буйнейшы муз. тэатр Венгрыі ў Будапешце. Засн. ў 1837 у Пешце (з 1840 Нац.т-р). Ставіў оперныя і драм. спектаклі. У 1884 аркестр і оперная трупа вылучаны ў самаст.т-р (Каралеўскі оперны т-р, цяпер Венгерскі оперны т-р), які перайшоў у новы будынак (пабудаваны ў стылі рэнесансу, упрыгожаны фрэскамі і скульпт. творамі; глядзельная зала на 1398 месцаў). У рэпертуары т-равенг.нац. оперы і балеты, творы замежнай, у т. л.рус., класікі. Філіял — Т-р імя Ф.Эркеля (з 1951). Сярод кіраўнікоў і дырыжораў т-ра Ф.Эркель, Г.Малер, А.Нікіш, О.Клемперэр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ШЧАЎСКАЯ КРЫЖАЎЗВІ́ЖАНСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1838 у в. Гошчава (Івацэвіцкі р-н Брэсцкай вобл.). Трохзрубная пабудова з квадратным у плане асн. аб’ёмам, 3-граннай алтарнай апсідай і бабінцам з тамбурам, якія накрыты агульным 2-схільным дахам. Прысадзісты аб’ём будынка ўзбагачаюць васьмерыковая вежа-званіца, накрытая шатром, 2 чацверыковыя вежачкі над бабінцам і купал на 8-гранным барабане над асн. зрубам. Гал. ўваход вылучаны порцікам на 2 падвойных фігурных калонах. Сцены ашаляваны, вокны прамавугольныя і паўцыркульныя з разнымі ліштвамі. У інтэр’еры над уваходам хоры, іканастас аздоблены разьбой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАГА ДУХО́ЎНАГА ВУЧЫ́ЛІШЧА БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры класіцызму. Пабудаваны ў 1799—1819 у Гомелі як летні дом М.П.Румянцава (арх. Дж.Кларк). З 1880 у будынку размяшчалася духоўная семінарыя. Складаўся з трох аб’ёмаў, пастаўленых на адной лініі: 2-павярховы драўляны корпус і злучаныя з ім галерэі 2-павярховых флігеляў. У 2-й пал. 19 ст. перабудаваны. Мураваны 2-павярховы П-падобны ў плане будынак. Цэнтр гал. прамавугольнага ў плане аб’ёму вылучаны магутнымі рызалітамі на гал. і дваровых фасадах. Гал. фасад дэкарыраваны сандрыкамі, лепкай і інш. Дваровыя фасады карпусоў апрацаваны рустам, завершаны карнізам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЙ МУЖЧЫ́НСКАЙ ГІМНА́ЗІІ БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры гістарызму. Арх. стылістыка будынка арыентавана на рус. класіцызм. Закладзены ў 1897 на ўшанаванне памяці рас. імператара Аляксандра III, пабудаваны ў 1898 (арх. С.Шабунеўскі). Мураваны 2-павярховы П-падобны ў плане будынак. Буйныя чляненні гал. фасада і бакавых рызалітаў (больш высокія памяшканні на 2-м паверсе) надаюць будынку манументальнасць. Парадны ўваход гал. фасада вылучаны порцікам з элементамі карынфскага і дарычнага ордэраў і завершаны трохвугольным франтонам. У гады Вял.Айч. вайны часткова разбураны. Пры рэканструкцыі ў бакавых крылах надбудаваны 3-і паверх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕНКАЎСКІ АНТО́НІЕЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неаготыкі. Пабудаваны ў 1908 у в. Каменка Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.Асн. прамавугольны ў плане аб’ём накрыты двухсхільным дахам. Цэнтр. неф пераходзіць у 5-гранную апсіду з самаст. дахам, па баках якой невял. гранёныя сакрысціі. На гал. фасадзе двух’ярусная чацверыковая вежа, завершаная стромкім шатром з люкарнамі. Верхні чацвярык вежы на ўсіх фасадах вылучаны высокімі патройнымі арачнымі вокнамі. Гал. ўваход аформлены парталам, над якім акно-ружа і ніша са скульптурай. Дзверы аздоблены маст. коўкай. Астатнія фасады рытмічна расчлянёны ступеньчатымі контрфорсамі і стральчатымі аконнымі праёмамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́САЎСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неаготыкі. Пабудаваны ў 1878 у г. Косава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. на сродкі В.Пуслоўскага і парафіян. Складаецца з аднанефавага прамавугольнага ў плане асн. аб’ёму і больш нізкай 5-граннай алтарнай апсіды з 2 сакрысціямі. Асн. аб’ём завершаны вежай званіцы з высокім шатровым дахам. Гал. (паўд.-зах.) фасад аздоблены плоскімі нішамі розных форм і акном-ружай у складаным прафіляваным стральчатым абрамленні. Партал увахода вылучаны вімпергам. У архіве касцёла захоўвалася метрыка хрышчэння Т.Касцюшкі, які нарадзіўся ў фальварку Мерачоўшчына каля Косава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАГА ДВАРА́НСКАГА СХО́ДУ БУДЫ́НАК,
помнік грамадз. архітэктуры 2-й пал. 19 ст. ў Магілёве. Пабудаваны з элементамі стылю мадэрн. Напачатку існавалі 2 мураваныя будынкі: 3-павярховы і 2-павярховы, якія пазней аб’яднаны ў адзін Г-падобны корпус, да 2-павярховага будынка дабудаваны 3-і паверх. Гал. фасад вылучаны 2 рызалітамі, дзе размешчаны ўваходы. 1-ы паверх дэкарыраваны глыбокім рустам, члянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. 2-і і 3-і паверхі ўпрыгожаны пілястрамі, паўкалонкамі, дэкар. ўстаўкамі з ляпным арнаментам. Аконныя праёмы 2 верхніх паверхаў лучковыя, у рызалітах балконы з металічнай агароджай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ ЧЫГУ́НАЧНЫ ВАКЗА́Л,
помнік архітэктуры позняга класіцызму ў Магілёве. Пабудаваны ў 1902. Фарміруе Прывакзальную пл. з партэрам у цэнтры яе. Пасля Вял.Айч. вайны будынак рэканструяваны. Мураваны 1-павярховы прамавугольны ў плане будынак з 2 невял. прыбудовамі па тарцах. Гал. фасад вылучаны 3 рызалітамі (цэнтр. з гал. уваходам і 2 бакавыя), завершанымі атыкамі; ён прарэзаны вял. арачнымі аконнымі праёмамі (у прыбудовах — прамавугольныя), прасценкі паміж якімі дэкарыраваны руставанымі пілястрамі. Сцены завершаны прафіляваным карнізам з сухарыкамі. У цэнтры гал. фасада 8-гранны светлавы барабан з невысокай 4-граннай вежай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАКАТЭХІ́Н, 1,2-дыгідраксібензол,
двухатамны фенол, C6Н4(OH)2.
Бясколерныя крышталі, у паветры на святле хутка цямнеюць. t 105 °C, tкіп 240 “С. шчыльн. 1371 кг/м³ Добра раствараецца ў вадзе, ацэтоне, этаноле, дыэтылавым эфіры. П. і некаторыя яго вытворныя знойдзены ў раслінах; могуць быць вылучаны, напр., з драўніны і прыродных смол. Выкарыстоўваюць у вытв-сці фарбавальнікаў (алізарыну і гістазарыну), пахучых рэчываў (напр., гваяколу), як зыходнае рэчыва для сінтэзу адрэналіну, кампанент фарбавальніка для футра, праявіцель у фатаграфіі. Пыл і пара П. раздражняюць скуру і слізістыя абалонкі дыхальных шляхоў; ГДК у вадзе 0,1 мг/л.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУЖА́НСКІ САБО́Р АЛЯКСА́НДРА НЕ́ЎСКАГА,
помнік архітэктуры позняга класіцызму ў г. Пружаны Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1866. Прамавугольная ў плане мураваная 3-нефавая 8-слуповая базіліка з паўавальнай 3-яруснай апсідай, вырашанай у 2-м і 3-м ярусах як ратонда і завершанай купалам. Гал. фасад вылучаны яруснай вежай-званіцай (у ніжнім ярусе — тамбур з 2 памяшканнямі абапал яго і хоры). Сцены дэкарыраваны пілястрамі, шырокімі прафіляванымі антаблементамі. Аконныя праёмы арачныя і круглыя. Парталы гал. і бакавых уваходаў падкрэслены плоскімі несапраўднымі порцікамі з трохвугольнымі франтонамі. Другі ярус ратонды аздоблены нішамі.