ЧЭ́РВЕНЬ (назву звязваюць з чырвоным колерам вішань і інш. ягад, што спеюць у Ч.),
шосты месяц каляндарнага года (30 дзён), пачатак лета. У Ч. сонца праходзіць праз пункт летняга сонцастаяння (21 ці 22 ч.). 15 Ч. працягласць дня ў Мінску 17 гадз 8 мін, найб. выш. Сонца над гарызонтам — 59,4°. Сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 624 МДж/м², радыяцыйны баланс максімальны (332 МДж/м²). У Ч. найб. працягласць сонечнага ззяння (55—61% ад магчымага). На тэр. Беларусі сярэдняя месячная т-ра паветра 16,2 °C (15,7 °C на ПнУ, 17 °C на ПдУ). Ападкаў 65—80 мм за месяц, здараюцца навальніцы з градам. У Ч. часта выпаральнасць перавышае колькасць атм. ападкаў, што прыводзіць да атм. і глебавай засухі. У лясах і на лугах цвітуць многія расліны, настае сенакос. Каласуюць яравыя: пшаніца, ячмень, авёс. Зацвітае ранняя бульба. На палях вядуць барацьбу з пустазеллем, у садах — са шкоднікамі. У час цвіцення азімага жыта ў лесе паяўляюцца першыя летнія грыбы: падбярозавікі, падасінавікі, лісічкі, маслякі, сыраежкі, баравікі. У птушак вывадкі птушанят, у лісоў, вожыкаў, ласак, зуброў — прыплод. Нерастуюць карпы, карасі, ляшчы, ліні. Шмат матылёў, пчол, мошак і жукоў.
т. 17, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)