ПО́МАЗАЎ (Віктар Пятровіч) (23.6.1949, г. Гомель — 14.5.1986),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1976, клас П.Ладкавырава), у 1979—81 выкладаў у ёй. Асн. жанры творчасці: вак.-сімф. музыка і музыка для нар. аркестра. У аркестравым стылі спалучаў сучасную тэхніку інстр. пісьма і розныя прынцыпы нар. выканальніцтва. Яго музыцы ўласцівы апора на нац. муз. фальклор, тэатральнасць, яркая вобразнасць. Удала распрацоўваў тэму муз. гумару. Пісаў музыку для тэатра, кіно, тэлебачання. Сярод тв.: сімфонія (1979), «Паэма» (1976) для сімф. арк.; сюіта «Арэшак» (1980); раманс для сімф. арк. (1981); вак.-сімф. паэмы «Янка Купала» (1982), «Памяць» (1984), «Заслаўская легенда» (1985); кантата «Песня згоды» (1979) на вершы П.​Макаля; нар. сцэны «Калядкі» (1976); сюіта-жарт «Вясковыя музыкі» (1980), сюіта «Батлейка» (1984) для нар. арк.; вак. цыкл на вершы М.​Багдановіча і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1986 (пасмяротна).

І.​М.​Шмелькіна.

т. 12, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)