ЛЯВІ́ЦКІ Дзмітрый Рыгоравіч (каля 1735, Кіеў ? — 16.4.1822),
расійскі і ўкраінскі жывапісец; найбуйнейшы майстар рус. параднага партрэта 18 ст. З 1769 акадэмік, з 1776 саветнік Пецярбургскай АМ; у 1771—88 кіраваў партрэтным класам. Вучыўся ў бацькі, укр. гравёра Р.Лявіцкага (Лявіцкага-Носа) і А.Антропава (1752—55 і з 1758). Магчыма, разам з бацькам удзельнічаў у размалёўцы Андрэеўскага сабора ў Кіеве (1752—55). Каля 1758 пераехаў у Пецярбург. У 1762 афармляў каранацыйныя ўрачыстасці ў Маскве. У ранніх творах спалучаў агульную ўрачыстасць позняга барока з рысамі натуральнасці і штодзённасці, імкнуўся да раскрыцця характару, дакладнасці і матэрыяльнасці выявы. Работам уласцівы эфектнасць кампазіцый, інтэнсіўнасць і танальнае адзінства колеравых адценняў, выразнасць поз і жэстаў: партрэты А.Какорынава (1769—70), П.Дзямідава (1773), серыя парадных партрэтаў выхаванак Смольнага ін-та («Смалянкі», каля 1773—76). Інтымныя партрэты адзначаны паглыбленасцю і разнастайнасцю індывідуальных характарыстык, стрыманасцю маст. сродкаў (Д.Дзідро, 1773—74; М.Дзякавай, 1778; святара, магчыма, бацькі, 1779 і інш.). З пач. 1780-х г. пад уплывам класіцызму тонкая нюансіроўка змянілася лакальным колерам, манера пісьма стала больш гладкай: «Урсула Мнішак» (1782), «Кацярына II» (1783) і інш. З 2-й пал. 1780-х г. яго работы страцілі ранейшую цэласнасць і гарманічнасць, характарнасць вобразаў. Некаторыя творы вызначаюцца яркай выразнасцю маст. сродкаў («Невядомы са сфінксам», 1790-я г.). Пасля 1800 з-за хваробы вачэй амаль не працаваў.
бел.жывапісец, педагог. Скончыў Пецярбургскую АМ (1885). У 1886—91 працаваў у г. Дзвінск (цяпер г. Даўгаўпілс, Латвія), Рызе, Крэйцбургу (цяпер г. Екабпілс, Латвія). З 1891 жыў у Віцебску. У 1897 стварыў Віцебскую школу-майстэрню Ю.Пэна, у 1918—23 кіраваў майстэрняй у Віцебскім нар.маст. вучылішчы. Працаваў пераважна ў жанры кампазіцыйнага партрэта, а таксама пейзажа, тэматычнай карціны. У творчасці развіваў традыцыі перасоўнікаў. У шэрагу работ звяртаўся да адлюстравання гар. побыту: «Вуліца ў Віцебску», «Старая з пісьмом» (1903); «Гадзіншчык», «Стары кравец», «Яўрэйскі рабін», «Апошняя субота» і інш.); сац. тэматыкі: «Стары салдат» (1902), «Жабрак», «Пасля забастоўкі» (1905), «У турме» (1920-я г.). Высокім майстэрствам выканання вылучаюцца партрэты-тыпы: «Шавец-камсамолец» (1925), «Сват» (1926), «Швачка», «Партрэт стогадовага селяніна» (абодва 1927), «Пекар» (1928), партрэты мастакоў М.Шагала, Л.Шульмана, «Аўтапартрэт у саламяным капелюшы», «Партрэт брата», «Аўтапартрэт» (1922), «Аўтапартрэт з пэндзлем», «Дама ў аксамітавай сукенцы» і інш. У 1939—41 у Віцебску існавала карцінная галерэя твораў П. (каля 800 работ).
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
Казовский Г. Художники Витебска: Иегуда Пэн и его ученики: Пер. с англ.М., 1994;
Рывкин М., Шульман А. Запомните его имя: Юдель (Юрий) Пэн (1854—1937): Художник и педагог. Витебск, 1994;
Лисов А. Из истории витебской картинной галереи имени Ю.М.Пэна // Шагаловский сборник: Материалы I—V Шагаловских дней в Витебске (1991—1995). Витебск, 1996. Матэрыялы да выстаўкі твораў Ю.М.Пэна. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́Ў-ВО́ДКІН Кузьма Сяргеевіч (5.11.1878, г. Хвалынск Саратаўскай вобл., Расія — 15.2.1939),
расійскі жывапісец. Засл. дз. маст. Расіі (1930). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства ў В.Сярова (1897—1905), студыі А.Ажбе ў Мюнхене (1901), у прыватных акадэміях у Парыжы (1905—08). Чл. аб’яднанняў «Свет мастацтва» (з 1911), «Чатыры мастацтвы» (з 1924). У 1918—33 выкладаў у ленінградскіх Дзярж. вольных маст. майстэрнях, Вышэйшых маст.тэхн. майстэрнях. Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це, АМ. Наведаў Італію (1905) і Паўн. Афрыку (1907). Зазнаў уплывы ням. і франц. майстроў сімвалізму і мадэрну, італьян. рэнесансу, рус. іканапісу, В.Барысава-Мусатава. Элегічная сузіральнасць, разарваны, вялы рытм, змрочны каларыт ранніх работ («Бераг», 1908; «Сон», 1910, і інш.) у 1910-я г. змяніліся напружанасцю і пластычнай яснасцю вобразаў, востра-рытмізаванай кампактнай кампазіцыяй, кантрастамі адкрытых яркіх колераў, выкарыстаннем прыёмаў сферычнай перспектывы; «Хлопчыкі гуляюць» (1911), «Купанне чырвонага каня» (1912), «Паўдня» (1917) і інш. У 1920-я г. пісаў прасякнутыя пафасам рэв. барацьбы тэматычныя карціны: «1918 год у Петраградзе» (1920), «Пасля бою» (1923), «Смерць камісара» (1928) і інш. Аўтар аналітычна строгіх партрэтаў (аўтапартрэт, 1918; «Г.А.Ахматава», 1922), паэт. партрэтна-жанравых кампазіцый («Дзяўчына ў сарафане», «Дзяўчына каля акна», абедзве 1928), нацюрмортаў («Ранішні нацюрморт», 1918; «Чаромха ў шклянцы», 1932). Працаваў таксама як графік і тэатр. мастак.
Тв.:
Хлыновск. Пространство Эвклида. Самаркандия: [Повести). 2 изд. Л., 1982.
Літ.:
Костин В.И. К.С.Петров-Водкин. М., 1966;
Русаков Ю.А. Петров-Водкин. Л., 1975;
Яго ж. Рисунки Петрова-Водкина: [Альбом]. М., 1978;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎД (Raud),
эстонскія мастакі, браты. Нарадзіліся ў Віру-Яагупі (Эстонія). Крысцьян Р. (22.10.1865—19.5.1943), графік. Вучыўся ў Пецярбургскай (з 1892), Дзюсельдорфскай (1897—98), Мюнхенскай (1901—03) АМ, у школе А.Ажбе ў Мюнхене (з 1899). Заснавальнік і кіраўнік маст. студыі ў г. Тарту (каля 1905—14). У 1923—26 выкладаў у Талінскім маст.-прамысл. вучылішчы. Ў 1890-я г. рабіў жанравыя эцюды і замалёўкі з жыцця эст. сялян («У хаце», 1896—98). Пазней зазнаў уплывы мадэрну і сімвалізму. На аснове стылявых асаблівасцей эст.нар. разьбы па дрэве выпрацаваў своеасаблівую манеру экспрэсіўнага манументалізаванага станковага малюнка. Сярод твораў: «Збор бульбы» (1896), «Трыпціх на сюжэт казання «Тагасветная нявеста» (1919), «Ігра на кантэле» (1914—28), «Жніво» (каля 1938), «У сялянскай хаце» (1939), «Селянін» (1942), цыклы малюнкаў «Чалавек і ноч» (1907—09) і на тэму эст. эпасу «Калевіпаэг» (1920—40-я г.). Адзін з заснавальнікаў Эст.нар. музея (1909, цяпер Этнаграфічны музей Эстоніі) у Тарту, ініцыятар стварэння Эстонскага музея (1919, цяпер Маст. музей Эстоніі) у Таліне. Паўль Р. (23.10.1865—22.11.1930), жывапісец. Вучыўся ў АМ у Дзюсельдорфе (1888—94) і ў Пецярбургу (1911) у І.Рэпіна. З 1923 выкладаў у Талінскім маст.-прамысл. вучылішчы. Пісаў пераважна заказныя парадныя партрэты ў акад. духу, а таксама жанравыя і пейзажныя эцюды, этнаграфічна дакладныя збіральныя партрэты эст. сялян. Сярод твораў: «Дама ў чырвоным капелюшы» (1893), партрэт Н.Ікскюль (1894), «Дзядзька Паўль з люлькай» (каля 1894—96), «Стары з вострава Муху» (1898), «Матыў Пакры» («Сенакос», 1899), «Аўтапартрэт з палітрай» (1908) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛЯШЧУ́К Мікалай Міхайлавіч (4.8.1947, в. Велікарыта Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл. — 25.9.1996),
бел. мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1976). Працаваў як жывапісец, графік, майстар экслібрыса. У творчасці імкнуўся паказаць непарыўную сувязь вытокаў нац. культуры і сучаснага мастацтва, спалучаў сюррэалістычную манеру выканання з вобразамі бел.нар. фальклору і этнаграфіі. Яго кніжная графіка адметная насычанасцю дэкар. дэталямі, фантаст. выявамі, арх. помнікамі, прадметамі побыту і адзення, гульнёй фактур і святлаценяў. Адмаўленне ад апавядальнасці ўласціва афармленню кніг «Бацькаў дар» (1984), «Прагны багацей», «Індыкала-Кудыкала» Р.Барадуліна (абедзве 1986, залаты медаль біенале кніжнай іл. ў Браціславе 1989), «Казкі беларускіх пісьменнікаў» (1988), «Сымон-музыка» (1988—90) і інш. Графічныя прыёмы, пэўныя сюжэты часта пераносіў у станковы жывапіс, якому ўласцівы алегарычнасць, метафарычнасць маст. мовы, часам філас. асэнсаванне рэчаіснасці. Вял. ўвагу ў творах аддаваў спалучэнню фактуры фону, абстрактных элементаў з колеравымі і фігуратыўнымі, што паступова ўзмацнілася ў 1990-я г.: «Наведванне сядзібы Агінскага ў Залессі» (1978), «Памяці Максіма Багдановіча» (1981), «Матылькі тут не жывуць» (1982), «Бацька памёр» (1982—84), «Канец сезона туманаў», «Позняя восень» (1984), серыя «Казачны калейдаскоп» (1984—85), «Свята IV», «Хвіліна маўчання» (абодва 1989), «Гучанне музыкі нябёсаў» (1990), «Прагулка», «Калі цвіце язмін» (абодва 1991), «Метамарфозы» (1992), «Злашчасны вечар», «Люблю цябе сустракаць» (абодва 1994), «Спякотны вечар з вясёлкай на крэсле» (1995), «Вяртанне на Радзіму. Шоп-тур» (1996) і інш. Працаваў у станковай графіцы. Дзярж. прэмія Беларусі 1992.
Літ.:
Баразна М.Р. Беларуская кніжная графіка 1960—1990-х гг.Мн., 2001;
Каваленка В. Палёт над прасторай і часам // Мастацтва. 1997. № 8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАВО́РСКІ Уладзімір Андрэевіч (15.3.1886, Масква — 29.12.1964),
расійскі графік і жывапісец. Нар.маст.СССР (1963). Правадз.чл.АМСССР (1962). Вучыўся ў студыі К.Юона ў Маскве і ў маст. школе Ш.Холашы ў Мюнхене (1906—07), на мастацтвазнаўчым ф-це Маскоўскага ун-та (1907—13).
Праф. ін-таў у Маскве: Вышэйшага маст.-тэхн. (1907—13), паліграф. (1930—34), выяўл. мастацтваў (1934—38), прыкладнога і дэкар. мастацтваў (1942—48). Працаваў у галіне кніжнай і станковай графікі (пераважна ксілаграфіі), манум. і тэатр.-дэкарацыйнага жывапісу. Імкненне да філас. асэнсавання жыцця вызначылі яго пошукі вобразных абагульненняў і выразнай дэкаратыўнасці. Яго творчасць садзейнічала развіццю ксілаграфіі, усталяванню прынцыпаў афармлення кнігі як адзінага маст. твора. Сярод работ: іл. да кніг — «Кніга Руф» (1925), «Слова аб палку Ігаравым» (1938, 1954, 1961), санеты У.Шэкспіра (1948, 1952, 1955, 1960, 1964), «Барыс Гадуноў» (1956, 1960) і «Маленькія трагедыі» (1961) А.Пушкіна; станковыя гравюры — «Кастрычнік 1917» (1928), «Ф.М.Дастаеўскі» (1929), «За мір» (1959); серыя «Вялікія рускія палкаводцы» (1945—47). Сярод манум. работ — афармленне фасада сав. павільёна на Сусв. выстаўцы ў Парыжы (1937), мазаіка будынка сав. пасольства ў Варшаве (1955); тэатр.-дэкарацыйныя работы — «Дванаццатая ноч» Шэкспіра (1933, у Маскоўскім Маст. т-ры 2-м) і інш. Ленінская прэмія 1962. Іл.гл. таксама да арт.Кніжная графіка.
Тв.:
О художнике, о творчестве, о книге. [М., 1966];
Рассказы художника-гравера. М., 1976.
Літ.:
Халаминский Ю.Я. В.А.Фаворский М., 1964;
Книга о В.Фаворском. М., 1967.
І.В.Назімава.
У.Фаворскі. Плач Яраслаўны. Ілюстрацыя да кнігі «Слова аб палку Ігаравым». Разварот. 1954.
французскі жывапісец; адзін з рэфарматараў франц. жывапісу папярэднікаў станаўлення імпрэсіянізму. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1850—56) у Т.Куцюра. Капіруючы творы майстроў італьян. Адраджэння, Джарджоне, Тыцыяна, Д.Веласкеса, Ф.Халса, Ф.Гоі, Э.Дэлакруа і інш., зазнаў іх уплыў. У канцы 1850 — пач. 1860-х г. стварыў галерэю тыпаў і характараў, спалучаў жыццёвасць і рамантызацыю вобраза: «Аматар абсенту» (1859), «Лола з Валенсіі» (1862) і інш. Жывапісная манера вызначалася глухімі шчыльнымі тонамі, непасрэдным пераходам ад ценю да святла. Выкарыстоўваў і пераасэнсоўваў сюжэты і матывы жывапісу старых майстроў, імкнуўся надаць ім сучаснае гучанне і вырашыць новыя жывапісныя задачы: «Сняданак на траве», «Алімпія» (абодва 1863). Пазней звяртаўся да тагачасных тэм («Пакаранне смерцю імператара Максіміляна». 1867; «Расстрэл камунараў», 1871), паэтызаваў штодзённыя быт. сітуацыі («Сняданак у майстэрні», «Балкон», абодва 1868). У канцы 1860-х г. быў блізкі да імпрэсіяністаў; перайшоў да пленэрнага жывапісу, які вызначаўся святлонасычанай вібрыруючай колеравай гамай, багатай рэфлексамі і валёрамі, фрагментарнасцю кампазіцый, але захаваў неўласцівую для імпрэсіяністаў дакладнасць малюнка, шэрыя і чорныя тоны: «Чыгунка» (1873), «У лодцы». «Аржанцёй» (абодва 1874). Познія творы адметныя амаль поўнай адсутнасцю сюжэта, імправізацыяй у адлюстраванні вобразаў і атмасферы, псіхал. даследаваннем унутр. стану сучасніка: «Нана» (1877), «Афіцыянтка ў піўной» (1878), «У карчме бацькі Лацюіля» (1879), «Бар у «Фалі-Бержэр» (1881—82) і інш. Майстар партрэта: Э.Заля (1868), С.Малармэ (1876), «Аўтапартрэт з палітрай» (1879) і інш. Рабіў малюнкі, літаграфіі, афорты.
Літ.:
Э.Мане: Жизнь. Письма. Воспоминания. Критика современников: Пер. с фр.М., 1965;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РАЧКІН Аляксей Антонавіч (н. 10.3.1940, в. Новая Слабада Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел.жывапісец. Скончыў Віцебскі пед.ін-т (1962), Бел.-тэатр.маст.ін-т (1972). З 1975 (з перапынкам) выкладае ў Бел.АМ (у 1990—96 заг. кафедры). У 1982—86 гал. мастак Маст. фонду Беларусі. Тэматыка яго твораў прысвечана гіст. падзеям мінулага і сучаснасці, раскрывае багацце духоўнай культуры бел. народа. Для ранніх твораў характэрны рэаліст. манера адлюстравання ў спалучэнні з аб’ёмна-пластычным, рэльефным пісьмом і сімволіка-алегарычнымі матывамі. З 1990 творы набываюць характар фармалістычных кампазіцый з камбінаванай манерай выканання і ўмоўнай перадачай аб’ёму. Стварыў партрэты выдатных дзеячаў бел. гісторыі і культуры: «Цётка» (1976), «Пачатак. Францыск Скарына» (1978), «М.Гусоўскі» (1980), «Вераніка і Максім» (1981), «Рагнеда» (1982), «Кірыла Тураўскі» (1987), «Сымон Будны» (1989), «Канцлер Вялікага княства Літоўскага Леў Сапега» (1994) і інш., серыю партрэтаў «Мае сучаснікі» (1980); філасофска-алегарычныя трыпціх «Размова аб вечнасці. Скарына і Парацэльс» (1989—90), цыкл твораў «Народныя легенды і паданні» (1990—91). Сярод тэматычных кампазіцый: «Мара пра палёт» (1974), «Жанчына з бульбай» (1975), «Гуканне вясны» (1976), «Чаканне» (1979), «Чароўныя арэлі» (1980), «Суладдзе» (1983), «Хто з вас без граху?» (1989), «Цяжар» (1991). Аўтар шматлікіх пейзажаў: «Адліга» (1974), «Дарога» (1976), «Абуджэнне» (1978), «Імкненне» (1979), «Рэчка Мнюта. Па мясцінах Я.Драздовіча» (1978) і інш. Чарнобыльская тэма адлюстравана ў творах «Планета Палын» (1987), «Хадора» (1989), «Маці Божая ахвяраў Чарнобыля» (1990), «Палеская мадонна» (1991) і інш. Да тэм бел. фальклору звярнуўся ў творах «Прывіды зімы», «Святаяннік» (абодва 1991), «Жывы куст», «Кароль птушак», «Начны прывід» (усе 1992). Эксперыментуе ў матэрыяле. Аўтар шматлікіх маляваных дываноў.
Л.Ф.Салавей.
А.Марачкін Канцлер Вялікага княства Літоўскага Леў Сапега. 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІКЕ́ЙРАС, Альфара Сікейрас (Alfaro Siqueiros) Хасэ Давід (29.12.1898, г. Чыўаўа, Мексіка — 6.1.1974), мексіканскі жывапісец і графік; адзін з заснавальнікаў мексіканскай школы манум. жывапісу. Ганаровы чл.АМСССР (1967). Вучыўся ў АМ (1911), школе Санта-Аніта (1913) у Мехіка. Удзельнік мекс. рэвалюцыі 1910—17. З 1919 працаваў у Францыі і Іспаніі; у 1921 выдаў у Барселоне «Маніфест рэвалюцыйнага мастацтва». Заснавальнік (1922) і ген. сакратар (1923—25) «Рэвалюцыйнага сіндыката працаўнікоў тэхнікі і мастацтва». З 1924 адзін з кіраўнікоў Мексіканскай камуніст. партыі, з 1929 ген. сакратар Мексіканскай унітарнай прафсаюзнай канфедэрацыі. Неаднаразова быў арыштаваны. У 1932—34 і 1935—36 працаваў у ЗША. Дзейнасць С. ў Аргенціне (1933), Чылі (1941—42), на Кубе (1943) паўплывала на развіццё манум. мастацтва ў краінах Лац. Амерыкі. Яго работы вылучаюцца смелым стылем, насычанасцю фарбаў, дынамікай форм. Ствараў манум. кампазіцыі, у якіх канкрэтныя персанажы спалучаюцца з сімвалічнымі ўвасабленнямі сац.-гіст. сіл, выкарыстоўваў новыя метады перспектывы, спалучаў жывапіс са скульптурнымі формамі, ужываў новыя маст. матэрыялы (сінтэтычныя фарбы, керамічную мазаіку і інш.): размалёўкі Нац. падрыхтоўчай школы (1922—23), клуба прафсаюзаў электрыкаў (1939), Палаца прыгожых мастацтваў (1945, 1950—51), Нац. музея гісторыі (пачаў у 1959; усе ў Мехіка). У 1950—60-я г. ў трактоўцы гіст. падзей і вобразаў узмацніліся выразнасць і паліт. вастрыня. Аўтар мазаікі і рэльефаў на фасадзе рэктарата Універсітэцкага гарадка ў Мехіка (1952—54), манум.-дэкар. збудавання «Паліфорум» (1971), якое спалучае архітэктуру, жывапіс і скульптуру станковых карцін, літаграфій, малюнкаў. Іл.гл. таксама ў арт.Мексіка.
Літ.:
Григулевич И.Р. Сикейрос. М., 1980;
Семенов О.С. Д.А.Сикейрос. М., 1980.
С.У.Пешын.
Д.Сікейрас. Размалёўка Нац. музея гісторыі ў Мехіка. 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́РЫКАЎ Васіль Іванавіч (24.1.1848, г. Краснаярск, Расія — 19.3.1916),
рускі жывапісец. Правадз.чл.Пецярб.АМ (1893). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1869—75) у П.Чысцякова. Чл.т-ва перасоўных маст. выставак (гл.Перасоўнікі, 1881), Саюза рус. мастакоў. Гал. тэма творчасці — лёс народа ў складаныя пераломныя эпохі гісторыі Расіі. Ужо ў ранніх творах звяртаўся да гіст. тэматыкі («Княжацкі суд», 1874; «Апостал Павел тлумачыць догматы веры ў прысутнасці цара Агрыпы», 1875). З 1877 жыў у Маскве. Наведаў Германію, Францыю, Аўстрыю (1883—84), Швейцарыю (1897), Італію (1900), Іспанію (1910). У лепшых палотнах раскрываў трагічныя супярэчнасці гісторыі, логіку яе руху, барацьбу гіст. сіл у пятроўскі час, у гады расколаў, нар. рухаў: «Раніца стралецкай кары» (1881), «Меншыкаў у Бярозаве» (1883), «Баярыня Марозава» (1887). У манум. па форме карцінах С. стварыў наватарскі тып кампазіцыі, у якой рух людской масы, ахопленай складанай гамай перажыванняў, перадае глыбокі, унутр. сэнс падзеі. Вял. ўвагу аддаваў перадачы выгляду плошчаў і вуліц старой Масквы, запоўненых натоўпам, адзення, прадметаў побыту, вышыўкі, разьбы па дрэве і інш. Агульны каларыт яго твораў, заснаваны на гармоніі чыстых фарбаў, рытме колеравых плям, фактуры і манеры мазкоў, служыў сродкам перадачы агульнага настрою, атмасферы падзеі, псіхал. характарыстыкі персанажаў. У 1888—90 жывапісам не займаўся. У карцінах 1890-х г. звярнуўся да падзей нац. гісторыі, у якіх праяўляўся гераічны дух і магутнасць рус. народа: «Пакарэнне Сібіры Ермаком» (1895), «Пераход Суворава праз Альпы» (1899), ствараў партрэты («Сцяпан Разін», 1903, і інш.), займаўся акварэллю.