замкну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зачыніцца, зашчоўкнуцца (пра замок). Замок замкнуўся.

2. Зачыніцца (на замок, на ключ) у якім‑н. памяшканні. Прыехаў .. [Ясь] у свой палац, замкнуўся ў пакоі і заплакаў. А. Александровіч.

3. у што, у чым і без дап. Адасобіцца, адмежавацца ад навакольнага свету; абмежаваць сваю дзейнасць, інтарэсы пэўнымі рамкамі. Тэхнікум даў Ціхану Піменавічу спецыяльнасць, якой ён аддаваўся ўсімі сіламі, але ў якой аднак жа не замкнуўся. Чорны. Пра бацьку Мацея Гусака Трахіма гаварылі мала — ён нікуды не ходзіць, замкнуўся. Пестрак.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Злучыцца канцамі; самкнуцца. Ланцуг электраправодкі замкнуўся. □ Варожае кола навокал раёна ўжо сцягвалася, звужалася і неўзабаве гатова было замкнуцца. Чорны.

•••

Замкнуцца ў сабе — стаць нелюдзімым, адасобіцца ад іншых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пяшчо́та, ‑ы, ДМ ‑шчоце, ж.

1. Поўнае задавальненне чыіх‑н. жаданняў, капрызаў. Руды ў пяшчоце дый у ласцы: Штодзень тры разы бульбы ў ражцы Даюць яму, ды ’шчэ й з мукою. Крапіва.

2. Пачуццё ласкі, замілавання, мяккасці ў адносінах да каго‑, чаго‑н. Мацярынская пяшчота. □ [Кіру] ахапіла такая пяшчота, што, убачыўшы бацьку.., яна абвіла яго шыю і пачала цалаваць у шчокі, у нос, у лоб. Карпаў. Агорнуты пяшчотаю да дзяўчыны, .. [Іван] адхіліў ад яе галавы навіслыя сцябліны маку, адагнаў беленькага .. матыля, які ўсё прымерваўся сесці на яе валасы. Быкаў. Чаго ж цяпер так хвалюе яе [Ганну] апошняя пяшчота цяпла, згалеласць палёў, смутак асенніх дзён? Мележ.

3. толькі мн. (пяшчо́ты, ‑чот). Учынкі, словы, якімі выказваюцца пачуцці ласкі, замілавання. Карызна ў бурныя пяшчоты пераліваў сваё, прывезенае з раёна, узрушэнне. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

І́ЎЕЎСКІ РАЁН,

на У Гродзенскай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 1960). Пл. 1,9 тыс. км². Нас. 37,8 тыс. чал. (1997), гарадскога 27,8%. Сярэдняя шчыльнасць 20 чал. на 1 км².

Цэнтр раёна — г.п. Іўе, г.п. Юрацішкі, 372 сельскія населеныя пункты. Надзяляецца на Юрацішкаўскі пассавет, 10 сельсаветаў: Бакштаўскі, Геранёнскі, Іўеўскі, Лаздунскі, Лелюкінскі, Ліпнішкаўскі, Морынскі, Суботніцкі, Трабскі, Эйгердаўскі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Раён размяшчаецца ў межах Лідскай раўніны на Пн і Нёманскай нізіны на Пд. Паверхня раўнінная, 50% тэрыторыі на выш. 150—200 м. каля 50% — ніжэй 150 м. Найвыш. пункт 243,4 м (за 6 км на ПдЗ ад в. Трабы). Карысныя выкапні: пясчана-жвіровы матэрыял, мел, буд. пяскі, гліны, торф. Сярэдняя т-ра студз. -6,2 °C, ліп. 17,6 °C. Ападкаў 610 мм за год. Вегетац. перыяд 191 сут. Найб. р. Нёман з прытокамі Бярэзінай (з Іслаччу, Волкай, Чапунькай) і Гаўяй (з Клявай, Жыжмай і Апітай). На ПнУ ад г.п. Іўе Лаздунскае вадасховішча. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя (40%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (29,4%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (12,3%), тарфяна-балотныя (11,6%). Пад лесам 44.7% тэрыторыі, з іх 22,3% — штучныя насаджэнні. Найб. лясістасць на ПдУ і ПнЗ, на У частка лясоў (20 тыс. га) Налібоцкай пушчы. Пераважаюць хваёвыя лясы. Балоты займаюць 4,7% тэрыторыі Найб. балотныя масівы: Сіма, Жыжма, Краснае балота. Нац. парк Налібоцкі. заказнікі мясц. значэння: біялагічны — Урочышча Краснае і ландшафтны — Раздоры.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 79,2 тыс. га, з іх асушаных 25,7 тыс. га. На 1.1.1997 у раёне 20 калгасаў, адкормачны пункт. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёла-, свіна- і конегадоўлі. Вырошчваюць збожжавыя, лён, цукр. буракі, алейныя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы харч. (садавіна-агароднінныя кансервы, хлеб, каўбасы, макарону, спірт, агародніна-сушыльныя вырабы і інш.), дрэваапр. і буд. матэрыялаў прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Ліда—Маладзечна, аўтадарога Гродна—Мінск. Раённы цэнтр звязаны аўтадарогамі з г. Ашмяны і Навагрудак. У раёне 16 сярэдніх, 16 базавых, 5 пач. школ, школа-інтэрнат, муз. школа, прафес.-тэхн. вучылішча, 17 дашкольных устаноў, 13 дамоў культуры, 38 клубаў, 5 клубаў-бібліятэк, 44 б-кі, 9 бальніц, амбулаторыя, 27 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: Мікалаеўскі касцёл (1519, рэканструяваны ў 1883) і руіны замка (15—16 ст.) у в. Геранёны, касцёл Марыі (1772) у в. Дуды, сядзіба (1870-я г.) у в. Жамыслаўль, Сямёнаўскі касцёл (1904) у в. Лаздуны, Казіміраўскі касцёл (пач. 20 ст.) і капліца (19 — пач. 20 ст.) у в. Ліпнішкі, Мікалеўская царква (пач. 20 ст.) у в. Морына, касцёл (1907) у в. Суботнікі, Троіцкі касцёл (18 ст.) у в. Сурвілішкі, касцёл Раства Багародзіцы (пач. 20 ст.) і Петрапаўлаўская царква (19 — пач. 20 ст.) у в. Трабы. Выдаецца газ. «Іўеўскі край».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 7, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БРЫНСКІ РАЁН На З Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 25.12.1962). Пл. 2 тыс. км². Нас. 40,7 тыс. чал. (1998). Сярэдняя шчыльн. нас. 20 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Кобрын. 162 сельскія нас. пункты. 13 сельсаветаў: Аніскавіцкі, Астроміцкі, Батчынскі, Бухавіцкі, Гарадзецкі, Дзівінскі, Залескі, Кісялёвіцкі, Навасёлкаўскі, Осаўскі, Павіццеўскі, Тэвельскі, Хідрынскі.

Пераважную ч. раёна займае Брэсцкае Палессе. Паверхня — аднастайная забалочаная раўніна. 90% тэрыторыі знаходзяцца на вышыні 145—150 м, 3% — вышэй за 150 м. Найвыш. пункт 167,7 м (на Пн ад в. Тэўлі). Карысныя выкапні: торф, сапрапель, гліны і суглінкі. Сярэдняя т-ра студз. -4,7 °C, ліп. 18,6 °C. Ападкаў 531 мм за год. Вегет. перыяд 203 сут. Найб. р. Мухавец з прытокамі Дахлоўка, Шэўня, Кобрынка, Трасцяніца. Дняпроўска-Бугскі і Арэхаўскі каналы. Возера Любань. Пераважаюць глебы дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (36,3%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (31,3%) і тарфяна-балотныя (26%). Пад лесам 26% тэрыторыі. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя, трапляюцца дубовыя і яловыя. 18,1% лясоў штучныя насаджэнні, пераважна хваёвыя. Балоты займаюць 7% тэрыторыі, нізінныя, найб. масіў Вялікі Лес. Біял. заказнікі мясц. значэння: Клішча, Мелянкова, Дзівін-Вялікі Лес; геал. (тарфяны) — Елка. Помнікі прыроды рэсп. значэння: Кобрынскі парк імя А.​В.​Суворава, «Сувораўскі дуб» каля в. Дзівін.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 116,5 тыс. га. На 1.1.1998 у раёне 29 калгасаў, 2 саўгасы, 21 фермерская гаспадарка, племзавод «Дружба», птушкафабрыка. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, бульбаводства, буракаводства (цукр. буракі), насенняводства збожжавых. Вырошчваюць збожжавыя, лён-даўгунец, кармавыя культуры, агародніну. Прадпрыемствы харч. (пладова-агароднінакансервавая вытв-сць), дрэваапр., буд. матэрыялаў, металаапр., паліўнай (торф), лясной прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі і аўтадарогі Брэст—Гомель, Брэст—Мінск. Суднаходства па Дняпроўска-Бугскім канале і р. Мухавец. У раёне 24 сярэднія, 10 базавых (у т. л. 1 школа-інтэрнат), 6 пач., 5 муз., 2 дзіцяча-юнацкія спарт. школы, 16 дашкольных устаноў, 44 клубныя ўстановы, 62 б-кі, 6 бальніц, 10 амбулаторый, 26 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: цэрквы Пакроўская (пач. 20 ст.) у в. Акцябр, Параскеўская (1882) у в. Балота, Пакроўская (1674) у в. Бухавічы, Крыжаўзвіжанская (1864) у в. Бяроза, Мікалаеўская (2-я пал. 19 ст.) у в. Верхалессе, Вазнясенская (пабудавана ў 1799 у в. Акцябр, у 1876 перавезена ў в. Гарадзец), Прачысценская (пач. 20 ст.) і Параскевы Пятніцы (1740) у в. Дзівін, царква (сярэдзіна 19 ст.) у в. Казішча, Дзмітрыеўская (18 ст.) у в. Лелікава, Міхайлаўская (19 ст.) у в. Навасёлкі, Прачысценская (пач. 20 ст.) у в. Павіцце, Успенская (1872) у в. Тэўлі, Пакроўская (пач. 20 ст.) у в. Хабовічы; планіроўка і забудова вёскі (канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Бярозна. Выдаецца газ. «Кобрынскі веснік».

С.​І.​Сідор.

т. 8, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАЛІЧНЫЯ КАРЫСНЫЯ ВЫКАПНІ.

Праяўленні металічных карысных выкапняў на Беларусі прымеркаваны пераважна да крышталічнага фундаменту. Найбольш буйнымі аб’ектамі з’яўляюцца 2 радовішчы жалезных руд: Аколаўскае і Навасёлкаўскае. Аколаўскае радовішча выяўлена ў Стаўбцоўскім раёне на глыбіні 235—338 м. Пахавана пад адкладамі платформавага чахла. Яно прадстаўлена серыяй стромка нахіленых цел жалезістых кварцытаў (магутнасцю ад некалькіх да 40,6 м), якія пераслойваюцца з бязруднымі пародамі. Буравымі работамі рудныя гарызонты прасочаны на адлегласці да 3,3 км па распасціранні і на 800 м па падзенні. Галоўны рудны мінерал магнетыт складае ў сярэднім 14,28%, агульнага жалеза (Fe​2+, Fe​3+) у рудзе 24,5%. Руды высакаякасныя і лёгкаабагачальныя. Разведаныя іх запасы на глыбіню 700 м складаюць 175,4 млн. т руды (2003). Навасёлкаўскае радовішча і шэраг падобных рудапраяўленняў выяўлены ў Карэліцкім раёне. Акрамя жалеза яны маюць у павышаных колькасцях тытан і ванадый. Першасныя руды ўяўляюць сабой украпванне ільменіту і магнетыту ў габроідах, другасныя ўтвараюць суцэльныя метасаматычныя паклады. Рудная зона магутнасцю 90—180 м прымеркавана да субпластавых цел габроідаў і прасочваецца на 1200 м па распасціранні. Карысныя кампаненты ў рудзе складаюць: агульнае жалеза (Fe​2+, Fe​3+) 16—52%, магнетытавае жалеза 8—29%, дыаксід тытану 2—7%, пентааксід ванадыю да 0,16%. Выяўленыя жалезныя руды Беларусі пакуль не маюць прамысловага значэння з прычыны вялікіх глыбінь залягання.

У межах Беларускага крышталічнага масіву і на Пд Беларусі выяўлены рудапраяўленні некаторых рэдкіх металаў і рэдкіх зямель. Рэдкаметальна-рэдказямельнае радовішча Дыябазавае выяўлена на Пд Беларусі ў Жыткавіцкім гранітоідным масіве. Яно прымеркавана да дайкі дыябазаў, якія фіксуюць глыбінны разлом. Рудныя целы прадстаўлены інтэнсіўна змененымі гранітоідамі і дыябазамі з вельмі нераўнамерным украпваннем і гнёздамі берылу, фенакіту, спадумену, бертрандыту, бастнезіту, цыркону і інш. мінералаў берылію і рэдкіх зямель. Акрамя таго маюць месца рудапраяўленні вальфраму шэеліт-скарнавага тыпу (в. Раёўшчына Стаўбцоўскага раёна, в. Глушкавічы Лельчыцкага раёна).

У межах Беларускага крышталічнага масіву выяўлена некалькі рудапраяўленняў каляровых металаў розных генетычных тыпаў: поліметалічнае (Рубяжэвічы ў Стаўбцоўскім раёне), медна-нікелевае (Стаўбцоўскае), медна-малібдэнавае (Шніпкі, Скідзель на захадзе Гродзенскай вобл.), сернакалчаданнае (Пухаўшчына ў Стаўбцоўскім раёне). На некаторых праяўленнях каляровых і чорных металаў ёсць прыкметы накладзенай золатасульфіднай мінералізацыі (Уніхава, Рубяжэвічы, Рудзьма, Аколаўскае ў Стаўбцоўскім раёне).

У верхнепратэразойскіх (вендскіх) адкладах платформавага чахла на захадзе Прыпяцкай упадзіны вядомы праяўленні медзістых пясчанікаў, у якіх да 1% медзі ў выглядзе ўкрапвання халькапірыту (каля в. Азярніца Лунінецкага р-на і інш.). Ёсць праяўленні і самароднай медзі.

Праяўленні алюмініевай руды прадстаўлены баксіт-даўсанітавай фармацыяй, выяўленай у каалінітавай тоўшчы ніжнекаменнавугальных адкладаў Прыпяцкага прагіну на глыбіні 400—1200 м. Магутнасць руданосных пластоў 1,5—7 м (Заазерная і Асташкавіцкая плошчы ў Гомельскай вобл.), дзе прагнозныя рэсурсы перавышаюць 180 млн. т. Скопішчы мінералу даўсаніту перспектыўныя для атрымання алюмінію і соды.

В.​У.​Саладзілава.

т. 18, кн. 2, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЫЧНАЕ МАСТАЦТВА.

Вядучае месца ў нар. бел. муз. культуры займае песенная творчасць, якая ахоплівае некалькі гіст.-стылёвых пластоў. Найб. даўні пласт утвараюць песні каляндарна-земляробчага і сямейна-абрадавага цыклаў. Каляндарна-земляробчы цыкл уключае песні калядныя, шчадроўскія, масленічныя, веснавыя гукальныя, валачобныя, юраўскія, купальскія, карагодныя, жніўныя, дажынкавыя, ярныя, восеньскія. Сямейна-абрадавы цыкл прадстаўлены жанрамі радзінных і вясельных песень, галашэнняў (прымыкаюць і калыханкі). Вызначальная асаблівасць песенных цыклаў — строгая прымеркаванасць да пэўнага часу ці абставін, якая раней была абумоўлена адпаведнай абраднасцю, у наш час падтрымліваецца традыцыяй і асацыятыўнымі сувязямі. З гэтай рысай звязаны фарміраванне т.зв. формульных тыповых напеваў, якія маюць знакавую інтанацыйную семантыку. Гэтыя гранічна сціслыя вузкааб’ёмныя напевы (звычайна не перавышаюць квінты), якія абагульняюць некалькі паэтычных тэкстаў пэўнага жанру; пры вонкава скупых меладычных сродках маюць вял. выразна-эмацыянальную сілу дзякуючы сэнсавай важкасці кожнай меладычнай дэталі, найтанчэйшаму інтанацыйнаму нюансаванню ў межах ладава-меладычнай формулы, раўназначнасці ўсіх кампанентаў муз. мовы: уласна меладычных (ладавых і рытмічных), арнаментальных, тэмбравых. У залежнасці ад мясц. традыцый пры сумесным спяванні каляндарна-земляробчыя і сямейна-абрадавьы песні выконваюцца ў антыфоннай манеры (Паазер’е), гетэрафонным (Гомельскае Палессе) або бурдонна-дыяфонным (Брэсцкае Палессе) роспеве.

Другі яркі і разгорнуты гісторыка-стылёвы пласт нар. песнятворчасці складаюць песні, якія ўзніклі ў эпоху станаўлення бел. народнасці (14—16 ст.) і ў часы сялянскіх паўстанняў (17—18 ст.). Яны прадстаўляюць лірычную і лірыка-эпічную традыцыю: муз. сацыяльную лірыку і эпас (песні чумацкія, бурлацкія, казацкія, пра ваен. падзеі і важакоў сялянскіх паўстанняў, пазней рэкруцкія і салдацкія), любоўную лірыку, а таксама песні жартоўныя, бытавыя. Ад стараж. абрадавых песень яны адрозніваюцца непрымеркаванасцю выканання і яркай індывідуалізацыяй муз.-паэтычнага вобраза, існуюць у мностве жанравых і сольных варыянтаў. У іх асноўную муз.-выразную ролю адыгрывае ўласна меладычная плынь. Мелодыі, распетыя ў сярэднім і вял. дыяпазонах, вызначаюцца ўнутранымі інтанацыйнымі кантрастамі, развітой песеннай строфікай. З песнямі 2-га пласта звязана шматгалосае падгалосачна-поліфанічнае выкананне (на Палессі найб. пашырана з «падводкай» — верхнім саліруючым голасам), а таксама тыпу «ўторы» (Панямонне). Вытокі песнятворчасці савецкага і постсавецкага часу — напевы нар. класічнага стылю і мастацтва літ. паходжання. Цэнтральнае па значнасці месца займае партызанская песня, якая ўвасобіла гераічны, лірычны, жартоўны і сатырычны пачатак сучаснай нар. песні.

Рэгіянальныя песенныя традыцыі ўвасабляюць песенныя сістэмы, якія гістарычна склаліся і акрэсліліся на Палессі, Падняпроўі, Паазер’і, Панямонні. Іх вызначае сукупнасць прыкмет, з’яў і заканамернасцей; суадносіны гісторыка-стылёвых пластоў; песенна-знакавыя асаблівасці абраду і яго «парадак»«закон»; суадносіны ўласна песеннага і гульнёвага (танцавальнага інстр.) пачатку; адзіночнага і сумеснага спеву (тыпы шматгалосся); выканальніцкія асаблівасці і іх тэрміналагічныя абазначэнні самімі носьбітамі аўтэнтычнага фальклору; цэнтралізуючы кампанент сістэмы, які ўрэшце і вызначае адметны характар традыцыі.

З.​Я.​Мажэйка.

Жаночы гурт в. Тонеж Лельчыцкага раёна.
Жаночы гурт в. Клятная Пінскага раёна.

т. 18, кн. 2, с. 634

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАНСК,

горад у Расіі, цэнтр Бранскай вобласці, на р. Дзясна. 478,1 тыс. ж. (1994). Чыг. вузел. Машынабудаванне і металаапрацоўка (с.-г., дарожныя і ірыгацыйныя машыны, цеплавозы, вагоны, рухавікі і інш.), хім., лёгкая (абутковая, швейная), дрэваапр., харч. прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў (сілікатная цэгла, жалезабетонныя вырабы). 4 ВНУ. 3 т-ры. Гіст.-рэвалюцыйны музей.

Засн. ў 985 як слав. ўмацаванае паселішча. Першапач. назва Брынь, потым Дзебранск. Як горад упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе каля 1146, належаў чарнігаўскім князям. З 1159 у складзе Вшчыжскага княства, у 1167 зноў адышоў да чарнігаўскіх князёў. З 1252 цэнтр Бранскага княства. У 1356 захоплены Альгердам і ўключаны ў ВКЛ. У 1500 Бранск занялі войскі Івана III, горад увайшоў у Маскоўскую дзяржаву. У часы Пятра I у Бранску закладзена суднаверф, дзе ў 1737—39 будаваліся судны Бранскай флатыліі для паходу ў Турцыю. З 1709 у складзе Кіеўскай губ., з 1778 павятовы горад Арлоўскай губ. У 19 ст. — цэнтр Бранскага прамысл. раёна; у 1870-я г. створана т-ва Бранскага рэйкапракатнага, жалезаапрацоўчага і мех. з-даў. У Вял. Айч. вайну моцна разбураны. У бранскіх лясах дзейнічала каля 60 тыс. партызан. Вызвалены ў выніку Бранскай аперацыі 1943.

т. 3, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕРА́ЛЬНЫ ПЛАН,

адзін з асноўных чарцяжоў архітэктурнага праекта, які паказвае размяшчэнне ў плане аб’екта праектавання і добраўпарадкавання прылеглай да яго тэрыторыі ў пэўных межах. У сучасным горадабудаўніцтве генеральны план — комплексны праект, які вызначае структуру праектуемага горадабуд. аб’екта — горада, гар. пасёлка ці інш. населенага пункта, прыгараднай зоны, тэрыторыі адм. раёна і інш. У ім намячаюць перспектывы развіцця і рэканструкцыі горадабуд. аб’екта, яго паэтапнае фарміраванне з мэтай вырашэння сац., эканам., інж.-тэхнічных, экалагічных і эстэт. задач, вызначаюць стратэгію іх вырашэння, прынцыпы аховы навакольнага асяроддзя, развіццё сістэмы грамадскага абслугоўвання, трансп. і інж. інфраструктуры, доўгатэрміновае планаванне інвестыцыйных працэсаў. Генеральны план распрацоўваюць на перспектыўны перыяд (15—20 гадоў) з вылучэннем 1-га этапа рэалізацыі (7—10 гадоў). Асн. палажэнні генеральнага плана зацвярджае ўрад краіны ці абл. органы ўлады. На Беларусі генеральны план распрацоўваюць ін-т «Мінскпраект», БелНДІПгорадабудаўніцтва, БелНДІдзіпрасельбуд, абл. праектныя арг-цыі. Распрацаваны і зацверджаны генеральны план развіцця ўсіх гарадоў і большасці сельскіх населеных пунктаў, у т. л. Мінска (1982, 1995), Брэста (1975, 1995), Віцебска (1973, 1983), Гомеля (1977), Гродна (1971, 1988), Магілёва (1970, 1981). Іх перыядычна карэкціруюць і абнаўляюць з улікам новых фактараў і задач.

В.​І.​Анікін.

т. 5, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАФІ́ЦІ (італьян. graffito мн. лік ад graffito літар. надрапаны),

старажытныя надпісы, зробленыя вострымі прадметамі на сценках будынкаў і розных рэчах. Графіці часта знаходзяць пры раскопках стараж. і сярэдневяковых гарадоў і паселішчаў у многіх краінах свету. Гэтыя гіст., прысвячальныя, магічныя і інш. надпісы маюць вял. значэнне для вывучэння рэлігіі, побыту, мовы, пісьменнасці стараж. і сярэдневяковых грамадстваў. На тэр. Беларусі найб. стараж. графіці 11 ст. знойдзены ў Сафійскім саборы ў Полацку. На вял. плоскім камені ў падмурку выдрапаны імёны людзей, якія яго будавалі: «Давидъ, Тоума, Микоула», «Петър, Воришько» і слова «Къпьсь». Графіці 12 ст. выяўлены на прасліцах, амфарах у Мінску, Навагрудку, Пінску, Віцебску, Друцку. Яны даюць звесткі аб імёнах, бытавой лексіцы. Графіці 13 ст. знойдзены ў Спаскай царкве ў Полацку, Благавешчанскай царкве ў Віцебску. Выяўлена некалькі графіці 15 ст., якія маюць дакладнае датаванне іх напісання, напр. графіці пра смерць Казіміра IV Ягелончыка, вял. князя ВКЛ і караля Польшчы, і ўступленне на трон яго сына Аляксандра. Косці з надпісамі і малюнкамі выяўлены на гарадзішчы Маскавічы (Браслаўскі р-н). Выкананнем да графіці блізкія берасцяныя граматы.

Г.​В.​Штыхаў.

Графіці на прасліцах 12—13 ст. з гарадзішча Маскавічы Браслаўскага раёна.

т. 5, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́ВІН,

вёска ў Кобрынскім р-не Брэсцкай вобл., каля воз. Любань. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 33 км на ПдУ ад горада і 36 км ад чыг. ст. Кобрын, 78 км ад Брэста. 4295 ж., 1591 двор (1997).

Вядомы з 16 ст. як мястэчка Брэсцкага ваяв. ВКЛ. У 1566—184 двары. З 1795 у Рас. імперыі, у 19 — пач. 20 ст. ў Кобрынскім пав. Гродзенскай губ. У 1878—2490 ж.. 2 царквы, сінагога, 2 кірмашы на год. У 1921—39 у Польшчы, мястэчка ў Палескім ваяв. З 1939 у БССР, у 1940—59 вёска, цэнтр Дзівінскага раёна, больш за 4 тыс. жыхароў. У Вял. Айч. вайну з 24.6.1941 да 21.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. войскамі. якія загубілі ў Дз. і раёне 2819 чал. З 1959 у Кобрынскім р-не. У 1971—4877 ж., 1407 двароў. «Сельгасхімія», агароднінасушыльны з-д, тэкст.-вытв. аб’яднанне, пякарня, лясніцтва. Сярэдняя школа, школа-інтэрнат, 2 дамы культуры, 3 б-кі, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — Дзівінская царква Параскевы Пятніцы (1740), Прачысценская царква (пач. 20 ст.). Каля вёскі стаянка мезаліту і неаліту і паселішча бронзавага веку.

т. 6, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)