*Раме́за, роме́за ’луска верхняга слоя кары сасны’ (петрык., Шатал.). Параўн. ръмузі́ніна ’вузкая палоска матэрыі’ (міёр., Нар. словатв.) і, гледзячы па ўсім, роднаснае, але семантычна больш далёкае рамізкі ’прыстасаванне з нітак або шнурочкаў, цераз якія перацягваюць ніткі асновы’ (Інстр. 2). Блізкая семантыка і наяўнасць рускай дыялектнай (вяц., арханг., уладз.) формы ремезе́нь ’скураны пояс, рамень’ даюць падставы лічыць корань гэтага рэдкага слова роднасным кораню, які вылучаецца ў раме́нь (гл.), г. зн. *rem‑. Фасмер (3, 469) і Чарных (2, 110), паводле Даля (2‑е і 3‑е выд.), звяртаюць увагу і на іншасуфіксальныя формы — рус. дыял. ремо́к, ремьё, ремо́ха, рему́ха, рему́га ’акравак; лахмоцце; рыззё’, да якіх можна дадаць яшчэ шэраг з аналагічнымі ці блізкімі значэннямі: ремо́ния, ремо́ница, рему́зия, рему́зы, рё́муз, рё́мух, ремги́ і г. д., а таксама укр. ра́мʼя ’лахманы; рыззё’. Паводле Куркінай (Этимология–1997–1999, 85), “назва вузкай палоскі скуры, тканіны, зямлі і да т. п. матывавана дзеяслоўнай семантыкай ’ірваць, здзерці’”. Між тым, падобна на тое, што арыгінальнае значэнне лексемы, зусім не абавязкова звязанага з семантычным абагульненнем ’ірваць, здзіраць’, з’яўляецца не менш старажытным, а гэта, у сваю чаргу, дазваляе прапанаваць тэрытарыяльна абмежаваны познепраславянскі дублет *remenь/*remene (< *remy), менавіта *remezъ/*remeza, і таксама з цыркумфлекснай інтанацыяй.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ры́ба1 ’рыба’ (ТСБМ; Бяльк.; Сцяшк. МГ), ры́біна ’рыбіна’ (ТСБМ; брасл., в.-дзв., Сл. ПЗБ). Укр. ри́ба, рус. ры́ба, польск. ryba, палаб. roibó, н.-луж. ryba, в.-луж. ryba, чэш. ryba, славац. ryba, славен. riba, серб., харв. рӣба, макед. риба, балг. ри́ба. Наконт паходжання слова аднадушнага меркавання няма. Мікала (Ursl. Gr., 1, 124; РФВ, 48, 279) супастаўляе з ням. Aalraupe (радзей Raubaal) ’налім; рыба з сямейства вугроў; рыба са змеепадобным целам’, дзе Aal ’вугор’, а ‑raupe < ruppo (ст.-в.-ням. rūppa, rūpa ’налім’). Ваян (RÉS, 9, 123 і наст.) звязвае прасл. *ryba і *ryti з і.-е. коранем *reu‑/*rou‑/*rŭ‑ і суфіксам ‑(ъ)b‑a (як *strělьba) і першасным значэннем ’спосаб лоўлі рыбы шляхам узрывання дна’, але гэтая спроба крытыкуецца. Паводле Тапарова (ЭИРЯ, 1, 5–10), звязана з рабы́ ’стракаты’. Агляд іншых версій і літ-ры гл. ESJSt, 13, 786; Жураўлёў, Язык и миф, 457–458.

Ры́ба2 ’няроўнасці на палатне касы пры няўмелым кляпанні’ (Сл. Брэс.). Можа, да *ryti з суфіксам ‑(ъ)b‑a?

Ры́ба3, у ры́бу ’гульня хлопчыкаў’ (гродз., Нар. словатв.). Да рыба1 з прычыны таго, што гульня імітуе лоўлю рыбы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Се́ран ‘шарон, цвёрды слой снегу пасля адлігі’ (Нас., Гарэц., Касп.; докш., Гіл., Янк. Мат.), се́ран, се́рен, се́рана, сяро́н, сяру́н, серані́ла, серанок, се́рань ‘тс’ (Сл. ПЗБ; віц., маг., гом., ЛА, 2), се́рън ‘тс’ (Нар. сл.), серано́к (Бяльк.), сі́рна (Шатал.) ‘тс’. Укр. сере́н, рус. серён, се́рен, се́рень ‘тс’, ст.-рус. серенъ ‘шарон’, серенъ ‘белай масці (аб кані)’, рус.-ц.-слав. срѣнъ ‘белы’, польск. śron, śrzon, szron ‘іней, шэрань’, чэш. stříň ‘першы тонкі лёд на вадзе’, славац. srieň ‘іней, шэрань’, славен. srȇň, srẹ̑nj ‘іней; шарон’. Прасл. *sernъ або *sernь. Роднасныя літ. ser̃kšnas, šer̃kštas ‘светла-шэры’, лат. sērns, sērksnis м. р., sę̄rsna ж. р. ‘шэрань; іней, галаледзіца; шарон’, ст.-ісл. hjarn ‘замёрзлая маса снегу’; гл. Траўтман, 303; Мюленбах—Эндзелін, 3, 722, 820. 831; Торп, 78; Фасмер, 3, 608; Махэк₂, 588. Сной₁ (602) славянскія словы і роднасныя ўзводзіць да і.-е. *kʼer‑s‑no ‘светлы, шэры’. Борысь (607) удакладняе, што слав. *sernъ — гэта субстантываваны прыметнік *sernь ‘белы, сіваваты’, а дыял. *srenь — той жа прыметнік, субстантываваны пры дапамозе суф. ‑jь (*sern‑jь). Выказаную здагадку Тапарова (Балтийские яз., 46) адносна магчымага запазычання рус. се́рин ‘шарпак’ з літоўскай адводзіць Анікін (Опыт, 275), бачачы паміж ім і літ. šer̃kšnas толькі генетычную сувязь.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слука́ ‘слонка’ (Байк. і Некр., Пятк. 2, ПСл), ‘казадой’ (саліг., Нар. словатв.), слук ‘чырвоны лясны кулік, вальдшнэп, Scolopax rusticola L.’ (Меер Крыч.), слука́, слуква́, слухва́ ‘тс’ (усх.-палес., стол., Нікан.), случа ‘тс’ (Інстр. 2). Укр. слу́ква ‘тс’, рус. дыял. слу́ка́, польск. słonka, дыял. słęka, ст.-польск. ‘бакас’, н.-луж. sluka, чэш. sluka, дыял. slúka, славац. sluka, серб.-харв. слу̏ка, шљу̏ка, славен. slọ́ka ‘тс’. Праслав. *slǫka. Роднасныя літ. slanká ‘кулік’, лат. slùoka ‘слонка’, ст.-прус. slanke ‘вялікі кулік’ (Траўтман, 268; Мюленбах-Эндзелін, 3, 944). Далей па розных матывах дапускаюць роднасць з літ. sliñkti ‘красціся, прабірацца’, slankà ‘той, хто ходзіць крадучыся’, лат. slìkt ‘красціся’, ст.-в.-ням. slingan ‘варушыцца, хістацца’ і г. д. (Зубаты, LF, 20, 406 і наст., Махэк₂, 558), таму што птушка мае “згорбленую, крадучуюся паходку” (Брэм) або амаль не рухаецца ў няволі на працягу дня (Махэк₂, там жа). Бязлай (Eseji, 117) збліжае з польск. ślęczeć ‘сядзець на кукішках’, чэш. дыял. osľaknuť ‘разгультаіцца’, славен. slekniti se ‘пакласціся’. Інакш Брукнер (500), які лічыць назву птушкі гукапераймальнай і параўноўвае з польск. ślęczeć ‘енчыць, павіскваць, скуліць’. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 678; Сной₁, 581; ЕСУМ, 5, 310; Антропаў, Назв. птиц, 360.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слых ‘успрыманне гукаў’, ‘вестка’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Шат., Варл., Нар. словатв., Сл. ПЗБ), слух ‘тс’ (Ласт., Байк. і Некр., Бяльк., Сл. ПЗБ), ст.-бел. слухъ ‘тс’ (Альтбаўэр), слых ‘пагроза’ (ашм., Стан.), ‘рэха’ (навагр., Жыв. сл.), слух ‘паслухмянасць, пакорлівасць’ (Барад.), слыха́ць безас. ‘чуваць, чутна’ (БРС, Нас., Ласт.), слы́хі ‘пагалоскі’ (в.-дзв., бяроз., Сл. ПЗБ). Сюды ж фразеалагізмы слыхом не слыхаць (Рам. 6), ні слыху, ні дыху (Пятк. 2). Аддзеяслоўнае ўтварэнне, прасл. *sluxъ; параўн. укр., рус. слух, польск. słych, słuch, чэш., славац. sluch, серб.-харв. слу̑х, славен. slúh, балг., макед. слух, ст.-слав. слоухъ, што да прасл. *sluxati, *slyšati. Параўн. укр. слиха́ти, рус. слыха́ть, слы́шать, ст.-слав. слышати, польск. słyszeć, в.-луж. słyšeć, н.-луж. słyšaś, чэш. slyšeti, славац. slyšať, серб.-харв. сли̏шати ‘выслухоўваць, распытваць аб зададзеным’, славен. slišati. Паводле Махэка₂ (559), прасл. *slyšati з’яўляецца ітэратывам да прасл. *slušeti (гл. слухаць). Роднаснае літ. klausýti ‘слухаць’, paklýsti ‘слухацца’, ст.-в.-ням. hlosēn ‘слухаць, слухацца’, нов.-в.-ням. дыял. losen ‘слухаць’, авест. a‑srušti‑ ‘непаслухмянасць’, ст.-інд. śróṣati ‘ён чуе’. Гл. Траўтман, 308; Мюленбах-Эндзелін, 3, 920; Вальдэ-Гофман, 1, 238; Майргофер, 3, 394; Фасмер, 3, 680; Сной₁, 583; Борысь, 560–561; ЕСУМ, 5, 301.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смаля́нка1 ‘смолка, Viscaria viscosa Aschers’ (Шат., Кіс., Сцяшк., Мат. Гом., Сл. ПЗБ), ‘зязюльчын светнік, Coronaria flos cuculia L.’ (Кіс., Жыв. сл.), смаля́нка, смалёўка ‘травяністая расліна сямейства гваздзіковых з белымі, ружовымі, чырвонымі кветкамі’ (ТСБМ). Да смаляны < смала1 з суф. ‑к‑, параўн.: смалянка ліпне, як смала (Сл. ПЗБ). Далей гл. смолка.

Смаля́нка2 ‘гатунак груш’ (ТСБМ, Мат. Гом.), смоля́нка ‘гатунак груш і яблыкаў’ (ТС). Параўн. польск. smolanka, чэш. мар. smoľenka, славац. smolnatka ‘гатунак груш’. Да смала1; паводле Махэка₂ (563), таму, што гэтыя грушы, як толькі пачынаюць гнісці, становяцца ўнутры чорнымі, як смала.

Смаля́нка3 ‘пацук з доўгім хвастом’ (Байк. і Некр.), смалля́нка, смыля́нка, смыльня́нка ‘пацук’ (Нас., Шымк. Собр., Касп., Бяльк., ЛА, 1), смальчу́г ‘пацук (самец)’ (З нар. сл.), смалю́га ‘пацук’ (Мат. Маг.). Да смала1, смаляны; першапачаткова, відаць, ‘чорны пацук’.

Смаля́нка4 ‘паганы грыб’ (Мат. Гом.). Польск. smolucha ‘атрутны грыб’. Да смала1, смаляны, відаць, паводле колеру.

Смаля́нка5 ‘грыб лісічка’ (брэсц., Сярж.–Яшк.; Сл. Брэс.), смоля́нкі, смоло́вікі ‘лісічкі’ (ТС). Да смаліна ‘сасна’ (гл.), смаловы ‘сасновы’ і, далей, да смала1 (гл.), відаць, па месцы вырастання, параўн. іншыя назвы сасня́нка, падсо́снаўка (Сярж.–Яшк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сні́тка1 ‘расліна, Aegopodium L.’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Меер Крыч., Сцяшк.; мін., віц., Кіс.; ашм., бярэз., мін., шчуч., навагр., Сл. ПЗБ; ЛА, 1), сны́тка ‘тс’ (Нас., Бяльк.; маг., Кіс.; Дэмб. 1; бялын., Нар. сл.; круп., Сл. ПЗБ, ЛА, 1), сніць, шныць ‘маладыя лісточкі агароднай расліны’ (Гарэц.). Укр. сні́тка, снить, снит, сни́тка, рус. снить, сни́тка, сныть, сны́тка. Дыял. прасл. (усх.-слав.) *snětь/*snitь — рэканструкцыя Мяркулавай (Очерки, 62 і наст.), якая супастаўляе іх з польск. śniat ‘ствол дрэва’ (XVII ст.), чэш. snět ‘галіна’, snítek, snítka ‘калода’, славац. дыял. snět ‘ствол дрэва’, sneto ‘галіна’, а таксама ўкр. закарп. snit, snita ‘калода’, якія ўзводзяцца да і.-е. *snoi̯t‑, суадноснага з *snei̯t‑ ‘рэзаць’. Параўн. гоц. sneiꝥan, ст.-в.-ням. snīdan, ням. schneiden ‘рэзаць’. Матывацыя — тоўсты ствол расліны (“дудка”). Гл. Махэк₂, 564. Іншая версія — параўнанне з прасл. *snětъ ‘галаўня (у збажыне)’ (гл. сняцей), што не супадае па значэнні; гл. Фасмер, 3, 698–699 з літ-рай.

Сні́тка2 ‘птушка пліска’ (ПСл). Да сі́тка (гл. сітаўка) з устаўным ‑н‑.

Сні́тка3 ‘невялікая луста, скібка’ (Скарбы). Няясна. Магчыма, да сніт ‘дошка’ (гл. снет) або непасрэдна з ням. Schnitt ‘разрэз’, Schnitz ‘кавалак, скрыль’, сюды ж, відаць, і выраз выстругало его, як снітку (пра бягунку) (Федар. 4, 345).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стажа́р ‘уваткнуты ў зямлю шост, вакол якога кідаецца стог’, стажа́рʼе ‘аснова стога; падсцілка, на якую ставяць стог сена, каб зберагчы яго ад сырасці’ (ТСБМ), таксама ‘месца, дзе стаяў стог’ (Янк.), стажа́рка ‘стрэшка на чатырох слупах, пастаўленая над стогам’ (Сл. ПЗБ, мёрск., ЖНС), стажа́рня ‘стажарка’, ‘падсцілка пад стог’ (Сл. ПЗБ; полац., Нар. лекс.), стажа́рыньне ‘падсцілка пад стог’ (пін., Шатал.), стажа́рышча ‘тс’ (Сцяшк.). Укр. дыял. сто́жар ‘месца, дзе стаяць стагі сена’, стожа́рище ‘месца, дзе стаяў стажок’, рус. стожа́, стожара́, стожера́ ‘кожны з калоў, якімі ўмацоўваецца стог сена’, стожа́р, стожа́рь ‘шост у стагу’, ст.-рус. стъжаръ ‘шост, уваткнуты ў зямлю для ўмацавання стога’, в.-луж. sćežor ‘шост’, н.-луж. sćažor ‘жардзіна’, чэш. stožár ‘мачта’, славац. stožiar ‘тс’, славен. stožẹ́r ‘шост у стозе’, серб.-харв. сто̏же̑р ‘паля, уваткнутая на таку’, балг. сто́жар, сто́жер ‘тс’, макед. стожер ‘тс’. Прасл. *stožerъ ‘стоўб, шост, жэрдзь’; утворана ад прасл. *stogъ ‘стог’ (гл.) з суф. ‑erъ, гл. Слаўскі, SP, 2, 23. Параўн. літ. stãgaras ‘сухое доўгае сцябло расліны’, лат. stagars ‘тс’, ст.-в.-ням. stecho ‘паля, слуп’; гл. Фасмер, 3, 764; Махэк₂, 580; Сной₁, 611; Шустар-Шэўц, 1274–1275; ЕСУМ, 5, 424. Гл. сцежар.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Строп1 ‘канат, трос’ (ТСБМ). Праз рус. строп ‘тс’ з гал. strop, н.-ням. stropp ‘тс’. Гл. Фасмер, 3, 782.

Строп2 ‘стык бакоў страхі’ (ТСБМ, кіраў., Нар. сл.; Шушк.; барыс., Шн. 2), ‘страха’ (Байк. і Некр., Нас.), ‘столь’ (Нас., Жд. 3, Маш., Зеньк.), ‘верх страхі пад вільчыкам’ (Касп., Барад., ТС, ЛА, 5), ‘накладка на верхняй частцы саламянай страхі’ (Скарбы), ‘прастора паміж верхняй часткай страхі і верхняй часткай крокваў’ (Тарн.), страпа́ ‘кроквы’ (паст., Сл. ПЗБ). Укр. стріп ‘страха; столь’, рус. пск., зах. строп ‘страха, гарышча, столь’, польск., чэш., славац. strop, славен. stròp ‘столь, кроквы, франтон’, балг. строп ‘гарышча, ярус’, ст.-слав. стропъ ‘страха; столь’. Прасл. *stropъ (магчыма, з *sropъ, з ‑t‑ устаўным, параўн. востраў, струга) параўноўваецца з ст.-ісл. hróf ‘страха; паветка’, англ.-сакс. hróf, англ. roof, ірл. cro ‘агароджа, перагародка, хлеў, хаціна’ (< *cropo‑) (гл. Траўтман, 309; Фасмер, 3, 781 з іншай літ-рай), якія да і.-е. *kʼrā‑po; сюды ж з іншым суф. гоц. hrot (< *kʼrā‑do) ‘страха’; гл. Борысь, 581; Сной₁, 616. Менш прымальным лічыцца параўнанне з лат. straps ‘выцягнуты, прамы’, нов.-в.-ням. straff тугі’, літ. stir̃ptí, stirpstù ‘падрастаць’ (гл. Мюленбах-Эндзелін, 3, 1081; Младэнаў, 613) або з грэч. ἐρἐφω ‘накрываю’, όροφή ‘страха’ (Махэк₂, 583).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стрэць, стрэ́ну ‘сустрэць’, стрэ́цца ‘сустрэцца’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Касп., Байк. і Некр., Бяльк., Нар. Гом.; баран., лід., ганц., калінк., Сл. ПЗБ, ТС), стрэ́нуць ‘тс’ (Нас., Байк. і Некр.), стрэ́ціць ‘сустрэць’ (Касп.), ст.-бел. стретить ‘тс’ (XV ст., Карскі, 1, 357). Параўн. укр. стрі́ти, стрі́нути, рус. встре́тить, дыял. стреть, стре́нуть, ст.-польск. pośrześć, pośrzatać się, чэш. střetnouti, ст.-чэш. střenúti, славац. stretnúť, серб.-харв. сре̏сти, славен. srẹ́sti, балг. срещна, макед. срете, сретне, ст.-слав. сърѣсти ‘сустрэць’. Прасл. *sъ‑rěsti, *sъ‑rętʼešь ‘страчаць’, таксама *ob‑rěsti, *ob‑rętʼešь, параўн. рус. обрести́, обрету́, приобрести́ ‘набыць; прыдбаць’; *sъ‑ < і.-е. *su‑ ‘добры’, як у *sъdorvъ ‘здаровы’. Ва ўсходнеславянскіх формах канчатак інфінітыва Міклашыч (278) тлумачыць аналагічным выраўноўваннем па дзеепрыметніку прош. ч. *sъ‑rě(t)lъ; варыянт стрэнуць узнік на аснове форм цяп. ч. Роднасныя літ. su‑rėsti, прош. ч. sùėčau ‘схапіць, злавіць’; далей стаяць літ. ràsti, randu, radau ‘знаходзіць’, гоц. wraton ‘ісці’, ст.-ісл. vrata ‘вандраваць, знаходзіць’, ст.-інд. á‑vradanta ‘хісталіся’ і інш. (Фрэнкель, Slavia, 13, 15; Брукнер, KZ, 46, 234; Фасмер, 1, 90, 363; З, 107 з іншай літ-рай; Глухак, 576). Устаўку ‑т‑ (‑t‑), вядомую яшчэ ў праславянскіх формах, Карскі (1, 357) тлумачыць імкненнем да мілагучнасці. Гл. таксама сустрэць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)