Івярэ́нь ’пень’ (Мат. Гом.), ’трэска’ (Маш., 74), і́вірынь ’старчаком’ (Бяльк.). Рус. дыял. и́верень ’асколак’, ’вырваны кусок’, ’зарубка на бервяне’, ’няроўнасць, шурпатасць на вычасаным дрэве’, ’загана, шчарбіна, трэшчына (на посудзе)’, ’выгіб, зігзаг’, и́вор ’кусок, частка, асколак чаго-н.’, и́вернем ’зігзагам, выгібам’, ’няроўна’, укр. и́верь ’зарубка ўпоперак дрэва’, и́верень ’трэска, адсечаная ўпоперак дрэва’ (Грынч.), польск. wiór ’трэска’, ’стружка’, палаб. jėver ’трэска’, чэш. дыял. iver ’тс’, славац. íver ’абрубак, трэска’, славен. ivȇr ’трэска, абрэзак’, серб.-харв. и̏ве̑р ’трэска’, балг. и́вер ’тс’, макед. ивер, иверка ’тс’. Ст.-рус. иверень ’трэска, асколак’, ’вырваны ці выразаны кусок’ (XVII ст.), ст.-бел. иверь, иверень ’асколак, трэска’ (Гарб.). Вытворныя формы на ‑ень толькі на ўсходзе слав. тэрыторыі. Прасл. *jьverъ (Трубачоў, Эт. сл., 8, 250–251) ці *iverъ звязваюць з *verti (гл. вярцець). Бернекер, 1, 439; Трубачоў, Этимология 1970, 18. Супастаўленне са ст.-інд. vr̥çcáti ’адсякае, коле, валіць’ (Гараеў, 120; Младэнаў, 196) выклікае пярэчанні фанетычнага характару. Махэк₂ (213) недастаткова абгрунтавана прапануе сувязь з iskať ’шчапаць’, адсюль i‑ver‑o, дзе корань i < iz‑ < eiz‑ < eiǵ + суф. ‑ver‑. Дыскутуецца і паходжанне пачатковага i‑: у ім бачаць прыстаўку *jь (Трубачоў, Эт. сл., 8, 251), пратэзу (Бернекер, 1, 439; Міклашыч, 97, з сумненнем) ці, што мала верагодна, прыдыхальны i‑ (Брукнер, 623).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

РА́СЫ чалавека

(франц. гасе ад італьян. razza парода),

біялагічныя падраздзяленні адзінага віду сучаснага чалавека (Homo sapiens), якія склаліся гістарычна на пэўных тэрыторыях (арэалах) і характарызуюцца сукупнасцю пэўных спадчынных прыкмет будовы цела. Чалавечыя Р. не маюць тэндэнцыі да відаўтварэння і не з’яўляюцца ступенямі эвалюцыі. Паміж Р. не існуе жыццёва важных марфал., фізіял., псіхічных адрозненняў; неабмежаванае змешванне чалавечых Р. сведчыць пра адзінства іх паходжання і прыналежнасць да адзінага віду. Расавыя асаблівасці не ўплываюць на развіццё грамадства. Расавы склад народаў — вынік гіст. развіцця.

Першыя спробы класіфікацыі Р. адносяцца да 17—18 ст. (Г.​Лейбніц, К.​Ліней, Ж.​Бюфон, І.​Кант, Ж.​Кюўе і інш.). Шырокае прызнанне атрымала класіфікацыя франц. вучонага Ж.​Дэнікера (1889), якая лягла ў аснову большасці сучасных сістэм. Значны ўклад у распрацоўку класіфікацыі Р. сав. антраполагаў (В.​В.​Бунак, Г.​Ф.​Дэбец, М.​М.​Чабаксараў, А.​І.​Ярхо і інш.). У сучаснай антрапалогіі існуюць 2 кірункі ў класіфікацыі чалавечых Р. — тыпалагічны і папуляцыйны. Паводле першага рабілася спроба вызначыць «расавую прыналежнасць» кожнага індывіда, што часта немагчыма, бо расавыя прыкметы наследуюцца не комплексам, а незалежна адна ад адной і часта значна вар’іруюць нават у малой групе насельніцтва, звязанай кроўнай роднасцю; падобныя прыкметы могуць узнікаць самастойна і нават ад дзеяння розных генаў. У 2-й пал. 20 ст. найбольшае прызнанне ў класіфікацыі Р. атрымаў папуляцыйны кірунак, які ўлічвае, што характарыстыка Р. заснавана на стат. крытэрыях, сярэдніх велічынях прыкмет і іх працэнтным размеркаванні, гэта асабліва важна пры вызначэнні Р. 2-га парадку, якія адрозніваюцца паміж сабой па 2—3 прыкметах. Папуляцыяністы вывучаюць адрозненні паміж групамі людзей, звязаных шлюбнымі сувязямі, па характары спадчыннасці вонкава падобных прыкмет (колер скуры і інш.), размеркаванні груп крыві і інш. Пры выяўленні роднасці Р. усё большае значэнне надаецца прыкметам з устаноўленай формай спадчыннасці. Пры гэтым, аднак, улічваецца, што канцэнтрацыя гэтых прыкмет можа значна зменьвацца пад уплывам адбору і т.зв. геннага дрэйфу, г.зн. выпадковай страты або назапашвання генаў у малых ізаляваных папуляцыях. Неабмежаванае змешванне Р. дае магчымасць прадбачыць, што ў будучым Р. перастануць існаваць, а фіз. адрозненні паміж людзьмі набудуць індывідуальны характар.

Чалавецтва падзяляецца на 3 вял. Р. 1-га парадку: аўстрала-негроідную (экватарыяльную), якая ўключае аўстралоідную, ведоідную, меланезійскую, негрскую, бушменскую Р. 2-га парадку (гл. Негроідная раса); еўрапеоідную (еўразійскую), якая ўключае атланта-балтыйскую, беламорска-балтыйскую, сярэднееўрапейскую, індаміжземнаморскую, балкана-каўказскую Р. 2-га парадку (гл. Еўрапеоідная раса); мангалоідную (азіяцка-амерыканскую), якая ўключае паўночна-азіяцкую, арктычную (эскімоскую), далёкаўсходнюю, паўднёваазіяцкую, амерыканоідную Р. 2-га парадку (гл. Мангалоідная раса). Становішча некат. груп, фізічны тып якіх не ўкладваецца ў гэты падзел, дыскусійнае. Аўстралійцы формаю валасоў падобны да еўрапеоіднай Р., іншымі прыкметамі — да экватарыяльнай (гл. Аўстралоідная раса). Айны фізічнымі прыкметамі больш падобны да еўрапейцаў, а паходжаннем бліжэй да аўстралійцаў. Гатэнтоты і бушмены падобныя да мангалоідаў жоўтым колерам скуры, інш. прыкметамі — да экватарыяльнай Р. Амер. індзейцы некат. прыкметамі набліжаюцца да еўрапеоіднай Р., іншымі яны бліжэйшыя да мангалоідаў (гл. Амерыканоідная раса). Складаным з’яўляецца пытанне пра паходжанне палінезійцаў, у якіх выяўляецца падабенства да ўсіх трох вял. Р. Ёсць меркаванне, што яны ўтварыліся ад расавых змяшэнняў. Прамежкавае становішча займаюць эфіопская (паміж еўрапеоіднай і аўстрала-негроіднай Р.), паўднёваіндыйская (паміж ведоіднай і індаміжземнаморскай Р.), уральская (паміж беламорска-балтыйскай і паўночнаазіяцкай), паўднёва-сібірская (паміж мангалоіднай і еўрапеоіднай) Р. Нейтральнае становішча займае курыльская Р.

Паводле даследаванняў Р.​Я.​Дзянісавай, В.​В.​Бунака і В.​Дз.​Дзячэнкі на тэр. Беларусі вылучаны 2 антрапал. тыпы. Беларусы паўн.-зах., паўн. і паўн.-ўсх. раёнаў маюць сярэдні рост, светлы колер скуры, вачэй і валасоў, сярэднешырокі нізкі твар з прамой або ўвагнутай спінкай носа, сярэднегустой барадой і належаць да беламорска-балтыйскай Р. 2-га парадку еўрапеоіднай вял. Р. Беларусы Палесся маюць больш цёмны колер вачэй і валасоў, больш прамую спінку носа і належаць да сярэднееўрапейскай Р. 2-га парадку еўрапеоіднай вял. Р.

Фарміраванне сучасных Р., магчыма, адбылося ў эпоху позняга палеаліту, калі ўжо можна прасачыць прадстаўнікоў асн. Р.: еўрапеоідам адпавядаюць краманьёнцы, аўстрала-негроіднай Р. — познапалеалітычнае насельніцтва Паўд. і Цэнтр. Афрыкі і Інданезіі, мангалоідам — стараж. насельніцтва Сібіры і Кітая. У канцы позняга палеаліту і ў мезаліце з Пд і У людзі засялілі вобласць Паўн. Еўразіі, што суправаджалася змяшэннем прадстаўнікоў еўрапеоіднай і мангалоіднай Р. і ўтварэннем прамежкавых тыпаў. У познім палеаліце засяляецца Аўстралія з Паўд.-Усх. Азіі і Амерыка з Паўн. Азіі праз вобласць Берынгава праліва. І пазней на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва адбываюцца пастаянныя міграцыі насельніцтва. Найб. з іх, т.зв. Вялікае перасяленне народаў, адбылося на мяжы н.э. з Цэнтр. Азіі праз Зах. Сібір, Казахстан, Сярэднюю Азію ў стэпы Прычарнамор’я. З 10 ст. нарманы праніклі ў Грэнландыю і Паўн. Амерыку, з 16 ст. іспанцы, партугальцы, пазней галандцы і англічане засялялі Амерыку, рускія — Сібір, галандцы і англічане каланізавалі Паўд. Афрыку. У 19 ст. ўзмацнілася эміграцыя з розных краін Еўропы ў Амерыку, англічане каланізавалі Аўстралію і Новую Зеландыю, кітайцы і японцы рассяліліся на астравах Ціхага акіяна.

Літ.:

Тегако Л.И. Саливон И.И. Основы современной антропологии. Мн., 1989.

І.​І.​Салівон.

т. 13, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРТАРЫ́ЙСКІЯ.

Чартарыскія, Чартарыжскія, княжацкі род герба «Пагоня» ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Паводле генеалагічнай традыцыі вялі радаслоўную ад кн. Канстанціна Альгердавіча (?—1390); пры гэтым спасылаліся на сваяцтва з вял. кн. Альгердам, пацверджанае польскім каралём Уладзіславам III граматай ад 14.6.1442. Аднак гісторыкі 19 ст. выказвалі сумненні ў верагоднасці гэтай граматы і схіляліся да версіі пра іх бел. паходжанне. Прозвішча атрымалі ў 15 ст. ад свайго маёнтка Чартарыйск на р. Стыр на Палессі (Луцкі пав. Валынскага ваяв.). Княжацкі тытул Ч. зацверджаны на Люблінскім сойме 1569, у Аўстрыі ў 1785, у Каралеўстве Польскім у 1819. На Беларусі ў розны час валодалі Лагойскам, Глускам, Карэлічамі, Шкловам і інш. У канцы 16 ст. перайшлі з праваслаўя ў каталіцтва. Пачынальнікам роду Ч. лічыцца кн. Васіль (? — пасля 1417), уладальнік маёнтка Чартарыйск; яго сынамі былі Іван (? — каля 1460), Аляксандр (? — пасля 1477) і Міхаіл (? — да 1489). Патомства Аляксандра (лагойская галіна роду) у мужчынскім родзе згасла ў 16 ст. Ад унукаў Міхаіла (валынская галіна) паходзяць 2 асн. лініі роду Ч.: ад Аляксандра Фёдаравіча (? — 1571) — чартарыйская лінія (скончылася ў 1606), ад Івана Фёдаравіча (? — 1567) — клеванская лінія. Ад унука Івана Фёдаравіча — Мікалая Юрыя Ч. (? — 1662) — пайшлі 2 новыя галіны роду: старэйшая клеванская (яе прадстаўнікі ў наш час жывуць у Польшчы і краінах Зах. Еўропы), і малодшая карэцкая (згасла ў 1810). Асаблівае значэнне ў паліт. жыцці Рэчы Паспалітай Ч. мелі ў 18 ст., калі ўзначальвалі моцную групоўку магнатаў — фамілію, якая ў 2-й чвэрці — 2-й пал. 18 ст. спрабавала правесці рэформы дзярж. і эканам. ладу Рэчы Паспалітай, арыентавалася на Расію, а пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай узначаліла магнацкую апазіцыю. Гал. рэзідэнцыя Ч. была ў г. Пулавы (Люблінскае ваяв.). Найб. вядомыя: Васіль (? — пасля 1417), сын кн. Канстанціна Альгердавіча. З 1393 пры двары Ягайлы, валодаў Лагойскам. Іван (? — каля 1460), сын Васіля. Адзін з удзельнікаў змовы і забойства вял. князя ВКЛ Жыгімонта Кейстутавіча (1440), уваходзіў у раду вял. князя Свідрыгайлы. Аляксандр (? — пасля 1477), сын Васіля. Канюшы вял. князя ВКЛ Жыгімонта Кейстутавіча ў 1440. Удзельнічаў у яго забойстве, таму вымушаны быў уцячы ў Маскву. У 1461 вярнуўся ў ВКЛ і атрымаў ад вял. князя ВКЛ Казіміра IV Лагойск, Асташын, Камянец. Міхаіл (? — да 1489), сын Васіля. Пасля забойства вял. князя Жыгімонта Кейстутавіча эмігрыраваў у Венгрыю. У 1444 вярнуўся, у 1445—51 маршалак дворны вял. князя Свідрыгайлы. Праціўнік экспансіі Польшчы на Валынь. У 1452 разам з братам Іванам дапамог сілам ВКЛ заняць Луцк, прызначаны намеснікам Брацлаўскім. Сямён (? — пасля 1524), сын Аляксандра, намеснік камянецкі ў 1507—18, староста чачэрскі і прапойскі, валодаў Лагойскам. Казімір (1674—31.8.1741), сын Міхаіла Юрыя, падчашы ВКЛ у 1699—1707 і 1709—12, падскарбі вялікі ВКЛ у 1707—09 (прызначаны Станіславам Ляшчынскім), падканцлер ВКЛ у 1712—24, кашталян віленскі з 1724). У час бескаралеўя 1696—97 прыхільнік на каралеўскі трон франц. прынца Франсуа Луі дэ Канці. У 1706 перайшоў на бок Станіслава Ляшчынскага, пазней супрацоўнічаў з Аўгустам II і Аўгустам III. У 1730-я г. арганізаваў магнацкую групоўку Ч. і звязаных з імі іншых родаў (фамілію), якая разлічвала з дапамогай Расіі ўмацаваць дзярж. лад Рэчы Паспалітай. Міхаіл Фрыдэрык (26.4.1696—13.8.1775), сын Казіміра, паліт. кіраўнік фаміліі ў 1740—70-я г. Падстолі ВКЛ у 1720—22, кашталян віленскі ў 1722—24, падканцлер ВКЛ у 1724—52, канцлер ВКЛ з 1752; староста гродзенскі, гомельскі, купішскі. Пасля смерці Аўгуста II (1733) прыхільнік Станіслава Ляшчынскага, у 1736 пагадзіўся з Аўгустам III. У 1744—50 спрабаваў рэфармаваць дзярж. лад Рэчы Паспалітай, абапіраючыся на падтрымку Расіі і Аўстрыі. Пасля смерці Аўгуста III (1763) у 1764 пад аховай рас. войск арганізаваў у Вільні Генеральную канфедэрацыю ВКЛ, скіраваную супраць К.С.Радзівіла Пане Каханку, і дамогся яго выгнання з краіны. Аднак Кацярына II, каб не ўзмацняць фаміліі, арганізавала ў 1767 Радамскую канфедэрацыю на чале з Радзівілам. Да антырас. Барскай канфедэрацыі ён не далучыўся, але выступаў супраць выкарыстання рас. войск для яе падаўлення. Удзельнічаў у дэлегацыі, якая падпісала трактат аб прызнанні 1-га падзелу Рэчы Паспалітай. У 1763—64 як галава фаміліі падтрымліваў кандыдатуру свайго пляменніка Адама Казіміра на трон Рэчы Паспалітай. Адам Казімір (1.12.1734—19.3.1823), сын Аўгуста Аляксандра, гл. Чартарыйскі А.К. Адам Ежы (14.1.1770—15.7.1861), Сын Адама Казіміра, гл. Чартарыйскі А.Е. Канстанцін Адам (28.10.1773—20.3.1860), сын Адама Казіміра, гл. Чартарыйскі К.А. Уладзіслаў (3.7.1828, Варшава — 23.6.1894), сын Адама Ежы, польскі паліт. дзеяч. Лідэр кансерватыўнай плыні польскай эміграцыі («Атэль Ламбер») пасля смерці бацькі. У час паўстання 1863—64 прадстаўнік на Захадзе польскага Нац. ўрада, супрацоўнічаў з партыяй «белых». Старшыня гіст.-літаратурнага т-ва ў Парыжы. Пераехаў у Галіцыю, у 1876 заснаваў у Кракаве Музей Чартарыйскіх.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 17, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКАНАМІ́ЧНАЯ ГІСТО́РЫЯ,

навука, якая вывучае развіццё гасп. дзейнасці людзей, вынікі і фактары, што ўплываюць на гэту дзейнасць. Узнікла на сумежжы эканомікі і гісторыі. Прадмет Э.г. — паходжанне і развіццё розных тыпаў гаспадаркі і эканам. трансфармацый, што адбываюцца ў канкрэтных сац.-гіст. умовах.

Напачатку гіст.-эканам. апісанні вяліся ў межах эканам. даследаванняў, якія з канца 18 ст. хутка развіваліся ў краінах Зах. Еўропы. Са з’яўленнем у 2-й пал. 19 ст. дзярж. статыстыкі эканам. сюжэты сталі пашырацца ў рамках гіст. даследаванняў. Інтэграцыя іх у Э.г. як асобную навуку адбылася ў пач. 20 ст.: у еўрап. ун-тах ствараліся кафедры Э.г., узнік шэраг навук. гіст.-эканам. часопісаў (ням. «Квартальнік па сацыяльнай і эканамічнай гісторыі» з 1903, франц. «Агляд сацыяльнай і эканамічнай гісторыі» з 1913, галандскі «Гісторыка-эканамічны штогоднік» з 1915, англ. «Агляд эканамічнай гісторыі» з 1927, амер. «Часопіс эканамічнай і дзелавой гісторыі» з 1927 і інш.). Ля вытокаў Э.г. стаялі Н.​Д.​Фюстэль дэ Куланж, М.​Блок (Францыя), К.Маркс, К.​Бюхер, В.Зомбарт, М.Вебер (Германія), А.​Дж.Тойнбі (Англія), І.Шумпетэр (ЗША), В.П.Варанцоў, М.Ф.Даніэльсон, А.​Лапа-Данілеўскі, М.І.Туган-Бараноўскі. П.Б.Струвэ (Расія) і інш. Э.г. карыстаецца матэм.-статыст. і пераважна гіст. метадамі даследавання, таму ўваходзіць у сістэму гіст. навук. З 1960 дзейнічае міжнар. асацыяцыя гісторыкаў-эканамістаў, рэгулярна праводзяцца міжнар. кангрэсы і канферэнцыі, ствараюцца спец. даследчыя цэнтры (напр., Еўрап. асацыяцыя па банкаўскай гісторыі, Еўрап. асацыяцыя гісторыі бізнесу). Э.г. выкладаецца ва ўсіх эканам. ун-тах свету. Шырокую вядомасць набылі даследаванні прадстаўніка франц. школы «Аналаў» Ф.​Брадэля, прыхільніка выкарыстання матэм. метадаў Р.​Фогеля, аўтара тэорыі стадый эканам. росту У.У.Ростаў (ЗША).

На Беларусі асновы Э.г. закладзены ў працах М.В.Доўнар-Запольскага. Выкладанне Э.г. пачалося ў 1921 на ф-це грамадскіх навук БДУ, дзе рыхтаваліся кадры эканамістаў вышэйшай кваліфікацыі. Адначасова з заснаваннем у 1933 Бел. ін-та нар. гаспадаркі ўведзены і курс Э.г. У 1968—88 там існавала адпаведная кафедра, дзе выкладаўся курс гісторыі нар. гаспадаркі СССР, краін сацыялізму і капіталізму; у якасці л-ры рэкамендаваліся «Эканамічная гісторыя БССР» пад рэдакцыяй А.​І.​Сідарэнкі (1966), «Эканамічная гісторыя БССР» пад рэдакцыяй К.​І.​Шабуні і С.​М.​Малініна (1969). Праблемы сац.-эканам. развіцця Беларусі даследавалі В.​Р.​Гняўко, В.​А.​Мілаванаў, Б.​Ф.​Нікановіч. У 1988 Э.г. вылучана ў самаст. навуч. дысцыпліну, у складзе кафедры Э.г. створана секцыя размяшчэння прадукц. сіл, чыталіся спецкурсы «Гісторыя народнай гаспадаркі СССР і замежных краін» і «Гісторыя народнай гаспадаркі Беларусі». Даследаванні па Э.г. праводзіліся і ў Інстытуце эканомікі АН Беларусі, дзе ў 1959—81 існаваў сектар Э.г. У 1937 выйшла першая на Беларусі спецыялізаваная навук. праца ў галіне Э.г. «Асноўныя этапы развіцця прамысловасці БССР» М.​Р.​Матусевіча і Малініна, у 1963 — «Эканоміка Беларусі ў эпоху імперыялізму: 1900—1917», пазней — некалькі манаграфій па гісторыі эканам. развіцця Беларусі за гады сав. улады (М.​Ф.​Болбас, З.​І.​Геаргідзе, Мілаванаў, Л.​М.​Міхневіч, В.​І.​Дрыц і інш.). У 1992 выдадзена «Эканамічная гісторыя Беларусі 1917—1992 гг.», у 1993 — «Эканамічная гісторыя Беларусі» (дапрацаваная і дапоўненая перавыдадзена ў 1996, 1999 і 2001). У 1991 адноўлена кафедра Э.г. ў Бел. дзярж. эканам. ун-це, супрацоўнікі якой выдалі «Эканамічную гісторыю замежных краін» (1995; 2-е выд. 1998), распрацавалі праграму параўнальнага вывучэння Э.г. Беларусі і замежных краін, стварылі шэраг дапаможнікаў, у т. л. «Эканамічны стан, побыт і гандаль старажытнай Беларусі (IX—XIII стст.)» В.​І.​Галубовіча (1997), «Гісторыя турызму» Г.​Ф.​Шапавала (1999), «Прамысловасць Беларусі ў XX стагоддзі» А.​М.​Сасіма (2001), «Гісторыя развіцця грашова-крэдытнай сістэмы Беларусі» Ю.​Л.​Грузіцкага (2002); навук.-метадычныя зб-кі «З гісторыі эканамічных рэформ на Беларусі» (вып. 1, 1994; вып. 2, 1998). Уклад у станаўленне Э.г. зрабілі гісторыкі: З.​Е.​Абезгаўз, Л.​В.​Аляксееў, Х.​Ю.​Бейлькін, А.​П.​Белязо, М.​А.​Бяспалая, В.​І.​Галубовіч, В.​Ф.​Голубеў, А.​П.​Грыцкевіч, П.​Р.​Казлоўскі, З.​Ю.​Капыскі, Л.​П.​Ліпінскі, П.​Ф.​Лысенка, Л.​М.​Лыч, А.​М.​Люты, І.​Я.​Марчанка, В.​І.​Мялешка, І.​В.​Палуян, В.​П.​Панюціч, У.​І.​Пічэта, М.​Т.​Раманоўскі, Э.​М.​Савіцкі, А.​М.​Сарокін, У.​А.​Сосна, М.​Ф.​Спірыдонаў, М.​М.​Улашчык, Шабуня, Г.​В.​Штыхаў, З.​В.​Шыбека і інш. У 2000 у Ін-це эканомікі Нац. АН Беларусі створаны сектар гісторыі эканам. вучэнняў (кіраўнік В.​М.​Бусько). Даследаванні ў галіне Э.г. ўключаюць праблемы рыначнай эканомікі, узаемасувязі эканомікі і палітыкі, міжнар. вопыту эканам. развіцця, ролі і месца Беларусі ў сусв. эканоміцы, выбару канкрэтных мер павышэння эфектыўнасці эканомікі, экалагічнай бяспекі і інш.

Літ.:

З гісторыі эканамічных рэформаў на Беларусі. Мн., 1997. Экономическая история зарубежных стран. 3 изд. Мн., 1999;

Эканамічная гісторыя Беларусі. 3 выд. Мн., 1999;

Институт экономики Национальной академии наук Беларуси: (к 70-летию основания), 1931—2001. Мн., 2001.

В.​І.​Галубовіч, З.​В.​Шыбека.

т. 18, кн. 1, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Э́ТЫКА (грэч. ēthika ад ēthos нораў, звычай, характар),

вучэнне аб духоўнасці і маральнасці; адна з форм грамадскай свядомасці. Цэнтр. пытанні Э.: аб прыродзе маралі, яе сутнасці і крыніцах; пра дабро і зло, сумленнасць, справядлівасць, свабоду і адказнасць; пра прынцыпы і нормы належных паводзін, дабрачыннасці і заганах; пра шчасце і сэнс жыцця. Паступова ў Э. сталі адрозніваць 2 роды праблем: пытанні пра тое, як павінен паводзіць сябе чалавек (нарматыўная Э.) і ўласна тэарэт. пытанні пра паходжанне і сутнасць маралі (філас. Э.).

Арыстоцель разглядаў Э. як спец. дысцыпліну ў раздзеле практычнай філасофіі. Ён упершыню выкарыстаў тэрмін «Э.» ў трактатах «Эўдэмава этыка», дзе разважаў аб прыярытэтнай ролі маральнасці ў духоўнай культуры, паказваў сац. сэнс маралі праз узаемасувязь з палітыкай, вучэннем аб дзяржаве, дзе рэалізуецца найвыш. дабрадзейнасць — справядлівасць. і практычнае значэнне Э., якое заключаецца ў выхаванні дабрадзейнага грамадзяніна. І.​Кант абвясціў асн. законам Э. катэгарычны імператыў, сцвярджаючы. што ў маралі чалавек падпарадкаваны голькі свайму ўласнаму закону, які знаходзіцца ўнутры нас. Ён сцвярджаў, што мараль засн. на свабодзе. абавязковасці, добраахвотнасці ўчынкаў. альтруізме — гэтых вечных, нязменных, універсальных прынцыпах. Г.​Гегель аналізаваў сац. ролю маралі з пазіцыі філасофіі духу, лічыў, што ў межах грамадства абс. ідэя праходзіць праз ступені права, сям’і, маральнасці; толькі ў грамадстве, дзяржаве індывід можа сцвярджаць сваю суб’ектыўнасць. ЁН сцвярджаў, што духоўнасць ёсць сапраўднасць маралі, а катэгорыямі маралі з’яўляюцца намер, віна, імкненні, дабро, сумленне. катэгорыямі маральнасці — сям’я, грамадзянская супольнасць, дзяржава. Вял. пашырэнне набыў прагматызм, у аснове маралі якога закладзена вывучэнне структур. што забяспечваюць паспяховасць, карыснасць і прадукцыйнасць чалавечых дзеянняў, якія маюць сітуацыйны характар (Ч.​Пірс. У.​Джэймс, Дж.​Дзьюі). У рус. рэліг. філас. Э. 19—20 ст. аснова маралі ў боскім абсалюце; гал. тэмы: усеадзінства, дабро, пачуццё сораму, жаласлівасць, спрыянне. свабода і творчасць асобы; калектыўнасць выступае як рэліг.-духоўная агульначалавечая саборнасць (У.​С.​Салаўёў, С.​М.​Булгакаў, М.​А.​Бярдзяеў). Марксісцкае вучэнне аб Э. зыходзіла з матэрыяліст. разумення гісторыі і звязвала Э. з практычным увасабленнем грамадскага ідэалу ў камунізме; Э. ў яе традыц. разуменні страціла ўласны прадмет. Прыхільнікі этычнага рэлятывізму настойваюць на адноснасці і зменлівасці маральных установак у залежнасці ад канкрэтных інтарэсаў і сітуацый; некат. адмаўляюць каштоўнасць абавязковых маральных норм наогул (С.​К’еркегор, Ф.​Ніцшэ, Л.​І.​Шастоў) як варожых індывідуальнай свабодзе.

Этычная думка Беларусі адлюстравала развіццё маральна-прававой свядомасці народа і выявілася ў розных тыпах культуры. Маральныя нормы першабытнага грамадства садзейнічалі стабільнасці роду — племяннога ладу жыцця, арыентаванага на адзінства з прыродай і сакралізацыю касм. з’яў, адлюстраваных у міфалагічных вобразах, матывах, сюжэтах, абрадах, шматлікіх табу, якія забаранялі ўчынкі і эгаістычныя паводзіны. Хрысц. сярэдневяковая Э. грунтавалася на біблейскіх маральна-прававых імператывах (Дзесяць запаведзей, вучэнне прарокаў), евангельскіх ідэалах дасканалага чалавека ў адзінстве з Богам. На Беларусі Э. выявілася ў асветніцкай дзейнасці Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Клімента Смаляціча, якія сцвярджалі прынцыпы хрысц. гуманізму, перавагу духоўных каштоўнасцей над матэрыяльнымі інтарэсамі. Бел. асветнікі эпохі Адраджэння пазбеглі эгацэнтрысцкіх тэндэнцый рэнесансавай еўрап. Э., сцвярджалі прыярытэт агульначалавечых і нац. каштоўнасцей, гармонію веры, ведаў і маралі (Ф.​Скарына, М.​Гусоўскі, Ян Вісліцкі, В.​Цяпінскі, пазней — Сімяон Полацкі), спрабавалі абгрунтаваць аўтаномнасць пазнання і маралі (С.​Будны, А.​Волан, інш. прыхільнікі рэфармацыі хрысц. царквы). У перыяд дамінавання неасхаластыкі (2-я пал. 17 — пач. 18 ст.) рацыяналістычная плынь у філас. думцы грунтавалася на этычнай спадчыне антычнасці (Арыстоцеля і яго паслядоўнікаў), яе хрысц. і дагматычнай інтэрпрэтацыі. Заснавальнікі свецкай філас. Э. і мысліцелі эпохі Асветніцтва (К.​Нарбут, А.​Доўгірд, Я.​Снядэцкі) захавалі папярэднюю традыцыю хрысц. маралі, але абгрунтавалі этычныя катэгорыі лагічнымі аргументамі і сац. каштоўнасцямі. У творчасці пачынальнікаў (Я.​Чачот, Я.​Баршчэўскі, В.​Дунін-Марцінкевіч) і класікаў (Ф.​Багушэвіч, А.​Цётка, Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч) новай бел. літаратуры этычныя каштоўнасці набылі значэнне важных аргументаў для абгрунтавання права беларусаў на культ.-нац. адраджэнне і дзярж. паліт. самавызначэнне. Гэтая плынь у этычнай думцы развівалася дзеячамі БНР, асветнікамі нац. адраджэння ў БССР. У 1930—50-я г. вульгарна-сацыялагічныя тэндэнцыі, арыентацыя ўлады на атэізм і тэорыю класавасці ўсіх форм свядомасці і пазнання выцеснілі Э. як самаст. кірунак даследавання і адукацыі, часткова замянілі яе дагматычным тлумачэннем маралі. Цікавасць да гэтай навукі адрадзілася ў 1960—80-я г. (даследаванні С.​Д.​Лапцёнка, Т.​В.​Мішаткінай і інш.). У канцы 1990 — пач. 2000 у кантэкст айч. думкі вяртаюцца шматвяковыя традыцыі сусв. і нац. Э. Выдадзены навуч. дапаможнікі па гісторыі і тэорыі Э., праводзяцца даследаванні праблем этычнага выхавання.

Літ.:

Очерк истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973;

Лаптенок С.Д. Этика и этикет. Мн., 1998;

Саватер Ф. Беседы об этике: (Свобода — делай что хочешь?): Пер. с исп. М., 2002.

Э.​В.​Шыкунова, У.​М.​Конан.

т. 18, кн. 1, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТАЛОГІЯ

Вывучэнне асадкавых горных парод у Беларусі пачалося ў першыя дзесяцігоддзі 20 ст. Да 1920-х г. яно праводзілася эпізадычна, пераважна ў працэсе іншых геал. даследаванняў, і ўтрымлівала фрагментарныя звесткі пра склад, некат. ўласцівасці, часам паходжанне пераважна антрапагенавых, зрэдку больш стараж. (мелавых, дэвонскіх) асадкавых парод, якія залягаюць на паверхні або ў агаленнях па берагах рэк. У выніку больш інтэнсіўнага геал. вывучэння тэр. БССР у 1920-я г. паявіліся працы, пераважна геал. справаздачы, М.​І.​Дабрынінай, А.​М.​Жырмунскага, Г.​Ф.​Мірчынка, А.​М.​Розіна, Б.​К.​Тарлецкага і інш. пра фасфарыты, балотныя руды, прыродныя пігменты, пяскі, гліны, мел, мергелі, вапнякі і даламіты. З канца 1920-х г., калі ў рэспубліцы стварылася пастаянная геал. служба, а ў складзе Інбелкульта ў 1927 заснаваны Геал. ін-т (з 1929 у сістэме АН Беларусі), пачаліся больш грунтоўныя літалагічныя даследаванні, асабліва даантрапагенавых асадкавых парод (В.​І.​Маеўскі, С.​С.​Малярэвіч, М.​М.​Цапенка і інш.). Вядучая роля ў іх арганізацыі належыць М.​Ф.​Бліадухо. У пасляваенныя гады асадкавыя пароды вывучаліся ў Ін-це геал. навук АН Беларусі і спадарожна пры геолага-здымачных і пошукава-разведачных работах ва Упраўленні геалогіі пры СМ БССР. У 1950-я г., калі на тэр. Беларусі разгарнулася глыбокае свідраванне, а ў Ін-це геал. навук (з 1970 Бел. н.-д. геолага-разведачны ін-т) у 1955 створана лабараторыя літалогіі (у 1964—76 сектар літалогіі і геахіміі), пачалося вывучэнне больш глыбокіх гарызонтаў платформавага чахла, у складзе якога выяўлены разнастайныя, раней невядомыя і недаступныя для даследаванняў асадкавыя пароды і карысныя выкапні асадкавага паходжання: пясчаныя, гліністыя, карбанатныя, карбанатна-сульфатныя, крамяністыя пароды, гіпсы, ангідрыты, каменная і калійныя солі, бурыя вуглі, гаручыя сланцы, нафта, даўсанітавыя руды і інш. У практыцы літалагічных даследаванняў побач з традыцыйнымі (палярызацыйна-мікраскапічны, імерсійны метады, грануламетрычны, хім. і спектральны аналізы) выкарыстоўваюцца тэрмічны, рэнтгенаўскі, электронна-мікраскапічны, мікразондавы і інш. метады.

Пад кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле А.​С.​Махнача, які стварыў бел. школу літолагаў, праведзены літалаг. даследаванні асадкавых і вулканагенных парод верхняга пратэразою (В.​Я.​Бяссонава, М.​В.​Вераценнікаў), нафта- і саляносных дэвонскіх (В.​П.​Корзун, В.​П.​Курачка, І.​І.​Ур’еў. Т.​А.​Шаўчэнка і інш.), каменнавугальных (З.​В.​Жыцкая, Л.​М.​Палер, Н.​А.​Саўчанка), пермскіх, трыясавых і вугляносных кайназойскіх (Л.​Ф.​Ажгірэвіч, З.​М.​Неўмяржыцкая і інш.) адкладаў. Выканана таксама літалагічнае вывучэнне бурых вуглёў, гаручых сланцаў (Л.​Ф.​Ажгірэвіч, Ю.​І.​Горкі і інш.), даўсанітаносных парод (В.​П.​Курачка, Г.​М.​Фралоў і інш.). Праводзяцца даследаванні каменнай і калійных солей (В.​З.​Кіслік, Ю.​І.​Лупіновіч, А.​К.​Ляховіч, В.​М.​Шчарбіна, Д.​М.​Ярошына і інш.), мергельна-мелавых і крамяністых парод (Ю.​Р.​Копысаў, Я.​Я.​Пятрушка), глін (Н.​В.​Зайцава, Я.​А.​Ільін і інш.), фасфарытаў (Л.​М.​Міхайлава), пясчана-жвіровых і інш. парод антрапагену (А.​А.​Костка, Э.​А.​Ляўкоў, А.​В.​Мацвееў, В.​І.​Ярцаў і інш.), карбанатных і тэрыгенных парод нафтаносных гарызонтаў дэвону (Л.​А.​Дземідовіч, Н.​В.​Назарава і інш.). З часу стварэння ў 1971 Ін-та геахіміі і геафізікі АН Беларусі (з 1993 Ін-т геал. навук АН Беларусі), а ў ім лабараторыі літалогіі і петраграфіі (з 1980 — літалогіі і геахіміі) прадоўжыліся даследаванні верхнепратэразойскіх (М.​В.​Вераценнікаў, Л.​Ф.​Гуліс, А.​С.​Махнач, У.​І.​Шкуратаў), дэвонскіх (В.​П.​Корзун, А.​А.​Махнач, А.​С.​Махнач, І.​І.​Ур’еў і інш.), кайназойскіх (Л.​Ф.​Ажгірэвіч, В.​А.​Кавалёў і інш.) адкладаў, стараж. кор выветрывання (М.​М.​Лявых). Літалогію лёсаў, глеб і подсцільных парод вывучаюць у Бел. НДІ глебазнаўства і аграхіміі (П.​С.​Самадураў, У.​Д.​Лісіца, С.​А.​Ціханаў і інш.). Значныя аб’ёмы аналітычных работ з мэтай вывучэння рэчыўнага саставу і мінер. складу асадкавых парод і карысных выкапняў асадкавага паходжання выканала Цэнтр. лабараторыя Рэсп. унітарнага прадпрыемства «Белгеалогія». Вынікі літалаг. і аналітычных даследаванняў выкарыстоўваюцца ў практыцы геолага-здымачных і пошукава-разведачных работ, пры ацэнцы аб’ектаў і іх больш дасканалым вывучэнні як магчымых крыніц карысных выкапняў або іх змяшчальных парод, таксама з мэтай больш шырокіх навук. абагульненняў, прагнозаў і пошукаў карысных выкапняў у платформавым чахле Беларусі.

Літ.:

Литология и геохимия девонских отложений Припятского прогиба в связи с их нефтеносностью. Мн., 1966;

Копысов Ю.Г. Мергельно-меловые породы востока Белоруссии. Мн., 1968;

Курочка В.П. Атлас микротекстур и структур пород девонского осадочного комплекса Припятского прогиба. Мн., 1968;

Литология, геохимия и полезные ископаемые Белоруссии и Прибалтики. Мн., 1968;

Зайцева Н.В. Ленточные глины Белоруссии. Мн., 1969;

Литология и нефтеносность семилукских отложений Припятского прогиба. Мн., 1971;

Махнач А.С., Левых Н.Н. Литология и геохимия кор выветривания, развитых на кристаллическом фундаменте Белоруссии. Мн., 1973;

Рифей и венд Белоруссии. Мн., 1976;

Монкевич К.Н. Пермские и триасовые отложения Припятского прогиба. Мн., 1976;

Литология, геохимия и фации верхнего протерозоя и палеозоя БССР. Мн., 1979;

Махнач А.С., Шкуратов В.И., Веретенников Н.В. Верхний протерозой Припятской впадины. Мн., 1980;

Кембрий Белоруссии. Мн., 1985.

М.​В.​Вераценнікаў.

т. 18, кн. 2, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Буякі́ ’ягады Vaccinium uliginosum L.’ (Кіс.). Укр. буя́к ’тс’. Будзішэўска (Słown., 315), якая наогул запярэчвае існаванне супольных бел.-укр. архаізмаў, лічыць гэта слова пазнейшай бел.-укр. інавацыяй. Этымалогія слова не вельмі ясная. Сувязь з дзеясловам тыпу буя́ць ’буйна расці’ вельмі няпэўная і не знаходзіць абгрунтаванне ў апісанні расліны (гл. Мяркулава, Очерки, 223–225; Нейштадт, Определитель, 434–435). Хутчэй за ўсё трэба зыходзіць з дзеяслова тыпу бел. буя́ць буяніць, шалець’, укр. буя́ти ’тс’. Ягады буякоў выклікаюць ап’яненне, боль галавы і да т. п. Параўн. іншыя назвы буякоў: бел. п’яні́ца, галаваболь, дурнічнік, дурніцы і да т. п. (Кіс.), укр. болиголов, дурнопян, дурниця, дурнина, пияки і інш. (Макавецкі, Sł. botan., 389–390), рус. пьяница, серб.-харв. веселика (Сіманавіч, 488), ням. Rauschbeere, Trunkelbeere. Параўн. яшчэ бугаі́ ’тс’ (гл.). Сувязь з буя́к ’бык’ (гл.), калі такая ёсць (параўн. паралельную назву бугаі́), вытлумачыць цяжка. У іншых мовах бык выступае тут толькі ў складаных словах: ням. Ochsenklaiwern, Ochsentieke ’Vaccinium uliginosum’ (Марцэль, Pflanzennam., 5 (3), 395). Гл. яшчэ быкі ’буякі’. Іншая версія (Л. А. Малаш, вусн. паведамлю: параўн. дыял. назву буякоў — буйні́цы (ад бу́йны ’вялікі’), якая даецца гэтай ягадзе для адрознівання яе ад падобнай, але меншай чарніцы. Тады можна думаць пра паходжанне ад буя́ць ’буйна расці; станавіцца буйнейшым’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кары́та ’карыта, начоўкі, човен’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), ’збітыя вуглом дзве дошкі, якія прыбіваюцца на версе гонтачнай страхі’ (Сцяшк., Шатал.), ’шуфляда ў ручным млыне, куды падае мука’ (Шатал.), укр. корито ’тс’, рус. корыто ’тс’, чэш. koryto ’карыта, кармушка’, славац. koryto ’тс’, н.-луж. kóryto ’тс’, польск. koryto ’тс’, балг. корито ’тс’, макед. корито ’тс’, серб.-харв. ко̀рито ’тс’, славен. koríto ’тс’. Трэба адзначыць, што паралельна амаль усе славянскія дыялекты ведаюць яшчэ адно значэнне для прасл. koryto ’жолаб, роў, рэчышча’. Менавіта апошняе значэнне навяло даследчыкаў на думку пра сувязь прасл. koryto з дзеясловам ryti. Тады ko‑ прэфікс, як у kadъlbъ (ад dъlbti ’дзяўбці’), (гл. Трубачоў, Ремесл. терм., 169). Гэта этымалогія (Міклашыч, 133) здаецца надзейнай (што датычыць прэфіксальнай і каранёвай частак слова). Значна менш надзейнае чляненне kor‑yto. Словаўтварэнне як kop‑yto, але калі kop‑yto да капа́ць, то адпаведнага зыходнага дзеяслова для karyto мы не знаходзім, а паходжанне ад kora вельмі праблематычнае, параўн., аднак, карыць 1. Суаднесенасць са ст.-прус. pracartis ’карыта’ і літ. prãkartas ’кармушка’ базіруецца на семантычнай тоеснасці, але фанетычныя разыходжанні растлумачыць цяжка (гл. агляд версій у Трубачова, Эт. сл., 11, 122–125). Фасмер (2, 343) прытрымліваецца другой этымалагічнай версіі Міклашыча і ўзмацняе яе паралеллю Шпэхта: лат. karaûte, karuóte ’лыжка’ з тоеснасцю суфіксаў (ūt = yt).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́ста 1 ’каста’ (ТСБМ). Рус. ка́ста, укр. ка́ста. Паводле Фасмера, 2, 207, запазычанне з зах.-еўрап. моў. Праз мовы-пасрэднікі, ням. (Kaste) або франц. (caste), слова ўзята з парт. casta ’парода; паходжанне’, першапачаткова ’чыстая парода’. У аснове ляжыць лац. castus ’чысты’. Шанскі (2, К, 86) удакладняе, што ў рус. мове (якая, дарэчы, можа быць пасрэднікам для бел.) ка́ста з’явілася ў канцы XVIII ст. Упершыню фіксуецца ў рус. слоўніку Яноўскага 1803 г. са значэннем ’грамадская групоўка ў Індыі’, агульнае значэнне ўстанаўліваецца з 1847 г. (яно фіксуецца ў Слоўніку АН; гл. Шанскі, там жа).

Кас́та 2 ’яслі, драбіны’ (Сл. паўн.-зах.). Слова ўжываецца таксама ў мн. ліку (напр., сена кладуць у касты). Паводле Сл. паўн.-зах., 2, 433, запазычанне непасрэдна з літ. kāstė ’тс’, якое, у сваю чаргу, было ўзята з ням. Kasten ’тс’. Можна пагадзіцца з прапанаванай этымалогіяй (< ням.) у агульных рысах. Ням. форма Kasten не зусім дакладна адпавядае літ. kāstė. Таму, як можна меркаваць, непасрэднай крыніцай для літ. слова было іншае ням. слова. Маецца на ўвазе не сучасная ням. мова, а нейкія формы с.-ням. паходжання. Такія сапраўды ёсць (параўн. kaste ’тс’; форма гэта сустракаецца і ў сучасных ням. дыялектах). З ням. крыніцы ўзята і лат. kaste. Гл. Клюге, 356.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ато́са (БРС), ато́с (Шат.), отʼо́са (Маслен.), ато́снік ’канец атосы’ (Маслен., Бяльк.), ато́ска, атосіна (Нас., Бяльк.), заотʼосник, наотʼосник, приотʼосник (Маслен.). Рус. дыял. паўд.-зах. отоса, отос, атос, атосы, атоса, укр. отеса, отісонька, польск. ociosy, otos(a), odos. Ст.-бел. отосе (1643). Паходжанне спрэчнае. Паводле Даля — з спалучэння от оси; Сцяц. (Слозаўтв., 177) лічыць прэфіксальным, у карысць чаго падосак ’дэталь воза’ (Касп.), польск. форма odos і шэраг іншых польскіх прэфіксальных назваў дэталей воза: nadośka, naośnik, zaośnik, podośnik. Супраць формы тыпу ацёса і пад. Таму нельга выключыць, што гэта народная этымалогія. Насовіч (Сб., 377), Атрэмбскі (SOc., 19, 457), Фрэнкель (756), Лаўчутэ (Kalbotyra, XXII (2), 83) і інш. (агляд — Урбуціс, Baltistica, V (1), 1969, 84) лічаць запазычаннямі з літ. atãsaja, atãseja, лат. atsèja. Яблонскіс (296) уключыў слова атоса ў спіс «прапушчаных і няясных слоў». Супрун (Лекс. балтызмы, 43), Урбуціс (Baltistica, V (2), 1969, 161) далучаюць атоса да праблематычных балтызмаў. У сувязі са спробамі этымалагізацыі слова на славянскім грунце трэба ўлічыць яшчэ натоснік (Мядзв.) ’тое ж, што атоснік’ — ’канец атосы’; стос(а) частка воза’, укр. бойк. затоса ’атоса’ (Кміт па вусн. павед. Краўчука), што можа звязаць слова з коранем *tos‑, *tъs‑, а таксама словы тыпу рус. потесь ’гатунак вясла’, ст.-рус. потесъ ’зарубка’, што можа звязаць з коранем *tes‑ (цясаць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)