род кветкавых раслін сям. драсёнавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Азіі (2 віды на Пд Еўропы). Трапляюцца па камяністых схілах. У культуры вырошчваюць пераважна Р. рапонцікавы, або чаранковы (R. rhaponticum), і хвалісты (R. undulatum).
Шматгадовыя травы з мясістым карэнішчам. Сцябло прамастойнае, полае, голае, выш. 50—250 см. Прыкаранёвае лісце буйное, сакаўное, доўгачаранковае, утварае разетку, сцябловае — чаргаванае, дробнае, яйцападобнае. Кветкі двухполыя, дробныя, жоўтыя, ружовыя, чырванаватыя ў коласападобным ці мяцёлчатым суквецці. Плод — трохгранны арэшак. Маладое лісце і чаранкі маюць у сабе вітамін С, да 2,5% цукру, каля 3,5% арган.к-т, мінер. солі. З іх гатуюць супы, кампоты, варэнне, мармелад, цукаты, сок, віно, начынку Для пірагоў, у рыбнай прам-сці выкарыстоўваюць як прыправу. Харч., лек., дубільныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯДКІ́ (Agrimonia),
род кветкавых раслін сям. ружавых. 10 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 3 дзікарослыя віды: Дз. аптэчныя, або звычайныя (A. eupatoria), валасістыя (A. pilosa) і высокія, або пахучыя (A. procera). Растуць у шыракалістых і шыракаліста-хваёвых лясах, на сухіх схілах, у хмызняках і інш. У Цэнтр бат. сад Нац.АН інтрадукаваны 2 віды, з якіх найб. перспектыўныя як лек. і фарбавальныя расліны Дз. азіяцкія (A. asiatica).
Шматгадовыя залозіста-апушаныя травяністыя расліны з высокімі прамастойнымі простымі ці галінастымі сцябламі і кароткімі карэнішчамі. Лісце чаргаванае, няпарнаперыстае. Кветкі дробныя, двухполыя, 5-членныя, жоўтыя, у доўгіх коласападобных гронках. Плод — 1—2-арэшак, укрыты кручкападобнымі шчацінкамі (адсюль бел. назва роду), з дапамогай якіх ён чапляецца да шэрсці жывёл і вопраткі людзей. Лек., эфіраалейныя, дубільныя, фарбавальныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́МАЗАЎ (Віктар Пятровіч) (23.6.1949, г. Гомель — 14.5.1986),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1976, клас П.Ладкавырава), у 1979—81 выкладаў у ёй. Асн. жанры творчасці: вак.-сімф. музыка і музыка для нар. аркестра. У аркестравым стылі спалучаў сучасную тэхніку інстр. пісьма і розныя прынцыпы нар. выканальніцтва. Яго музыцы ўласцівы апора на нац.муз. фальклор, тэатральнасць, яркая вобразнасць. Удала распрацоўваў тэму муз. гумару. Пісаў музыку для тэатра, кіно, тэлебачання. Сярод тв.: сімфонія (1979), «Паэма» (1976) для сімф.арк.; сюіта «Арэшак» (1980); раманс для сімф.арк. (1981); вак.-сімф. паэмы «Янка Купала» (1982), «Памяць» (1984), «Заслаўская легенда» (1985); кантата «Песня згоды» (1979) на вершы П.Макаля; нар. сцэны «Калядкі» (1976); сюіта-жарт «Вясковыя музыкі» (1980), сюіта «Батлейка» (1984) для нар.арк.; вак. цыкл на вершы М.Багдановіча і інш.Дзярж. прэмія Беларусі 1986 (пасмяротна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́ЧКА (Fagopyrum),
род адна-, радзей шматгадовых травяністых раслін сям. драсёнавых. 4—5 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 2 віды: грэчка пасяўная, ці ядомая (F. sagittatum, ці F. esculentum), — каштоўная крупяная культура, грэчка татарская (F. tataricum) — пустазелле.
Грэчка пасяўная — аднагадовая расліна выш. 40—120 см. Сцябло голае, злёгку рабрыстае, галінастае. Лісце трохвугольна-сэрцападобнае, бліскучае, зялёнае, іншы раз з антыцыянавай чырвона-бурай афарбоўкай. Кветкі двухполыя, белыя, ружовыя, зрэдку чырвоныя, сабраныя ў гронкі. Плод — трохгранны арэшак. Грэцкія крупы маюць 14—18% бялкоў, да 80% крухмалу, 3—3,5 % тлушчаў, цукры, мінер. солі, вітаміны. Добры меданос (да 100 кг мёду з 1 га пасеваў). Вегетац. перыяд 60—120 сутак. Раянаваныя сарты бел. селекцыі: Аніта беларуская, Іскра, Жняярка, Смуглянка, Чарнаплодная, Юбілейная 2.
Літ.:
Культурная флора СССР. Т. 3. Крупяные культуры. М., 1975;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПА (Tilia),
род кветкавых раслін сям. ліпавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 1 дзікарослы від — Л. драбналістая, або сэрцалістая (T. cordata), і каля 30 інтрадукаваных відаў і форм: Л. амерыканская (T. americana), лямцавая, або венгерская, ці серабрыстая (T. tomentosa), еўрапейская (T. europaea), крымская (T. euchlora) і інш. Расце ў шыракалістых, часам хвойна-лісцевых лясах, утварае ліпавыя лясы.
Лістападныя дрэвы з шырокай раскідзістай кронай выш. да 40 м. Жывуць 300—400 гадоў. Кара гладкая, на старых дрэвах патрэсканая. Лісце круглавата-яйцападобнае, чаранковае, зубчастае. Кветкі двухполыя, жаўтаватыя, духмяныя, у шчыткападобных пазушных суквеццях. Плод — арэшак, ядомы. Мяккая драўніна ідзе на выраб муз. інструментаў, фанеры, мэблі, тары. З лубу вырабляюць вяроўкі, рагожы. З насення атрымліваюць харч. алей (нагадвае міндальны або персікавы). Высушаныя кветкі (ліпавы цвет) патагонны і гарачкапаніжальны сродак. Ліпавы мёд (ліпіца) — адзін з лепшых. Лясныя, лесамеліярац., глебаахоўныя, глебапаляпшальныя, дэкар., лубяныя, меданосныя, перганосныя, лек. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРЫМО́НТ, Нарымунт,
Нарымант (у праваслаўі Глеб; каля 1294—2.2.1348),
князь у ВКЛ. Сын вял.кн.Гедзіміна. Служылы князь у Ноўгарадзе з 1333, дзе атрымаў «у кармленне» г. Ладагу, Арэшак, Карэлу, палову Капор’я. Каля 1335 з’ехаў з Ноўгарада, верагодна, каб заняць пасад у Полацкім княстве пасля смерці кн.Воіна. Каля 1338 разам з полацкім епіскапам Рыгорам падпісаў дагавор з Рыгай. Паводле завяшчання бацькі атрымаў Пінскае княства, якое заставалася за яго нашчадкамі да канца 14 ст. У час праўлення вял.кн. Яўнута [1341—45] Н. быў буйнейшым землеўладальнікам і, відаць, самым уплывовым князем у ВКЛ. Супраць яго і Яўнута ў 1345 выступілі браты Альгерд і Кейстут. Н. уцёк у Залатую Арду, каля 1346 вярнуўся, але страціў Полацкае княства. У 1347 удзельнічаў у паходзе супраць Тэўтонскага ордэна. Верагодна, узначальваў войска ВКЛ у бітве з крыжакамі на р. Стрэва, у якой і загінуў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАСЁН (Persicaria),
род кветкавых раслін сям. драсёнавых. Каля 150 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмерана цёплых і трапічных абласцях Паўн. паўшар’я, таксама ў Паўд. Амерыцы. На Беларусі 8 дзікарослых відаў: Д. земнаводны, або вадзяная грэчка (P. amphibia), перцавы, або вадзяны перац (P. hydropiper), раскідзісты (P. lapathifolia), ільняны (P. linicola), плямісты (P. maculata), малы (P. minor), мяккі (P. mitis), шурпаты (P. scabra). Растуць у вадзе, па берагах рэк і вадаёмаў, у сырых лясах як пустазелле. Як дэкар. расліну вырошчваюць Д. усходні (P. orientalis).
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным або ўзыходным, іншы раз апушчаным у ваду раўнамерна аблісцелым сцяблом. Лісце звычайна ланцэтнае, на кароткіх чаранках, з раструбам, у водных формаў — эліптычнае ці ланцэтна-яйцападобнае, голае і гладкае, на доўгіх чаранках. Кветкі ружовыя, ружова-белыя, белаватыя ці зеленаватыя, двухполыя, сабраныя ў верхавінкавыя гронкападобныя суквецці, размешчаны пучкамі ў похвах прыкветнікаў-раструбаў на кароткіх кветаножках. Плод — арэшак. Лек., кармавыя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГО́З, пухоўка (Typha),
род кветкавых раслін сям. рагозавых. Каля 15 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных паясах. На Беларусі 2 віды Р.: вузкалісты (T. angustifolia) і шыракалісты (T. latifolia), нар. назвы калавей, кіёўка. Утвараюць зараснікі па берагах вадаёмаў і ў балотах.
Шматгадовыя водныя ці балотныя травы з паўзучым карэнішчам. Тоўстыя неразгалінаваныя сцёблы выш. да 2 (3) м, цыбулінападобна патоўшчаныя пры аснове. Лісце вузка- ці шырокалінейнае, плоскае, суцэльнае. Кветкі дробныя, у шчыльных цыліндрычных суквеццях — катахах (уверсе — тычынкавыя, ніжэй — песцікавыя). Плод — дробны арэшак з лятучкай з доўгіх валаскоў. Сцёблы і лісце выкарыстоўваюцца як буд. матэрыял, для пляцення кошыкаў, цыновак. З багатых на крухмал карэнішчаў атрымліваюць муку, сурагат кавы, таксама гэта корм для андатры, нутрыі. бабра, маладыя парасткі паядаюцца карпам. Прыкветкавыя валаскі жан. «шышак» выкарыстоўваюць у вытв-сці цэлюлозы, кінаплёнкі, фетру (у сумесі з шэрсцю жывёл), у выратавальных паясах. Некат. Р. — пустазелле рысавых палёў. Найважнейшы кампанент плаўняў.