зачарава́ны і зачаро́ваны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад зачараваць.

2. у знач. прым. Які знаходзіцца пад уздзеяннем чараў. Зачараваны скарб. Зачараванае царства. □ [Яліны] стаяць, нібы зачараваныя волаты, ахоўваючы дрымотны спакой нейкага соннага казачнага царства. В. Вольскі. // перан. Захоплены, паланёны чым‑н. Зачараваная зала, здавалася, анямела. Мікуліч. Міншчына, Міншчына мілая. Я зачарован табой. Шымук. // Які выражае захапленне. [Хадкевіч] стаяў, не рухаючыся з месца, і зачараванымі шчаслівымі вачамі глядзеў ёй услед. Васілевіч.

•••

Зачараванае кола гл. кола.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

карпе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. над чым і без дап. Разм. Доўга, цярпліва займацца чым‑н., працаваць над чым‑н. Карпець пад падручнікамі. □ Таварышы толькі і бачылі Івана Іванавіча, як той карпеў над паперамі дзень і ноч, гадамі. Карпюк. Збегліся дзяўчаты, што карпелі за суседнімі сталамі. Аношкін.

2. Жыць дзе‑н. у пакутах, цяжкасцях. — Другія, глядзі, на ўласныя хаткі з садамі ўзбіліся... А ты век тут карпей ды гібей у гэтым дзіравым вагоне. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кару́нкі, ‑аў; адз. няма.

Ажурныя, сятчастыя вырабы з ільняных, шаўковых і інш. нітак для аздобы бялізны, адзення і пад. Рукавы абрамлялі танюсенькія карункі. Машара. На развітанне .. Кася падаравала .. тоненькую насовачку, аздобленую карункамі. Васілевіч. // перан.; чаго або якія. Тое, што сваім выглядам нагадвае такі выраб. А мора ўжо ўгаманілася, толькі на прыбярэжнай кручы ды на мокрым жвіры пляжа віднеліся белыя карункі пены. Сабаленка. Сонца .. паклала на палаючыя вокны двухпавярховага драўлянага дома свае мядзяныя карункі. Рамановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дэмаго́гія, ‑і, ж.

Падман шырокіх народных мас прываблівымі, але лжывымі абяцаннямі і лозунгамі; беспрынцыпнае палітыканства. Салдаты супакоіліся, а потым некаторыя з іх самі пачалі выступаць, заклікаючы ўсіх не паддавацца правакацыйнай дэмагогіі. «Полымя». Сцверджанні аб роўнасці палітычных правоў усіх шляхціцаў незалежна ад іх маёмаснага становішча .. — проста дэмагогія і прапаганда. «Полымя». // Разм. Пра ўсякую пустую беспрадметную гаворку, прамову і пад. — Віктар, не разводзь дэмагогіі, — просіць Веньямін. — Пара спаць, гадзіна ночы. Тое, што скажаш, прыкладна вядома. Навуменка.

[Грэч. dēmagōgía.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жне́йка, ‑і, ДМ жнейцы; Р мн. жнеек; ж.

1. Ласк. да жняя; тое, што і жняя. Белыя постаці жнеек-сялянак ныраюць у залатым моры даспелага жыта. Колас. Сама сябе жнейка б’е, калі нячыста жне. Прыказка.

2. Тое, што і жняярка. Час гамонку пачынаць з густымі каласамі, Дзе жнейкай, Дзе касой збіраць, Дзе вострымі сярпамі. Броўка. На двары, пад дашчатым павевам, у рад стаяць новенькія, толькі што прывезеныя жнейкі, касілкі, малацілкі. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жыллё, ‑я, н.

1. Населенае месца; месца, дзе жывуць людзі; паселішча. Азяблыя галубы ціснуліся да жылля, садзіліся на падаконнікі. Жычка. Жыллё чалавечае ён абміне Балотам, гушчарам як толькі мага. Зарыцкі.

2. Памяшканне (дом, хата, пакой і інш.), у якім хто‑н. жыве. Другі пакой, больш прасторны, служыў.. [гаспадыні] жыллём. Ракітны. // Пра гняздо, нару, логава і пад. Адны з .. [дзятлаў] заняты звычайнай работай: шукаюць у кары на абед чарвякоў: другія — больш важнай: будуюць жыллё. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

завіхрэ́нне 1, ‑я, н.

1. Слуп пылу, снегу і пад., узняты ветрам. Толькі снежны пыл узнімаўся завіхрэннямі над зямлёй, толькі мяцеліца ладзіла вар’яцкае сваё ігрышча. Мікуліч.

2. Спец. Утварэнне віхраў у газе або вадкасці пры абцяканні якіх‑н. цел або пры сустрэчы супрацьлеглых патокаў.

завіхрэ́нне 2, ‑я, н.

Тое, што і віхор ​2. Зініны рукі, прастакаваты твар, пакрыты залаціста-рыжымі валасінкамі з завіхрэннямі ля вушэй, шырокі нос вельмі ўжо не падабаліся мне. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нано́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які нанесены рухам вады, ветру і пад. Наносныя глебы. Наносныя дзюны. □ Там на пясчаным напоеным грунце стаялі тры хаты — трох братоў Чаравакаў. Пестрак.

2. перан. Не свой, не ўласны, не ўласцівы па прыродзе. Думаецца, што .. матывы [смутку, болю] наносныя і чужародныя аптымістычнай паэзіі Алеся Дудара. Звонак. // у знач. наз. нано́снае, ‑ага, м. Рускія марксісты беспаваротна разарвалі з ліберальным народніцтвам і тым самым ачысцілі лепшыя, перадавыя традыцыі ад усяго наноснага і шкоднага. Лушчыцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наскрэ́бці, ‑скрабу, ‑скрабеш, ‑скрабе; ‑скрабём, ‑скрабяце; пр. наскрбб, ‑скрэбла і ‑скрабла, ‑скрэбла і, ‑скрабло; зак., чаго.

1. Скрабучы, сабраць або набраць нейкую колькасць чаго‑н. Наскрэбці гарнец мукі. □ Міхась тым часам наскроб у траве жменю пяску і паказаў сябрам. Якімовіч.

2. Начысціць, скрабучы (пра моркву, буракі і пад.). Дзяўчына памыла пасуду, наскрэбла на снеданне бульбы. Пальчэўскі.

3. перан. Разм. З цяжкасцю сабраць, набраць. Сяк-так наскроб [Габрусь] грошай на рамы — зашкліць трэба. Шынклер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паво́дзіцца, ‑водзіцца; безас. незак.

Разм.

1. Жыцца; складвацца (пра ўмовы жыцця, працы і пад.). Букрэй разгаварыўся з Панасам, распытваў яго, як паводзілася ў палякаў, што ён чуў там і бачыў. Колас. [Нахлябіч] хацеў ужо ісці далей, але Пніцкі перапыніў яго: — Ну, як вам паводзіцца? Чорны.

2. Быць прынятым. Так у нас паводзіцца. Паводзіцца здаўна.

3. Разм. Тое, што і паводзіць сябе (гл. паводзіць). Гэта сапраўды было ўсё. Цяпер .. [Алесь] не мог паводзіцца, як раней. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)