ЛІЎР (франц. livre ад лац. libra фунт),

грашова-лікавая адзінка Францыі ў 9—18 ст. Падзяляўся на 20 су, або 240 дэнье. Як рэальная манета выпускаўся ў 1665 пры Людовіку XIV пад назвай «сярэбраны лі» і ў 1720 пры Людовіку XV. Пры Людовіку XVI выпушчаны залатыя манеты ў 24 Л. і сярэбраныя ў 3 і 6 Л. У выніку псавання манет кошт Л. паніжаўся. У 1795 на змену Л. прыйшоў франк.

6 ліўраў 1793; серабро, Францыя.

т. 9, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯСНА́Я,

вёска ў Лапаціцкім с/с Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл., каля шашы Магілёў—Слаўгарад. Цэнтр калгаса. За 14 км на Пн ад Слаўгарада, 60 км ад Магілёва, 36 км ад чыг. ст. Чавусы. 381 ж., 147 двароў (1999). Пачатковая школа, клуб, б-ка, аптэка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў, расійскіх воінаў. Помнік у гонар перамогі рускіх воінаў у бітве пад Лясной 1708. Помнік архітэктуры — мемар. капліца (пач. 20 ст.), у якой створаны музей гісторыі бітвы.

т. 9, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЙСЕ́ЕЎ (Іван Цімафеевіч) (16.8.1910, в. Вялюнь Брэсцкага р-на — 12.2.1976),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў курсы мал. лейтэнантаў (1938), «Выстрал» (1942). У Чырв. Арміі з 1928. З 1943 на 2-м Укр. фронце. Удзельнік вызвалення Украіны, Румыніі, Чэхаславакіі. Капітан М. вызначыўся ў 1944 пры фарсіраванні р. Ціса на тэр. Венгрыі: 6 ліст. батальён на чале з М. пад варожым агнём пераправіўся цераз раку, выбіў праціўніка з траншэй, прайшоў з баямі 18 км, захапіў у палон 180 гітлераўцаў.

І.Ц.Майсееў.

т. 9, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКСІМЕ́НЯ (Іосіф Маркавіч) (16.8.1912, в. Старына Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 15.8.1964),

Герой Сав. Саюза (1940). У Чырв. Арміі з 1934. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. 5.3.1940 пад агнём праціўніка закідаў гранатамі варожы дот, заняў вышыню і 1,5 гадз утрымліваў яе да падыходу падраздзялення, 7 сак. адзін з першых фарсіраваў р. Вуокса і забяспечваў пераправу батальёна. У Вял. Айч. вайну камандзір узвода партыз. атрада брыгады імя М.​Шчорса Мінскай вобл. Пасля вайны на гасп. рабоце.

т. 9, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНБЛА́Н (франц. Mont Blanc, італьян. Monte Bianco),

горны масіў і вяршыня ў Зах. Альпах, на мяжы Францыі, Італіі і Швейцарыі, самая высокая ў Еўропе (4807 м). Даўж. масіву 50 км. Складзены з гранітаў, гнейсаў, крышт. сланцаў. Рэльеф альпійскага тыпу. Пл. зледзянення больш за 200 км², самы буйны ледавік Мер-дэ-Глас (даўж. 15 км). Частка водападзелу паміж рэкамі По і Рона. Альпінізм, турызм. Астранамічная абсерваторыя. Пад М. аўтамаб. тунэль (даўж. 11,6 км) і шаша з Францыі ў Італію.

т. 10, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЫ́РЫНА,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Лукомка, за 17 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,39 км², даўж. 1,7 км, найб. шыр. 500 м, найб. глыб. 5 м, даўж. берагавой лініі 4 км. Пл. вадазбору 2,26 км². Схілы катлавіны выш. 5—7 м, разараныя. Берагі пясчаныя, пад хмызняком, часткова зліваюцца са схіламі. Пойма ўчасткамі на ПнЗ і ПдЗ шыр. да 100 м, забалочаная, парослая хмызняком. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей дно выслана ілам і сапрапелем.

т. 10, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЛЬНІКАЎ (Ціхан Уладзіміравіч) (15.6.1913, г. Чавусы Магілёўскай вобл. — 25.6.1989),

генерал-лейтэнант артылерыі (1968). Скончыў артыл. школу (1937), Вышэйшую афіцэрскую школу ППА (1949), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1955). У Чырв. Арміі з 1935. У Вял. Айч. вайну на Зах., Паўн.-Зах., Варонежскім, 1-м Укр. франтах: нач. штаба артыл. дывізіёна, камандзір зенітнага артыл. палка. Удзельнік баёў пад Мінскам, Вязьмай, Арлом, Кіевам, Львовам, на тэр. Польшчы, Берлінскай і Дрэздэнскай аперацый. Да 1973 на камандных пасадах у Сав. Арміі.

т. 10, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МЕ́СЯЦ», «Месячык»,

гарадскі бытавы танец. Створаны на аснове песні «Свеціць месяц». Муз. памер ​4/4. Тэмп умерана хуткі. Вядомы з канца 19 ст. На Беларусі найб. пашыраны ў вясковым асяроддзі, дзе зазнаў уплыў нар. харэаграфіі. Мае мноства мясц. варыянтаў. Найб. папулярны парны, калі выканаўцы, стоячы парамі тварам у твар, узяўшыся за рукі выконваюць некалькі разоў запар блок рухаў: прыстаўныя крокі ўправа, улева, плясканне ў далоні, павароты дзяўчыны пад рукой у хлопца, вярчэнне ў вальсе і інш.

т. 10, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЧНІКАЎ (Леў Ільіч) (30.5.1838, С.-Пецярбург — 30.6.1888),

расійскі географ і сацыёлаг. Брат І.І.Мечнікава. Адзін з аўтараў працы «Землеапісанне для народу» (Жэнева, 1868). У 1874—76 чытаў лекцыі па рус. мове ў Такійскім ун-це і вывучаў Японію. З 1876 быў памочнікам Э.Рэклю па стварэнні працы «Усеагульная геаграфія. Зямля і людзі». У 1881 апублікаваў даследаванне пра Японію, у 1889 — працу «Цывілізацыя і вялікія гістарычныя рэкі» (абодва на франц. мове), дзе выказаў тэорыю развіцця цывілізацый пад уплывам спрыяльных прыродных фактараў.

т. 10, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫ ЮНА́ЦКІ ДЗЕНЬ (МЮД),

інтэрнацыянальнае свята моладзі, якое праводзілася ў 1915—45 паводле рашэння Бернскай міжнар. канферэнцыі моладзі (крас. 1915) з мэтай мабілізаваць моладзь свету на барацьбу за мір, супраць захопніцкіх войнаў. Адзначаўся масавымі дэманстрацыямі і мітынгамі. 1-ы МЮД праведзены 3.10.1915 (у Расіі ў вер. 1917). З 1916 святкаваўся ў 1-ю нядзелю вер., з 1932—1 верасня. У 1919—43 праводзіўся пад кіраўніцтвам Камуністычнага інтэрнацыянала моладзі. З 1945 замест МЮД штогод 10 ліст. адзначаецца Сусв. дзень моладзі.

т. 10, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)