РАЖДЗЕ́СТВЕНСКІ Роберт Іванавіч (20.6.1932, с. Касіха Троіцкага р-на Алтайскага краю, Расія — 20.8.1994),
рускі паэт. Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1956). Друкаваўся з 1950. Першая кніга — «Сцягі вясны» (1955). У паэт. зб-ках «Выпрабаванне» (1956), «Равесніку» (1962), «Радыус дзеяння» (1965), «Сын Веры» (1966), «Усур’ёз» (1970), «Радар сэрца» (1971), «Голас горада» (1977), «Гэты час» (1983), «Узрост» (1988) і інш. тэма вернасці загінуўшым у Вял.Айч. вайну, роздум над сэнсам жыцця, лірыка кахання. Паэма «Рэквіем» (1961, музыка Дз.Кабалеўскага) прысвечана памяці тых, хто загінуў у Вял.Айч. вайну. «Ліст у трыццатае стагоддзе» (1963) — своеасаблівая размова з нашчадкамі. Аўтар «Паэмы пра розныя пункты погляду» (1967), паэмы «Чаканне» (1982), кн. падарожных публіцыст. нарысаў «І не заканчваецца зямля...» (1971) і інш. За кнігу «Голас горада» і паэму «210 крокаў» (1978). Дзярж. прэмія СССР 1979. Многія яго вершы пакладзены на музыку. На бел. мову асобныя вершы Р. пераклалі Г.Бураўкін, І.Калеснік, В.Макарэвіч, М.Танк, В.Шыханцоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫБАКО́Ў Анатоль Навумавіч (14.1.1911, г. Чарнігаў, Украіна — 23.12.1998),
рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ін-т інжынераў транспарту (1934). У 1933—36 рэпрэсіраваны. Прыгодніцкая трылогія для юнацтва «Корцік» (1948, экранізацыя 1954), «Бронзавая птушка» (1956, экранізавана), «Стрэл» (1975, фільм «Апошняе лета дзяцінства», 1974) пра падзеі грамадз. вайны і нэпа. Раманы «Вадзіцелі» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951) і «Кацярына Вароніна» (1955, аднайм. фільм 1957) на вытв. тэму. У трылогіі «Дзеці Арбата» (1987), «Страх» (1990), «Прах і попел» (1994) праз лёсы пакалення 1930-х г. паказаны час «культу асобы». Аўтар трылогіі для юнацтва «Прыгоды Кроша» (1960, аднайм. фільм 1962), «Канікулы Кроша» (1966) і «Невядомы салдат» (1970), раманаў «Лета ў Сасняках» (1964), «Цяжкі пясок» (1978), аўтабіягр. «Рамана-ўспаміну» (1997) і інш.Многія яго творы інсцэніраваны. На бел. мову аповесць «Корцік» пераклаў У.Шахавец.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1981—82;
Избр. произв.: В. 3 т. Т. 1—2. М., 1991;
Тяжелый песок. М., 2000;
Дети Арбата. М., 2000;
Страх. М., 2000;
Прах и пепел. М., 2000;
Бел.пер. — Вадзіцелі. Мн., 1953;
Корцік. Мн., 1959.
Літ.:
Старикова Е. А.Рыбаков. М., 1977;
С разных точек зрения: «Дети Арбата» Анатолия Рыбакова. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛІКА́ТЫ ПРЫРО́ДНЫЯ,
прыродныя хім. злучэнні, крышт. рашоткі якіх утрымліваюць крэменекіслародныя тэтраэдры SiO4; клас пародаўтваральных мінералаў. Складаюць больш за 75% аб’ёму зямной кары, каля 95% вывергнутых парод. Уключаюць больш за 700 мінералаў (25% усіх мінер. відаў), у т. л. пародаўтваральныя: амфіболы, палявыя шпаты, піраксены, слюды і інш. Паводле тыпаў злучэння SiO4-тэтраэдраў і ўтварэння крышт. структур вылучаюць С.п.: астраўныя, кальцавыя, ланцужковыя, стужачныя, слаістыя і каркасныя. Паводле саставу падзяляюцца на алюма-, бора-, тытана-, цыркона-, ніобасілікаты і інш. Крышталізуюцца ў манакліннай (да 45%), рамбічнай (20%), трыкліннай (9%), тэтраганальнай (7%), трыганальнай і гексаганальнай (10%) і кубічнай (9%) сінганіях. Звычайна белыя, бясколерныя; з прымессю марганцу, жалеза, тытану, медзі, ванадыю і інш. — розных колераў. Бляск шкляны да алмазнага. Шчыльн. 2—6,5 г/см³. Цв. 1—8. Многія С.п. валодаюць кіслотатрываласцю і высокай т-рай плаўлення. Утвараюцца ў магматычных, метамарфічных, метасаматычных пародах, у пегматытах, а таксама пры гідратэрмальных працэсах і выветрыванні. С.п. — руды многіх металаў (нікелю, алюмінію, берылію, літыю, цэрыю, гафнію і інш.), выкарыстоўваюцца ў тэхніцы (слюды, азбест, сіліманіт, кіяніт, алівін, тальк і інш.), ювелірнай і вырабной справах (аквамарын, ізумруд, гранаты, нефрыт, раданіт і інш.), буд-ве (гліна, пясок, друз, бутавы камень).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЛСТО́Й Аляксей Канстанцінавіч (5.9.1817, С.-Пецярбург — 10.10.1875),
рускі пісьменнік. У 1835 вытрымаў экзамен на чын пры Маскоўскім ун-це. Займаў высокія дыпламатычныя (1837—40) і прыдворныя пасады. З 1861 у адстаўцы. Першая фантаст. аповесць «Ваўкалак» (1841, пад псеўд. Краснагорскі). З 1854 у час. «Современник» друкаваў парадыйна-сатыр. вершы, напісаныя з братамі Жамчужнікавымі пад псеўд.Казьма Пруткоў. У творах «Сон Папова» (нап. 1873, апубл. 1878), «Гісторыя дзяржавы Расійскай...» (1883) высмейваў царскую бюракратыю, у рамане «Князь Сярэбраны» (1862), драм. трылогіі «Смерць Іаана Грознага» (1866), «Цар Фёдар Іаанавіч» (1868, не дазволена да пастаноўкі, паст. 1898), «Цар Барыс» (1870, паст. 1891) драматызм паліт. барацьбы ў Расіі 16—17 ст. Лірыка Т. мілагучная, псіхалагічна паглыбленая. Многія вершы пакладзены на музыку П.Чайкоўскім, М.Рымскім-Корсакавым, М.Мусаргскім, С.Рахманінавым і інш. П’еса Т. «Цар Фёдар Іаанавіч» пастаўлена Дзярж.рус.драм. т-рам Беларусі (1946). На бел. мову асобныя вершы Т. перакладаў Х.Жычка.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1969;
Соч.Т. 1—2. М. 1981;
Полн. собр. стихотворений. Т. 1—2. Л., 1984.
Літ.:
Стафеев Г.И. Сердце полно вдохновенья: Жизнь и творчество А.К.Толстого. Тула, 1973;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАРС (франц. farce ад лац. farcio начыняю),
камедыйны жанр малой драматургічнай формы. Узнік каля 12 ст. ў Зах. Еўропе ў гарадскім дэмакр. асяроддзі як жартоўныя ўстаўкі (начынкі) у літургічных драмах, містэрыях, плошчавых карнавальных прадстаўленнях.
Росквіту Ф. дасягнуў у франц. л-ры 14—16 ст., дзе акрэсліўся як самаст. жанр нар. паказаў. Яго выяўл. асаблівасці: карыкатурнасць персанажаў (з выкарыстаннем вобразаў-масак), буфанаднасць прыёмаў, эксцэнтрычнасць паказу падзей, схільнасць да фрывольных знешніх эфектаў, вострасюжэтных грубавата-пікантных сітуацый, зніжанай лексікі. У працэсе эвалюцыі часам набліжаецца да сатыр. камедыі, побач з пераважна пацяшальнымі функцыямі, выконвае ролю паліт. сатыры, памфлета. Фарсавасць уласціва многім творам Гальдоні, Лопэ дэ Вэгі, Мальера, М.Сервантэса, У.Шэкспіра, Б.Брэхта і інш.
У бел. драматургіі Ф. як жанр не развіўся, аднак яго выяўл. прыёмы шырока выкарыстоўваліся («Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Прымакі» Я.Купалы, «Конскі партрэт» Л.Родзевіча, «Ветрагоны» У.Галубка, «Каваль-ваявода» Е.Міровіча, «Трыбунал» А.Макаёнка, «Куды ноч, туды сон» А.Петрашкевіча і інш.). Многія прыёмы Ф. захаваліся ў сучаснай цыркавой клаунадзе, у святочна-карнавальных прадстаўленнях.
Літ.:
История зарубежной литературы. 2 изд. М., 1959;
Волькенштейн В. Драматургия. 5 изд. М., 1969. С. 171—173.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХВАРО́БАчалавека,
парушэнне жыццядзейнасці, выкліканае неадпаведнасцю ахоўных уласцівасцей арганізма празмернаму ўплыву фактараў навакольнага асяроддзя (мех., фіз., хім., біял., псіхагенных). Характарызуецца спалучэннем паталаг. і ахоўна-прыстасавальных, кампенсаторных (узнаўляльных) рэакцый арганізма, баланс якіх пры Х. зменьваецца. Падзяляюцца на інфекц. і неінфекц., псіхічныя, саматычныя, жан., дзіцячыя, Х. старасці, сэрца, печані, нырак і інш. Паводле формы развіцця і цячэння адрозніваюць Х. вастрэйшыя (маланкавыя), вострыя, падвострыя, хранічныя (характэрна хвалепадобнасць цячэння).
Вылучаюць 4 перыяды Х.: латэнтны перыяд, прадрамальны перыяд, перыяд развіцця і зыход (заканчэнне). Зыход вядзе да выздараўлення поўнага або няпоўнага, рэцыдыву, пераходу вострай формы ў хранічную, ускладнення ці смерці. Многія няцяжкія Х. аказваюць станоўчы ўплыў на арганізм, рыхтуюць яго да эфектыўнай аховы ад розных патагенных фактараў. Сусв.арг-цыя аховы здароўя распрацавала Міжнар. стат. класіфікацыю Х., траўмаў і прычын смерці (21 клас станаў). Пра асобныя Х. чалавека гл. адпаведныя арт., а таксама Малекулярныя хваробы, Сацыяльныя хваробы, Спадчынныя хваробы.
Літ.:
Общая патология человека: Руководство для врачей. Т. 1—2. 2 изд. М., 1990;
Петленко В.П. Основные методологические проблемы теории медицины. Л., 1982;
Теория и практика медицины: Сб. науч. тр.Вып. 1. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫКА́ДАВЫЯ (Cicadinea, або Auchenorrhyncha),
падатрад насякомых атр. раўнакрылых. 17 тыс. відаў. Асн.сям.: сапр. цыкадкі (Jassidae, ці Cicadellidae); гарбаткі, або бадушкі (Membracidae); сапр., або пеўчыя Ц. (Cicadidae); пенніцы, або слінявіцы; ліхтарніцы, або святланоскі, ці насаткі (Fulgoridae). Пашыраны пераважна ў тропіках. Жывуць на травяністай расліннасці, у глебе. На Беларусі каля 100 відаў з сям. гарбатак, пенніц і цыкадак.
Даўж. ад 2 мм да 6,5 см. Крылы ў размаху да 18,5 см. Цела зеленаватае, бурае, радзей чорнае або плямістае. Для Ц. характэрна нерухомае сучляненне галавы з грудзямі. 2—3 простыя вочкі паміж вял. складанымі вачыма, колюча-сысучыя ротавыя органы. Вусікі кароткія, тоўстыя, 3-членікавыя. Пярэднія крылы перапончатыя або хіцінізаваныя з папярочным і падоўжным жылкаваннем. Пярэднія і сярэднія ногі хадзільныя, заднія найчасцей скакальныя. Лапкі 3-членікавыя. Многія віды маюць гукавы апарат. Яйцы адкладваюць звычайна ў сцёблы раслін. Лічынкі праходзяць у развіцці 5 узростаў. Кормяцца сокамі раслін. Некаторыя — шкоднікі с.-г. раслін, ёсць пераносчыкі вірусных і інш. хвароб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАКО́ЎСКІ Аляксандр Барысавіч (26.8.1913, С.-Пецярбург — 17.2.1994),
рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1973).
Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1939). З 1955 гал. рэдактар час. «Иностранная литература», у 1962—88 — «Литературной газеты». Друкаваўся з 1937. Апублікаваў ліг. партрэты А.Барбюса (1937), Г.Гейнэ (1939), М.Андэрсена-Нексё (1940). Трылогія «Гэта было ў Ленінградзе» (кн. «Ваенны карэспандэнт», 1944; «Ліда», 1945; «Мірныя дні», 1947) пра подзвіг ленінградцаў у Вял.Айч. вайну. Раман «У нас ужо раніца» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950) пра першыя пасляваен. гады на Паўд. Сахаліне. Аповесці «Год жыцця» (1956, яе працяг раман «Дарогі, якія мы выбіраем», 1960), «Святло далёкай зоркі» (1962) на маральна-этычную праблематыку. Аўтар раманаў «Блакада» (кн. 1—4, 1968—73; Ленінская прэмія 1978), «Перамога» (кн. 1—3, 1978—81, Дзярж. прэмія СССР 1983), антыфаш. рамана «Нюрнбергскія прывіды» (кн. 1—2, 1987—89), аповесці «Нявеста» (1966), зб. «Літаратура, палітыка, жыццё» (1982) і інш.Многія яго творы экранізаваны, інсцэніраваны.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—6. М., 1974—77.
Літ.:
Козлов И.Т. Александр Чаковский: Страницы жизни, страницы творчества. М., 1983;
Синельников М. Диктует время: Очерк творчества А.Чаковского. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭ́РВЕНЬ (назву звязваюць з чырвоным колерам вішань і інш. ягад, што спеюць у Ч.),
шосты месяц каляндарнага года (30 дзён), пачатак лета. У Ч. сонца праходзіць праз пункт летняга сонцастаяння (21 ці 22 ч.). 15 Ч. працягласць дня ў Мінску 17 гадз 8 мін, найб.выш. Сонца над гарызонтам — 59,4°. Сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 624 МДж/м², радыяцыйны баланс максімальны (332 МДж/м²). У Ч. найб. працягласць сонечнага ззяння (55—61% ад магчымага). На тэр. Беларусі сярэдняя месячная т-ра паветра 16,2 °C (15,7 °C на ПнУ, 17 °C на ПдУ). Ападкаў 65—80 мм за месяц, здараюцца навальніцы з градам. У Ч. часта выпаральнасць перавышае колькасць атм. ападкаў, што прыводзіць да атм. і глебавай засухі. У лясах і на лугах цвітуць многія расліны, настае сенакос. Каласуюць яравыя: пшаніца, ячмень, авёс. Зацвітае ранняя бульба. На палях вядуць барацьбу з пустазеллем, у садах — са шкоднікамі. У час цвіцення азімага жыта ў лесе паяўляюцца першыя летнія грыбы: падбярозавікі, падасінавікі, лісічкі, маслякі, сыраежкі, баравікі. У птушак вывадкі птушанят, у лісоў, вожыкаў, ласак, зуброў — прыплод. Нерастуюць карпы, карасі, ляшчы, ліні. Шмат матылёў, пчол, мошак і жукоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭ́РВЕНЬСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1848,
узброенае паўстанне ў Парыжы 23—26 чэрв.; кульмінацыйны пункт рэвалюцыі 1848 у Францыі. Выклікана наступленнем рэакцыі на паліт. і эканам. заваёвы грамадзян. Непасрэдным штуршком да паўстання стала рашэнне ўрада выслаць з Парыжа рабочых нац. майстэрняў, у якіх працавала больш за 100 тыс.б. беспрацоўных. 22 чэрв. рабочыя (многія з іх мелі зброю) выйшлі на дэманстрацыю, якая 23 чэрв. перарасла ва ўзбр. паўстанне і барыкадныя баі. Ч.п. праходзіла пад лозунгам «дэмакр. і сац. рэспублікі». Урад сцягнуў у сталіцу 250-тысячную армію. Нац. сход, напалоханы размахам нар. выступлення, 24 чэрв. перадаў уладныя паўнамоцтвы ваен. міністру ген. Л.Э.Кавеньяку. 26 чэрв. паўстанне ў Парыжы ліквідавана. Салідарныя выступленні ў гарадах Дыжон, Бардо, Нант і інш. таксама падаўлены войскамі. У краіне пачаўся тэрор, у выніку якога 11 тыс.чал. забіта, 25 тыс.чал. арыштавана, 3,5 тыс.чал. выслана без суда, насельніцтва раззброена. Разгром Ч.п. прадвызначыў паражэнне рэвалюцыі 1848 у Францыі.
Літ.:
Молок А.И. Июньские дни 1848 г. в Париже. М., 1948;
Герцен А.И. С того берега // Собр. соч.М., 1955. Т. 6;
Яго ж. Былое и думы. Ч. 5 // Там жа. М., 1956. Т. 10.