злачынствы, якія пасягаюць на нармальную дзейнасць і аўтарытэт дзярж. апарата, учыненыя службовымі асобамі з выкарыстаннем свайго службовага становішча. ПаводлеКК Рэспублікі Беларусь да З.с. адносяцца: злоўжыванне ўладай або службовым становішчам, бяздзеянне ўлады, перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў, халатнасць, атрыманне хабару, пасрэдніцтва ў хабарніцтве, дача хабару, службовы падлог, утойванне або адмаўленне ад прад’яўлення афіц. дакументаў. Крымін. адказнасці за З.с. падлягаюць толькі службовыя асобы (за выключэннем пасрэднікаў у хабарніцтве і тых, хто даваў хабар), якія пастаянна ці часова выконваюць функцыі прадстаўнікоў улады, займаюць пасады на прадпрыемствах, ва ўстановах, арг-цыях, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых ці адм.-гасп. абавязкаў. Меры пакарання за З.с. залежаць ад ступені цяжкасці ўчыненага і іх грамадскай бяспекі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛАЧЫ́НСТВЫ СУ́ПРАЦЬ ПАЛІТЫ́ЧНЫХ, ПРАЦО́ЎНЫХ, ЖЫЛЛЁВЫХ І І́НШЫХ ПРАВО́Ў ГРАМАДЗЯ́Н,
злачынствы, накіраваныя супраць канстытуцыйных і інш. правоў і свабод грамадзян. ПаводлеКК Рэспублікі Беларусь да гэтых злачынстваў належаць: перашкода ажыццяўленню выбарчага права, падлог выбарчых дакументаў, заведама няправільны падлік галасоў або парушэнне тайны галасавання, парушэнне заканадаўства аб рэферэндуме, незаконнае выкарыстанне грашовых сродкаў і матэрыяльных рэсурсаў пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў; парушэнне недатыкальнасці жылля грамадзян, законных правоў прафсаюзаў, заканадаўства аб працы, тайны перапіскі, тэлефонных перагавораў і тэлеграфных паведамленняў; адмаўленне ў прыёме на працу або звальненне цяжарнай жанчыны ці кормячай маці, праследаванне грамадзян за крытыку; парушэнне правіл аховы працы, аўтарскіх і вынаходніцкіх правоў. Пакаранне за пералічаныя злачынствы залежыць ад ступені іх грамадскай небяспекі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗМА́ЗАЧНА-АХАЛАДЖА́ЛЬНЫЯ ВА́ДКАСЦІ,
шматкампанентныя сістэмы, якія выкарыстоўваюць пры апрацоўцы металаў рэзаннем або ціскам. Прызначаны для змазкі і ахаладжэння металаапрацоўчых інструментаў і дэталей, адначасова змяншаюць знос інструментаў, павышаюць дакладнасць апрацоўкі дэталей, засцерагаюць абсталяванне і дэталі ад карозіі, паляпшаюць санітарна-гігіенічныя ўмовы працы.
Паводле складу адрозніваюць вадкія сумесі нафтапрадуктаў (газа, нафтавае масла) з масларастваральнымі паверхнева-актыўнымі рэчывамі (ПАР) і інш. прысадкамі, водныя растворы электралітаў (соды, нітрату натрыю і інш.) у сумесі з арган. ПАР, эмульсолы (3—10%-ныя водныя эмульсіі індустр. масел з дабаўкамі ПАР і інш прысадак). Найб. пашыраны эмульсолы, якія выкарыстоўваюць пры ўсіх аперацыях апрацоўкі металаў, а таксама для абястлушчвання дэталей, пры тлушчаванні скуры, замасліванні шэрсці і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДРЫ́СІ, аль-Ідрысі Абу Абдалах Мухамед ібн Мухамед (1100, г. Сеута, Марока — 1161 або 1165), арабскі географ і падарожнік. Адукацыю атрымаў у Кордаве. Вандраваў па Партугаліі, Францыі, Англіі, М. Азіі. З 1138 жыў у Палерма. На аснове сваіх назіранняў і звестак, атрыманых ад падарожнікаў, купцоў, паломнікаў, у 1154 склаў вял. каляровую карту свету на 70 аркушах (падзяліў Зямлю на 7 кліматаў, 10 частак у кожным клімаце) з суправаджальным тэкстам пад назвай «Забава таго, хто сумуе аб вандроўках па абласцях». Тэр. Беларусі на карце прадстаўлена ў асноўным на аркушы 65-м (паводле класіфікацыі аўтара, 5-я секцыя VII клімату). Пазначаны г. Мінск («Муніска») — першая выява горада на карце. Праца І. з’явілася вяршыняй класічнай араб. картаграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ДЫШ,
адна з германскіх моў (зах.герм. падгрупа); мова значнай часткі яўрэяў, якія жывуць у Беларусі, Польшчы, Літве, Украіне, ЗША, Канадзе, краінах Лац. Амерыкі і інш. У Ізраілі І. актыўна выцясняецца іўрытам. Асн. дыялекты — польскі, літоўска-бел. і ўкр. (аснова літаратурнай мовы). Склалася ў 10—14 ст. на базе аднаго з верхненям. дыялектаў. Увабрала шмат стараж.-яўр. элементаў (арамейскіх і іўрыт), а пасля перасялення яўрэяў на У Еўропы і слав. элементы лексікі, фанетыкі, сінтаксісу, словаўтварэння. Літ. мова першапачаткова выкарыстоўвалася ў рэліг. мэтах, з сярэдзіны 19 ст. — у маст. л-ры (гл.Яўрэйская літаратура). Графіка — арфаграфічная сістэма на базе яўрэйскага пісьма ў асноўным паводлефанет. прынцыпу з абазначэннем галосных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНСА́РДА (ад франц. mansarde),
паддашак, памяшканне, пераважна жылое, на гарышчы, кожны схіл даху якога складаецца з 2 частак — верхняй пакатай і ніжняй стромкай. М. дае дадатковую карысную плошчу, а т.зв. мансардавы дах узбагачае сілуэт і аб’ёмную кампазіцыю будынка, надае яму своеасаблівы выгляд за кошт выцягнутых па вертыкалі прапорцый. Канструкцыю М. распрацаваў франц.арх. Ф.Мансар (адсюль назва). На Беларусі М. пашырана з 17 ст. Выкарыстоўваецца ў сучасным малапавярховым, пераважна жылым, буд-ве. Дамы з М. часта будуюць у мяшанай тэхніцы: асн. аб’ём мураваны, М. — з дрэва. У шырокім сэнсе М. — любое памяшканне на гарышчы пад высокім дахам.
В.Б.Ангелаў.
Мансарда сядзібнага дома ў г.п. Поразава Свіслацкага раёна Гродзенскай вобл.Мансарда. Паводле чарцяжа арх. Ф.Мансара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЦЭ́ВІЧЫ,
удзельнікі паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве, браты: Міхаіл Аляксандравіч (1.7.1840—18.6.1863) і Іван Аляксандравіч (Ян-Алаіз; 2.8.1841—18.6. 1863). З дробнай бел. шляхты Магілёўскай губ. Скончылі Полацкі кадэцкі корпус (1859, 1861). У чыне прапаршчыкаў накіраваны на службу ў артыл. брыгады ў Магілёў. Напярэдадні ўзбр. выступлення на Магілёўшчыне, прызначанага на 23.4.1863, уцяклі з часці, прыбылі на зборны пункт каля в. Чарнаручча і прынялі ўдзел у фарміраванні і дзеяннях Чарнаруцкага (Магілёўскага) атрада. Пасля разгрому атрада ўрадавымі войскамі 27.4.1863 каля в. Славені (Талачынскі р-н) трапілі ў палон. Паводле прысуду ваен. трыбунала «за парушэнне воінскай прысягі» публічна расстраляны ў Магілёве разам з І.Анцыпам і У.Корсакам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЖЫНАЛІ́ЗМ (ад франц. marginal гранічны),
выкарыстанне гранічных велічынь у аналізе эканам. працэсаў. Увесці маржынальны аналіз у эканам. тэорыю спрабавалі ў сярэдзіне 19 ст. А.Курно (Францыя), І.Цюнен, Г.Госен (Германія). Матэматычны апарат у значнай ступені распрацаваны прадстаўнікамі матэматычнай школы (У.Джэванс, Л.Вальрас, В.Парэта). Паводле дактрыны М., эканоміка ўяўляе сабой комплекс індывід. гаспадарак; даследаванне законаў яе развіцця заснавана на аналізе гасп. рашэнняў індывідаў (спажыўца, які імкнецца максімізаваць карыснасць даброт, што знаходзяцца ў яго распараджэнні, і вытворцы, які спрабуе атрымаць максімум прыбытку пры дадзеных рэсурсах або мінімізаваць выдаткі пры дадзеных цэнах і інш.) і іх вынікаў. Асн. катэгорыі М. (гранічныя карыснасць, прадукцыйнасць і інш.) выкарыстоўваюцца ў сучасных тэорыях попыту, цаны, фірмы, рыначнай раўнавагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕПАЎНАЛЕ́ТНІЯ,
асобы, якія не дасягнулі ўзросту, з якім закон звязвае наступленне дзеяздольнасці. Паводле права Рэспублікі Беларусь Н. — асобы, што не дасягнулі 18 гадоў. Законныя інтарэсы Н. (поўнасцю або часткова) ажыццяўляюць іх бацькі або апекуны ці інш. законныя прадстаўнікі. Закон прадугледжвае меры, якія спецыяльна абараняюць іх працоўныя, цывільныя, аліментныя і інш. правы. Н. ва ўзросце ад 15 да 18 гадоў ажыццяўляюць са згоды бацькоў або апекуноў здзелкі, а таксама самастойна могуць ажыццяўляць дробныя быт. здзелкі, распараджацца сваім заробкам, стыпендыяй. ажыццяўляць аўтарскія і вынаходніцкія правы. У крымін. працэсе ўстаноўлены асобы парадак разгляду спраў аб Н. (крымін. адказнасць за пэўныя цяжкія злачынствы настае з 14 гадоў), які забяспечвае найб. дакладнае іх расследаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́РНСТА ТЭАРЭ́МА,
адно з асн. палажэнняў тэрмадынамікі, якое вызначае характар змены энтрапіі тэрмадынамічнай сістэмы пры т-рах, блізкіх да абсалютнага нуля. Паводле Н.т. прырашчэнне энтрапіі ΔS пры любых абарачальных ізатэрмічных працэсах, што адбываюцца паміж раўнаважнымі станамі пры т-ры, якая набліжаецца да абсалютнага нуля, імкнецца да нуля:
. Устаноўлена В.Нернстам (1906). Вядзе да шэрагу важных тэрмадынамічных вынікаў (напр., недасягальнасць абсалютнага нуля, імкненне цеплаёмістасці і каэфіцыентаў цеплавога расшырэння цвёрдага цела да нуля пры T → 0), таму ў больш агульным сэнсе яе наз.трэцім законам тэрмадынамікі. Мае важнае значэнне ў крыягеннай тэхніцы для дасягнення звышнізкіх т-р і ў фіз. хіміі для разліку хім. раўнавагі.