ФАРС (франц. farce ад лац. farcio начыняю),

камедыйны жанр малой драматургічнай формы. Узнік каля 12 ст. ў Зах. Еўропе ў гарадскім дэмакр. асяроддзі як жартоўныя ўстаўкі (начынкі) у літургічных драмах, містэрыях, плошчавых карнавальных прадстаўленнях.

Росквіту Ф. дасягнуў у франц. л-ры 14—16 ст., дзе акрэсліўся як самаст. жанр нар. паказаў. Яго выяўл. асаблівасці: карыкатурнасць персанажаў (з выкарыстаннем вобразаў-масак), буфанаднасць прыёмаў, эксцэнтрычнасць паказу падзей, схільнасць да фрывольных знешніх эфектаў, вострасюжэтных грубавата-пікантных сітуацый, зніжанай лексікі. У працэсе эвалюцыі часам набліжаецца да сатыр. камедыі, побач з пераважна пацяшальнымі функцыямі, выконвае ролю паліт. сатыры, памфлета. Фарсавасць уласціва многім творам Гальдоні, Лопэ дэ Вэгі, Мальера, М.​Сервантэса, У.​Шэкспіра, Б.​Брэхта і інш.

У бел. драматургіі Ф. як жанр не развіўся, аднак яго выяўл. прыёмы шырока выкарыстоўваліся («Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча, «Прымакі» Я.​Купалы, «Конскі партрэт» Л.​Родзевіча, «Ветрагоны» У.​Галубка, «Каваль-ваявода» Е.​Міровіча, «Трыбунал» А.​Макаёнка, «Куды ноч, туды сон» А.​Петрашкевіча і інш.). Многія прыёмы Ф. захаваліся ў сучаснай цыркавой клаунадзе, у святочна-карнавальных прадстаўленнях.

Літ.:

История зарубежной литературы. 2 изд. М., 1959;

Волькенштейн В. Драматургия. 5 изд. М., 1969. С. 171—173.

С.​С.​Лаўшук.

т. 16, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)