ляжа́ць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак.

1. Знаходзіцца ўсім целам на чым‑н. у гарызантальным становішчы (пра людзей і некаторых жывёл). Ваякі ляжалі ў самых разнастайных .. позах каля агню і ў [ш]алашах. Колас. Арон быў дома, ляжаў на ложку. Мурашка. Козлік .. ляжыць змучаны, сам не свой. Брыль. / У спалучэнні са словамі, якія паказваюць на тыя ці іншыя асаблівасці гэтага становішча. Ляжаць на баку. Ляжаць на спіне. Ляжаць ніцма. / У спалучэнні са словамі, якія раскрываюць прычыну ці стан такога становішча. Ляжаць у непрытомнасці. // Быць хворым, знаходзіцца ў пасцелі. Крушынскі захварэў на рак і ляжыць у ложку ўжо доўгі час. Бядуля. // (звычайна ў спалучэнні са словамі «ў зямлі», «у магіле» і пад.). Быць пахаваным.

2. Знаходзіцца, размяшчацца на якой‑н. паверхні нерухома (бакавой часткай, гарызантальна); проціл. стаяць (аб прадметах). Ляжаў пры дарозе вялікі камень. Хто ні ідзе, спыніцца каля яго, пасядзіць, адпачне, а то і падсілкуецца трохі. Якімовіч. Мяшок жыта ляжаў на зямлі каля самага ганку. Бядуля. Паабапал дарогі, у канавах, ляжалі спаленыя нямецкія танкі, разбітыя машыны, гарматы. Шамякін.

3. Пакрываць, ахутваць сабою што‑н. На платах пышнымі шапкамі ляжалі снягі. Скрыган. На траве, на пасевах ляжала густая раса. Шамякін. / Пра маршчыны, загар, румянец, і пад. На смуглявых шчоках у дзяўчыны ляжаў румянец. Гурскі. // перан. Са словамі «след», «клопат», «адбітак» і пад. азначае: быць прыкметным, адбівацца на чым-небудзь. На .. чыстым, бялявым тварыку ляжаў прыкметны клопат. Адамчык. На ўсіх рэчах у хаце ляжаў адбітак маладой свежай дбаласці. Васілевіч.

4. Змяшчацца, знаходзіцца дзе‑н. У пячурцы ляжаў .. [дзедаў] капшук з тытунём і крэсіва. Колас. // Захоўвацца дзе‑н. Грошы ляжаць у банку. // Не знаходзіць прымянення, быць без ужытку. Новае сіта на калочку вісіць, а старое пад лавай ляжыць. Прыказка.

5. Размяшчацца, займаць якую‑н. прастору; распасцірацца. Засценак Малінаўка ляжаў на поўдні былога Слуцкага павета, дзе канчалася поле і пачыналіся балоты Палесся. Чарнышэвіч. Злева ад вёскі аж да далёкага зубчастага лесу .. ляжала прасторнае поле. Шахавец.

6. Праходзіць, пралягаць; мець напрамак куды‑н. (пра дарогу і пад.). Дарога ляжала праз луг, а потым хавалася ў невялікім беразнячку. Гаўрылкін. Машына імкліва неслася і неслася наперад, і дарога перад ёю ляжала як страла. Б. Стральцоў. Далейшы шлях ляжаў на Смольню, да брата, Язэпа Міхайлавіча. Лужанін.

7. Быць укладзеным, надзетым тым ці іншым чынам. Валасы гладка ляжаць. □ Ваенная шапка ляжала на .. [дзядзькавай] галаве брылём на патыліцу. Капыловіч. // Размяшчацца на фігуры пэўным чынам (пра адзенне). Белы халат так зграбна ляжаў на .. [прафесары], як быццам гэта быў і не халат. Шахавец.

8. перан.; на кім. Быць чыім‑н. абавязкам. Камандзір палка заўсёды быў маўклівы і хмуры, бо адчуваў тую вялікую адказнасць, якая ляжала на ім. Чорны.

9. У спалучэнні са словамі «на душы», «на сэрцы», «на сумленні» азначае: быць прадметам затоеных турбот, пастаяннай трывогі, роздуму і пад. На душы ў .. [Малашкіна] ляжаў цяжар чагосьці нявырашанага. Пестрак.

•••

Душа (сэрца) не ляжыць да каго-чаго гл. душа.

Лежма ляжаць — доўга ляжаць.

Ляжаць аблогай — пра даўно не воранае, удзірванелае поле.

Ляжаць без задніх ног — не мець сілы паварушыцца (ад стомы і пад.).

Ляжаць мёртвым грузам — быць нявыкарыстаным, непатрэбным.

Ляжаць на баку (на печы) — нічога не рабіць, гультайнічаць.

Ляжаць пад сукном — заставацца без увагі, без разгляду (пра заяву, просьбу і пад.).

Ляжаць у аснове — з’яўляцца асновай, галоўным, зыходным элементам чаго‑н.

Ляжаць у руінах — быць разбураным.

Ляжаць як пласт (пластом) — ляжаць нерухома, не маючы сіл рухацца (пра хворага).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

збіць, саб’ю, саб’еш, саб’е; саб’ём, саб’яце; зак., каго-што.

1. Ударам, рэзкім рухам аддзяліць што‑н. ад чаго‑н., прымусіць адваліцца, зваліцца. Збіць снег з ботаў. Збіць попел з папяросы. □ Васіль знайшоў на антонаўцы пераспелы яблык, збіў яго. Гаўрылкін. Салдат штурхнуў яго ў бок, і толькі па версе галавы перабежчыка слізгануў кулак Сяргея Карагі і збіў шапку. Колас. // Патушыць (агонь, полымя). Самалёт загарэўся. Збіць агонь пікіраваннем не ўдалося. Матрунёнак. Вось вецер пайшоў на таполі І полымя збіў з верхавін. Кірэенка.

2. Ударам, штуршком паваліць, прымусіць упасці. Збіць з ног. □ Цімошка затрымаў дух, як бы над ім узнялі булаву, каб збіць яго адным махам. Колас. // Падстрэліўшы, падбіўшы на ляту, прымусіць упасці. Збіць самалёт. Збіць птушку.

3. Ударам, рэзкім рухам ссунуць, перамясціць каго‑, што‑н. з належнага месца. Музыка не спяшаючыся сеў, закінуў нагу на нагу, збіў на левае вуха шапку-вушанку, падміргнуў Пецю і шырока расцягнуў чырвоныя мяхі тальянкі. Сіняўскі. Сімен не паспеў адказаць: хлынуўшы натоўп збіў .. [яго і Рыгора] з месца і адапхнуў на некалькі крокаў назад. Гартны. // Ссунуўшы, парушыць правільнасць чаго‑н. Збіць прыцэл. // З боем адцясніць, выбіць адкуль‑н. Збіць ворага з пазіцыі. // Прымусіць сысці з правільнага напрамку. Збіць з курсу. Збіць з дарогі. □ Толік уважліва паглядзеў наперад. — Яны тут... Глядзі, сляды пасыпаюць нечым... — Гэта каб сабаку збіць са следу, — шэптам растлумачыў Васілёк. Зуб. // Прымусіць зрабіць што‑н. насуперак сваім намерам, меркаванням. — Ужо два тыдні дыхнуць [бацька] не дае — усё ўгаворвае мяне ісці ў прымы к Іллюкевічу. Усё думае — мяне тым саб’е, што там хутар багаты. Чорны.

4. Моцна пабіць, знявечыць пабоямі. Збіць да смерці. □ Усіх сялян [казакі] моцна збілі бізунамі. □ Ягору адсеклі правую руку, каб другі раз не чапаў панскага дабра. Скрыпка. Сварыўся .. [бацька] з людзьмі, і, мусіць, аднойчы збілі яго. Лужанін.

5. Ударамі сапсаваць, зрабіць непрыгодным. Збіць лязо. Збіць падковы. // Разм. Стаптаць, знасіць (абутак). Косцік за вясну збіў бацінкі. □ Валі туфлі цесныя зрабіліся. Васілевіч. // Разм. Здзерці, абадраць скуру аб што‑н. Збіць калена. □ [У Леаніда] шчыміць барада, дзе збіў скуру. Намацаць пальцамі, — здаецца, прыгаілася. Пташнікаў.

6. Прыбіць адно да другога, змацаваць адно з другім цвікамі. Збіць дошкі. □ Румам у нас называюць тое месца, куды вывозяць зімою калоды з лесу, каб вясною збіць іх у плыты і сплаўляць па рэчцы. Колас. // Зрабіць, вырабіць што‑н., прыбіваючы адну частку да другой. Збіць стол. Збіць скрынку.

7. Дамагчыся знікнення або рэзкага памяншэння чаго‑н. Збіць тэмпературу ў хворага. // Выклікаць зніжэнне, падзенне чаго‑н. Збіць цану. // перан. Разм. Прымусіць знізіць, зменшыць праяўленне чаго‑н. Старшыня добра ведаў вось такіх, раззлаваных, якія ішлі з яўным намерам пакрычаць, пасварыцца, і ўмеў улагодзіць іх ці хаця б збіць ваяўнічы запал. Шамякін.

8. Зблытаць, прымусіць памыліцца. Не заходзячы ў хату, [Аўгіння] заскочыла да Лукаша ў клуню і накрычала на яго, што ён, не святкуе і яе збіў і ўвёў у грэх. Колас. // Выклікаць замяшанне, прымусіць разгубіцца. — Пранюхваеш? — насмешліва спытаў Сяўрук з яўным разлікам збіць ціхага чалавека, не прывыкшага выступаць. Кулакоўскі. Гэтая абыякавасць Гардзея зусім збіла Насцю. Мележ.

9. Зблытаць, змяць (валасы, шэрсць і пад.). Замест ложкаў ці нараў у бараку ўздоўж сцяны была паслана салома. Яе збілі, перацерлі на мякіну. Якімовіч. // Палажыць, паблытаць, стаптаць (аб пасевах). Летась град збіў жыта. Васілевіч.

10. Прыгатаваць што‑н., узбіваючы, узбоўтваючы. Збіць масла. Збіць мус.

11. Разм. Б’ючы, таўкучы, зрабіць што‑н. глінабітнае. Збіць печ. Збіць сцяну.

•••

Збіць гонар — прымусіць каго‑н. не задавацца.

Збіць з (правільнай) дарогі — прымусіць адступіць ад правільных думак, меркаванняў; штурхнуць на што‑н. нядобрае.

Збіць з панталыку (з толку, з тропу) — а) выклікаць замяшанне, заблытаць; б) тое, што і збіць з дарогі.

Збіць (зрэзаць) на горкі яблык — моцна пабіць, адсцябаць.

Ногі збіць — тое, што і ногі адбіць (гл. адбіць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дык, часціца.

1. Ужываецца ў пачатку пытальных і клічных сказаў, якія указваюць на вывады або падводзяць вынікі таго, аб чым гаварылася раней. — Дык як, Іван Данілавіч, з гэтым чалавекам? — спытаў Галаўня і з ледзь прыкметнай усмешкай дадаў: — Я думаю, няхай застаецца ў тваёй брыгадзе. Гроднеў. — Дык вось. Вера ў партыю дапамагла народу правільна разабрацца ў тых падзеях. Шыцік. / У рэпліках, якія ўзнаўляюць пачатую гутарку ці вяртаюць яе да якой‑н. тэмы. — Ну, брат Грышка, дык я еду!.. Колас. — А пра галоўнае дык ты і не пытаешся, браток. Брыль.

2. Ужываецца ў пачатку сказаў, якія ўказваюць на вынік, што выцякае са зместу папярэдніх сказаў; адпавядае па значэнню: у такім выпадку, тады. — Дзе ён? — Няма. — Дык знайсці яго. // Ужываецца ў якасці суадноснага слова ў складаназалежных сказах з даданымі часу, умовы, мэты, уступальнымі. Калі вяртаўся Лёня дамоў, дык на вуліцы, на зялёных прысядзібных участках.. займаўся дзень. Кулакоўскі. [Лютынскі:] Як толькі змеркнецца, дык ты праз акно ды ў жыта. А там — сцежкі табе вядомыя. Крапіва. — Калі любіш, дык любі, А не любіш адкажы! Танк. — Што б ні сказаў ты, браце мой, дык усё роўна мяне не здзівіш. Не тое бачылі. Зарэцкі. / У бяззлучнікавых умоўных сказах паміж аднолькавымі словамі. Працаваць, дык працаваць. Ну што ж, ісці, дык ісці.

3. Падкрэслівае наяўнасць выключных якасцей, асаблівасцей, уласцівых каму‑, чаму‑н. (звычайна пры паўтарэнні азначаемага слова). Вось будзе штука вам, дык штука! Колас. Вот зрабіў, дык зрабіў. Гартны.

4. Ужываецца пры проціпастаўленні або супастаўленні, каб вылучыць слова, якое проціпастаўляецца. — Машыне і той добры шафёр дае астыць трохі, а ты нават... — Дык то ж машына, а ты чалавек. Пальчэўскі. // Узмацняе слова або групу слоў, да якіх адносіцца. На Вайнера лічба не зрабіла ўражання, а вось перакладчык дык заікаўся, калі называў яе маёру на нямецкай мове. Шахавец. Нешта сёння ў Агаты Лямпа весела гарыць, А людзей дык поўна хата, — Так як дзверы зачыніць. Крапіва. Хто баіцца, Юрка Іванавіч, — гаворыць Шарэйка, — дык той заявы не пісаў. Брыль.

5. у значэнні выніковага злучніка. Ужываецца для сувязі сказаў з прычынна-выніковымі адносінамі. — У нас тут няма камуністаў, дык за ўсё павінны адказваць мы, камсамольская арганізацыя. Кулакоўскі. / Злучае сказы з умоўна-выніковымі адносінамі; дзеянне другой часткі такіх сказаў ажыццяўляецца пры ўмове, аб якой гаворыцца ў першай частцы. — Ты не панясеш, дык я занясу, — цвёрда сказала Ларыса. Кулакоўскі. [Насця:] Самому трэба сумленна рабіць, дык і станок лепшы будзе. Крапіва.

6. у значэнні супраціўнага злучніка. Ужываецца для сувязі процілеглых сказаў з узаемным выключэннем; па значэнню адпавядае злучнікам «але», «а». Была адна надзея, дык і тая сёння прапала. Пестрак. — Сцёпка, ведаю, не адмовіўся б, дык ён у лес ходзіць у заработкі. Крапіва. — Дай.. [каню] вады. — Даваў. Дык ён адно губы памачыў. Чорны. // Злучае сказы, змест адной часткі якіх не адпавядае таму, што павінна адбыцца з пункту погляду гаворачай асобы; па значэнню адпавядае злучнікам «аднак», «але». Пара б і вучыцца, Дык школы няма. Колас. Хацеў выспацца, дык не даюць. Чорны.

7. у значэнні далучальнага злучніка. Далучае сказы з нечаканымі або непрадбачанымі падзеямі. — Я прачнуўся — дык таты няма ў хаце. Чорны. // Далучае сказы, якія ўказваюць на вывад, заключэнне ў сувязі з выказанай раней думкай. Скрыпка — хлеб твой і апора, Дык шануй яе, мой сын! Колас. — Час зараз такі, што сакратара выбраць нельга, дык вось я цябе прызначаю сакратаром гэтай арганізацыі. Шамякін. // Разам з часціцай «яшчэ» далучае сказы з дадатковымі паведамленнямі. — Мілы ты мой друг! Мала таго, што твая галава міністэрская, дык ты яшчэ і чараўнік, — натхнёна прамовіў Лабановіч. Колас. // Далучае сказы з дадатковымі звесткамі, якія абмяжоўваюць папярэднія думкі. — Цяпер тут, значыцца, амбулаторыя? Дык нешта ж шыльды яшчэ не відаць. Брыль.

•••

А не дык гл. а ​2.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сы́паць, ‑плю, ‑плеш, ‑пле; заг. сып; незак.

1. што. Прымушаць падаць куды‑н., паступова выпускаючы (што‑н. сыпкае ці дробнае). Сыпаць соль у кашу. Сыпаць збожжа ў мяшок. □ [Данік] сыпаў ім крошкі хлеба, і, здавалася, рыбкі ядуць. Брыль. — Сып на зямлю, я ўсё падбяру! — крычаў Мірон. Маўр. Яніна падстаўляе насоўку, і Леснічыха штосьці сыпле ёй у насоўку з паперкі. Козел. // Асыпаць. Прамоклыя наскрозь дрэвы сыпалі на бліскучы асфальт, на рабыя лужыны вялае парыжэлае лісце. Адамчык. Бічы кладуцца так рытмічна, Само гудзенне іх музычна; Снапы не ўлежаць, скачуць самі І сыплюць жыта пад бічамі. Колас.

2. што. Рабіць, узводзіць з якога‑н. сыпкага матэрыялу. Насып сыпалі высокі Па-над Днепрам сінім, Каб відаць было далёка Па ўсёй Украіне. Купала. [Загадчык клуба:] — Гэта шафёры з суседняга раёна... Дарогу тут сыпалі. Нядзведскі. // Засыпаць для захоўвання што‑н. сыпкае. Да ям з вёскі не было дарогі, да іх пад’язджалі кожны раз полем, калі вазілі ўвосень сыпаць бульбу і ездзілі даставаць вясной. Пташнікаў.

3. што, чым і без дап. Кідаць, раскідваць (што‑н. сыпкае, дробнае). Сухое вецце хвоі патрэсквала ў полымі і сыпала ўгору снапы іскраў. Лынькоў. Пілы, туга нацягнутыя ў раме, скачуць і скачуць з прысвістам, грызуць сасну і сыплюць фантанчыкам белае пілавінне. Дуброўскі. Вецер насіў па вуліцах абрыўкі газет і папер, сыпаў пяском у вочы. Навуменка. / у перан. ужыв. Зрэнкі .. [Ігналя] пачалі іскры сыпаць, як у дзікага затраўленага звера. Бядуля. / Пра частыя, дробныя гукі. Чыстым срэбрам сыплюць у празрыстых гаях пеначкі. Ігнаценка. / Пра святло сонца, месяца. Вясновае сонца сыпала на зямлю золата промняў. Сабаленка. Поўнае начное свяціла стаяла над садам і шчодра сыпала сіняе срэбра ўніз. Хомчанка.

4. Ісці, падаць (пра дробны, часты снег, дождж). Дробны дождж ціха сыпаў з цёмнага вячэрняга неба. Ваданосаў. Сыпаў снег, густы, калючы, ды мацней свістаў вецер. Алешка.

5. перан.; што, чым. Пасылаць, накіроўваць на каго‑н. у вялікай колькасці; шчодра надзяляць чым‑н.; асыпаць. Сыпаць удары. □ — Здалося нам, Што вораг сыпаў Вакол фугасам і свінцом. І. Калеснік.

6. перан.; што, чым і без дап. Разм. Гаварыць, вымаўляць што‑н. хутка, бесперапынна, адно за адным. Сыпаць лічбамі. □ [Лёнька] знарок сыпаў такімі тэхнічнымі тэрмінамі, што наўрад ці зразумеў хто яго тлумачэнні. Пянкрат. Жонка .. сыпала на .. [Тамаша] ўвесь запас лаянак, які толькі ведала. Бядуля. [Пан] увесь час сыпаў тупыя жарты і танныя досціпы. Машара. — Вечар добры, вечар зорны, дарагія мае землякі! — сыпаў .. [Язэп] ледзьве не ў рыфму. Кавалёў.

7. перан.; што. Разм. Рабіць што‑н., звязанае з частымі ўдарамі, хуткім бесперапынным рухам. Жар факстрот! Сып чарльстон На раялі ў трыццаць тон! Крапіва.

8. перан. Разм. Імкліва бегчы, ісці, ехаць. Зіма. Грудам сыплюць па вуліцы хлопчыкі. Гарэцкі. [Конюх:] — Плугі і пастронкі на возе. Там жа і пута. Запрагай і сып. Шчаслівай дарогі! Якімовіч.

9. каго-што і без дап. Разм. Выдаваць каго‑н., расказваць пра што‑н. сакрэтнае. [Гэля:] — Павел!.. Я іначай не магла... Арыштавалі Гадлеўскага з мясакамбіната. Ён сыпле ўсіх, з кім быў звязан... Навуменка. [Аляксей:] — Чуваць, што Казючок сыпле ў дэфензіве. Пестрак.

10. каго-што. Разм. Даваць прыплод у вялікай колькасці, несці яйкі і пад. [Мар’я:] — На развод — куры трэба... Вунь у мяне рабая ёсць, самая нясучая. І зімой яйкі будзе сыпаць... Паўлаў.

•••

Сыпаць бісер перад свіннямі — дарэмна гаварыць аб чым‑н. ці даказваць што‑н. таму, хто не здольны або не хоча зразумець гэта.

Сыпаць макам — а) пісаць дробнымі літарамі; б) дробна скакаць, танцаваць; в) гаварыць вельмі хутка.

Сыпаць соль на раны — рабіць каму‑н. балюча, хваляваць, засмучаць каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

МАРДО́ВІЯ, Рэспубліка Мардовія,

у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 26,2 тыс. км². Нас. 950 тыс. чал. (1997), гарадскога 59%. Сярэдняя шчыльнасць 36,3 чал. на 1 км². Жывуць мардва (групы эрзя і мокша, 32,5%), рускія (60,8%), татары (4,9%), украінцы (0,7%), беларусы (0,2%) і інш. Сталіца — г. Саранск. Найб. гарады: Рузаеўка, Кавылкіна, Краснаслабодск, Ардатаў.

Прырода. Размешчана на У Усходне-Еўрап. раўніны. На З Окска-Данская раўніна з акумулятыўнымі формамі рэльефу, на ПдУ Прыволжскае ўзв. (выш. да 322 м), парэзанае сеткай яроў і лагчын. Карысныя выкапні: мергель, фасфарыты, даламіты, вапнякі, мел, гліны, кварцавы пясок і інш. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -11 °C, ліп. 19 °C. Гадавая колькасць ападкаў 420—525 мм. Гал. рэкі: Мокша (з прытокамі Вад, Саціс, Сівінь, Іса) і Сура з прытокам Алатыр. Глебы чарназёмныя (на З ападзоленыя, на У вышчалачаныя), шэрыя лясныя, дзярнова-падзолістыя, па далінах рэк алювіяльныя і тарфяна-балотныя. Лясы займаюць 24% тэрыторыі (дуб, хвоя, бяроза, ліпа, асіна). На Пд стэпавыя ўчасткі, поўнасцю разараныя. З жывёл пашыраны воўк, лось, барсук, бабёр, мядзведзь, дзік, ліс, зайцы русак і бяляк, з птушак — цецярук, шэрая курапатка, глушэц. Мардоўскі запаведнік.

Гісторыя. Чалавек на тэр. М. вядомы з мезаліту (8—5-е тыс. да н.э.). У неаліце (5—3-е тыс. да н.э.) тут жылі плямёны волга-камскай і балахнінскай культур. У 1-м тыс. н.э. першабытна-абшчынны лад распадаўся, складвалася абшчына, узніклі этн. асаблівасці мардоўскіх плямён эрзя і мокша. Першая пісьмовая згадка пра плямёны з агульнай назвай мардва датуецца 6 ст. На мяжы 1—2-га тыс. пачалося фарміраванне феад. адносін. У 11—12 ст. мардва паступова ўключалася ў паліт. і эканам. жыццё Стараж. Русі, у пач. 13 ст. частка яе зямель уваходзіла ў склад Разанскага і Ніжагародскага княстваў. У выніку Мангольскіх заваяванняў б.ч. зямель М. ўвайшла ў склад Залатой Арды, а з 1348 — Казанскага ханства. Мардоўскія атрады ўдзельнічалі на баку рус. войск у Кулікоўскай бітве 1380. Пасля ліквідацыі Казанскага ханства (1552) мардоўскія плямёны прызналі ўладу рас. цара. Вялікадзярж. палітыка царызму выяўлялася ў прымусовым увядзенні праваслаўя. З 17 ст. буйным цэнтрам рамяства і гандлю становіцца г. Саранск (засн. ў 1641). Насельніцтва М. ўдзельнічала ў сял. войнах пад кіраўніцтвам С.​Разіна (1670—71) і Е.​Пугачова (1773—75). З 1796 тэр. М. ўваходзіла пераважна ў склад Пензенскай, Тамбоўскай і Сімбірскай губерняў. У вайну 1812 каля 50 тыс. чал. з ліку насельніцтва М. былі залічаны ў апалчэнне, Саранскі і Інсарскі палкі ўдзельнічалі ў замежных паходах рас. арміі 1813—14. У выніку рэформы 1861 сяляне страцілі лепшыя ворныя землі, беззямельныя сяляне масава перасяляліся ў Сібір і Казахстан. У 1890-я г. праз тэр. М. пракладзены чыгункі, але край заставаўся пераважна аграрным са слаба развітой прам-сцю. У рэвалюцыю 1905—07 на станцыі Рузаеўка ў снеж. 1905 адбылося паўстанне чыг. рабочых і існавала «Рузаеўская рэспубліка». Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 у М. ўзніклі Саветы. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 улада да вясны 1918 належала меншавікам і эсэрам, потым перайшла да бальшавікоў. З-за вял. рассейвання мардвы нац.-дзярж. будаўніцтва ў М. зацягнулася.

У 1928 у складзе Сярэдняволжскай вобл. РСФСР вылучана Мардоўская нац. акруга, якая 10.1.1930 пераўтворана ў Мардоўскую аўт. вобл., а 20.12.1934 — у Мардоўскую Аўт. Сав. Сацыяліст. Рэспубліку. На тэр. М. з 1930-х г. існавалі лагеры прымусовай працы. Шмат мардвы пражывала па-за межамі М. (агульная колькасць у 1979 у СССР 1154 тыс.). У снеж. 1990 Вярх. Савет М. прыняў дэкларацыю аб дзярж.-прававым суверэнітэце рэспублікі ў складзе Расіі. У 1991 уведзена пасада прэзідэнта. 31.3.1992 М. разам з інш. рэспублікамі падпісала федэратыўны дагавор з Расіяй. З 1994 афіц. назва — Рэспубліка Мардовія.

Гаспадарка. Структура валавой прадукцыі прам-сці (%): машынабудаванне і металаапрацоўка — 39., электраэнергетыка — 14, харчовая — 18, хімічная — 8, буд. матэрыялаў — 8 і інш. Маш.-буд. прадпрыемствы вырабляюць электралямпы (291 млн. шт., 50% ад аб’ёму вытв-сці Расіі, 1996), электравакуумныя прыборы, электрабранякабель, экскаватары, трактарныя прычэпы, грузавыя вагоны, веласіпеды, электрасокавыціскалкі, металаапр. інструмент, хім. і мед. абсталяванне. Металаапрацоўка прадстаўлена вытв-сцю вузлоў і дэталей для аўтамаб. прам-сці (Саранск, Рузаеўка, Кавылкіна, Ардатаў, Ацяшава).

Вытв-сць электраэнергіі пераважна на ЦЭЦ. Хім. (вытв-сць сінт. смол, гумава-тэхн. вырабаў) і мед. (лек. прэпараты, мікрабіял. кармавыя бялкі) прам-сць у Саранску, Рузаеўцы. Вытв-сць буд. матэрыялаў (цэмент — 873 тыс. т, шыфер, цэгла, сілікатныя і азбестацэментавыя блокі) у Чамзінцы, Цемнікаве, Кавылкіне, Камсамольскім і інш. Прадпрыемствы лёгкай прам-сці ў Рузаеўцы, Інсары, Краснаслабодску, Саранску і інш. Развіта харч. прам-сць (масларобная, мясная, цукр., мукамольная, кансервавая). Лесапілаванне і вытв-сць мэблі (Саранск, Кемля), дрэваапр. (Кавылкіна, Ардатаў, Зубава Паляна), папяровая (Цемнікаў) прам-сць. Пашыраны саматужныя промыслы (вышыўка, разьба па дрэве, метал. ўпрыгожанні). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжа і малочна-мясной жывёлагадоўлі. С.-г. ўгоддзі займаюць 1670 тыс. га, у т. л. ворныя землі 1235 тыс. га. Доля раслінаводства ў валавой с.-г. прадукцыі 39%, жывёлагадоўлі 61%. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, жыта, ячмень, грэчка), тэхн. (цукр. буракі, сланечнік, махорка, каноплі) і кармавыя культуры. М. — буйны вытворца бульбы і пастаўшчык яе ў суседнія вобласці. Агародніцтва. Садоўніцтва. Збор (тыс. т, 1997) збожжа — 474,8, бульбы — 584,9, агародніны — 71,1. Пагалоўе (тыс. галоў, 1998) буйн. раг. жывёлы 382,7, свіней 168,8, авечак і коз 102,4. Птушкагадоўля. Пчалярства. Вытв-сць (1997) малака — 461,7 тыс. т, мяса — 59,8 тыс. т, яец — 244,9 млн. шт. Развіты чыг. і аўтамаб. транспарт. Даўж. чыгунак 543 км. Тэрыторыю М. з 3 на У перасякае электрыфікаваная чыгунка Масква—Самара, з Пн на Пд — Ніжні Ноўгарад—Пенза, на У Красны Вузел—Казань. Даўж. аўтадарог 6,6 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 5,6 тыс. км (1997). М. звязана аўтадарогамі з Масквой, Ноўгарадам, Ульянаўскам, Пензай. Аэрапорт у г. Саранск. Рэспубліка пастаўляе ў інш. раёны Расіі і за мяжу прадукцыю машынабудавання, цэмент, шыфер, мед. прэпараты, цукар, бульбу; завозіць паліва, металы, лес, тавары лёгкай і харч. прам-сці.

Літаратура. М. развіваецца на макшанскай і эрзянскай мовах. Першыя творы мардоўскіх пісьменнікаў (З.​Дарафееў, Ф.​Завалішын) апублікаваны ў 1912 на рус. мове. У 1920-я г. — перыяд станаўлення розных жанраў: верша, апавядання, нарыса, драмы і інш. (творы М.​Безбародава, Ф.​Бяздольнага, А.​Дарагойчанкі, Дз.​Марскога, Ф.​Часнакова і інш.). Выйшлі калектыўныя зб-кі «Светлы шлях» (1928, на макшанскай мове) і «Першыя іскры» (1929, на эрзянскай мове). У 1930—40-я г. важную ролю ў развіцці нац. паэзіі адыгралі Безбародаў (паэмы «Казка-быль», 1930; «За волю», 1935), Я.​Грыгошын (зб-кі «Песні новай вёскі», 1931; «Новая сіла», 1933; «Па калгасных палях», 1934), А.​Мора (зб-кі «Гул грому», 1931; «Шырэй дарогу», 1932; «Мой шлях», 1934), Н.​Эркай (зб. «Зямля абнавілася», 1932), П.​Кірылаў (гіст. драма «Літова», 1940, лібрэта першай муз. драмы Л.​Кірукова); у прозе вызначаліся Ц.​Раптанаў (раман «Пад Чыхан-гарой», 1934), В.​Каламасаў (аповесць «Яхім Лаўгінаў», 1936), А.​Куторкін (раман «Чорны слуп», 1934), П.​Ляўчаеў (зб-кі «Злосць», 1935; «Апавяданні», 1936); у драматургіі — К.​Пятрова, Каламасаў і інш. Пачала развівацца дзіцячая л-ра. Вядучы жанр паэзіі Вял. Айч. вайны — верш. У пасляваен. перыяд пашырыліся абсягі прозы і паэзіі, развіваліся літ. крытыка і літ.-знаўства. Асэнсаванне гісторыі і сучаснасці — тэмы раманаў Ц.​Кірдзяшкіна «Шырокая Мокша» (1953), І.​Антонава «У сям’і адзінай» (1954), А.​Лук’янава «Светлы шлях» (т. 1—2, 1955—58), К.Абрамава «Найман» (1957—64), М.​Бябана «Вясеннія птушкі» (1959), Куторкіна «Яблыня каля гасцінца» (вершаваны, 1958), С.​Ларыёнава, М.​Кяшкіна, М.​Сайгіна; у паэзіі — Эркая, С.​Вячканава, І.​Дзевіна і інш. Л-ра сучаснай М. адметная надзённасцю тэматыкі і праблематыкі, шматжанравасцю і маштабнасцю: п’есы Антонава, Каламасава, Г.​Мяркушкіна, раманы Абрамава, вершаваныя аповесці Ф.​Ацяніна, А.​Мартынава, Моры, паэмы Вячканава, Дзевіна, А.​Малькіна, П.​Таропкіна, А.​Цяпаева і інш. У 1934 створаны Саюз пісьменнікаў М. На бел. мову перакладзены асобныя творы Эркая, А.​Косава (перакладчыкі М.​Калачынскі, У.​Скарынкін), на мардоўскую мову (эрзя мову) — верш Я.​Купалы «А хто там ідзе?» (перакладчык І.​Калінкін).

Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. М. знойдзены багата арнаментаваны посуд эпохі бронзы. У эпоху ранняга жалеза паявіліся ўмацаваныя паселішчы (Ош-Пандо ў даліне р. Сура). У могільніках 9—11 ст. выяўлены бронзавыя нагрудныя ажурныя бляхі, падвескі з «качынымі лапкамі», засцежкі-«сюльгамо» з геам. і расл. узорам. Забудова старых паселішчаў гнездавая, з 18 ст. — вулічная. Дэталі сял. хат аздаблялі глухой, барэльефнай ці ажурнай (прапілаванай) разьбой, у якой спалучаліся геам. і расл. матывы, стылізаваныя выявы чалавека, звяроў і птушак. У 17 ст. як умацаваныя пункты ўзніклі гарады Саранск, Інсар, Краснаслабодск і інш., у 18—19 ст. у іх будавалі дамы і цэрквы на ўзор рускіх. Сярод помнікаў драўлянага дойлідства 19 ст. — пяцікупальная царква ў в. Жураўкіна, якая вызначаецца складанасцю арх. форм і багатым разным дэкорам. З пач. 20 ст. гарады забудоўваліся паводле генпланаў. Старая ч. Саранска рэканструявана, узведзены жылыя і грамадскія будынкі (Дом Саветаў, 1940, арх. І.​А.​Меерзон; Музей выяўл. мастацтва, 1976, арх. В.​І.​Барысаў). У станаўленні выяўл. мастацтва М. важную ролю адыгралі рус. мастакі К.​А.​Макараў (у 2-й чвэрці 19 ст. стварыў жывапісную школу ў Саранску) і Ф.​В.​Сычкоў. У пач. 20 ст. атрымалі вядомасць работы скульпт. С.​Дз.Эрзі (Няфёдава). З 1970-х г. у галіне тэматычнай карціны працуюць В.​А.​Панкоў, А.​А.​Радыёнаў, І.​І.​Сядзельнікаў, В.​Дз.​Хрымаў, партрэта — У.​Дз.​Ілюхін, Я.​А.​Наздрын, пейзажа — В.​А.​Бядноў, А.​А.​Мухін, В.​А.​Петрашоў, скульптуры — М.​М.​Абухаў, графікі — А.​І.​Каровін, М.​С.​Макушкін, Л.​С.​Трамбачэўская-Шаніна. Традыц. нар. рамёствы — ювелірнае мастацтва, вышыўка (найб. пашырана), узорыстае ткацтва, шыццё бісерам, маст. апрацоўка дрэва, ліццё і інш. У 1935 засн. Саюз мастакоў М.

Музыка. Муз. фальклор М. мае развітыя формы вак. і інстр. музыкі. Найб. стараж. нар. песні — земляробчыя (калядкі, вяснянкі) і сямейна-абрадавыя, якія характарызуюцца вузкааб’ёмнай мелодыкай, унісоннай і гетэрафоннай формамі сумесных спеваў. Музыка М. адметная распеўнасцю, варыяцыйным развіццём, ладавай пераменнасцю, рысамі поліфанічнага складу. У эпічных і лірычных песнях пашырана шматгалоссе, развіты калектыўнае і сольнае выкананне, часта з суправаджэннем. Сярод нар. інструментаў: духавыя нюдзі (падвойны кларнет), фам (дуда), вяшкома (свістковая флейта), кевень тутушка (пустацелая свістулька); струнныя — гарзе (скрыпка), балалайка; ударныя — шавома (драўляны барабан), кальдэрма (бразготка), кальцаемат (разнавіднасць ксілафона), пайганят (званочкі), куцюфт (лыжкі); гармонік. Пашыраны інстр. ансамблі. На станаўленне прафес. культуры М. паўплывалі рас. музыканты В.​Сярова, Б.​Трошын, М.​Душскі. Сярод прадстаўнікоў муз. культуры М.: заснавальнік прафес. кампазітарскай школы Л.​Кірукоў (муз. драма «Літова», 1943; оперы «Несмяян і Ламзур», 1944; «Нармальня», 1962; хары, песні, інстр. п’есы і інш.), аўтар і выканаўца ўласных твораў на балалайцы Л.​Воінаў, Г.​Сураеў-Каралёў, Г.​Удовін, Н.​Кошалева, М.​Міцін; дырыжор М.​Фралоўскі; спевакі Р.​Бяспалава, М.​Антонава, А.​Кулікова, В.​Кіушкін, Дз.​Ерамееў, І.​Яўшаў і інш. У М. працуюць (1999): Т-р муз. камедыі (з 1969), ансамбль песні і танца «Умарына», філармонія (з 1979), фалькл. ансамбль «Келу» (з 1963). Муз. вучылішча, муз. школы. У 1955 створана аб’яднанне кампазітараў Мардоўскай АССР, з 1982 Саюз кампазітараў М.

Тэатр. Вытокі нар. тэатр. мастацтва ў нар. абрадах і гульнях. З пач. 20 ст. ствараліся самадзейныя тэатр. калектывы. У пач. 1930-х г. узніклі калг.-саўгасныя тэатры. У 1930 у Саранску арганізавана Мардоўская муз.-драм. студыя, рэарганізаваная ў 1932 у Мардоўскі драм., у 1959 — муз.-драм., у 1969 — драм. т-р. Пад маст. кіраўніцтвам Маскоўскага Малога т-ра (1935—38) у ім пастаўлены п’есы А.​Астроўскага, М.​Гогаля і інш. З канца 1950 ставяцца творы мардоўскіх драматургаў, рус. і замежная класіка. З 1935 у Саранску працуе тэатр лялек. Сярод тэатр. дзеячаў А.​Аржадзеева, В.​Далгоў, Н.​Іваноў, С.​Калганаў, І.​Кудзелькіна, Г.​Мялехін і інш.

Літ.:

История мордовской советской литературы. Т. 1—2. Саранск, 1968—71;

Кирюшкин Б.Е. Мордовский советский роман. Саранск, 1965;

Бояркин Н.И. Мордовское народное музыкальное искусство. Саранск, 1983;

Яго ж. Становление мордовской профессиональной музыки. Саранск, 1986;

Памятники мордовского народного музыкального искусства. Т. 1. Саранск, 1981.

Г.​С.​Смалякоў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), І.​А.​Літвіноўскі (гісторыя).

Да арт. Мардовія. Мардоўскі запаведнік.
Да арт. Мардовія. Рака Сура.

т. 10, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Кало́да 1 ’кароткае тоўстае бервяно; абрубак тоўстага бервяна, прыстасаваны для якіх-н. гаспадарчых або бытавых патрэб’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп., Нас., Нік., Радч., Сержп., Сержп. Прымхі, Сцяшк., Федар., Шат., Шатал., Яруш.). У дыялектных слоўніках таксама ўдакладненні семантыкі: ’бервяно, якое вісіць ніжэй вулля на дрэве і не дае мядзведзям разбурыць пчаліную сям’ю’ (Анох.), ’каток, якім прыкатваюць пасевы’ (Касп.), ’дзесяцівяршковая плаха ў прыстасаванні’ (Нік. Очерки), ’кусок тоўстага палена, які прывязваецца на канцы жураўля’ (Шатал.), ’кароткае тоўстае бервяно’ (Сл. паўн.-зах., ТС), магчыма, сюды неабходна аднесці і колода ’сядзенне для малых дзяцей, якія не ўмеюць хадзіць’ (ТС, апісанне рэаліі адсутнічае, сувязь з калода 1 бясспрэчная). Далей сюды дэмінутыў калодка ’абрубак бервяна і да т. п.’ (БРС, ТСБМ, Бяльк.; воран. З нар. сл.; Касп., Кліх., Нас., Нік. Очерки, Радч., Сержп. Грам., Сержп. Прымхі, Яруш.), ’драўляная падстаўка для кавадла’ (зах.-бел., Нар. словатв.), ’адрэзак бервяна для гаспадарчай патрэбы’ (Сл. паўн.-зах., Ян.), ’апорны слуп’ (Сл. паўн.-зах.), ’нерасшчэплены кругляк дроў’ (там жа). Укр. колода ’калода, бервяно’, гуц. ’тоўсты брусок у прыстасаванні для расцягвання скуры’, бойк. ’калода з гнілой сярэдзінай’, укр. колодка ’абрубак бервяна’, рус. колода ’абрубак бервяна і інш.’, дыял. яшчэ і ’ствол старога дрэва, якое гніе на дне ракі, возера, балота’, ’намоклы абрубак дрэва на дне ракі’, ’вялікі пень’, ’драўляны каток для абмалоту збожжа’, ’сельскагаспадарчая прылада’ і мн. іншыя, польск. kłoda ’калода, бервяно’ і інш., в.-луж., н.-луж. kłoda ’калода, бервяно’ і інш., чэш. klȁda ’тс’, славац. klada ’тс’, славен. kláda ’калода і інш.’, серб.-харв. клада ’тс’, макед. клада, балг. дыял. клада ’тс’. Больш падрабязна аб фіксацыях лексікі і слав. семемах гл. ніжэй. Узнаўляецца прасл. kolda, дэрыват ад *kolti ’калоць’, семантыка ў немалой ступені рэканструюецца на базе этымалогіі, паводле якой слав. слова находзіць з і.-е. *kel‑/*kol‑ ’дзяўбці’. Прасл. значэнне ўзнаўляецца як ’што-н. расшчэпленае, абчасанае’, ’абрубак дрэва, калода’, параўн. Слаўскі, 2, 259. З і.-е. адпаведнікаў можна прывесці ст.-грэч. κλάδος ’галіна, атожылак дрэва’, ст.-ісл. holt ’дрэва, лясок’, ням. Holz ’дрэва’ і інш., с.-ірл. caill ’лес’, кімр. celli (кельц. *kaldī), параўн. іншыя адпаведнікі пад *kel‑, *kel‑, *klā‑ у Покарнага, 546. Да прасл. семантыкі параўн. яшчэ Трубачоў, Ремесл. терм., 159.

Кало́да 2 ’вулей, зроблены з камля дуплістага дрэва’ (БРС, ТСБМ, Анох., віл., ашм., іўеў., З нар. сл., Касп.; слаўг., Нар. сл.; Нас., Сержп. Грам., Сцяшк., Федар. 1, Шат.), сюды ж калодны вулей (Мат. Гом.). Сл. паўн.-зах. адзначае слова з паметамі вільн. і віл.; кало́да ’вуллё’ (ТС). У Янковай колодка ’від вулля’. Сюды далей і празрысты перанос калода ’сям’я пчол’ (слаўг., Нар. сл.), калодка ’тс’ (вор., З нар. сл.). Сл. паўн.-зах. (ганц., віл.) адзначае калода’ сям’я пчол, адзінка пры лічэнні сем’яў пчол’, калодка ’вулей’. Укр. колода ’вулей’, колодка ’тс’, усх.-пал. колуодка ’вулей-дуплянка’, рус. кур., свярдл. і інш. колодка ’вулей у дупле дрэва, борць’; дакладнасць рус. адпаведнікаў не вельмі высокая. Магчыма, бел.-укр. інавацыя, да калода 1, матывацыя назвы празрыстая. Не выключана, што цесна суадносіцца з польск. kłoda ’бочка’ і да т. п. утварэннямі.

Кало́да 3 ’частка красён, навой’ (Касп.; рас., Шатал.), калоды, калодка ’тс’ (Нік.). Сл. паўн.-зах. падае гэтае слова з бел. гаворак на тэрыторыі Латвіі. Апрача бел., адзначаюцца ў іншых слав. мовах: рус. пск., асташк., цвяр., наўг., валаг., калін., маск. і інш. колода ’задні навой’. Здаецца, бел. слова нельга лічыць архаізмам у адносінах да бел. тэрыторыі, паколькі кампактны арэал бел. калода ’навой’ нельга аддзяліць ад рус. фіксацыі Апрача ўсх.-слав., звяртае на сябе ўвагу балг. дыял. клада ’любое з дзвюх асноўных бакавых станін у кроснах’, што паводле семантычнага крытэрыю нельга лічыць адпаведным да бел. Відаць, інавацыя ў паўн. бел. і адпаведных рус. гаворках. Трубачоў (Ремесл. терм., 130) адзначаў, што большасць слав. назваў навоя толькі другасна рэквізавана з іншых пластоў лексікі, аднак тыпалагічна найбольш старажытная стыхія адзначаецца ў бел. калодка, што, магчыма, своеасаблівае мясцовае вяртанне да найбольш простага (і, відаць, найбольш даўняга) спосабу намінацыі. Неабходна дадаць, што паводле структуры калодка з’яўляецца дэрыватам ад калоды, якое і неабходна разглядаць у плане прапанаванай Трубачовым версіі аб старажытным тэрміне для навоя.

Кало́да 4 ’калодзеж’ (Федар., 6). Параўн. ілюстрацыю ў Федароўскага, 6, 168: «Пашла дзеўка па воду, уваліласе ў калоду». Статус бел. слова не вельмі ясны — архаізм?, інавацыя? або тут калька? Значэнне бел. слова вельмі цікавае ў плане дыскусіі адносна паходжання слав. назвы студні (гл. калодзеж). Звяртае таксама на сябе ўвагу семантычны адпаведнік — літ. šulinỹs ’студня’ (< šulas, сярод значэнняў якога ёсць і ’слуп, падстаўка’). Ці не калька? Аднак па спосабу утварэння літ. слова іншае, аб матывацыі назваў можна толькі здагадвацца (апісання бел. рэаліі няма, матывацыя літ. слова можа быць рознай). Этымалагічна да калода 1 (гл.). Да магчымай гісторыі рэаліі параўн. ст.-рус. з канца XVI ст. колода варничная ’выдзеўбаная калода, якая замяняе зруб у саляным калодзежы’.

Кало́да 5 ’мера збожжа’ (Нас.). Іншых фактаў з бел. гаворак няма. Лексема адзначаецца Карскім у ст.-бел. мове, аднак не вельмі ясна, як суадносіцца яна з больш новымі фактамі. Укр. бойк. колода ’мера збожжа’, магчыма, далей сюды неабходна аднесці і ст.-рус. колода, для якога мяркуецца значэнне ’мера’. Сразнеўскі падае гэта слова без тлумачэння, у той час як Сл. XI–XVII стст. дае дэфініцыю ’кадзь, кадка, выдзеўбаная з кавалка дрэва’. Ілюстрацыя («Перцю же выходила колода безо князя, а пры князи Г колоды на неделю, а колода Н бочек») сведчыць хутчэй на карысць дэфініцыі ’мера’, паколькі бочка, відаць, ужыта тут таксама як мера ёмістасці. Такая думка пацвярджаецца яшчэ і тым, што метрычнае значэнне было ўласціва ст.-бел. лексеме колода (параўн. Скурат, Меры, 62, дзе і аб ст.-укр. значэнні). Статус гэтых лексем не вельмі ясны, этымалагічна яны ўзыходзяць да колода ’пасудзіна’, аднак засведчана такое значэнне вельмі слаба (магчыма, ёсць ст.-бел., параўн. у Скурата, там жа). Слова з такім значэннем ёсць у польск. мове, дзе kłoda ’кадаўб’, затым ’кадзь’ (з XIV ст., аб сучасным дыялектным размеркаванні гл. МАПГ, 3, к. 106) як ’мера’ адзначаецца таксама з XIV ст. Параўн. яшчэ палаб. klád ’бочка’. Паводле лінгвагеаграфічнага крытэрыя для бел. мовы нельга выключыць уплыву польскай мовы, аднак пры гэтым неабходна ўлічваць і рус. валаг. колода ’кадка-дуплянка’, а таксама сведчанне аб ужыванні гэтага слова на захадзе (хоць не выключана, што тут на ўвазе меліся зах.-бел. фіксацыі).

Кало́да 6 ’тоўстая, непаваротлівая жанчына’ (Жд. 3; міёр., З нар. сл.; Мат. Маг.), калотка ’тс’ (міёр., З нар. сл.). З прычыны рэгулярнага характару пераносу ад калода 1 цяжка з упэўненасцю меркаваць аб статусе слова. Магчыма, незалежныя ўтварэнні па распаўсюджанай мадэлі.

Кало́да 7, колода ’палатно, якое кладуць на крышку труны’ (стол. Нар. лекс.). Мясцовы перанос ад колода ’труна’. Рус. валаг., арханг., кастр., маск. і інш. колода ’труна, выдзеўбаная з суцэльнага дрэва’. Цяжка меркаваць аб старажытнасці пераносу колода ’трупа’ ад колода ’бервяно і да т. п.’ (калода 1), магчыма, архаічнае ўсх.-слав., яшчэ да прыняцця хрысціянства (параўн. рэгіянальны палескі звычай пакідаць па могілках бервяно-лодку для нябожчыка); магчыма, спачатку колода ’лодка’ (з такім значэннем у рус. гаворках — жыздр., калуж. і інш.), якое пазней злілося з паняццем ’труна’.

Кало́да 8 ’божая кароўка, Coccinella septempunetata’ (Жд. 3; Шатал. З жыцця, Сцяшк.). Паводле матэрыялаў Шаталавай (З жыцця, 166 і наст.), колода ’божая кароўка’ пашырана ў брэсц., івац., навагр., стол., малар., пін. гаворках, а ў кам. — кулода. Апрача гэтага, у злучэннях: калода‑багода (клец., пруж.), колода‑волода (кам.), Матруна‑колода (брэсц.), Андрэйка‑калода, дранчык‑калода (слуц.). Матруна‑колодыця (кам). Далей сюды ж калодачка ’тс’ (лід., Сл. паўн.-зах.), параўн. у ілюстрацыі: «У нас называюць калодачка, а божая кароўка — красненькая ў зямлі». Магчыма таксама, што прыгаворы № 626 (Кацілася калода…) і 627 (Гнілая калода…), віц. і ў Дабравольскага (нумерацыя паводле выдання «Дзіцячы фальклор», Мн., 1972) таксама адлюстроўваюць гэту назву. Апошнія значна б пашыралі ў такім выпадку геаграфію слова, якую інакш неабходна кваліфікаваць як паўднёва-заходнюю (з выхадам за межы палескага арэалу). Дакладныя адпаведнікі да бел. слова адсутнічаюць. Пакуль што неабходна кваліфікаваць назву або як бел. інавацыю, або архаізм, або, што не выключана, як запазычанне (ці кальку). Адносна апошняга ніякага пэўнага матэрыялу няма, аднак наяўнасць у слав. мовах запазычанняў для назвы Coccinella ў прынцыпе дапускае такое тлумачэнне для бел. слова. Фармальнае супадзенне назвы з калода 1 яшчэ не азначае неабходнасці прыняць такую этымалогію як канчатковую. Разам з тым такая сувязь была несумненнай для Шаталавай (З жыцця, 174), якая мяркуе, што назва магла ўзнікнуць паводле знешняга падабенства да рэаліі. Па сутнасці, той жа думкі прытрымліваецца Уцешны (ОЛА, 1975, 19), які разумее бел. лексему як назву паводле прадмета. Нават калі яго меркаванне правільнае, яно патрабуе ўдакладнення. Іншыя назвы з гэтай класіфікацыйнай групы, паводле таго ж аўтара, усх.-слав. korbъka і чак. gospa škrinica «каробка божая» (пра божую кароўку). Адзначым, што семантыка прыведзеных лексем дапускае два тлумачэнні. Паводле першага — ўсх.-слав. коробка, чак. škrinica можна разумець як ’ёмішча’ і такім жа чынам разглядаць беларускую назву, для якой неабходна такую семантыку рэканструяваць (’пасудзіна, бочка’, ’наогул пасудзіна’). Матывацыя назвы божай кароўкі ў такім выпадку не вельмі зразумелая. Паводле другога тлумачэння, калода, коробка — назвы пераносныя, параўн. бел. калода ’тоўстая жанчына’, рус. смал. коробка ’маленькая тоўстая або цяжарная жанчына’, параўн. да апошняга рус. калін. бабочка‑коробочка ’нейкі від матылька’. Семантыка рус. дыял. коробка, коробочка, дзе значэнні ’тонкі дашчаты гнуты дах пад ганкам’, ’кошык’ і да т. п. сустракаюцца паслядоўна (параўн. яшчэ пашыранае коробиться, коробатиться, перм. коробка ’сагнутая частка спіны курыцы ці качкі’) дазваляе меркаваць, што асноўвай назвай такога тыпу для божай кароўкі магла быць коробка, у той час як бел. калода — толькі калька гэтай назвы. Параўн. адпаведнае да прыведзенай рус. назвы бел. брэсц. бабочка‑коробочка ’божая кароўка’; слова на той жа тэрыторыі; такім чынам, калька магчымая. Супраць такой версіі — відавочна іншая семантыка ўсх.-слав. колода і короб/коробка. Іншыя версіі: згодна з думкай Уцешнага, ОЛА, 1975, 28–29, 31, для назваў божай кароўкі былі характэрнымі розныя трансфармацыі бел. багоўка (кароўка-багоўка), для іншых — кантамінацыя і да т. п. У прыватнасці, ад’ідэацыю і скажэнне формы нельга выключыць і для рус. коробка і пад., і для бел. калода, у такім выпадку зыходнай для іх з’яўляецца агульнавядомае korvъka. Аднак, калі такое тлумачэнне для назвы коробка (< коровка) можна прыняць, сумненні адносна слова калода застаюцца. Фармальная варыянтнасць слав. тэрмінаў для Coccinella дазваляе прыняць і такое меркаванне, тым больш, што трансфармацыі адбываюцца ў рыфмаваных кантэкстах дзіцячых прыгавораў, аднак іменна апошні факт дазваляе прапанаваць яшчэ і наступнае тлумачэнне назвы. Так, для шэрагу бел. тэкстаў лексемы калода, пень‑калода з’яўляюцца характэрнымі. Параўн. прыклады з «Дзіцячага фальклору», 363 і наст.: «Божая кароўка, што заўтра будзе — Дождж ці пагода, пень ці калода?» Нельга выключыць, што бел. слова таксама эксцэрпіравана з вышэй прыведзеных і іншых тэкстаў.

Кало́да 9, колода ’рад саломы на страсе’ (ТС). У ілюстрацыі: «Колода — одзін шар соломы, як стромчэйша хороміна, то дзев’яць колод» (ТС, 2, 207). Далей, магчыма, сюды ж таксама тур. жыто як колода ’густое, добрае жыта’, тое ж і адносна травы, трава колодою ’густая трава’. У беларускіх гаворках адпаведнікаў да гэтых лексем не выяўлена; тут або інавацыя, або архаізм. Магчыма, да калода ’трубка палатна’ (адкуль вычляняецца семема ’шчыльна скручанае’?). Звяртаюць па сябе ўвагу таксама некаторым славянскія ўтварэнні, дзе семантыка «густаты» з’яўляецца відавочнай. Можна прывесці ўкр. колода ’(у ганчароў) партыя місак, да 35 штук, укладзеных адна ў другую; ставіцца бокам у ганчарную печ’ (прыклад двухсэнсоўны, можа, тут перанос паводле падабенства ад колода ’бервяно’), ’чарада’ («Колода — отара, як іде тісно, не в роспаш», Грынч., 270), рус. кастр. колода ’самы вялікі лік (у мове дзяцей)’, новасіб. ’група людзей, якія носяць адно прозвішча і звязаныя паміж сабой сваяцтвам’. Адносна бел. слова яшчэ мяркуецца (Цыхун, вусн. паведамл.) аб магчымасці ўтварэння ад калода ’сям’я пчол’; неабходна адзначыць, што сям’я пчол яшчэ не азначае ’рой’, семантыка якога была б больш падыходзячай. Звяртаюць на сябе ўвагу яшчэ і рус. новасіб. крыша колодой ’двухсхільны дах’, у сувязі з якім узнікаюць няпэўныя асацыяцыі з калода ’вулей’, паколькі ёсць рус. колода ’вулей’ і колодезня ’пакрышка на вулей’. Магчыма, у такім выпадку бел. калода першапачаткова ’страха як крышка ў калоды (вулля)’. Аднак, паводле словаўтварэння і інш. прычынах, гэта вельмі няпэўна. Магчыма, усё-такі ў сувязі з колькасцю саломы, якая патрабуецца для пакрыцця даху? Параўн. у такім выпадку, з аднаго боку, рус. куйбыш. колода ’укладка з дзесяці-пятнаццаці снапоў’, а з другога — ст.-рус. колотка ’маток (карункаў і да т. п.) пэўнай таўшчыні’.

Кало́да 10, колода ’кавалак або трубка палатна’ (ТС). Дакладных адпаведнікаў як быццам няма. Рус. колодка ’кавалак карункаў даўжынёй у 10 аршын’ неабходна суадносіць хутчэй са ст.-рус. колодка ’маток мішуры, карункаў і да т. п. пэўнай таўшчыні’. Бел. колода ў такім выпадку — мясцовы перанос ад калода ’выдзеўбанае дрэва’. Што датычыць семантыкі, параўн. калодачкі ’пянёўе ў птушак’, рус. колодка пера і да т. п., гл. таксама Аткупшчыкоў, Из истории, 124–126, дзе для прасл. kolda наогул у якасці зыходнай семантыкі мяркуецца значэнне ’нешта выдзеўбанае’. Такім чынам, тураў. калода сапраўды ’трубка палатна’, параўн. да семантыкі яшчэ і наступнае слова, а таксама бел. калодка ў коле і трубка ’тс’.

Кало́да 11 ў выразе жыто ў колодзе ’жыта, якое яшчэ не выкаласілася’ (ТС). Параўн. у прыкладзе: «На Юрэй, як хорошэго году, то жыто ў колосе, а як плохого — то ў колодзі» (ТС, 2, 207). Тут калода ’трубка’ (жыта ў фазе трубкавання, утварэння трубкі — сцябла). Тая ж семантыка і ў тураўскай назве для трубкі палатна — колода, магчыма, сюды ж рус. колодка пера; адносна семантыкі (’пяро з поласцю’) параўн. укр. дыял. колодка ’першае пер’е маладой птушкі’, далей звяртае ўвагу калодка ’ступіца кола’ і трубка ’тс’. Не выключана, што палес. кадыца ’ступіца’ таксама адлюстроўвае тую ж семантыку. Сюды, відаць, і бел. калода ’студня’, дзе калода ’выдзеўбанае дрэва’, фактычна ’труба’. Статус бел. слова — магчыма, усх.-слав. архаізм.

Калода 12 ’камплект ігральных карт’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., ТС), укр. колода ’тс’, рус. колода карт, дзе адзначаецца з канца XVIII ст. Паводле крыніц бел. слова і характару рэаліі можна думаць, што яно запазычана з рус. мовы. Паводле Шанскага, II, К, 208, колода (ігральная) утворана лексіка-семантычным спосабам на базе колода ’абрубак дрэва’; у аснову назвы пакладзена падобнасць поўнай калоды карт з калодкай, абрубкам дрэва. Наіўнасць такой этымалогіі відавочная, разам з тым неабходна адзначыць, што пошукі этымона на ўсх.-слав. глебе могуць быць і небесперспектыўнымі. Так, параўн. шэраг фактаў, сабраных намі (гл. калода), а таксама рус. дыял. колода ’цюк, звязка рыбалоўных снасцей (сетак) у 50 «делей» (г. зн. кускоў пэўнай велічыні)’ (Касп.), ’частка рыбалоўнага невада — адно звяно ў сетцы («дели»). Гэтыя факты дазваляюць меркаваць пра наяўнасць лічбавага значэння ў слове колода, якое магло складвацца рознымі спосабамі, у тым ліку і на базе розных мер ёмістасці. Было і нейкае даўняе значэнне ў гэтага слова, аб якім пісаў Даль (калода ’сто мільёнаў’) і якое адзначана ў рус. кастрам. (у мове дзяцей) як ’самы вялікі лік’. Разам з тым, няма дакладвай інфармацыі адносна лічбавага значэння слова колода, якое б супадала з колькасцю карт у калодзе (52). Рус. колода ’цюк з 50 сетак’ можна разумець па-рознаму, да таго ж зафіксавана яно толькі аднойчы. Магчыма, большую увагу неабходна звярнуць на ст.-рус. колотка ’футляр’, у такім выпадку першапачатковая семантыка назвы ’футляр’, ’запакаваныя карты’, ’набор, камплект карт наогул’. Цікава адзначыць і рус. дан. колодочка серняков ’каробка запалак’. Аднак галоўнае не ў гэтым, паколькі ў даным выпадку сам характар рэаліі патрабуе ў першую чаргу праверкі магчымага іншамоўнага ўплыву. У сувязі з гэтым адразу звяртае на сябе ўвагу той факт, што ўласна запазычання быць не магло — аб гэтым сведчыць празрыстая форма рус. слова. Аднак, паводле семантычнага крытэрыю, непасрэдную сувязь з калода ’бервяно’ дапусціць нельга (як перанос). Думаецца, што рус. колода (карт) неабходна суаднесці талия/талья (карт). Даль (2, 719) тлумачыць: апрача рус. мовы, слова ведае ў тым жа значэнні польск. мова (taija). Фасмер не звяртае ўвагі на гэту лексему, у той час як яна непасрэдна суадносіцца з адпаведнай тэрміналогіяй у зах.-еўрап. мовах. Можна спаслацца на ням. Taille ’новая калода карт’, Taill schlagen ’пачынаць новы круг у гульні’, taillieren ’тасаваць карты’ (і ’адкрываць’), франц. tailler ’банкаваць’, якія, відаць, толькі часткова адлюстроўваюць як даўнюю картачную тэрміналогію, так і сувязі з асноўным значэннем зыходнага дзеяслова ’рэзаць, сячы і мн. інш.’, параўн. семантыку франц. tailler, італ. tagliare. Значэнне ’абрубак’ (< ’сячы’) не падаецца сучаснымі слоўнікамі для вытворных ад гэтых дзеясловаў, аднак лёгка рэканструюецца. Апрача таго, Мартынаў (вусн. паведамл.) звярнуў увагу на славеснае запазычанне (з італ.) táija ’калода, абрубак бервяна’. Мяркуем, што зацямненне матывацыі вышэй прыведзеных тэрмінаў, празрыстая сувязь з дзеясловам tailler і вытворнымі, у шэрагу якіх значэнне ’абрубак’ павінна было быць адным з асноўных або лёгка рэканструявацца ў рус. двухмоўным асяроддзі. Такім чынам, рус. колода — этымалагічная калька з адпаведнага зах.-еўрап. тэрміна; пры гэтым не выключана, што сам тэрмін не проста быў страчаны, а ўзнік як эфемер ва ўмовах двухмоўя. Апошняе меркаванне не выключае магчымасці звычайнага (аднак з этымалагізацыяй!) калькавання.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

па́ра ​1, ‑ы, ж.

1. Два аднолькавыя сіметрычныя прадметы, якія складаюць адно цэлае. Пара рукавіц. □ «Стой! — камандуе Марка. Спыніліся. — Знімайце, паны, боты!» — Разуліся. Лепшую пару выбраў сабе Марка, рэшту падзялілі нашы лапатнікі. Колас. // Адзін з двух аднолькавых сіметрычных прадметаў, якія складаюць адно цэлае (у адносінах да другога). Да рукавіцы трэба было знайсці пару замест згубленай. // Два аднолькавыя сіметрычныя органы або іх часткі, якія выконваюць аднолькавыя функцыі ў жывым арганізме. Колькі хвілін дзве пары вачэй былі ў маўклівым спаборніцтве. Мікуліч. // Разм. Прадмет, які складаецца з дзвюх аднолькавых і злучаных разам частак. [Ніна] знімае другую пару навушнікаў, расчэплівае іх і накладае на вушы. Брыль.

2. Дзве асобы, мужчына і жанчына, дзве жывёліны, самец і самка. Рупліва ўладкоўвалася ў сваім купэ адна ўжо даволі немаладая пара. Кулакоўскі. Пад дахам нашага дома, у вузенькай шчыліне франтона, вераб’іная пара звіла сабе гняздо. Гарбук. // Дзве істоты, якія знаходзяцца, дзейнічаюць разам, аб’яднаныя чым‑н. агульным. У лявонісе імклівай Пары стройныя ідуць. Броўка. На экране танцавала балетная пара. Шамякін. // Адна з дзвюх істот, якія знаходзяцца, дзейнічаюць разам і разглядаюцца як нешта цэлае. Антон танцуе з Настуляй. Скіба таксама знайшоў пару — пажылую вясёлую кабету. Крапіва. // Запрэжка з дваіх коней. Прыехаць на пары.

3. у знач. прысл. па́рамі. Удваіх, па два. Танцаваць парамі.

4. у знач. вык., каму (звычайна з адмоўем). Разм. Пра таго, хто адпавядае каму‑н. па якіх‑н. якасцях, у якіх‑н. адносінах. Лабановіч, як мог і як умеў, суцяшаў Балоціча і не асуджаў Валю. Што ёй за пара бедны, малавядомы вясковы настаўнік. Колас.

5. Разм. Два прадметы, дзве штукі чаго‑н. Старая павезла [на кірмаш] місачку масла і пару куранят. Крапіва.

6. Разм. Невялікая колькасць чаго‑н.; некалькі. — Я прасіў бы вас на пару слоў, — ужо больш ветліва сказаў.. [Гунава]. Самуйлёнак. [Лыжнік] махнуў палкамі, зрабіў пару шырокіх крокаў і параўняўся з.. [Верай]. Марціновіч.

•••

Пара сіл (спец.) — дзве паралельныя і роўныя сілы, якія накіраваны ў процілеглыя бакі і дзейнічаюць у адной плоскасці.

На пару; у пары з кім — разам, удваіх з кім‑н.

па́ра ​2, ‑ы, ж.

Газ, які ўтвараецца пры выпарэнні вады, нагрэтай да высокай тэмпературы; газападобны стан вады. З чыгуна выбівалася пара, разносячы навокал апетытны пах юшкі. Асіпенка. На прымусе вада ў каструлі клекатала, Кіпела і бурліла бурна так, Што пара пачала клубіцца. Корбан. // Вялікая колькасць вельмі дробных кропелек вады, якія ўтвараюцца ў паветры пры падсыханні чаго‑н. вільготнага, пры сутыкненні цёплага і халоднага паветра і пад. Вада пад берагам злёгку курылася празрыстай парай. Лынькоў. Гарачай парай дыхала зямля, нядаўна напоеная шчодрым дажджом. Шамякін. // Разм. Моцна нагрэтае вільготнае паветра. Пара касцей не ломіць. Прымаўка.

•••

Мятая пара (спец.) — адпрацаваная пара ў машынах.

З лёгкаю параю — пажаданне таму, хто толькі што памыўся ў лазні.

Паддаць пары гл. паддаць.

Пад параю — гатовы ў любы момант адправіцца (пра паравоз, параход).

пара́, ‑ы́; мн. по́ры (з ліч. 2, 3, 4 пары́), пор і по́раў; ж.

1. Час, перыяд. У нас з табою стрэч было нямала У грозны час і радаснай парой. Танк. А калі закрасуе жыта, зацвіце лён — лепшай пары, напэўна, і на свеце не бывае. Няхай. Набліжалася тая пара, калі Юля павінна была стаць маці. Грамовіч. // Пэўны, адпаведны момант. — Давай! — сказаў я. — Цяпер самая пара пакупацца, а то ад сонца аж галава разбалелася. Васілёнак. // Частка сутак. Зоры далёкія, зоры бліскучыя Ціха гараць над зямлёй. Крыкі знаёмыя, тоны пявучыя Льюцца вячэрняй парой. Колас. Увечар да брата Прыходзяць сябры, Гамоняць аб справах Да позняй пары. Астрэйка. // Пра які‑н. перыяд года. Быў канец ліпеня, стаяла звычайная для гэтай пары гарачыня. Васілёнак. Загадае чараўніца — Дваццаць сонцаў загарыцца, Дождж пальецца як з вядра. Проста летняя пара. Муравейка. З той зімовай далёкай пары Мы з табою навекі сябры. Астрэйка. // Эпоха, перыяд. Беларуская літаратура савецкай пары.

2. у знач. вык. Настаў час для чаго‑н. А дзень канчаецца тым часам, Пара падумаць пра начлег. Колас. Маша спяшалася дамоў — пара было карміць малога. Шамякін.

•••

Без пары — рана, дачасна.

Да гэтай пары — да гэтага часу.

Да пары да часу — пакуль што.

З той пары — з таго часу, моманту.

Каторая пара — вельмі позна.

Не ў пару — не ў час, недарэчы.

У пару — у час, своечасова.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пад, пада предлог

1. с вин. в разн. знач. под(о);

спусці́цца пад зямлю́ — спусти́ться под зе́млю;

вераб’і́ се́лі пад страху́ — воробьи́ се́ли под кры́шу;

пасадзі́ць пад замо́к — посади́ть под замо́к;

кі́нуць пад но́гі — бро́сить по́д ноги;

браць пад ахо́ву — брать под защи́ту;

зруб пад но́вы дом — сруб под но́вый дом;

адда́ць пад суд — отда́ть под суд;

узя́ць пад руку́ — взять по́д руку;

пафарбава́ць пад дуб — покра́сить под дуб;

ісці́ пад гу́кі ма́рша — идти́ под зву́ки ма́рша;

адда́ць пад распі́ску — отда́ть под распи́ску;

2. с вин. (приблизительно) о́коло (чего), под; может переводиться и конструкциями без предлогов;

гадо́ў пад со́рак — лет о́коло сорока́ (под со́рок); лет сорока́;

ме́траў пад два́ццаць — ме́тров о́коло двадцати́; ме́тров два́дцать;

3. с вин. (для обозначения времени) к (чему), под; перед (чем);

пад ве́чар — к ве́черу, под ве́чер;

гэ́та было́ пад свя́та — э́то бы́ло пе́ред пра́здником (под пра́здник);

4. с вин. (для обозначения пространственного предела) до (чего), под;

вы́рас пад столь — вы́рос до потолка́ (под потоло́к);

5. с вин. (для выражения направленности к пространственному пределу) к (кому, чему);

ісці́ пад сту́дню — идти́ к коло́дцу;

6. с твор. в разн. знач. под(о);

працава́ць пад зямлёй — рабо́тать под землёй;

ла́стаўкі сядзе́лі пад страхо́й — ла́сточки сиде́ли под кры́шей;

вада́ іскры́цца пад вясло́м — вода́ искри́тся под весло́м;

сядзе́ць пад замко́м — сиде́ть под замко́м;

снег рыпе́ў пад нага́мі — снег скрипе́л под нога́ми;

пада мно́й — подо мно́й;

бі́тва пад Маскво́й — би́тва под Москво́й;

жы́та залаці́цца пад со́нцам — рожь золоти́тся под со́лнцем;

быць пад стро́гай ахо́вай — быть под стро́гой охра́ной;

быць пад судо́м — быть под судо́м;

арты́кул надрукава́ны пад і́ншым загало́ўкам — статья́ напеча́тана под други́м загла́вием;

дом пад чарапі́цай — дом под черепи́цей;

пад со́усам — под со́усом;

пад уплы́вам каго́-не́будзь — под влия́нием кого́-л.;

пад лексікало́гіяй разуме́юць наву́ку аб ле́ксіцы — под лексиколо́гией понима́ют нау́ку о ле́ксике

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

трыма́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Захоўваць якое‑н. становішча, ухапіўшыся, узяўшыся за што‑н. Адной рукой трэба было трымацца, каб не ўпасці, а другой я палез у гняздо. Брыль. Манг ужо бачыў, што гэта быў чалавек, які трымаўся за кавалак лодкі. Маўр. // перан. Ісці за кім‑н., прытрымлівацца чыёй‑н. лініі, каманды. [Сцяпан Аксінні:] — Адно прашу: трымайся бальшавікоў. Яны ў крыўду цябе ніколі не папусцяць. Лынькоў. Пакуль што ўсе трымаліся камандзіра. Федасеенка. // перан. Старацца захаваць што‑н. для сябе, утрымаць за сабою. [Анатоль:] Дакуль жа будуць трымацца людзі за свае вузенькія палоскі, іх жа хутка трава заесць. Козел. // Прылажыўшы руку да чаго‑н. або ўзяўшыся рукой за што‑н., захоўваць яе ў гэтым становішчы. Дзед закашляўся. Доўга трымаўся за грудзі. Бядуля.

2. Быць умацаваным на чым‑н., утрымлівацца на якой‑н. апоры пры дапамозе чаго‑н. Сідар весела падміргваў падгніўшаму слупу, на якім некалі трымаліся вароты яго двара. Чорны. Нізенькія, нязграбныя, збітыя абы-як,.. [клеткі] трымаліся на падстаўках рознай вышыні, падрамантаваныя сям-там свежымі дошчачкамі. Ракітны. // перан. Падтрымлівацца чыімі‑н. клопатамі; існаваць чым‑н., асноўвацца на чым‑н. [Бародзіч:] — Думаеце, усё на вас трымаецца? Алешка. [Брыль:] — Будзе правільны адказ, калі я скажу: сіла і моц нашай дзяржавы трымаецца на саюзе рабочага класа з працоўнай сялянскай, батрацкай і серадняцкай масай. Колас. // Захоўваць якое‑н. становішча, раўнавагу. Лодачкі былі велікаватымі дый з непрывычкі цяжкавата было трымацца на высокіх каблуках. Лупсякоў. Алесь асцярожна абыходзіў навічкоў, што нясмела трымаліся на каньках. Шыцік.

3. Не адступаць, не здавацца, моцна стаяць. Заслон трымаўся. [Ворагі] шалелі і кідаліся ў лоб, напралом, каб змесці з дарогі прыкрую перашкоду, дарвацца да моста. Лынькоў. // Разм. Мацавацца. [Залескі:] — [Галіна], брат, доўга трымалася. Паўмесяца, як злягла .. Прагнасць помсты падтрымлівала яе сілы. Шамякін.

4. Знаходзіцца, быць; заставацца ў якім‑н. месцы. Мне было прыемна бачыць, што следам едзе цэлы абоз: ніхто не адстае ад нас, але ніхто і не апярэджвае, усе трымаюцца свайго месца. Кулакоўскі. Калі Ахоньку вялі ў сельсавет, мы стараліся трымацца бліжэй да дзядзькі Максіма. Сяркоў. // Працягваць сваё існаванне, жыць. У Вані-санітара даўно скончыліся сухары, засталося, можа, у біклажцы некалькі глыткоў чыстай вады — гэтым і трымаемся. «Маладосць». Большасць фуіджынцаў трымаецца ў паўднёвай частцы архіпелага. Маўр. // Захоўвацца, быць у сіле. Моцна трымаюцца перажыткі мінулага ў свядомасці некаторых людзей. «Маладосць». / Пра пахі, настоі і пад. Трымаецца між сасонак устойлівы грыбны пах. Навуменка. // Вадзіцца, жыць (пра звяроў, птушак, рыб). Буйны акунь трымаецца пераважна ў глыбокіх ямах, звычайна з камяністым дном. Матрунёнак. — Ля Купы чаек заўсёды мала, — адказаў Лёня. — Яны трымаюцца больш на тым баку, ля вытокаў Парачанкі і па касе. В. Вольскі.

5. У час руху прытрымлівацца пэўнага напрамку, кірунку. Таго ж кірунку трымаліся і лодкі, якіх на возеры было цяпер не менш, чым качак у ціхую пару. Арочка. // перан. Прытрымлівацца чаго‑н., паступаць у адпаведнасці з чым‑н. Пажадаю вам, таварышы, дружна трымацца таго сцяга, які вам дала вялікая пралетарская рэвалюцыя. Купала. [Матка] трымаецца трохі інакшых думак пра бацьку і пра гэтыя свае думкі кажа часам уголас. Лынькоў. Даследаванні гісторыкаў, археолагаў усё больш падрываюць антынавуковыя тэорыі, якія трымаюцца на расісцкіх забабонах. «ЛіМ».

6. Паводзіць сябе, дзейнічаць якім‑н. чынам. А ў манеры трымацца адчувалася сталасць, дакладнасць разважанняў і стрыманасць у размове. Няхай. З малымі Ён [Антось] размаўляў, як са старымі, І з імі радзіўся, спрачаўся — Як роўны з роўнымі трымаўся! Колас. / Пра жывёл, птушак. Больш памяркоўна трымаюцца куры. Певень, дык той наогул перабраўся на астравок сярод двух рукавоў ракі і пахаджае там у таварыстве трох чубатак, відаць, найбольш адданых і смелых. Брыль.

7. Знаходзіцца ў пэўным становішчы, стане, захоўваючы яго тым ці іншым чынам. Човен, які хоць і быў поўны да берагоў, але трымаўся на вадзе. Маўр. [Тапурыя:] — Нарэшце, прынялі мяне на вельмі стары карабель, ён ледзьве на вадзе трымаўся. Самуйлёнак.

8. Утрымлівацца, захоўвацца. [Мікуць:] — Я сёння жыта глядзеў. І сваё, і калгаснае. Жаць пара. Трэба пачынаць. Абы толькі надвор’е трымалася. Чорны. Цёплая трымаецца восень. Навуменка. Гэта было ў сакавіку, яшчэ трымалася зіма. Марціновіч. Лёд на балоце Трымаецца звонкі. Танк. // Захоўваць сваю цэласць, быць прыдатным для выкарыстання. І паправіць .. [вароты] ніяк нельга, бо калі станеш папраўляць, трэба кранаць сцяну, а тая і так ледзь трымаецца. Галавач.

9. Зал. да трымаць (ва ўсіх знач., акрамя 11).

•••

Абедзвюма рукамі трымацца — даражыць чым‑н., з вялікай ахвотай, жаданнем, радасцю і пад. карыстацца чым‑н.

Ледзь трымацца на нагах; на нагах не трымацца — не магчы хадзіць, стаяць па прычыне слабасці або ап’янення.

Трымацца за спадніцу — быць у поўнай залежнасці ад жанчыны (пра мужчыну).

Трымацца на валаску — тое, што і вісець на валаску (гл. вісець).

Трымацца рукамі і зубамі за што — моцна трымацца за што‑н., не адступаць ад чаго‑н.

Трымацца свайго слова — выконваць абяцанні.

Толькі трымайся! — вокліч, які ўказвае на вялікую ступень чаго‑н. непрыемнага, небяспечнага. — Цяпер памчыць [цягнік] пад горку, толькі трымайся... Ці ўправіліся хаця нашы там? — і ў голасе .. камандзіра чулася трывога за .. падрыўнікоў. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БЕЛАРУ́СКАЯ МО́ВА,

мова беларусаў, асноўнага насельніцтва Рэспублікі Беларусь; дзярж. мова Рэспублікі Беларусь. Паводле перапісу 1989 яе лічаць роднай 77,7% жыхароў Беларусі, у т. л. 80,2% беларусаў. Разам з рускай мовай і ўкраінскай мовай адносіцца да ўсх. групы славянскіх моў.

Сучасная бел. мова існуе ў літ. і дыялектнай формах. Дыялектная беларуская мова (гл. ў арт. Дыялект) захоўваецца пераважна сярод сельскага насельніцтва. Яна ўключае асн. масіў гаворак і т.зв. палескую (зах.-палескую) групу гаворак. Асн. масіў падзяляецца на 2 вял. дыялекты: паўн.-ўсходні і паўд.-заходні. Паміж імі знаходзіцца паласа пераходных, або сярэднебел., гаворак (з ПнЗ на ПнУ). Літаратурная мова генетычна грунтуецца на гаворках цэнтр. Беларусі, але ў працэсе свайго станаўлення сінтэзавала характэрныя для большасці бел. гаворак граматычныя і лексічныя рысы і ў сучасны момант не суадносіцца з пэўным тэр. дыялектам.

Арфаграфія беларускай мовы грунтуецца на фанет. прынцыпе ў спалучэнні з марфалагічным. У цесным узаемадзеянні з ёю ішло фарміраванне бел. арфаэпіі. У бел. фанетычнай сістэме (гл. Гукі мовы, Фанетыка) 5 галосных гукаў і 32 зычныя гукі. Марфалогія беларускай мовы сінтэтычная з рысамі аналітызму. Усе словы размяркоўваюцца па 10 часцінах мовы, якія падзяляюцца на знамянальныя (апрача прыслоўя маюць формы словазмянення) і службовыя. Спецыфіку сінтаксісу надаюць гал. чынам адметнасці ў дзеяслоўным і прыназоўнікавым кіраванні. У аснове бел. графікі — рус. грамадзянскі шрыфт, утвораны ў выніку рэформы кірыліцы. Беларускі алфавіт налічвае 32 літары.

Параўнальна-гіст. мовазнаўствам устаноўлена, што ў перыяд ад 3—2-га тыс. да нашай эры да 7—8 ст. нашай эры ў слав. плямёнаў існавала агульная праславянская мова, якая напачатку складалася з блізкароднасных дыялектаў. Шырокае рассяленне слав. плямёнаў у 6—7 ст. абумовіла паслабленне ўнутраных сувязяў. У выніку прыкладна ў 8—9 ст. адбыўся працэс ператварэння ранейшых дыялектаў у самастойныя слав. мовы. У гэты час пачала складвацца і стараж.-рус. мова як адзіная для ўсходніх славян. Яе адноснае адзінства захоўвалася да 13 ст., у т. л. ў эпоху Кіеўскай Русі. Ад праслав. мовы яна атрымала ў спадчыну фанетычную сістэму, граматычны лад і асн. слоўнікавы фонд. У перыяд з 6—7 да 9—10 ст. у стараж.-рус. мове развіўся шэраг спецыфічных рысаў у галіне фанетыкі: поўнагалоссе (берегъ, голова), пачатковае «о» на месцы спалучэння «jе» (озеро, олень), шыпячыя «ж» і «ч» на месцы спалучэння гукаў d, t, kt з j (межа, ночь) і інш. На працягу 11—14 ст. найб. значным фанетычным працэсам стала падзенне рэдукаваных галосных «ъ» і «ь», у выніку чаго фанетычная сістэма наблізілася да фанетычнага ладу сучасных усх.-слав. моў. У граматычным ладзе ранейшая сістэма скланення назоўнікаў па асновах выцяснялася новымі тыпамі скланення па родах, што адбілася на характары канчаткаў. У сістэме дзеяслова аформілася катэгорыя трывання, у сувязі з чым змянілася сістэма прошлых часоў: аорыст, імперфект і часткова плюсквамперфект выцеснены перфектам, які стаў асноўнай формай прошлага часу ў жывой стараж.-рус. мове. Развіццё грамадскай, культ. і ваен. дзейнасці ўсх. славян садзейнічала ўзбагачэнню слоўнікавага складу. Большасць новых слоў узнікла праз словаўтварэнне ад агульнаслав. каранёў, змяненне значэння старых слоў і запазычанняў з грэч., скандынаўскіх, фінскіх і цюркскіх моў.

Пісьменства ва ўсх. славян (на аснове кірыліцы) пашыралася з канца 10 ст. ў сувязі з прыняццем хрысціянства і развіццём дзяржаўнасці. Для Кіеўскай Русі было характэрна літ.-пісьмовае двухмоўе. Яно ўключала царкоўнаславянскую мову богаслужэбнай л-ры, перакладзенай або створанай у Балгарыі і інш. слав. краінах і перапісанай на Русі (Евангелле, Псалтыр, Апостал), і славяна-рускую мову арыгінальных твораў, у якіх пераважала царк.-слав. стыхія, але прысутнічаў і ўсх.-слав. субстрат («Жыціе Феадосія Пячэрскага», «Сказанне пра Барыса і Глеба», «Слова аб законе і божай ласцы» мітрапаліта Іларыёна). Стараж.-руская літ. мова на нар. аснове выкарыстоўвалася ў дзярж. справаводстве, дзелавой пісьменнасці («Руская праўда», граматы), у творах апавядальнай л-ры («Аповесць мінулых гадоў», «Павучанне Уладзіміра Манамаха», «Слова аб палку Ігаравым»), шматлікіх дакументах, у прыватнай перапісцы на берасцяных граматах. Гэтыя віды пісьменства выкарыстоўваліся і на бел. землях эпохі Кіеўскай Русі. Вядучае месца тут належала царк.-слав. мове як мове правасл. набажэнства. Гэта пацвярджаюць выяўленыя на Беларусі помнікі пісьменства: Супрасльскі рукапіс і Тураўскае (11—12 ст.), Аршанскае, Друцкае, Мсціжскае, Полацкае (13—14 ст.) евангеллі. Арыгінальныя творы 12 ст. — «словы», казанні, павучанні і малітвы Кірылы Тураўскага, агіяграфічныя «Жыціе Ефрасінні Полацкай» і «Жыціе Аўраамія Смаленскага». Стараж. бел. пісьменства на нар. аснове прадстаўлена гал. чынам мясцовымі летапісамі і дагаворамі 13—14 ст. з Полацка, Віцебска і цесна звязанага з імі Смаленска.

Феадальнае драбленне і распад Кіеўскай Русі садзейнічалі актывізацыі на бел. землях мясц. дыялектаў. На працягу 14—16 ст. у беларускай мове развіліся фанетычныя асаблівасці: цвёрдае «р», дзеканне і цеканне і інш. Адначасова выпрацаваўся шэраг спецыфічных рысаў беларускай мовы ў галіне лексікі. Агульнаўжывальнымі сталі словы, вядомыя з глыбокай старажытнасці як дыялектызмы («багна», «вавёрка», «воўна», «вырай», «гай», «грэбля», «жыта», «збожжа», «крыніца», «смага», «брахаць», «жадаць», «лагодзіць», «лаяць»). Многія агульнаслав. і агульнаўсх.-слав. словы на бел. глебе змяніліся ў выніку прыстасавання да бел. фанетычнай сістэмы («аржаны», «іржа», «возера», «вока», «дрыжыць», «крывавы»). Асноўная ж колькасць новых слоў утваралася афіксальным спосабам шляхам выкарыстання пашыраных у беларускай мове сродкаў словаўтварэння — суфіксаў і прыставак («авечка», «сцежка», «частка», «выбавіць», «выбраць»). У папаўненні слоўніка беларускай мовы значную ролю адыгралі запазычанні з інш. моў — паланізмы, лацінізмы, германізмы, літуанізмы (гл. Балтызм), цюркізмы. Бел. пісьмовыя помнікі 16 ст. сведчаць, што да гэтага часу склаліся ўсе важнейшыя фанетычныя, граматычныя і лексічныя рысы, уласцівыя беларускай мове і цяпер.

З сярэдзіны 15 ст. пісьменства на Беларусі насычаецца спецыфічна бел. рысамі ў такой меры, што дае падставу сцвярджаць пра самастойную бел. літ. мову са сваімі арфаграфічнымі, граматычнымі і лексічнымі адзнакамі. Развіццю беларускай мовы спрыяла і тое, што ў ВКЛ яна выконвала функцыі дзяржаўнай мовы. Асабліва шырока беларуская мова выкарыстоўвалася ў канцылярска-юрыд. дакументацыі — актах, граматах, дагаворах і статутах (найб. важныя — Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588). Буйны помнік канцылярска-юрыд. пісьменства — Метрыка Вялікага княства Літоўскага, дакументы якой да сярэдзіны 17 ст. афармляліся пераважна на беларускай мове. На ёй вялася таксама дакументацыя ў гар. управах, магістратах і магдэбургіях, у гар., земскіх і замкавых судах і інш. Да сярэдзіны 17 ст. беларуская мова выкарыстоўвалася таксама ў канцылярыях і судах на тэр. этнічнай Літвы, на ёй пісаліся дакументы ў каралеўскіх канцылярыях Кракава і Варшавы, што прызначаліся для ВКЛ. У канцы 14 — пач. 15 ст. на Беларусі вял. пашырэнне атрымала летапісанне, але ў летапісах, якія дайшлі да нашага часу ў больш позніх спісах [Нікіфараўскі, Слуцкі, Віленскі адносяцца да канца 15 — пач. 16 ст., астатнія (больш як 10) да 16—17 ст.], бел. мова адлюстравалася неаднолькава (раннія летапісы ў большай ступені захоўваюць архаічныя моўныя рысы, пазнейшыя — жывую нар. стыхію). Жывой нар. мовай напісаны Баркулабаўскі летапіс, мемуарныя творы («Дзённік» Ф.​Еўлашоўскага, «Дыярыуш» А.​Філіповіча), перакладныя аповесці («Александрыя», «Троя», «Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Баву»), польск. гіст. хронікі канца 16 — пач. 17 ст. («Хроніка ўсяго свету» М.​Бельскага, «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» М.​Стрыйкоўскага).

Паступовае збліжэнне з Польшчай у паліт. і культ. адносінах, насаджэнне на Беларусі каталіцызму паслабляла пазіцыі праваслаўя і царк.-слав. мовы. Гэтаму садзейнічала і распаўсюджанне рэфармацыйных плыняў, прыхільнікі якіх імкнуліся ўводзіць мясц. мовы ў набажэнства і богаслужэбную л-ру. Першапачаткова беларуская мова пранікла ў жыційную л-ру (напр., «Мінеі — Чэцці», 1489). У канцы 15 ст. пачалі з’яўляцца пераклады з польск. мовы агіяграфічных і апакрыфічных твораў («Страсці Хрыстовы», «Аповесць пра трох каралёў», «Жыціе Аляксея, чалавека божага»). З пач. 16 ст. беларуская мова пранікае і ў кананічныя рэліг. творы. Пачатак гэтаму працэсу паклаў Ф.​Скарына, які ў 1517—19 выдаў у Празе большую частку кніг Старога запавету. Захаваўшы ў гэтых выданнях царк.-слав. аснову, ён наблізіў іх мову да народнай. У часы Скарыны зроблены пераклады на беларускую мову асобных кніг Бібліі непасрэдна са стараяўр. мовы. Каля сярэдзіны 16 ст. з’явіўся пераклад Псалтыра — самай папулярнай кнігі ў паслядоўнікаў хрысц. веравызнання. Першапачаткова такія пераклады распаўсюджваліся ў рукапісных спісах. З 2-й пал. 16 ст. на беларускай мове з’яўляюцца друкаваныя творы рэліг. прызначэння. У 1562 С.​Будны выдаў у Нясвіжскай друкарні першыя на Беларусі друкаваныя кнігі на беларускай мове «Катэхізіс» і «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» (не захавалася). Каля 1580 В.​Цяпінскі выдаў Евангелле, у якім бел. тэкст змешчаны паралельна з царк.-славянскім — унікальная з’ява ў тагачасным слав. свеце. З канца 16 ст. беларуская мова стала прадметам абавязковага вывучэння ў правасл. брацкіх школах, што садзейнічала яе паспяховаму выкарыстанню ў розных галінах грамадскага і культ. жыцця. Канец 16 — 1-я пал. 17 ст. былі эпохай найб. выкарыстання беларускай мовы ў рэліг. сферы — пераважна ў т.зв. гамілетычнай л-ры, якая грунтавалася на павучальным тлумачэнні тэкстаў Свяшчэннага пісання. Захаваліся да нашага часу шматлікія рукапісныя зборнікі і друкаваныя кнігі: «Казанне Кірылы, патрыярха іерусалімскага, пра антыхрыста» С.​Зізанія (Вільня, 1596), «Евангелле вучыцельнае» (Еўе, 1616), «Духоўныя гутаркі» Макарыя Егіпецкага (Вільня, 1627), «Гісторыя пра Варлаама і Іаасафа» (Куцейна, 1637) і інш. На беларускай мове былі надрукаваны і пахавальныя казанні, складзеныя паводле правілаў тагачаснай царк. рыторыкі. Беларуская мова выкарыстоўвалася ў разнастайных настаўленнях аб хрысц. рытуалах і ў царк. заканадаўстве.

Аднак у новых паліт. і культ. умовах жыцця бел. народа ў складзе Рэчы Паспалітай выкарыстанне бел. літ.-пісьмовай мовы паступова пайшло на спад. Пасля Люблінскай уніі 1569 бел.-літоўская шляхта з мэтай захавання свайго паліт. і эканам. становішча імкнулася да ўстанаўлення ў ВКЛ важнейшых дзярж. інстытутаў на польскі ўзор. У сярэдзіне 17 ст. беларуская мова практычна выйшла з ужытку ў дзярж. канцылярыях. Юрыдычна гэта было аформлена рашэннем усеагульнай канфедэрацыі саслоўяў 1696. Разам з заняпадам беларускай мовы ў справаводстве пачала звужацца і яе роля ў інш. галінах грамадскага і культ. жыцця. Бел. кнігі не друкаваліся, рэліг. л-ра выдавалася выключна на царк.-слав. мове. У 2-й пал. 17 і на працягу 18 ст. на Беларусі панавала польска-лац. кнігадрукаванне. Адукацыя знаходзілася пераважна ў руках шматлікіх рымска-каталіцкіх ордэнаў: езуітаў, дамініканцаў, кармелітаў, францысканцаў, бернардзінцаў і піяраў, якія мелі свае школы і вучылішчы амаль ва ўсіх бел. гарадах і буйных мястэчках. Навучанне ў іх вялося на польск. і лац. мовах. Беларуская мова вывучалася толькі ва уніяцкіх базыльянскіх школах і выкарыстоўвалася ў неафіц. частках набажэнства. Жывой беларускай мовай працягвалі карыстацца сяляне, дробная шляхта, гар. рамеснае насельніцтва. На нар. мове ствараліся разнастайныя фалькл. творы: песні, казкі, легенды, паданні, прыказкі, прымаўкі і інш. У 18 ст. беларуская мова атрымала пісьмовую фіксацыю толькі ў інтэрмедыях і інтэрлюдыях да драм. твораў, што ставіліся ў вучылішчах, гімназіях і калегіях (гл. Школьны тэатр). Панаванне польск. мовы ў важнейшых галінах грамадскага і культ. жыцця працягвалася да 1830-х г., пасля польск. мову ў гэтых сферах замяніла руская.

Новая бел. літ. мова на нар. аснове, без сувязі са стараж. пісьмовымі традыцыямі пачала складвацца на пач. 19 ст. Станаўленне яе праходзіла ў агульным кантэксце слав. адраджэння нацыянальнага. Але на Беларусі развіццё літ. мовы стрымлівалася адсутнасцю яе дзярж. самастойнасці, панаваннем у тагачасным грамадстве думкі, што бел. нар.-дыялектная мова з’яўляецца толькі дыялектам рус. ці польск. моў. Сведчаннем фарміравання новай бел. літ. мовы было з’яўленне ў 19 ст. ананімных паэм «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», якія доўгі час бытавалі ў вуснай перадачы і ў рукапісах. Першая друкаваная кніга на новай беларускай мове «Кароткі збор хрысціянскай навукі» (Вільня, 1835). Аднак найперш беларуская мова прабівала сабе дарогу ў паэт. жанрах, якія былі вядучыя на працягу ўсяго 19 ст. Значны ўклад у развіццё новай бел. літ. мовы зрабілі Я.​Баршчэўскі, А.​Рыпінскі, Я.​Чачот, В.​Дунін-Марцінкевіч, Ф.​Багушэвіч і інш. З канца 19 ст. на беларускай мове з’яўляюцца пераклады з рус., укр. і польск. моў.

Бел. літ. мова 19 ст. яшчэ не мела ўстойлівых графічных, арфаграфічных, граматычных і лексічных нормаў. На ёй не ствараліся падручнікі ці дапаможнікі, не вялося школьнае навучанне, яна не дапускалася ў дзярж. сферу. Пісьменнікі арыентаваліся на свае родныя гаворкі. Працэс нармалізацыі мовы стрымлівала выкарыстанне дзвюх графічных сістэм — лацінскага і кірылічнага шрыфтоў, што назіралася аж да 1917, а ў Зах. Беларусі — да 1939. Рэвалюцыя 1905—07 паскорыла разгортванне літ.-грамадскага руху на Беларусі, зняла абмежаванні з бел. друкаванага слова. З гэтага часу пачалі арганізоўвацца легальныя органы друку і бел. выд-вы. У развіцці бел. літ. мовы значную ролю адыграла «Наша ніва» (Вільня, 1906—15), на старонках якой выступала новая плеяда бел. пісьменнікаў: Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч, Цётка, М.​Гарэцкі, З.​Бядуля, Ц.​Гартны, К.​Каганец, Ядвігін Ш. і інш. Газета садзейнічала выпрацоўцы навук. стылю, на яе правапісныя, грамат. і лексічныя нормы арыентаваліся інш. перыядычныя выданні. Аднак сфера выкарыстання беларускай мовы ў гэты час была звужаная, бо ў важнейшых галінах грамадскага і культ. жыцця панавала рус. мова. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917, абвяшчэння БНР (сак. 1918), а потым БССР (1.1.1919) беларуская мова атрымала статус дзяржаўнай. У выніку беларусізацыі беларуская мова стала мовай школьнага навучання, вышэйшых навуч. устаноў, дзярж. і грамадскіх арганізацый, перыяд. друку. Арфаграфія і граматычныя нормы яе былі кадыфікаваны «Беларускай граматыкай для школ» Б.​Тарашкевіча (Вільня, 1918). Яе прынцыпы папулярызаваліся падручнікамі Я.​Лёсіка. Беларуская мова набыла ўсе гал. прыкметы, уласцівыя кожнай нац. літ. мове: развітая стылістычная дыферэнцыяцыя, апрацаванасць, упарадкаванасць літ. мовы ў параўнанні з нар.-дыялектнай, узаконеная грамадствам нарматыўнасць, стабільнасць, неперарыўнасць традыцый, наяўнасць пісьмовай і вуснай разнавіднасцяў. Для нармалізацыі бел. літ. мовы важнае значэнне мела прынятая СНК БССР у жн. 1933 пастанова «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу» (гл. ў арт. Рэформы моўныя). Бел. дыяспара за межамі Беларусі не прызнала рэформу 1933 і працягвае карыстацца дарэформеннымі правапіснымі і граматычнымі нормамі. Так фактычна ўтварыліся два варыянты бел. літ. мовы, якія існуюць і ў наш час.

Самыя раннія спробы вывучэння беларускай мовы зроблены на пач. 19 ст., аднак яно не мела арганізаванага і сістэматычнага характару (гл. ў арт. Беларусазнаўства). Найбагацейшы збор бел. лексічнага матэрыялу дарэв. пары — «Слоўнік беларускай мовы» І.​І.​Насовіча (1870). Пачатак грунтоўнаму навук. даследаванню беларускай мовы далі працы заснавальніка бел. мовазнаўства Я.​Ф.​Карскага, асабліва яго манаграфіі «Беларусы» (т. 1—3, 1903—22). У сав. час апублікаваны фундаментальныя даследаванні беларускай мовы, падрыхтаваныя Інстытутам мовазнаўства імя Я.​Коласа АН Беларусі, разнастайныя дапаможнікі для ВНУ па гісторыі мовы, дыялекталогіі сучаснай беларускай мовы, спец. кнігі па асобных праблемах фанет. сістэмы, грамат. ладу мовы беларусаў. Выдадзены вялікія перакладныя, тлумачальныя, гіст. і інш. слоўнікі (гл. ў арт. Лексікаграфія), аналізуюцца кантакты беларускай мовы з мовамі інш. слав. і неслав. народаў на розных этапах іх гіст. развіцця. У 1990 прыняты Закон «Аб мовах у Беларускай ССР», які надаў беларускай мове статус дзяржаўнай мовы.

Літ.:

Карский Е.Ф. Белорусы. Вып. 1—3. М., 1955—56;

Филин Ф.П. Происхождение русского, украинского и белорусского языков: Ист.-диалектол. очерк. Л., 1972;

Булахов М.Г., Жовтобрюх М.А., Кодухов В.И. Восточнославянские языки. М., 1987;

Супрун А.Е. Введение в славянскую филологию. 2 изд. Мн., 1989;

Воўк-Левановіч О.В. Лекцыі па гісторыі беларускай мовы. Мн., 1994;

Нарысы па гісторыі беларускай мовы. Мн., 1957;

Гістарычная лексікалогія беларускай мовы. Мн., 1970;

Булыка А.М., Жураўскі А.І., Крамко І.І. Гістарычная марфалогія беларускай мовы. Мн., 1979;

Жураўскі А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 1. Мн., 1967;

Крамко І.І., Юрэвіч А.К., Яновіч А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 2. Мн., 1968;

Шакун Л.М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. 2 выд. Мн., 1984;

Мова беларускай пісьменнасці XIV—XVIII стст. Мн., 1988;

Граматыка беларускай мовы. Т. 1—2. Мн., 1962—66;

Беларуская граматыка. Ч. 1—2. Мн, 1985—86;

Беларуская мова: Энцыкл. Мн., 1994.

А.​І.​Жураўскі.

Да арт. Беларуская мова. Тытульны ліст «Беларускай граматыкі для школ» Б.​Тарашкевіча. 1918.
Да арт. Беларуская мова. Старонка з Баркулабаўскага летапісу. 17 ст.
Да арт. Беларуская мова. Надпіс на Рагвалодавым камені. 1171.

т. 2, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)