побач з капліцай уваход у фамільную пахавальню Паскевічаў. Пахавальня складаецца з надземнай часткі (невял. мураваная пабудова, увянчаная маленькім барабанам з галоўкай), якая звязана лесвіцай са склепам — падземнай часткай (даўж. 28 м). Сцены склепа абліцаваны колатым каменем, пакрытым палівай, каля іх — мемар. пліты, на тарцовай — мазаічнае пано.

В.​М.​Чарнатаў.

Гомельская капліца.

т. 5, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАКІ́ЛЬ (франц. coquille літар. ракавіна, шкарлупіна),

металічная ліцейная форма для атрымання адлівак з каляровых сплаваў, чыгуну, сталі. Складаецца з двух і болей частак з гнёздамі (утвараюць вонкавую паверхню адліўкі) і літніковай сістэмы (каналаў для запаўнення рабочай поласці).

К. бываюць: плоскія і цыліндрычныя; суцэльныя (нераздымныя) і састаўныя (раздымныя); з паветр, вадкасным і камбінаваным ахаладжэннем. Устойлівасць да 10 тыс. залівак (павышаецца ахоўнымі пакрыццямі). Выкарыстоўваецца ў серыйнай і масавай вытв-сці. Ліццём у К. атрымліваюць адліўкі масай да некалькіх тон: простыя па форме (балванкі, утулкі, пліты), складаныя (картэры, галоўкі блокаў рухавікоў) і з асаблівымі ўласцівасцямі (з павышанай герметычнасцю, зносаўстойлівасцю і інш.).

Літ.:

Специальные способы литья: Справ. М., 1991.

Л.​Р.​Дудзецкая.

Какіль з раздымам у вертыкальнай плоскасці: 1 — палавіны какіля; 2 — гняздо (рабочая поласць); 3 — выпар (для выхаду газаў); 4 — літнік для запаўнення формы вадкім металам пад ціскам.

т. 7, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПА́ЛКАВАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

галіна дрэваапрацоўчай прамысловасці, якая вырабляе запалкі. Адна з найб. механізаваных і аўтаматызаваных галін дрэваапр. прам-сці. Уключае апрацоўку драўніны (распілоўванне бярвення на цуркі і лушчэнне іх), выраб (са шпоны) і апрацоўку (парафінам) запалкавай саломкі, стварэнне запалкавай галоўкі, выраб запалкавых карабкоў (са шпоны або кардону), упакоўку запалак (па 50—60 шт. у 1 карабок), па 1000 карабкоў у скрынку. Вырабляецца паточным метадам.

Выраб запалак пачаўся ў многіх краінах у 1830-я г. Першая запалкавая ф-ка ў Расіі пабудавана ў Пецярбургу (1837). На Беларусі выраб запалак пачалі ў 2-й пал. 19 ст. У 1880 было 14 паўсаматужных ф-к. Выраблялі небяспечныя запалкі з прымессю белага фосфару (бяспечныя распрацаваны ў Швейцарыі ў 1855). У 2-й пал. 1920-х г. запалкі выраблялі ў гарадах Барысаў, Гомель, Рэчыца, Пінск. У Вял. Айч. вайну ф-кі разбураны. Пасля вайны працуюць Барысаўская і Пінская запалкавыя ф-кі, Гомельскі фанерна-запалкавы камбінат. Выпуск запалак складае 2029,1 тыс. умоўных скрынак (1996).

т. 6, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНІТА́РНАЯ ТЭ́ХНІКА, сантэхніка,

галіна тэхнікі, якая займаецца добраўпарадкаваннем побыту, умоў прац. дзейнасці і адпачынку насельніцтва, адпаведных патрабаванням санітарыі. У больш вузкім сэнсе — сукупнасць тэхн. сродкаў, якія забяспечваюць функцыянаванне сістэм водазабеспячэння, каналізацыі, ацяплення, цеплазабеспячэння, газазабеспячэння, вентыляцыі, кандыцыяніравання паветра, ачысткі сцёкавых водаў у жылых, грамадскіх, прамысл. будынках, збудаваннях, на тэр. нас. пунктаў і прадпрыемстваў.

У С.т. шырока выкарыстоўваюцца разнастайныя санітарныя прылады: гігіенічныя (умывальнікі, ванны, унітазы і інш.), гаспадарчыя (кухонныя ракавіны, мыйкі), прылады лазняў, дзіцячых і мед. устаноў, вытв. памяшканняў, трансп. сродкаў, лабараторый і інш. Робяцца керамічныя (з фаянсу, паўфарфору), пластмасавыя, стальныя, эмаліраваныя і інш.; аснашчаюцца водазаборнай і змешвальнай сантэхнічнай арматурай, кранамі і вадзянымі засаўкамі. Далучаюцца да ўнутр. (дамавых) сетак водаправода і каналізацыі.

Прыстасаванні санітарнай тэхнікі: а — водазаборны кран (1 — клапан, 2 — галоўка, 3 — затычка сальніка, 4 — шток, 5 — зліў); б — вентыльная галоўка (1 — шток, 2 — сальнікавая ўтулка, 3 — сальнікавая набіўка, 4 — корпус галоўкі, 5 — клапан з пракладкай); в — разнавіднасці клапанаў з пракладкамі (1 — пракладка, 2 — клапан).

т. 14, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)