ХВА́ЛЕВАЕ СУПРАЦІЎЛЕ́ННЕ,

1) у акустыцы — удзельны акустычны імпеданс (комплекснае супраціўленне) асяроддзя для плоскіх хваль. Вызначае ўмовы адбіцця і пераламлення хваль на мяжы асяроддзя.

Для газападобнага ці вадкага асяроддзя Х.с. роўнае адносінам гукавога ціску ў бягучай плоскай хвалі да вагальнай скорасці — скорасці (адносна асяроддзя) часціц, якія пры праходжанні хвалі вагаюцца каля становішча раўнавагі. Для неабмежаванага цвёрдага асяроддзя або стрыжня Х.с. выражаецца праз адносіны напружання механічнага да вагальнай скорасці часціц асяроддзя.

2) У газавай дынаміцы — аэрагідрадынамічнае супраціўленне (гл. Гідрадынамічнае супраціўленне), якое ўзнікла пры звышгукавым цячэнні газу адносна цела. Абумоўлена стратамі энергіі на ўтварэнне ўдарных хваль. Х.с. для цяжкай вадкасці — складальныя сілы супраціўлення вадкасці руху цела. Узнікае, калі цела рухаецца каля свабоднай паверхні вадкасці ці паверхні падзелу вадкасцей з рознымі шчыльнасцямі. Абумоўлена ўтварэннем рухомым целам паверхневых хваль.

3) У электратэхніцы — адносіны напружання да сілы току ў пунктах лініі (напр., доўгай лініі), па якой распаўсюджваюцца эл.-магн. хвалі. Для павелічэння ккдз такой лініі яе нагрузку робяць роўнай (ці блізкай) да Х.с.

т. 16, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́ДЖА (Hoxha) Энвер (16.10.1908, г. Гіракастра, Албанія — 11.4.1985),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Албаніі. У 1930—36 вучыўся ва ун-тах г. Манпелье (Францыя) і Брусель. З 1941 чл. кампартыі Албаніі (ΚΠΛ; з 1948 Албанская партыя працы, АПП), чл. яе ЦК, з 1943 ген. сакратар КПА. У 1942—45 чл. Прэзідыума, старшыня нац.-вызв. фронту Албаніі (са жн. 1945 — Дэмакр. фронт Албаніі, ДФА). У 1944—54 галоўнакамандуючы нац.-вызв. арміяй (з 1945 алб. Нар. армія), адначасова ў 1944—46 узначальваў Часовы дэмакр. ўрад, у 1944—53 міністр нац. абароны. У 1946—54 старшыня Савета міністраў і міністр замежных спраў (1946—53). У 1948—54 ген. сакратар, з ліп. 1954 1-ы сакратар ЦК АПП. Адмовіўся ўхваліць рашэнні XX і XXII з’ездаў КПСС па крытыцы культу асобы І.​В.​Сталіна. Ініцыятар разрыву адносін з СССР (1961) і знешнепаліт. пераарыентацыі краіны на Кітай. Аўтар успамінаў.

Тв.:

Рус. пер. — Хрущевцы // Родина. 1990. № 12.

т. 17, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЕ́РАХАВА Маргарыта Барысаўна (н. 25.8.1942, г. Турынск Свярдлоўскай вобл., Расія),

расійская актрыса. Засл. арт. Расіі (1976). Вучылася ў Ташкенцкім ун-це (1959—61). Скончыла Школу-студыю пры Т-ры імя Массавета (1964), у 1964—83 і з 1987 працуе ў гэтым т-ры. Яе творчасці ўласцівы дакладнасць псіхал. аналізу, стрыманы лірызм, шчырасць, непасрэднасць: Клеапатра («Цэзар і Клеапатра» Б.​Шоу), Віржыні Вальтэр («Мілы друг» Г. дэ Мапасана), Мары («Вачыма клоуна» паводле Г.​Бёля), Соня («Злачынства і кара» паводле Ф.​Дастаеўскага), Лізавета («Царскае паляванне» Л.​Зорына), Любоў Сяргееўна («Тэма з варыяцыямі» С.​Алёшына) і інш. З 1966 здымаецца ў кіно: «Бягучая па хвалях» (1967), «Беларускі вакзал» (1971), «Маналог» (1973), «Люстра», «На ўсё астатняе жыццё» (абодва 1975), «Дзённы цягнік» (1976), «Сабака на сене» (1977), «Д’Артаньян і тры мушкецёры» (1978), «Давай пажэнімся» (1983), «Яно» (1989), «Толькі для вар’ятаў» (1990), «Каралі расійскага вышуку» (1996) і інш. Выступае як рэжысёр.

Літ.:

Актеры советского кино Вып. 12. М., 1976.

т. 17, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЮБІНГЕ́НСКАЯ ШКО́ЛА,

1) кірунак у нямецкай пратэстанцкай тэалогіі, які развіваўся ва ун-це г. Цюбінген. Першы перыяд у яе гісторыі (1777—97), звязаны з дзейнасцю К.​Г.​Штора, І.​Ф.​Флата і інш., быў накіраваны супраць рацыяналізму. У 1830 узнікла т.зв. новая Ц.ш. (Ф.​К.​Баўр, Э.​Цэлер, А.​Швеглер і інш.), асн. задача якой заключалася ў выкарыстанні метадаў гіст. навукі для даследавання гісторыі хрысціянства і яго помнікаў. Прадстаўнікі гэтага кірунку ўпершыню зрабілі дэталёвы аналіз асн. стараж. помнікаў хрысц. л-ры, у першую чаргу — Евангелляў, Новага запавету і інш.; яны імкнуліся вызваліць літ. крыніцы ранняга хрысціянства ад шматлікіх скажэнняў, выявілі некат. супярэчнасці паміж Евангеллямі і недакладнасць царк.-кананічнай храналогіі, удакладнілі гіст. даты Евангелляў.

2) Кірунак у нямецкай каталіцкай тэалогіі, які развіваўся ва ун-це г. Цюбінген. Яго прадстаўнікі (І.​А.​Мёлер. І.​Кун, К.​І.​Гефеле і інш.) распрацавалі ідэалогію старакаталіцкай царквы, якая ўтварылася пасля 1-га Ватыканскага сабора (1869—70) і не прызнавала вярх. улады папы рымскага над царквой.

І.​В.​Катмроў.

т. 17, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНЫШЭ́ВІЧ Хведар Іосіфавіч (пач. 1880-х г., г. Капыль Мінскай вобл. — ?),

бел. паэт. Вандраваў у пошуках работы па Случчыне, займаўся кравецтвам, з 1916 працаваў на заводзе ў Петраградзе. З 1919 жыў каля Нясвіжа (Мінская вобл.). Друкаваўся з 1908 у газ. «Наша ніва», «Беларуская думка», «Родная страха», час. «Голос низа», «Вольная думка» і інш. Асн. матывы лірыкі — любоў да Бацькаўшчыны, яе людзей, прыроды, вера ў лепшае жыццё (вершы «Лета», «Самагудка», «Сонца ўстае», «Зорка», «Вечар», «Веснавая мелодыя», «Бурная ноч», «Мора»). Заклікаў бел. народ да свядомага грамадскага жыцця («Прачынайся, мой край», «Жыве Беларусь», «Пагудка», «Песня каваля»). Аўтар паэмы «Нявольнік» (1918). На бел. мову пераклаў паэму Т.​Шаўчэнкі «Кацярына» (1911, пад рэд. Я.​Купалы). Частка яго рукапісаў, у т. л. паэма «Навабранец», зберагаецца ў б-цы АН Літвы.

Тв.:

У кн.: Беларуская дакастрычніцкая паэзія. Мн., 1967.

Літ.:

Клейнборт Л.М. Молодая Белоруссия. Мн., 1928;

Каханоўскі Г. «...І іншыя» // Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984.

А.​С.​Ліс.

т. 17, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЖОЎ ЭНЬЛА́Й (5.3.1898, г. Хуаян, прав. Чжэцзян, Кітай — 8.1.1976),

кітайскі паліт. і дзярж. дзеяч. Вучыўся ў Кітаі, Японіі і Францыі. З 1922 у Камуніст. партыі Кітая (КПК), чл. яе ЦК (з 1927), Палітбюро ЦК (з 1928). У рэвалюцыю 1925—28 у Кітаі кіраўнік ваен. аддзела КПК, паліт. кіраўнік Наньчанскага паўстання 1927. У 1927—32 на падп. рабоце ў г. Шанхай і прав. Гуансі, з 1932 паліт. камісар 1-га фронту Чырв. Арміі ў Цэнтр. сав. раёне (у час Паўночна-заходняга паходу 1934—36 на пасадзе паліт. камісара яго змяніў Мао Цзэдун). У час антыяп. вайны 1937—45 прадстаўнік КПК пры гаміньданаўскім урадзе Кітая. Прэм’ер Дзярж. адм. савета (1949—54), міністр замежных спраў (1949—58), прэм’ер Дзярж. савета (1954—76) Кіт. Нар. Рэспублікі. Чл. Пастаяннага к-та Палітбюро ЦК КПК (1956—76), нам. старшыні КПК (1956—66, 1973—76).

Літ.:

Тихвинский С.Л. Путь Китая к объединению и независимости, 1898—1949: По материалам биогр. Чжоу Эньлая. М., 1996.

В.​У.​Адзярыха.

т. 17, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧУ́РЫКАВА Іна Міхайлаўна (н. 5.10.1943, г. Белебей, Башкортастан),

расійская актрыса. Нар. арт. СССР (1991). Скончыла Тэатр. вучылішча імя М.​Шчэпкіна (1965). У 1965—68 у Маскоўскім т-ры юнага гледача. З 1973 у т-ры «Ленком». Яе мастацтву ўласцівы спалучэнне драм. і камед., лірычнага і эксцэнтрычнага пачаткаў, схільнасць да вострасюжэтнай трактоўкі вобразаў класічнай драматургіі: Сара, Аркадзіна («Іванаў», «Чайка» А.​Чэхава), Афелія («Гамлет» У.​Шэкспіра), Бабуленька («Варвар і ератык» паводле рамана Ф.​Дастаеўскага «Гулец»), Філумена («Горад мільянераў» паводле п’есы Э.​Дэ Філіпа «Філумена Мартурана»). З 1961 здымаецца ў кіно: «Хмары над Борскам» (1961), «У агні броду няма» (1968), «Пачатак» (1970), «Прашу слова» (1976), «Той самы Мюнхгаўзен» (1979, тэлефільм), «Тэма» (1979, вып. 1987), «Валянціна» (1981), «Васа» (1983), «Ваенна-палявы раман» (1984, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне), «Рабро Адама», «Маці» (абодва 1990), «Год сабакі», «Курачка Раба» (абодва 1994), «Шырлі-мырлі» (1995) і інш. Дзярж. прэміі Расіі 1985, 1996.

Літ.:

Гербер А. Судьба и тема. М., 1985.

т. 17, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫСЦЯКО́Ў Павел Пятровіч (5.7.1832, с. Пруды Цвярской вобл., Расія — 11.11.1919),

расійскі педагог і жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1849—61). Пенсіянер АМ у Парыжы і Рыме (1862—70). У 1860—64 выкладаў у Рысавальнай школе Пецярбургскага т-ва заахвочвання мастацтваў, з 1872 у Пецярбургскай АМ (у 1908—10 праф.-кіраўнік майстэрні, у 1890—1912 заг. мазаічнага аддз.). Яго пед. метад, засн. на спалучэнні непасрэднага ўспрыняцця натуры з яе навук. вывучэннем, адыграў вял. ролю ў развіцці рэалізму ў рус. мастацтве 2-й пал. 19 ст. Сярод вучняў В.​Васняцоў, В.​Паленаў, І.​Рэпін, В.​Сяроў, В.​Сурыкаў, М.​Урубель. У гіст. і жанравых партрэтах імкнуўся да драматызацыі гіст. сюжэта і псіхал. насычанасці вобразнага ладу: «Вялікая княгіня Соф’я Вітаўтаўна зрывае пояс з Васіля Касога на вяселлі Васіля Цёмнага» (1861), «Баярын» (1876).

Тв.:

Письма, записные книжки, воспоминания. М., 1953.

Літ.:

Молева Н., Белютин Э. П.​П.​Чистяков — теоретик и педагог. М., 1953.

П.Чысцякоў. Баярын. 1876.

т. 17, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАЗА́Р Шнеўр Залман (сапр. Рубашаў Залман; 1889, г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 1974),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Ізраіля, пісьменнік і гісторык л-ры. З сям’і прыхільнікаў хасідызму. Атрымаў традыц. яўр. адукацыю, вучыўся на Вышэйшых курсах усходазнаўства (Пецярбург), у Страсбурскім і Берлінскім ун-тах (1912—17). У юнацтве прыхільнік руху Паалей Цыён, з 1907 адзін з лідэраў сіянісцкага руху ў Вільні, з 1912 у Германіі. У 1917—20 у складзе Камісіі па вывучэнні эканам. становішча ў Палесціне распрацоўваў план гасп. развіцця будучай яўр. дзяржавы. З 1924 жыў у Палесціне, удзельнічаў у яўр. прафс. і нац.-вызв. руху. Чл. дэлегацыі Яўр. агенцтва (Сахнут) на Ген. Асамблеі ААН 1947. Пасля абвяшчэння дзяржавы Ізраіль (14.5.1948) дэп. яе парламента (кнесета, з 1949), міністр адукацыі і культуры (1949—51). У 1956—60 старшыня Іерусалімскага выканкома Сусветнай сіянісцкай арганізацыі. У 1963—73 прэзідэнт Ізраіля. Аўтар гіст.-літ. зб-каў «Гісторыя біблейскай крытыкі» (1925), «Светачы» (1963), аўтабіягр. нарысаў «Перадсвітальныя зоркі» (1949) і ІНШ.

І.​П.​Герасімава.

т. 17, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШПІЯНА́Ж (ад ням. Spion шпіён ад spähen сачыць, падглядваць),

злачынства супраць дзяржавы і парадку ажыццяўлення ўлады і кіравання. Паводле крымін. заканадаўства Рэспублікі Беларусь (арт. 358 КК) заключаецца ў перадачы, выкраданні, збіранні або захоўванні з мэтай перадачы замежнай дзяржаве, арг-цыі ці іх прадстаўнікам звестак, якія складаюць дзяржаўную тайну; перадачу ці збіранне па заданні замежнай разведкі інш. сакрэтных звестак для выкарыстання іх на шкоду інтарэсам краіны і грамадзянам Рэспублікі Беларусь, замежным грамадзянам або асобам без грамадзянства. Караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 7 да 15 гадоў. Асоба, якая ўчыніла Ш., але добраахвотна спыніла сваю злачынную дзейнасць, паведаміла пра гэта дзярж. органам, аказала садзейнічанне ў прадухіленні шкодных вынікаў, вызваляецца ад крымін. адказнасці. Дзеючае заканадаўства Рэспублікі Беларусь, апрача аховы дзярж. тайны, змяшчае прававыя нормы, якія забяспечваюць ахову камерцыйнай і банкаўскай тайны (арт. 254 КК). Выкраданне або збіранне незаконным спосабам звестак пра такую тайну з мэтай яе выдавання або незаконнага выкарыстання таксама разглядаецца як крымін. злачынства і караецца ў адпаведнасці з законам.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 17, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)