баявы надводны карабель, асн. ўдарная сіла якога — палубныя самалёты і верталёты. Упершыню выкарыстаны ў канцы 1-й сусв. вайны. У 2-ю сусв. вайну складалі аснову флоту ЗША, Вялікабрытаніі, Японіі і Францыі. Найб. развіццё атрымалі ў ЗША. Паводле водазмяшчэння і прызначэння адрозніваюць авіяносцы: лёгкія, цяжкія; мнагамэтавыя, процілодачныя, ударныя, эскортныя; звычайныя і атамныя. Водазмяшчэнне сучасных авіяносцаў 20—100 тыс.т, скорасць 18—35 вузлоў (33,3—64,8 км/гадз). Нясуць 25—100 самалётаў і верталётаў, якія пад’ёмнікамі падаюцца на палётную палубу і апускаюцца ў ангар, дзе абсталяваны месцы для рамонту і падрыхтоўкі іх да вылету. На палубе размешчаны катапульты (забяспечваюць узлёт з інтэрвалам 30 с), пасадачная паласа на вуглавой палётнай палубе з аэрафінішорам і аварыйным бар’ерам (нейлонавыя сеткі). Узлёт і пасадка забяспечваюцца спец. радыётэхн. і аптычнымі сістэмамі і індыкатарамі. Для самаабароны выкарыстоўваюцца зенітныя ракетныя і арт. комплексы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
чаўно́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да чаўнака. Чаўночны цыліндр. Чаўночная шпулька.// Забяспечаны, абсталяваны чаўнаком, чаўнакамі. Чаўночнае прыстасаванне.// Які вырабляе чаўнакі. Чаўночны цэх. Чаўночная брыгада.// Які мае форму чаўнака. Чаўночная кветка.// Які вырабляецца, робіцца пры дапамозе чаўнака. Чаўночнае шво.
•••
Чаўночная дыпламатыя — мнагакратныя паездкі дыпламатычнай асобы з мэтай пачарговых сустрэч з прадстаўнікамі бакоў, якія вядуць перагаворы.
Чаўночны маршрут — пра рэгулярны рух транспарту паміж двума пунктамі на кароткай дыстанцыі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
танк1, ‑а, м.
Баявая бронемашына на гусенічным хаду з вялікай праходнасцю, якая ўзброена пушкай і кулямётамі, устаноўленымі ў рухомай гарматнай вежы. Танк-амфібія. □ Грозныя танкі «Т–34» ішлі з завода проста ў бойку.Кулакоўскі.
[Англ. tank.]
танк2, ‑а, м.
Спецыяльна абсталяваны бак, цыстэрна для захоўвання і транспарціроўкі вадкасцей. Танк для захоўвання малака.
•••
Танк-паравоз — паравоз, у якога запасы вады і паліва знаходзяцца не ў тэндэры, а ў баках на самой машыне.
[Англ. tank.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ДАІ́ЛЬНАЯ ЎСТАНО́ЎКА,
комплекс машын, апаратаў і абсталявання для мех.даення кароў і першаснай апрацоўкі малака. Складаюць паточную паўаўтам. лінію, на якой робяцца пераддаільная падрыхтоўка жывёл, выдойванне малака даільнымі апаратамі, яго транспартаванне, ачыстка, ахаладжэнне і забор у ёмістасць.
Д.ў. дояць кароў у стойлах кароўнікаў (пераноснымі і перасоўнымі даільнымі апаратамі са зборам малака ў ёмістасці ці ў малакаправоды) або ў даільных залах (абсталяваны індывідуальнымі і групавымі станкамі, размешчанымі па пэўнай схеме). Д.ў. камплектуюць абсталяваннем для аўтам. выканання некат. ручных работ (напр., пераддаільнай сан. апрацоўкі вымяў), электроннымі сістэмамі для індывід. кармлення, уліку прадукцыі, часам для перапрацоўкі малака ў малочныя прадукты (вяршкі, масла і інш.). Для даення авечак выкарыстоўваюць перасоўныя і стацыянарныя Д.ў. паралельна-прахаднога (з групавым упускам і выпускам жывёл) і карусельнага тыпаў.
Літ.:
Краснокутский Ю.В., Рыжов С.В. Новые доильные аппараты и установки. М., 1984.
Даільная ўстаноўка: а — схема ўстаноўкі (1 — электрарухавік, 2 — вакуум-помпа, 3 — вакуумны балон, 4 — вакуумметр, 5 — вакуумправод, 6 — даільны апарат); б — пашыраныя схемы размяшчэння даільных станкоў для даільных залаў (1 — канвеернакальцавая, 2 — тыпу «Елачка», 3 — тыпу «Тандэм»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
паліго́н, ‑а, м.
1. Участак мясцовасці, спецыяльна абсталяваны для трэніровачнай стральбы і выпрабавання баявой тэхнікі. Артылерыйскі палігон. Танкавы палігон. □ — Сёння мы будзем страляць па наземных цэлях на палігоне, — гаворыць камандзір.«Маладосць».
2. У будаўнічай справе — адкрытая пляцоўка, на якой вырабляюцца жалезабетонныя канструкцыі і дэталі. Тут закладваюцца дзесяткі заводаў будаўнічых матэрыялаў: палігоны жалезабетонных канструкцый, магутныя растворныя вузлы..Грахоўскі.
3.Спец. Тое, што і многавугольнік (замкнуты або незамкнуты). // Замкнуты і незамкнуты многавугольнік на мясцовасці і на плане.
[Ад грэч. polý — многа і gōnia — вугал.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
панара́мны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да панарамы. Панарамны від. Панарамны фон. □ Увага пісьменніка была сканцэнтравана на панарамным паказе ваенных дзеянняў.Дзюбайла.Мастак [М. Гусоўскі] склаў з дзесяткаў бачаных ім здарэнняў панарамную карціну: тут і ловы шляхецка-княжацкія, і мужыцкія, і каралеўскія.У. Калеснік.
2.Спец. Які мае абсталяванне для шырокага ахопу гарызонта пры назіраннях; абсталяваны панарамай (у 4 знач.). Панарамны прыцэл.
•••
Панарамная здымкагл. здымка.
Панарамны кінатэатргл. кінатэатр.
Панарамны фільмгл. фільм.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ПАЖА́РНЫЯ ДРАБІ́НЫ,
прыстасаванні для падымання людзей і пажарнага абсталявання на верхнія паверхі будынкаў пры тушэнні пажараў і аварыйна-выратавальных работах. Бываюць: ручныя — складныя (драбіны-палкі, прыстаўныя, даўж. да 3,1 м), падвесныя (драбіны-штурмоўкі, з крукам для падвешвання, даўж. каля 4 м) і высоўныя (маюць 3 калены, механізм высоўвання, даўж. каля 10,5 м); стацыянарныя (на вонкавых сценах будынкаў выш. больш за 10 м); аўтамабільныя.
Аўтамабільныя П.д. прызначаны для дастаўкі баявога разліку, падымання пажарнага абсталявання на выш. да 50 м, эвакуацыі людзей, падачы вогнетушыльных сродкаў у ачаг гарэння ручнымі або лафетнымі стваламі ад знешняй помпавай устаноўкі. Могуць выкарыстоўвацца для падымання грузаў да 300 кг, асвятлення месца пажару пражэктарамі. На верхнім калене можа ўстанаўлівацца лафетны ствол ці трубаправод з пенагенератарам, на аўтадрабіне — ліфт (люлька) для хуткага падымання-апускання людзей. Для бяспекі аўтадрабіны абсталяваны блакіруючымі прыстасаваннямі і сістэмамі. Аўтамаб. П.д. выпускаюцца на шасі ЗІЛ-131 і КрАЗ. За мяжой (напр., у ФРГ) выпускаюцца аўтадрабіны з вышынёй падымання да 60 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ АСТРАНАМІ́ЧНАЯ АБСЕРВАТО́РЫЯ,
адна з найстарэйшых астранамічных абсерваторый у Еўропе. Засн. ў 1753 у Вільні.
Адным з арганізатараў і першым дырэктарам (1765—1807) быў М.Пачобут-Адляніцкі. У абсерваторыі ў розны час працавалі астраном Я.Снядэцкі, П.Славінскі, М.Глушневіч, М.М.Гусеў, Я.Я.Саблер, П.М.Смыслоў і інш., навук. і асветніцкая дзейнасць якіх адыграла станоўчую ролю ў пашырэнні на Беларусі і ў Літве прыродазнаўчых ведаў. У 1753—65 Віленская астранамічная абсерваторыя існавала як астр. кабінет, абсталяваны найпрасцейшымі прыладамі. Пасля набыцця больш дасканалых астр. інструментаў з 1773 вяліся сістэм. назіранні планет, астэроідаў, камет, зацьменняў Сонца і Месяца, пакрыццяў зорак Месяцам. Першая ў Расіі пачала астрафіз. даследаванні: з 1864 асн. яе кірункам стала вывучэнне фатаграфічнымі метадамі паверхні Месяца і фіз. з’яў, што адбываюцца на Сонцы. Вяла таксама метэаралагічныя назіранні; віленскія астраномы прымалі ўдзел у вызначэнні геагр. каардынат населеных пунктаў і ў геад. экспедыцыях на тэр. Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Курляндскай губерняў. Абсерваторыя мела вял. б-ку, у 1838—46 выдавала свае навук. працы. Спыніла дзейнасць пасля пажару 1876. У 1940 утворана астр. абсерваторыя пры Вільнюскім ун-це.
Літ.:
Славенас П.В. Астрономия в высшей школе Литвы XVI—XIX вв. // Историко-астрономические исследования. М., 1955. Вып. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУМУЛЯ́ТАР,
прыстасаванне для назапашвання (акумуляцыі) энергіі з мэтай далейшага яе выкарыстання. У залежнасці ад віду энергіі адрозніваюць акумулятары: гідраўлічныя, механічныя (інерцыйныя), паравыя, пнеўматычныя, цеплавыя, электрычныя.
Гідраўлічны акумулятар назапашвае энергію рабочай вадкасці, што знаходзіцца пад ціскам. Выкарыстоўваецца для выраўноўвання ціску і расходу вадкасці ці газу з рэзкапераменнай нагрузкай. Бываюць гру́завыя, спружынныя, з пругкім корпусам, а таксама пнеўмагідраакумулятары поршневыя, мембранныя, балонныя. Інерцыйны акумулятар звычайна складаецца з масіўнага махавіка, вала, падшыпнікаў і кажуха. Мае мінім. страты энергіі на трэнне і супраціўленне паветра. Выкарыстоўваецца ў ветраэл. станцыях для выраўноўвання абаротаў генератара, прывода аўтаматрыс і аўтобусаў (гіробусаў), у прэсавым абсталяванні і інш.Паравы акумулятар — стальны бак, у якім назапашваецца адпрацаваная ў розных паравых машынах (напр., у паравым молаце) пара без змены агрэгатнага стану, якая затым расходуецца на тэхнал. мэты (напр., у сушыльных і прапарачных камерах) ці ў сан.-тэхн. прыстасаваннях (падагравальніках, цеплаабменніках і інш.). Пнеўматычны акумулятар — рэзервуар са сціснутым паветрам (ці інш. газам), падключаны да паветравода і абсталяваны засцерагальным клапанам, які рэгулюецца на зададзены гранічны ціск. Выкарыстоўваецца ў пнеўматычных сетках для выраўноўвання рабочага ціску і інш.Цеплавыя акумулятары (пастаяннага і пераменнага ціску) — пераважна паравадзяныя, назапашваюць цеплату ў цепласілавых устаноўках. Служаць для выраўноўвання цеплавых і сілавых нагрузак і недапушчэння перабояў у забеспячэнні парай прамысл. установак. Найб. пашыраны электрычны акумулятар.
Гідраўлічны акумулятар: а — гру́завы; б — балонны; 1 — рэзервуар; 2 — поршань; 3 — груз; 4 — балоны са сціснутым паветрам.