ЯЎРЭ́І (саманазва йегудым),

этнічная супольнасць, якая пражывае дысперсна ў многіх краінах свету, складаецца з розных субэтнічных груп, мае адзіную этн. свядомасць і аб’яднана агульным паходжаннем ад стараж. іудзеяў; асн. насельніцтва Ізраіля (5017 тыс. чал.; 2003). Жывуць таксама ў ЗША (5835 тыс. чал.; 1992), Рас. Федэрацыі (551 тыс. чал.), Францыі (535 тыс. чал.), Украіне (487 тыс. чал.), Канадзе (325 тыс. чал.) і інш. На Беларусі 27 810 чал. (перапіс 1999). Агульная колькасць каля 14 млн. чал. (1998). Гавораць на мовах іўрыт, ідыш і на інш. мовах свету (у дыяспары). Вернікі — іудаісты. У дыяспары маюць падзел на ашкеназаў, сефардаў і інш.

Як этнас Я. сфарміраваліся на тэр. Палесціны ў канцы 2-га тыс. да н.э. Пасля захопу Ізраільскага і Іудзейскага царстваў Асірыяй, Вавілоніяй і Рымам у 1 ст. н.э. б. частка Я. была выселена са сваёй этн. тэрыторыі. Рассяляліся па Рым. імперыі, пазней па інш. краінах. У 10—13 ст. сталі рассяляцца па стараж.-рус. княствах, дзе сфарміраваліся ў славянамоўную субэтн. групу — кенаанітаў.

На тэр. Беларусі вядомы з канца 14 ст., іх першыя абшчыны існавалі ў Брэсце і Гродне. У 14—15 ст. на Беларусі стала рассяляцца з Германіі больш шматлікая субэтнічная яўр. група — ашкеназы з мовай ідыш, якія пазней цалкам асімілявалі кенаанітаў. У 16 ст. аформілася абшчынная форма яўр. самакіравання — кагал. Вышэйшы орган — ваады — з’езды рабінаў і кагальных прадстаўнікоў (у ВКЛ — Літоўскі ваад). Пасля далучэння ўсх. часткі Рэчы Паспалітай да Рас. імперыі (канец 18 ст.) усе зах. губерні (у т. л. бел.) былі ўключаны ў мяжу аселасці Я. У 1676 на тэр. Беларусі налічвалася 32 тыс. Я., у 1766—157,2 тыс., у 1897—890 тыс. Большасць Я. жыла ў гарадах і мястэчках (асн. тып паселішча Я.). Займаліся рамёствамі, гандлем, прадпрымальніцтвам, ліхвярствам. Да сярэдзіны 19 ст. Я. захоўвалі традыц. лад жыцця. Рэлігія (іудаізм) моцна ўплывала на побыт Я., вызначала грамадскія і сямейныя паводзіны. З 19 ст. на Беларусі існавалі буйныя ешыботы ў Валожыне, Міры і інш. Жыллё амаль не адрознівалася ад звычайных гарадскіх дамоў. Этн. спецыфіка выяўлялася ў культавым дойлідстве. Пасля скасавання мяжы аселасці (1917) на мове ідыш пашырыўся выпуск кніг, газет і часопісаў, вялося навучанне, былі аддз. ў музеях, працавалі тэатр. трупы і інш. У 1921 дэкрэтам ЦВК Беларусі мова ідыш была абвешчана адной з дзярж. моў на тэр. Беларусі. Адкрыліся 3 яўр. пед. тэхнікумы, Ін-т яўр. пралет. культуры, яўр. аддз. і секцыі ў тэхнікумах і ВНУ. Я. сталі вылучаць у органы ўлады. У канцы 1930-х г. формы нац.-культ. аўтаноміі Я. на Беларусі былі скасаваны. У Вял. Айч. вайну яўр. насельніцтва панесла вял. страты з боку ням.-фашысцкіх захопнікаў. У 1950—1-й пал. 1980-х г. колькасць Я. на Беларусі скарачалася за кошт міграцый і асіміляцыйных працэсаў: у 1959 на Беларусі жыло 150 тыс. Я., у 1979—135 тыс., у 1989—112 тыс. З 1991 на Беларусі дзейнічае Саюз бел. яўр. грамадскіх аб’яднанняў і абшчын. Выдаюцца газ. «Авив» («Вясна», з 1992, Мінск), альманах «Мишпоха» («Сям’я», з 1995, Віцебск; абодва на рус. мове). Існуюць яўр. калектывы нар. самадзейнасці.

Літ.:

Краткая еврейская энциклопедия. Т. 1—10. Иерусалим, 1976—2001;

Скир А. Еврейская духовная культура в Беларуси. Мн., 1995;

Иоффе Э.Г. Страницы истории евреев Беларуси. Мн., 1996;

Яго ж. По достоверным источникам: Евреи в истории городов Беларуси. Мн., 2001;

Яго ж. Белорусские евреи: Трагедия и героизм. 1941—45. Мн., 2003;

Евреи: По страницам истории. Мн., 1997;

Евреи Беларуси;

История и культура: Сб. статей. Вып. 1—6. Мн., 1997—2001;

Функ Ю.В. Евреи Беларуси в конце 19 — начале 20 вв. Мн., 1998;

Солженицын А.И. Двести лет вместе (1795—1995). Ч. 1—2. М., 2001—2003;

Анищенко Е. Евреи Белорусской губернии: Ист. очерк и док. Мн., 2002.

Э.​Р.​Іофе, П.​У.​Церашковіч.

т. 18, кн. 1, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЬВОЎ, Львів,

горад на Украіне, цэнтр Львоўскай вобл. 797 тыс. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: машынабудаванне (аўтобусы, с.-г. машыны, аўтапагрузчыкі, абсталяванне для канвеерных піній), станкаінструментальная (фрэзерныя станкі, алмазныя інструменты), радыёэлектронная і эл.-тэхн. (тэлевізары, кінескопы, радыёэлектронная мед. апаратура), прыладабудаванне, лёгкая, харчасмакавая, паліграф., нафтаперапр., хім., хіміка-фармацэўтычная, лакафарбавая; вытв-сць муз. інструментаў, мэблі, кардону, буд. матэрыялаў, у т. л. керамічны і шкляны з-ды. 10 ВНУ, у т. л. Львоўскі універсітэт, кансерваторыя. Зах. навук. цэнтр АН Украіны. 4 т-ры, у т. л. оперы і балета.

Паводле летапісу вядомы з 1256. Засн. галіцка-валынскім кн. Данілам Раманавічам, які назваў горад імем свайго сына Льва. З 1272 цэнтр княства. З 1349 у складзе Польшчы (у 1370—87 у Венгрыі). У 1356 атрымаў магдэбургскае права. Адм. цэнтр 3 веравызнанняў: рымска-каталіцкага (з 1412 біскупства), правасл. (з 1539 епіскапства, у 1700 ператворана ва уніяцкае) і армянскага. Важны цэнтр кнігадрукавання (у 1572 засн. руская І.Фёдаравым, у 2-й пал. 1580-х г. польская друкарні); у 1661 засн. акадэмія (гл. Львоўскі універсітэт). У 1704 Л. захоплены шведамі. Паводле 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Аўстрыі (з 1867 — Аўстра-Венгрыі, афіц. назва Лемберг), буйнейшы цэнтр укр. культуры ў Галіцыі. У 1-ю сусв. вайну заняты (1914—15) рус. войскамі. У канцы 1918 цэнтр абвешчанай у Л. Зах.-Укр. Нар. Рэспублікі. З 1919 у складзе Польшчы, цэнтр ваяводства. 3 вер. 1939 у складзе Укр. ССР, цэнтр вобласці. Са снеж. 1939 пачалася першая хваля арыштаў і дэпартацыі жыхароў Л. (пераважна інтэлігенцыі) у глыб СССР. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі; вызвалены Чырв. Арміяй у ходзе Львоўска-Сандамірскай аперацыі 1944. У пасляваен. перыяд да пач. 1950-х г. Л. — цэнтр антысавецкай барацьбы і ўкр нац.-вызв. руху. Месцазнаходжанне адноўленых у 1991 рым.-каталіцкай і ўкр.-візант. арцыдыяцэзій. З Л. звязаны жыццё і дзейнасць прадстаўнікоў Беларусі Б.І.Дыбоўскага, Цёткі, І.І.Якубоўскага і інш.

Найб. раннія помнікі архітэктуры: руіны Высокага замка (канец 13 — пач. 14 ст.), фрагменты Мікалаеўскай царквы (канец 13 ст., перабудаваны), Пятніцкая царква (канец 14 ст., перабудавана). У аснове сярэдневяковага плана Л. — прамавугольная сетка вуліц з квадратнай у плане пл. Рынак (14—19 ст.) у цэнтры Вакол плошчы гатычныя кафедральны сабор (1360—1493; арх. П.​Штэхер, М.​Гром, А.​Рабіш; рэстаўрыраваны ў 18 і 19 ст.; скульпт. дэкор і размалёўкі — рэнесанс і барока, надмагіллі і разныя алтары 16—17 ст.) з рэнесансавымі капліцамі Боймаў (1609—17) і Кампіянаў (1609—29, арх. П.​Рымлянін), Арм. сабор (першапачатковае ядро 1363—70, майстар Дорк ці Дорынг, у духу арм. архітэктуры 12—13 ст.; перабудоўваўся ў 16—19 ст.; фрагменты фрэсак канца 15 — пач. 16 ст., надмагільныя пліты з рэльефамі 14—18 ст.); рэнесансавыя комплекс збудаванняў Львоўскага брацтва — Успенская царква (1591—1631, арх. Рымлянін, В.​Капінас, А.​Прыхільны, абразы 17—18 ст., іканастас канца 18 ст.), званіца (т.зв. вежа Карнякта; 1572—78, арх. П.​Барбон), капліца Трох свяціцеляў (1578—91). Комплекс жылых будынкаў на пл. Рынак: дом Карнякта (1580, арх. Барбон), «Чорная камяніца» (1592). У стылях барока пабудаваны касцёлы бернардзінцаў (1600—30, арх. Рымлянін, Прыхільны) і дамініканцаў (1749—64, арх. М.​Урбанік, інж. Я. дэ Віт), каралеўскі арсенал (1630-я г., арх. П.​Градзіцкі), сабор св. Юра (1744—70, арх. Б.​Мерэцін, С.​К.​Фесінгер, разны дэкор 1768—70, скульпт. Пінзель); класіцызму — ратуша на пл. Рынак (1827—35, перабудавана), будынак драм. т-ра імя М.​Занькавецкай (1836—42, арх. Л.​Піхаль, І.​Зальцман). З 2-й пал. 19 ст. Л. забудоўваўся ў духу эклектыкі: будынкі політэхн. ін-та (1872—77, арх. Ю.​А.​Захарэвіч, пано ў інтэр’еры — група жывапісцаў пад кіраўніцтвам Я.​Матэйкі), акад. т-ра оперы і балета імя І.​Франко (1897—1900 арх. З.​Гаргалеўскі, скульпт. А.​Л.​Попель, П.​Вайтовіч; «венскае барока»). З 2-й пал. 20 ст. вядзецца вял. жыллёвае буд-ва, узводзяцца грамадскія будынкі, музеі. У Л. помнікі А.​Міцкевічу (1905, скульпт. Попель, М.​І.​Парашчук), І.​Франко (1964, скульпт. В.​Н.​Барысенка і інш., арх. А.​М.​Шуляр), Я.​Галану (1972, скульпт. А.​П.​Пылеў, арх. В.​І.​Блюсюк). Стараж. могілкі. у т. л. Лычакоўскія (з 1787). 12 музеяў, у т. л. этнаграфіі і маст. промыслаў, укр. мастацтва, нар. архітэктуры і побыту, карцінная галерэя, літ.-мемарыяльны І.​Франко.

Літ.:

Островский Г. Львов. 3 изд. Л., 1982;

Деркач И.С. Львов: Пер. с укр. [Львов], 1969.

Р.​Ч.​Лянькевіч (гісторыя).

Плошча А.​Міцкевіча ў Львове.
Сабор святога Юра ў Львове.

т. 9, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛАРЭ́НЦЫЯ (Firenze),

горад у Цэнтр. Італіі, на р. Арна. Адм. ц. вобл. Таскана і аднайм. правінцыі. Каля 450 тыс. ж. (1999). Важны прамысл. і культ. цэнтр краіны. Буйны трансп. вузел. Прам-сць: металургія, машынабудаванне (цяжкае, эл.-тэхн., радыёэлектроннае, вытв-сць фотаапаратуры, астр. прылад), хім., нафтаперапр., тэкст., у т. л. шарсцяная, гарбарна-абутковая, дрэваапр., шкляная, паліграфічная, харч. (тытунёвая, макаронная, кансервавая). Вытв-сць ювелірных вырабаў; маст. рамёствы. Ун-т (з 1321). Кансерваторыя. Акадэмія мастацтваў, Тасканская акадэмія навук і л-ры. Старэйшы ў Еўропе Бат. сад (з 1545). Астрафіз. абсерваторыя. Б-кі. Тэатры, у т. л. оперны «Тэатр Камунале» (з 1862). Міжнар. муз. фестывалі. Турызм.

Засн. ў 1 ст. да н.э. рымлянамі на месцы стараж. этрускага паселішча. У 10—11 ст. н.э. ў складзе Тасканскага маркграфства. З 11 ст. значны гандл. і рамесны (гал. ч. сукнаробства) цэнтр, з 1115 незалежная камуна, з 1252 чаканіла залаты фларын, які стаў агульнаеўрап. валютай. З 14 ст. тут узніклі мануфактуры. У 14—16 ст. Ф. — адзін з цэнтраў італьян. Адраджэння (гл. Фларэнційская школа жывапісу). У 1434—94, 1512—1737 (з перапынкам у 1527—30) у горадзе ўсталявалася сіньярыя роду Медычы. У 1532 Фларэнційская дзяржава займала значныя тэр. з гарадамі Піза, Ліворна і інш., стала герцагствам, а з 1569 — Вял. герцагствам Тасканскім са сталіцай у Ф. У 1801—07 Ф. — сталіца каралеўства Этрурыя, залежнага ад напалеонаўскай Францыі. З 1860 у складзе Сардзінскага (з 1861 Італьянскага) каралеўства; у 1865—71 сталіца аб’яднанага Італьян. каралеўства. У 1943 акупіравана ням.-фаш. войскамі, адзін з цэнтраў італьян. руху Супраціўлення. У жн. 1944 вызвалена партызанамі і англа-амер. войскамі.

Асн. частка забудовы Ф. (пераважна ў стылях готыкі і ранняга Адраджэння) на правым беразе р. Арна. Захаваліся стараж.-рым. прамавугольная планіроўка горада, фрагменты сярэдневяковых гар. умацаванняў. У гіст. цэнтры сістэма звязаных паміж сабой трох гал. плошчаў. На П’яцца дэль Дуома (Саборная пл.) баптыстэрый Сан-Джавані (з 1059, 13 ст.) з бронз. дзвярыма з рэльефамі [паўд., 1330—36, скульпт. Андрэа Пізана; паўн., 1404—24; усх. («Райскія»), 1425—52, абодва скульпт. Л.​Гіберці], сабор Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ (з 1296, арх. Арнольфа ды Камбіо; купал, 1420—36, арх. Ф.​Брунелескі; кампаніла, 1334—59, праект Джота ды Бандоне і інш.). На пл. П’яцца дэла Сіньёрыя — Палацца дэла Сіньёрыя [Палацца Век’ё; з 1298, арх. Арнольфа ды Камбіо (?), 15—16 ст., арх. Дж.​Вазары і інш.; цяпер музей], Лоджыя дэі Ланцы (1376—80, арх. Бенчы ды Чоне, С.​Таленці), у Лоджыі і на плошчы пастаўлена скульптура Данатэла, Джамбалоны, Б.​Чэліні і інш., копія статуі «Давід» Мікеланджэла. Сярод інш. помнікаў: касцёлы Сан-Міньята аль Монтэ (з 1014), Санта-Марыя дэль Карміне (1258, у капэле Бранкачы фрэскі Мазачыо, 15 ст., і інш.), Санта-Марыя Навела (1278—1360, фасад 1456—70, арх. Л.​Б.​Альберці, фрэскі Мазачыо, Д.​Гірландайо, Ф.​Ліпі, П.​Учэла), Санта-Крочэ (13 ст., у інтэр’еры творы Данатэла і інш., грабніца Мікеланджэла, 1570, скульпт. Вазары) з капэлай Пацы (з 1429, арх. Брунелескі, дэкор інтэр’ера Л. дэла Робія, Брунелескі; цяпер музей), Арсанмікеле (з 1290, арх. Арнольфа ды Камбіо і інш., скульптура Гіберці, А. дэль Верок’ё і інш.), Сан-Ларэнца [1422—46, арх. Брунелескі; Старая сакрыстыя, 1428, яго ж, Новая сакрыстыя (капэла Медычы) з надмагіллямі Ларэнца і Дж.​Медычы і статуяй «Мадонны», 1520; б-ка Лаўрэнцыяна, 1524, абодва Мікеланджэла]; палацца Піці (цяпер Палаціна галерэя), Медычы-Рыкардзі (1444—60, арх. Мікелоца ды Барталамео, размалёўка капэлы, 1459, Б.​Гоцалі; цяпер музей), Пандольфіні (1520, праект Рафаэля) і інш.; Выхаваўчы дом (1421—44, арх. Брунелескі), мост Понтэ Век’ё (14 ст.), крэпасць Сан-Міньята (1530—33. Мікеланджэла). У 20 ст. ўзведзены цэнтр. вакзал (1930—36, арх. Дж.Мікелучы і інш.), стадыён (1932, арх. П.Л.Нерві) і інш. Ф. наз. горадам-музеем. Музеі: сабора, Нац. (у Палацца Барджэла), галерэі Уфіцы і АМ, Хорна, Каса Буанароці, археалагічны. Каля Ф. рэнесансавыя вілы сям’і Медычы ў Карэджы (1443, арх. Мікелоца ды Барталамео) і Паджоа-Каяна (перабудавана ў 1485, арх. Дж. да Сангала, і ў 16 ст.). Гіст. цэнтр Ф. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Літ.:

Виллани Дж. Новая хроника, или История Флоренции: Пер. с итал. М., 1997;

Флоренция: музеи, галереи, церкви, дворцы, памятники. Флоренция, 2001.

Т.​Р.​Мартыненка (архітэктура).

Фларэнцыя. Званіца Джота (на пярэднім плане).
Панарама г. Фларэнцыя.

т. 16, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯГА́ЙЛА (у праваслаўі Якаў, у каталіцтве Уладзіслаў; 1352?—1.6.1434),

вялікі князь ВКЛ [1377—81, 1382—92], кароль Польшчы [1386—1434]. Заснавальнік дынастыі Ягелонаў. Старэйшы сын вял. князя ВКЛ Альгерда і цвярской князёўны Ульяны Аляксандраўны. Альгерд прызначыў Я. спадчынным уладальнікам трона ВКЛ. Вял. князем стаў у маі 1377. Адразу ўступіў у канфлікт з уплывовым дзядзькам, князем троцкім Кейстутам, які намагаўся захапіць велікакняжацкі трон. У адрозненне ад Кейстута, які быў прыхільнікам барацьбы на 2 франты — з крыжакамі і рус. княствамі, Я. намагаўся замацаваць усх. тэрыторыі нават за кошт часовай уступкі Жамойці крыжакам. У 1380 Я. заключыў з Залатой Ардой дагавор, накіраваны супраць Маскоўскага княства, і планаваў удзел у Кулікоўскай бітве 1380. Крыжакі выкарысталі дынастычную барацьбу і заключылі перамір’е ў 1379 з Кейстутам, а ў 1380 з Я. У 1381 Кейстут захапіў уладу ў Вільні, аднак у чэрв. 1382 Я. вярнуў сабе сталіцу, у час перагавораў захапіў Кейстута, які паводле загаду Я. быў задушаны ў Крэўскім замку. Я. абапіраўся на дапамогу Тэўтонскага ордэна, якому ў 1382 перадаў палову Жамойці і заключыў з ім перамір’е на 4 гады. Яго стрыечны брат Вітаўт увосень 1382 уцёк з Крэўскага замка да крыжакоў і заключыў з імі саюз. У 1383 Я. вёў вайну з крыжакамі, адбіў у іх гарады Коўна і Трокі. У 1383—84 вёў перагаворы з маскоўскім вял. князем Дзмітрыем Іванавічам Данскім аб саюзе супраць крыжакоў; саюз меркавалася ўмацаваць шлюбам Я. з дачкой Дзмітрыя, аднак гэты план не быў здзейснены. Я. паразумеўся з Вітаўтам, і той вярнуўся ў ВКЛ, дзе атрымаў ад Я. Падляшша і г. Гародню. Для барацьбы супраць крыжакоў Я. заключыў Крэўскую унію 1385. У 1386 прыняў каталіцтва, ажаніўся з польскай каралевай Ядвігай і стаў каралём Польшчы (Уладзіслаў II). У 1387 здзейсніў хрышчэнне паводле каталіцкага абраду літоўцаў-язычнікаў і заснаваў Віленскае біскупства для Літвы і Беларусі (для Жамойці пазней утворана ўласнае біскупства). Яго намаганні падпарадкаваць ВКЛ польскай кароне выклікалі незадаволенасць большай часткі бел. і літ. феадалаў на чале з Вітаўтам. Вайна вялася некалькі гадоў і скончылася Востраўскім пагадненнем 1392, паводле якога Вітаўт прызнаваўся пажыццёвым намеснікам караля і вял. князем ВКЛ (фармальна з 1401). Улада Я. ў ВКЛ станавілася намінальнай, хаця ён меў тытул вярх. князя (які амаль ніколі не ўжываўся). Пастаянныя канфлікты з Тэўтонскім ордэнам прывялі да стварэння ваен. саюза паміж Польшчай і ВКЛ. У выніку заключана новая, Віленска-Радамская унія 1401. У Вялікай вайне 1409—11 з ордэнам саюзнікі атрымалі перамогу. У вырашальнай Грунвальдскай бітве 1410 галоўнакамандуючым быў Я. Пасля разгрому крыжакоў ён падпісаў Тарунскі мір 1411, паводле якога Жамойць перадавалася пажыццёва Вітаўту. Гарадзельская унія 1413 замацавала саюзныя адносіны паміж Польшчай і ВКЛ. У Польшчы Я. пацвердзіў ранейшыя прывілеі шляхты (1388), гарантаваў недатыкальнасць шляхецкіх маёнткаў (1422), забараніў сумяшчаць адм. і суд. пасады, у 1400 аднавіў Кракаўскі ун-т. Каб забяспечыць спадчыннасць трона для свайго старэйшага сына Уладзіслава, Я. ў 1430 яшчэ раз пацвердзіў правы шляхты і забараніў арышт шляхціцаў. Я. вёў актыўную палітыку ў дачыненні да «Свяшчэннай Рым. імперыі», Чэхіі і Венгрыі. Выступаў супраць гусітаў, падтрымліваў ідэю уніі каталіцкай і правасл. цэркваў. На Канстанцкім саборы 1414—18 дэлегацыя Я. дамагалася дыпламат. замацавання перамогі над Тэўтонскім ордэнам. Аднак канчатковае вырашэнне тэр. пытання адбылося пасля новай вайны з крыжакамі на тэр. ордэна. Паводле Мельнскага дагавора 1422 Жамойць замацавана за ВКЛ, невял. тэрыторыі атрымала і Польшча. У 1429 Я. падтрымаў план Вітаўта абвясціць ВКЛ каралеўствам, зыходзячы з разліку, што каралеўская карона пасля смерці Вітаўта пяройдзе да яго сына Уладзіслава. Аднак пад націскам каралеўскай рады Я. адмовіўся ад падтрымкі гэтага плана. Пасля смерці Вітаўта ў 1430 Я. прызнаў абранне на велікакняжацкі трон у Вільні свайго брата Свідрыгайлы, што выклікала незадавальненне польскіх паноў. У 1431 адбыўся ваенны канфлікт: польскае войска спрабавала захапіць Валынь. У 1432 у выніку перавароту вял. князем ВКЛ стаў Жыгімонт Кейстутавіч. Пачалася феад. вайна (гл. Свідрыгайлы паўстанне 1432—39), у якой Я. падтрымаў Жыгімонта. 15.10.1432 у Гародні адноўлена дзярж. унія Польшчы і ВКЛ. Прывілеем 1432 і Прывілеем 1434 Я. і Жыгімонт ураўнавалі ў маёмасных і асабістых правах феадалаў-католікаў і праваслаўных у ВКЛ. Пасля смерці Я. каралём Польшчы стаў яго сын Уладзіслаў III Варненчык.

Літ.:

Krzyźaniakowa J., Ochmański J. Władysław II Jagiello. Wroclaw etc., 1990.

А.​П.​Грыцкевіч.

Ягайла.

т. 18, кн. 1, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНАГО́РЫЯ (Црна Гора), Рэспубліка Чарнагорыя (Република Црна Гора),

рэспубліка ў складзе Сербіі і Чарнагорыі (гл. Дадатак). Пл. 13,8 тыс. км². Насельніцтва 680,2 тыс. чал. (2000), пераважна чарнагорцы (70%), сербы, баснійцы, албанцы. Сталіца — г. Падгорыца. Размешчана на Пд Дынарскага нагор’я (выш. да 2522 м, г. Бобатаў-Кук). Раўнінныя ўчасткі на ўзбярэжжы Адрыятычнага м. і ўздоўж паўн. ўзбярэжжа воз. Шкодэр (Скадарскае). Карысныя выкапні: баксіты, свінцова-цынкавыя руды, буры вугаль і інш. Клімат умерана кантынентальны, на ўзбярэжжы — міжземнаморскі. Ападкаў 1600—1800 мм за год, каля ўзбярэжжа да 3000 мм. Найб. рэкі Тара і Морача. Схілы гор укрыты хваёвымі і мяшанымі лясамі, на ўзбярэжжы — міжземнаморская хмызняковая расліннасць. Нац. паркі: Біёградска-Гора, Дурмітар, Лоўчан. Гал. галіны прам-сці: горназдабыўная, электраэнергет., металург., дрэваапр., машынабудаванне. Здабыча баксітаў (каля г. Нікшыч), свінцова-цынкавых руд (раёны гарадоў Плеўля і Іванград), бурага вугалю, солі. Каскад ГЭС на р. Зета, ЦЭС у Плеўлі. Чорная металургія (Нікшыч), выплаўка алюмінію (Падгорыца); дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, мэблевая (Мойкавац, Іванград, Падгорыца), эл.-тэхн. (Цэтыне) прам-сць і суднарамонт (Котар). Ёсць тэкст., харч., у т. л. рыбакансервавыя, тытунёвыя прадпрыемствы. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на горна-пашавай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых культур і садоўніцтве. Гадуюць авечак, буйн. раг. жывёлу, птушак. Пасевы збожжавых (кукуруза, пшаніца, ячмень) і тэхн. (тытунь) культур, бульбы, агародніны, пераважна на прыазёрнай раўніне. Садоўніцтва (цытрусавыя, інжыр, гранат, міндаль, сліва). Насаджэнні аліў і вінаграднікаў. Рыбалоўства. Транспарт марскі, чыг. і аўтамабільны. Марскія парты: Бар і Котар. Міжнар. аэрапорт у Падгорыцы. Узбярэжжа — курортная зона. Турызм. Прыродны і культ.-гіст. рэгіён Котар і нац. парк Дурмітар уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Гісторыя. У старажытнасці тэр. Ч. насялялі ілірыйцы. У 1 ст. да н.э. яны заваяваны Стараж. Рымам, з 1 ст. н.э. тэр. Ч. у складзе рым. прав. Далмацыя, з 297 — прав. Прэвалітана. З 493 частка тэр. Ч. ў складзе дзяржавы остготаў, з 536 — Візантыі. У 7 ст. тут рассяліліся славяне (сербскае племя дуклянаў), якія ў 9 ст. ўтварылі княства Дукля і прынялі хрысціянства ўсх. абраду. У часы праўлення кн. Уладзіміра (каля 970—1016] тэр. Ч. трапіла пад уладу Балгарыі, з 1018 — зноў Візантыі, панаванне якой скінуў кн. Ваіслаў [1031—51]. З 1077 Дукля (з 11—12 ст. наз. таксама Зета) — каралеўства. Кароль Бодзін [каля 1082 — каля 1101] стварыў Зецкую дзяржаву, куды ўключыў усе сербскія землі. З канца 12 ст. да 1366 Зета ў складзе сербскай дзяржавы Няманічаў. У 1361—1421 у Ч. правілі кн. Балшычы, пры якіх Зета вызвалілася з-пад улады Няманічаў (1366), потым да 1528 дынастыя Чарнаевічаў. Пад націскам туркаў (з канца 14 ст.) б.ч. насельніцтва Зеты перасялілася ў маладаступныя Чорныя горы, т.зв. Верхнюю Зету, якая з сярэдзіны 15 ст. пачала наз. Чарнагорыяй (пазней назва перайшла на ўсю краіну). У 1396—1443 прыморскімі гарадамі Ч. авалодала Венецыя. У 1470-я г. туркі заваявалі раўнінную ч. Ч., у 1496 падпарадкавалі і Верхнюю Зету. У 1499 Ч. афіцыйна ўключана ў Асманскую імперыю як асобны санджак (адм. адзінка) на чале з Чарнаевічам Скендэр-бегам, які прыняў іслам. Мусульманства прынялі і многія інш. чарнагорскія феадалы, т.зв. патурчэнцы. У 15—18 ст. Ч. фактычна ўяўляла сабой родаплемянное грамадства са слаба развітымі феад. адносінамі. Плямёны падзяляліся, на брацтвы, брацтвы на вял. сем’і — задругі, якім належала значная ч. зямлі. Улада знаходзілася ў руках плем. старшын — кнезаў і ваяводаў. У гэтых умовах гал. і амаль адзінай аб’яднаўчай сілай была правасл. царква. Пад яе кіраўніцтвам у 17 ст. ў Ч. склалася феад.-тэакратычная дзяржава на чале з мітрапалітам-уладыкам (з 1700 дынастыя Негашаў). З краіны былі выгнаны патурчэнцы. Чарнагорцы ваявалі супраць туркаў на баку Венецыі (1645—69) і «Свяшчэннай ліг» (1683—98), удзельнічалі ў рус.-тур. войнах 18—19 ст. на баку Расіі, з якой устанавілі цесныя сувязі (1711). У выніку венецыяна-тур. вайны 1714—18 да Венецыі адышлі прыморскія землі Ч. Перамога чарнагорцаў над туркамі ў бітве пры сяле Крусы (1796) паклала пачатак фактычнай незалежнасці Ч., якая перастала плаціць падаткі Асманскай імперыі. У канцы 18—1-й пал. 19 ст. ў Ч. адбывалася цэнтралізацыя ўлады, уведзены нормы бурж. права, умацавалася яе міжнар. становішча. У час напалеонаўскіх войнаў яна выступала на баку Расіі. З 1852 Ч. — спадчыннае свецкае княства на чале з дынастыяй Негашаў.

У выніку сербска-чарнагорска-турэцкіх войнаў 1876—78 і рус.-тур. вайны 1877—78 Ч. стала юрыдычна незалежнай дзяржавай (рашэнні Берлінскага кангрэса 1878), пашырыла свае межы і зноў атрымала выхад да мора. З 1910 Ч. — каралеўства. Удзел у Балканскіх войнах 1912—13 дазволіў Ч. значна пашырыць тэр. У 1-й сусв. вайне Ч. ўдзельнічала на баку Антанты, у 1916—18 яна акупіравана аўстра-венг. войскамі. Пасля вызвалення ў ліст. 1918 дынастыя Негашаў адхілена ад улады, 1.12.1918 Ч. ўвайшла ў склад Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія) і часова перастала існаваць як дзярж. ўтварэнне. У 1941 яе тэр. акупіравана італьян. войскамі, вызвалена нар.-вызв. арміяй Югаславіі ў канцы 1944. З 1945 Ч. Нар., з 1963 Сацыяліст. рэспубліка ў складзе Югаслаўскай Федэрацыі. Пасля яе распаду (1991) яна разам з Сербіяй 27.4.1992 утварыла новую Саюзную Рэспубліку Югаславію.

На Ч. разам з Сербіяй былі накладзены міжнар. паліт. і эканам. санкцыі, хоць яна і не ўдзельнічала ў ваен. канфліктах на тэр. Босніі і Харватыі. Гэта паспрыяла нарастанню ў Ч. тэндэнцыі да размежавання з Сербіяй. Прэзідэнт М. Джуканавіч (са студз. 1998) паслядоўна выступае за фактычную незалежнасць краіны. У вер. 2000 большасць чарнагорцаў байкатавала выбары ў Саюзную Скупшчыну Югаславіі. 14.3.2002 падпісаны чарнагорска-сербскі дагавор аб перабудове ўзаемаадносін паміж Сербіяй і Ч. 4.2.2003 парламент Югаславіі прыняў Канстытуцыйную хартыю аб стварэнні новай дзяржавы — супольніцтва Сербіі і Чарнагорыі (СіЧ) як цалкам раўнапраўных дзяржаў.

З паліт. партый Ч. найб. уплывовыя Дэмакр. партыя сацыялістаў Ч. (лідэр Джуканавіч), Нар. партыя Ч. Прафсаюзы ўваходзяць пераважна ў Канфедэрацыю аўт. прафсаюзаў СіЧ і Федэрацыю незалежных прафсаюзаў СіЧ.

Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. Ч. выяўлены неалітычная кераміка, паселішчы ілірыйцаў, рэшткі стараж.-грэч. і рым. гарадоў. У перыяд візант. панавання (6 ст.) традыцыі ант. культуры захоўваліся ў спрошчаным выглядзе. У сярэдневякоўі на мастацтва Ч. ўплывалі культуры Італіі і Далмацыі, Сербіі і Візантыі. У 9—10 ст. узводзілі 1-нефавыя і 3-конхавыя цэрквы; у 12—13 ст. — 3-нефавыя раманскія базілікі з плоскай драўлянай столлю, 1-нефавыя з паўцыркульным скляпеннем, а таксама пад уплывам сербскай арх. школы Рашкі (царква манастыра Морача, 1252). Рысы ант. традыцый праяўляліся ў разьбе па каменю (гал. чынам па мармуры). У 14—16 ст. у пабудовах прыморскіх раёнаў гатычныя дэталі спалучаліся з раманскімі формамі. У манум. жывапісе 11—12 ст. адчувальны ўплыў каралінгскага адраджэння. Мініяцюры 13—14 ст. адметныя спалучэннем элементаў раманскага і гатычнага стыляў з рысамі візант. іканаграфіі. Фрэскі царквы ў манастыры Морача блізкія да сербскага сценапісу. Адраджэнне і барока выявіліся ў дэталях асобных пабудоў, што захоўвалі раманскія і візант. традыцыі (царква манастыра Савіна каля г. Херцагнаві, 18 ст., арх. Н.​Фарэтыч). Сярод жывапісцаў Л.М. і В.​Дабрычэвічы (15—16 ст.), Дж.​Мітрафанавіч, Т.​Каколя (17—18 ст.). Жывапісцы сям’і Дзімітрыевічаў-Рафайлавічаў спалучалі познавізант. традыцыі з асобнымі барочнымі прыёмамі. Пасля 1878 у гарадах будавалі ў духу ампіру. З рэгулярнай планіроўкай узведзены г. Падгорыца. Грамадскія будынкі канца 19 — пач. 20 ст. ў стылях эклектыкі і неавізантыйскім. Жылыя дамы пераважна з нечасанага каменю з чарапічнымі дахамі і невял. аконнымі праёмамі. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. ў выяўл. мастацтве сфарміраваўся нац. кірунак. У 1920—30-я г. М.​Мілунавіч і П.​Лубарда працавалі ў духу постімпрэсіянізму, вылучаліся работы скульптара Р.​Стыёвіча. Пасля 2-й сусв. вайны распрацоўваліся планы гарадоў, на Адрыятычным узбярэжжы рэканструяваліся старыя і ўзводзіліся новыя добраўпарадкаваныя гарады з курортнымі комплексамі (асабліва пасля землетрасення 1979). У выяўл. мастацтве вылучаліся нац. пейзажы і нацюрморты Мілунавіча, А.​Прыйіча, гіст. кампазіцыі Лубарды. У пошуках маладых мастакоў суіснуюць рэаліст. традыцыі і тэндэнцыі мадэрнізму.

Музыка. Геагр. ізаляванасць Ч. спрыяла захаванню самабытнасці нац. муз. фальклору да 19 ст., але і перашкаджала развіццю прафес. музыкі. Да пач. 20 ст. асн. жанры — нар. песні, у т. л. эпічныя, гераічныя (у суправаджэнні пар. муз. інструмента гусле), лірычныя, абрадавыя, у т. л. жаночыя песні-плачы тужбаліцы. Пашыраны нар. танец ора (разнавіднасць кола). У канцы 19 ст. ўзніклі аматарскія хар. т-вы, у т. л. Рамесніцкае (1904; у 1909 на яго аснове створаны Нац. т-р у г. Цэтыне). Першыя прапагандысты зах.-еўрап. класічнай музыкі — ваен. аркестры. Значная роля ў развіцці музыкі канца 19 — пач. 20 ст. чэха Р.​Толінгера, італьянца Д. дэ Сарне Сан-Джорджыо, нац. кампазітараў-аматараў Ш.​Агненавіча, М.​Негаша. Першы прафес. кампазітар Ч. — І.​Іванішавіч, аўтар музыкі Нац. гімна, арк. і фп. п’ес, маршаў і інш. У 1920-я г. адкрыты спец. муз. навуч. ўстановы ў Цэтыне і Падгорыцы. Сярод муз. дзеячаў 1-й пал. 20 ст.: хормайстар і педагог А.​Іванавіч; кампазітар, фалькларыст, хормайстар І.​Мілошавіч. З 1940-х г. музыка Ч. развівалася ў межах югасл. музыкі. Створаны сімф. аркестр і мяшаны хор радыё ў Цітаградзе (1949), дзярж. ансамбль нар. песні і танца «Ора». Арганізаваны т-вы кампазітараў і музыкантаў-выканаўцаў, саюз культ.-маст. т-ваў.

Літ.:

История Югославии. Т. 1—2. М., 1963.

В.​А.​Сімакова і М.​С.​Даўгяла (гісторыя).

Да арт. Чарнагорыя. Від г. Котар.

т. 17, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́КАЎ, Кракуў (Kraków),

горад на Пд Польшчы, у верхнім цячэнні р. Вісла. Адм. ц. Малапольскага ваяводства. 745,1 тыс. ж. (1993). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Баліцы. Важны эканам., навук. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: самы вял. ў краіне металургічны камбінат (Гута імя Т.​Сэндзіміра), маш.-буд. (вытв-сць абсталявання для нафтавай, хім., харч. прам-сці, эл.-тэхн. і радыёэлектронных вырабаў, кабелю), харч. і харчасмакавая (цукр., тытунёвая), хім. (коксахімія, фармацэўтычная, гумавая, вытв-сць соды), эл.-тэхн., буд. матэрыялаў, цэм., швейная, паліграф., мэблевая, гарбарна-абутковая, парфумерная. 15 ВНУ, у т. л. старэйшы ў Польшчы Ягелонскі універсітэт (з 1364), акадэміі горна-металургічная, мед. прыгожых мастацтваў, с.-г., фіз. выхавання, эканам., муз. і інш. Аддзяленне Польскай АН. Ягелонская б-ка. Астр. абсерваторыя Ягелонскага ун-та (з 1792). Тэатры, у т. л. Музычны, Стары, імя Ю.​Славацкага. Кансерваторыя. Месца правядзення нац. і міжнар. фестываляў, маст. выставак і інш. Турыстычны цэнтр.

Паводле падання, засн. міфалагічным Кракам на месцы пасялення племя віслян. У 996 згадваецца араб. падарожнікам Ібрагімам ібн-Якубам. У 10 ст. К. — адзін з гал. эканам., паліт., ваен. і культ. цэнтраў Малапольшчы на гандл. шляху Русь—Чэхія—Зах. Еўропа. З канца 10 ст. ў складзе польск. дзяржавы. З 1000 рэзідэнцыя біскупства. Каля 1040 стаў гал. рэзідэнцыяй уладароў Польшчы і сталіцай дзяржавы; важны рэліг. цэнтр са шматлікімі касцёламі, кляштарамі і кафедральнай школай з багатай б-кай. У 11 ст. ў мясц. капітуле створана самая стараж. польская хроніка. У 1241 зруйнаваны татарамі. Гар. правы з 1257. З 1320 месца каранацыі польск. каралёў. У выніку эканам. і культ. росквіту ў 14—16 ст. ператварыўся ў буйнейшы цэнтр інтэлектуальнага жыцця Польшчы. У 1364 засн. Кракаўская акадэмія. Важны цэнтр гандлю, маст. рамёстваў, кнігадрукавання (у 16 ст. існавала 9 друкарняў), архітэктуры, скульптуры, жывапісу. Значэнне К. пачало змяншацца пасля пераносу ў 1596 каралеўскай рэзідэнцыі ў Варшаву і ператварэння яе ў сталіцу дзяржавы (1611). У 1655 захоплены, абрабаваны і зруйнаваны шведамі; у 18 ст. заняпаў у выніку набегаў, пажараў, эпідэмій, выплаты кантрыбуцый. Месца абвяшчэння паўстання 1794. У 1795—1809, 1846—1918 пад уладай аўстр. Габсбургаў. У 1781—85 у К. дзейнічаў першы ў Польшчы прафес. тэатр. У 1809—15 у складзе Варшаўскага герцагства, у 1815—46 сталіца Кракаўскай рэспублікі. Тут адбылося Кракаўскае паўстанне 1846. У 2-й пал. 19 ст. цэнтр культ. і навук. жыцця (засн. АН, кансерваторыя, Акадэмія прыгожых мастацтваў). У 2-ю сусв. вайну цэнтр ням.-фаш. генерал-губернатарства; адзін з буйнейшых у Польшчы цэнтраў Руху Супраціўлення. 19.1.1945 вызвалены Сав. Арміяй. У 1963—78 арцыбіскупам кракаўскім быў К.​Вайтыла (цяпер рым. папа Іаан Павел II). У канцы 1970—80-х г. цэнтр шматлікіх дэманстрацый і забастовак, незалежнага культ. жыцця (па-за цэнзурай ставіліся спектаклі, арганізоўваліся выстаўкі, ствараліся прыватныя выдавецтвы, выходзілі часопісы).

Гіст. ядро К. — узгорак Вавель з комплексам пабудоў 10—17 ст. і раён Старога горада з квадратнай у плане плошчай Рынку і рэгулярнай сеткай вуліц. Захаваліся фрагменты гар. умацаванняў (канец 13—14 ст.) з надбрамнымі вежамі і барбаканам (1498—99). Сярод помнікаў: раманскі касцёл св. Анджэя (каля 1090); гатычныя касцёлы Дзевы Марыі (Марыяцкі касцёл, 1355—97; у інтэр’еры вітражы канца 14 ст., драўляны алтар, 1477—89, мастак В.​Ствош, размалёўкі Я.​Матэйкі, 1889—91, і інш.) і св. Крыжа (14 — пач. 16 ст., фрэскі пач. 15 ст.); гандл. рады «Сукеніцы» (1342—92, часткова перабудаваны ў стылі рэнесансу, 1555—59, арх. Дж.​М.​Падавана); б. будынак Ягелонскага ун-та («Калегіум Майус», 15 ст.); барочныя касцёлы св. Пятра і Паўла (1596—1619, арх. Дж.​Трэвана), бернардзінцаў на Страдоме (1670—80, арх. К.​Мерашэўскі), св. Ганны (1689—1703, арх. Тыльман Гамерскі) і інш. У 19—1-й пал. 20 ст. вакол кальца бульвараў (т.зв. Планты) узведзены новыя кварталы з радыяльна-кальцавой сістэмай вуліц і параднымі грамадскімі пабудовамі ў духу псеўдарэнесансу (Польская АН, 1857—64, арх. Ф.​Пакутынскі), эклектыкі (Т-р імя Ю.​Славацкага, 1889—93, арх. Я.​Завейскі), мадэрну (Стары т-р, 1904—06, арх. Т.​Стрыенскі, Ф.​Манчынскі), функцыяналізму (Ягелонская б-ка, да 1939, арх. В.​Кшыжаноўскі). У 2-й пал. 20 ст. ўзведзены будынкі Дома студэнтак (1964, арх. В.​Брызек і інш.), Вышэйшай с.-г. школы (1963), Ін-та фізікі і матэматыкі (1965, абодва арх. С.​Юшчык), гасцініца «Краковія» (1965, арх. Ю.​Цэнцкевіч) і інш. У К. помнікі А.​Міцкевічу (1898, скульпт. Т.​Рыгер), Т.​Касцюшку (1921, скульпт. Л.​Марконі), Ю.​Дзітлю (1937—39, скульпт. К.​Дунікоўскі). Сярод музеяў: Дзярж. маст. зборы ў Вавелі, Нацыянальны, Гістарычны, Маладой Польшчы, Чартарыйскіх; маст. галерэі. Гіст. цэнтр К. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Іл. гл. таксама да арт. Гандлёвыя рады.

Літ.:

Савицкая В.И. Краков. М., 1975.

Т.​Каліцкі, Н.​К.​Мазоўка (гісторыя).

Кракаў. Фрагмент гарадскіх умацаванняў.
Кракаў. Фрагмент каралеўскага замка на Вавелі.

т. 8, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́ЗЫКА (ад грэч. musikē літар. мастацтва муз),

від мастацтва, у якім маст. вобразы ўвасабляюцца лагічна абумоўленай паслядоўнасцю гукаў і іх спалучэнняў. Падпарадкаваныя вышынным і часавым суадносінам, яны ўтвараюць гукавыя сістэмы, што грунтуюцца на законах акустыкі і фізіялогіі слыху. Сродкі муз. выразнасці: інтанацыя, лад, гармонія, рытм, метр, тэмп, тэмбр, інструментоўка, артыкуляцыя, дынаміка, агогіка і інш. Разгортванне М. ў часе — дыялектычны працэс, у якім узнікаюць пачатковыя муз. пабудовы (матыў, фраза, сказ, перыяд і інш.) і больш складаныя структуры (гл. Форма музычная). Будова кожнага муз. твора спалучае тыповае і індывідуальна-своеасаблівае. М. можа разгортвацца ў адна- (манодыя) і шматгалосым (поліфанія, гамафонія) гучанні, выкладзеным у адпаведнай фактуры. Ва ўвасабленні маст. вобразаў магчымы спалучэнні М. з паэзіяй (вак. музыка, меладэкламацыя) і інш. відамі мастацтва (опера, балет, аперэта, кіно, драм. т-р, тэлебачанне і інш.). Паводле характару драматургіі і прызначэння адрозніваюць М. оперную, сімф., камерную, харавую, ваенна-духавую і інш.; больш дробныя іх жанравыя разнавіднасці: у оперы — seria, buffa, муз. драма, у сімф. М. — сімфонія, сюіта, уверцюра, паэма; у камернай — саната, раманс і інш. Як від мастацтва М. ўключае 2 творчыя акты, што знаходзяцца ў непарыўнай сувязі: кампазіцыю (стварэнне) і выкананне. Паводле спосабу выканання М. падзяляюць на інстр. і вакальную; для аднаго выканаўцы (сола), некалькіх (ансамбль), пэўнага складу інструментаў (аркестр) або галасоў (хор). Тэкст муз. твора, указанні выканаўцам і інш. фіксуюцца нотным запісам (гл. Нотнае пісьмо, Ноты). Сукупнасцю заканамернасцей вобразна-эмацыянальнага зместу і маст. сродкаў вызначаецца муз. стыль. Кожны муз. стыль (класіцызм, рамантызм, імпрэсіянізм, экспрэсіянізм і інш.) — з’ява грамадска-гістарычная. Паняцце «стыль» выкарыстоўваюць і ў дачыненні да пэўнай нац. М. (італьянскі, рускі), да творчасці асобнага кампазітара. Вывучае М. музыказнаўства.

У першабытным грамадстве М. мела дапаможнае значэнне, была неад’емнай ад прац. працэсаў і магічных дзействаў, сінкрэтычна звязаная з паэзіяй і танцам. Паступова, у непарыўнай сувязі з эвалюцыяй форм працы і побыту вылучалася як асобны від мастацтва. Краіны стараж. цывілізацый (Егіпет, Грэцыя, Рым, Кітай, Індыя) мелі развітое муз. мастацтва, у т. л. прафесійнае. У сярэдневяковай Еўропе інтэнсіўна развівалася песенная, інстр. быт. і прафесійная М. Напачатку цэнтрамі прафес. М. былі саборы і манастыры. У краінах Усходу актывізавалася прыдворнае і быт. музіцыраванне. Паваротны этап у станаўленні еўрап. М. — эпоха Адраджэння, калі расквітнелі жанры месы, матэта, мадрыгала, рэквіема, напісаныя ў традыцыях поліфаніі «строгага стылю», зарадзіліся многія жанры М., у т. л. опера, араторыя, кантата, пачала складвацца сістэма прафес. музычнай адукацыі, удасканальвалася нотнае пісьмо. У 1-й пал. 18 ст. дасягнула кульмінацыі мастацтва поліфаніі (І.​С.​Бах). У 18 ст. сфарміраваліся асновы класічнай гармоніі, оперныя і інстр. формы, у т. л. сімфонія, канцэрт, саната, выпрацаваўся класічны склад аркестра, зарадзіліся нац. муз. школы. Уздым муз. творчасці звязаны з антыфеадальным дэмакр. рухам (Бах, Г.​Ф.​Гендэль, К.​В.​Глюк, І.​Гайдн, В.​А.​Моцарт), з франц. рэвалюцыяй 1794, ідэі якой яскрава ўвасоблены ў творчасці Л.​Бетховена. Класіцызм, рамантызм, інш. стылявыя плыні, а таксама нац. школы, што складваліся на аснове нац. муз. традыцый, узбагачалі сусв. муз. культуру. Найб. значныя дасягненні нац. школ у 19 ст. звязаны з творчасцю Ф.​Шуберта (Аўстрыя), К.​М.​Вебера, Р.​Шумана, І.​Брамса, Р.​Вагнера (Германія), Г.​Берліёза, Ж.​Бізэ (Францыя), Дж.​Расіні, Дж.​Вердзі (Італія), Ф.​Шапэна, С.​Манюшкі (Польшча), Ф.​Ліста, Ф.​Эркеля (Венгрыя), Э.​Грыга (Нарвегія), А.​Дворжака, Б.​Сметаны (Чэхія). Вял. роля ў развіцці М. належыць рус. нац. школе, станаўленне і росквіт якой прыпадае на 19 ст. (М.​Глінка, А.​Даргамыжскі, М.​Балакіраў, А.​Барадзін, М.​Мусаргскі, М.​Рымскі-Корсакаў, П.​Чайкоўскі, С.​Танееў, А.​Глазуноў і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. ў зах.-еўрап. М. сфарміраваліся новыя тэндэнцыі, у выніку якіх адбылася дыферэнцыяцыя аўтарскіх стыляў, у т. л. імпрэсіянізм (К.​Дэбюсі, М.​Равель), верызм (П.​Масканьі, Р.​Леанкавала), неарамантызм (Г.​Малер, Р.​Штраус) і інш. Значнае месца ў гэтым рэчышчы займае творчасць рус. кампазітараў А.​Скрабіна, І.​Стравінскага. Глыбокія змены адбыліся ў гукавышынных сістэмах (Б.​Бартак, А.​Анегер, Ф.​Пуленк, К.​Орф, К.​Шыманоўскі, Л.​Яначак, Б.​Марціну, Б.​Брытэн, А.​Шонберг, А.​Веберн, Ч.​Айвз, А.​Месіян і інш.), што абумовіла існаванне разнастайных стылявых плыняў у М. 20 ст. Традыцыі рус. кампазітарскай школы развівалі Глазуноў, С.​Рахманінаў, М.​Метнер, С.​Пракоф’еў, Дз.​Шастаковіч, М.​Мяскоўскі, Г.​Свірыдаў, Р.​Гліэр, А.​Хачатуран, Ц.​Хрэннікаў і інш. Значнае месца ў сусв. муз. мастацтве займае творчасць Р.​Шчадрына, Э.​Арцем’ева, С.​Сланімскага, Э.​Дзянісава, А.​Шнітке, С.​Губайдулінай. Пра гісторыю развіцця нац. М. гл. раздзелы Музыка ў арт. пра дзяржавы, напр., пра бел. М. ў арт. Беларусь.

Літ.:

Ливанова Т.Н. История западноевропейской музыки до 1789 г. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1982—83;

Яе ж. Из истории музыки и музыкознания за рубежом. М., 1981;

Грубер Р.И. История музыкальной культуры. Т. 1—2. М.; Л., 1941—59;

История русской музыки: В 10 т. Т. 1—6. М., 1983—89;

История музыки народов СССР. Т. 1—7. М., 1970—97.

Т.​А.​Дубкова.

т. 11, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАРВА́ТЫЯ (Hrvatska), Рэспубліка Харватыя (Republika Hrvatska),

дзяржава ў Паўд. Еўропе. Мяжуе на Пн са Славеніяй, Венгрыяй, на У з Сербіяй і Чарнагорыяй, Босніяй і Герцагавінай; на З абмываецца Адрыятычным морам. Пл. 56,5 тыс. км². Нас. 4390,8 тыс. чал. (2002). Дзярж. мова — харвацкая. Сталіца — г. Заграб. Падзяляецца на 20 жупаній (акруг) і асобную адм. адзінку — г. Заграб. Нац. свята — Дзень дзяржаўнасці (25 чэрв.).

Дзяржаўны лад. Х. — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Вышэйшы заканад. орган — Сабор Рэспублікі Харватыі (парламент), які складаецца з 2 палат: палата прадстаўнікоў (127 дэпутатаў) і палата жупаній (акруг, 68 дэпутатаў). Выканаўчая ўлада належыць ураду, які назначаецца прэзідэнтам і зацвярджаецца парламентам.

Прырода. Рэльеф цэнтр. і зах. ч. гарысты (Дынарскае нагор’е, выш. да 1831 м), развіты карст. На У узгорыстая раўніна (паўд.-зах. ўскраіна Сярэднедунайскай раўніны). Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, каменны і буры вугаль, баксіты, мінер. буд. матэрыялы. Клімат на У умерана кантынентальны, на ўзбярэжжы субтрапічны, міжземнаморскі. Сярэдняя т-ра студз. -2 °C ва ўнутр. раёнах, 5—10 °C на ўзбярэжжы, ліп. 18—25 °C. Ападкаў каля 600—700 мм за год, на ўзбярэжжы да 1000 мм. Гал. рэкі — Сава і Драва. Глебы ў гарах бурыя лясныя, на раўніне чарназёмы. Пад лесам 36% тэр. У гарах шыракалістыя (дуб, бук) і хвойныя лясы (піхта, елка), карставыя раёны — бязлесыя пустэчы, уздоўж узбярэжжа — міжземнаморская расліннасць (маквіс). Нац. паркі: Пакленіца, Плітвічка, Рысняк.

Насельніцтва. 78,1% насельніцтва складаюць харваты. Жывуць таксама сербы (12,2%), баснійцы (0,9%), венгры і славенцы (па 0,5%), чэхі (0,4%), албанцы (0,3%) і інш. Вернікі ў асн. католікі (77%), ёсць правасл. хрысціяне (11%), мусульмане (1,2%), пратэстанты (0,4%) і інш. Сярэдняя шчыльн. 77,7 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены даліна р. Сава і паласа ўздоўж мора. У гарадах жыве 57% насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж., 2000): Заграб (1060), Спліт (190), Рыека (169), Осіек (130). У прам-сці і буд-ве занята 31,1% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы 4,3%, у абслуговых галінах 64,6%.

Гісторыя. У старажытнасці тэр. Х. насялялі ілірыйцы. У 1 ст. да н.э. яна заваявана Стараж. Рымам (з 1 ст. н.э. ў складзе правінцый Панонія і Далмацыя), з 395 н.э. — у складзе Візантыі. У 6—7 ст. гэту тэр. засялілі славяне (продкі сучасных харватаў). У канцы 8 — пач. 9 ст. яны трапілі ў залежнасць ад франкаў. Пры кн. Трпыміру (правіў у Далмацыі) і яго пераемніках да канца 9 ст. ліквідавана залежнасць ад франкаў і ад Візантыі, зацвердзілася хрысціянства. У час праўлення кн. Таміслава [910—930) Х. стала каралеўствам (925); умацаваліся пазіцыі рым.-каталіцкай царквы, богаслужэнне на слав. мове было забаронена. У 1102 Х. заключыла унію з Венгрыяй. У аб’яднанай венг.-харвацкай дзяржаве вярх. ўлада належала каралю Венгрыі, а яго прадстаўніком у Х. прызначаўся бан. Захоўваліся прывілеі харвацкай знаці, землі краіны наз. Каралеўства Х., Славонія і Далмацыя (Трохадзінае каралеўства). У выніку працяглых войнаў да 1420 Далмацыя трапіла (акрамя Дуброўніка) пад уладу Венецыі. З канца 15 ст. ў харвацкія землі ўрываліся туркі-асманы, якія разбілі венг.-харвацкае войска ў Мохацкай бітве 1526. Калі на венг. прастол быў выбраны аўстр. эрцгерцаг Фердынанд, у 1527 Славонія і Х. ўвайшлі ў імперыю Габсбургаў. У час аўстра-турэцкіх войнаў 16—18 ст. землі Х., захопленыя раней туркамі. вызвалены і далучаны да ўладанняў Габсбургаў. У часы праўлення Марыі Тэрэзіі [1740—80] і Іосіфа II [1780—90] значна абмежаваны аўт. правы Х. і Славоніі, харвацкія дваране страцілі ч. сваіх прывілеяў. У перыяд напалеонаўскіх войнаў ч. тэр. Х. ўвайшла ў склад Ілірыйскіх правінцый, падначаленых Францыі. У 1815 гэтыя землі вернуты пад уладу Габсбургаў. У 1830—40-я г. ў Х. і Славоніі адбываўся грамадска-паліт. і культ. рух ілірызм, удзельнікі якога выступалі за развіццё нац. мовы і культуры. У час рэвалюцый 1848—49 у Аўстрыі і Венгрыі харвацкія дваране змагаліся за аўтаномію краіны ў складзе Аўстр. імперыі і таму выступілі супраць рэв. ўрада Венгрыі, які імкнуўся стварыць унітарную дзяржаву. Пасля пераўтварэння Аўстр. імперыі ў Аўстра-Венгрыю (1867) паводле венг.-харвацкага пагаднення 1868 Х. атрымала абмежаваную аўтаномію. У 1870-я г. шэраг рэформ правёў бан І.Мажураніч.

З развіццём капіталіст. адносін у 2-й пал. 19 ст. ў харвацкім паліт. руху ўзнік кірунак югаславізм (І.​Штросмаер, Ф.​Рачкі і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Х. аформіліся Партыя права, Нар. сял. партыя, партыя мадзьяронаў (уніяністаў). У 1-ю сусв. вайну большасць харвацкіх партый падтрымлівала ваен. намаганні ўрада Аўстра-Венгрыі, але ч. харвацкіх паліт. дзеячаў уваходзіла ў створаны ў 1915 у Лондане Паўднёваславянскі камітэт, які арыентаваўся на дзяржавы Антанты, удзельнічаў у распрацоўцы і прыняцці Корфскай дэкларацыі 1917. Пасля ваен. паражэння і распаду Аўстра-Венгрыі (кастр.—ліст. 1918) Х. ўвайшла (1.12.1918) у склад Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія). У 1929 узнік праварадыкальны рух устаноў, якія імкнуліся стварыць этнічна і канфесіянальна «чыстую» незалежную харвацкую дзяржаву. У крас. 1939 падпісана пагадненне пра ўтварэнне асобнай адм.-тэр. адзінкі — Банавіны Х. на чале з банам (прызначаўся каралём, падпарадкоўваўся яму і парламенту Х. — Сабору); прадстаўнікі Х. ўвайшлі ў югасл. ўрад. У 2-ю сусв. вайну, пасля паражэння югасл. войскаў у ходзе Балканскай кампаніі 1941, усташы са згоды ням.-фаш. акупац. улад абвясцілі на тэр. Х., Босніі і Герцагавіны «Незалежную дзяржаву Х.» (НДХ) на чале са сваім лідэрам А.​Павелічам. НДХ падзялялася на 22 вял. жупаніі (акругі), тут адбываліся дэпартацыі і этнічныя чысткі сербскага насельніцтва, праследаваліся масоны, камуністы і яўрэі. Вайск. падраздзяленні НДХ («Харвацкі легіён») удзельнічалі ў баях на сав.-герм. фронце. Пасля вызвалення краіны ад акупацыі 14.4.1945 у г. Спліт утвораны пераходны ўрад на чале з В.​Бокарычам. У пасляваен. час да 1991 Х. Нар., з 1963 — Сацыяліст. рэспубліка ў складзе югасл. федэрацыі, якой да 1980 кіраваў харват І.Ціта. Да канца 1980-х г. у Х. акрэсліўся рух за дзярж. суверэнітэт краіны, у 1989—91 узніклі нац. партыі (Харвацкая дэмакр. супольнасць, ХДС; Харвацкая партыя права; Харвацкая сял. партыя і інш.) і працэс нац. самавызначэння набыў канкрэтныя рысы. У крас. 1990 на парламенцкіх выбарах перамагла ХДС, а яе лідэр Ф.Туджман узначаліў Прэзідыум Х. 23.12.1990 Сабор зацвердзіў канстытуцыю Х., якая замацавала за рэспублікай статус самаст. дзяржавы ў складзе Югаславіі. Паводле папраўкі да канстытуцыі (чэрв. 1991) Х. абвешчана дзяржавай харватаў і інш. народаў. Страта сербамі статусу дзяржаваўтваральнага народа выклікала канфлікт у Сербскай Краіне з пераважна сербскім насельніцтвам (у 1995—98 вырашаны на карысць харватаў, у т. л. з выкарыстаннем зброі). 25.6.1991 абвешчана дзярж. незалежнасць Х., якую адразу прызнала Германія, а ў пач. 1992 і інш. краіны Зах. Еўропы. На датэрміновых парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбарах у жн. 1992 перамаглі ХДС і яе лідэр Туджман (да 1999 прэзідэнт Х.). Х. была ўцягнута ва ўзбр. канфлікт з Сербіяй (да 1995) і ў Баснійскі крызіс 1990-х г. З сярэдзіны 1990-х г. адносіны з Сербіяй (Югаславіяй) нармалізаваліся, акрэсліліся інтэграцыя краіны ў еўрап. паліт. і эканам. арг-цыі і супрацоўніцтва з НАТО. У студз. 2000 прэзідэнтам Х. выбраны С.​Месіч. Х. — чл. ААН (з 1992), Савета Еўропы (з 1996) і інш. міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 25.9.1992.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Харвацкая дэмакр. супольнасць (дамінуе ў паліт. жыцці), Харвацкая сац.-ліберальная партыя, Харвацкая сял. партыя, С.-д. партыя Х., Харвацкая партыя права і інш. Асн. прафс. аб’яднанні: Канфедэрацыя незалежных прафсаюзаў Х., Аб’яднанне аўт. прафсаюзаў Х., Харвацкае аб’яднанне прафсаюзаў.

Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (61 тыс. чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (40 тыс. чал.; 2002). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. У сухап. войсках 53 тыс. чал., больш за 300 танкаў, каля 110 баявых машын пяхоты, 45 бронетранспарцёраў, больш за 420 буксірных гармат, 1 тыс. мінамётаў, 600 гармат зенітнай артылерыі. У ВПС 5 тыс. чал., 40 баявых самалётаў, 15 баявых верталётаў. У ВМС 3 тыс. чал., 1 звышмалая падводная лодка, 1 карвет, 11 патрульных катэраў, 3 малыя дэсантныя караблі. 4 дэсантныя катэры і інш.

Гаспадарка. Х. — індустр.-агр. краіна; у складзе Сацыяліст. Федэратыўнай Рэспублікі Югаславіі была адной з найб. эканамічна развітых. Эканам. крызіс і страты ад ваен. дзеянняў (каля 27 млрд. дол.) у пач. 1990-х г. значна знізілі ўзровень эканам. развіцця. Рыначныя рэформы нармалізавалі сітуацыю ў нар. гаспадарцы. Эканам. палітыка накіравана на шырокую інтэграцыю ў еўрап. эканам. прастору. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 2001 склаў 36,1 млрд. дол. (8,3 тыс. дол. на 1 чал.). Доля ў ВУП прам-сці 33%, сельскай гаспадаркі 10%, сферы паслуг 57%. Здабыча нафты і газу (у міжрэччы Савы і Дравы), вугалю (Драўска-Саўскі бас.), баксітаў і цэментавай сыравіны (прыморскія раёны), солі (з марской вады). Электраэнергетыка грунтуецца на выкарыстанні гідраэнергет. рэсурсаў горных рэк, мясц. і імпартуемым паліве. Вытв-сць электраэнергіі 10,6 млрд. кВт∙гадз (2000), у т. л. на ГЭС 55%, на ЦЭС 45%. Развіта чорная (вытв-сць чыгуну, сталі, трубапракату, г. Сісак) і каляровая (вытв-сць алюмінію 55 тыс. т штогод, Шыбенік, Лозавац) металургія, нафтаперапр. (Рыека, Сісак, Заграб), хім. (вытв-сць пластмас, фарбаў, хімікатаў, Заграб, Пула, Сісак, Спліт), фармацэўтычная (Заграб) прам-сць. У машынабудаванні вылучаюцца суднабудаванне і суднарамонт (Спліт, Рыека, Пула). вытв-сць чыг. рухомага саставу (Славанскі-Брод). Развіты эл.-тэхн. і радыёэлектронная (Заграб, Осіек), с.-г. (вытв-сць трактароў 4,9 тыс. шт., Осіек), станкабуд. (Заграб) галіны; вытв-сць абсталявання для чорнай і каляровай металургіі, атамнай, хім. і харч. прам-сці. Традыц. развіты тэкст., у т. л. баваўняная і шарсцяная (Заграб, Карлавац, Дуга-Рэса, Вараждзін), гарбарна-абутковая (Заграб, Карлавац), харч. (кансервавая, рыбная, цукр., алейная, мясная, мукамольная, тытунёвая, вінаробная), дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая (Рыека, Заграб, Осіек) прам-сць. Асн. цэнтр паліграф. прам-сці — г. Заграб. Вытв-сць буд. матэрыялаў, у т. л. цэменту (раёны Спліта і Заграба). У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 1,36 млн. га (2002), пераважна на Пн і ПнУ краіны. Вырошчваюць пшаніцу (558 тыс. т, 2000), кукурузу (2135 тыс. т), ячмень, сою, цукр. буракі, сланечнік, бульбу, агародніну, кармавыя культуры (люцэрна, канюшына і інш.). Садоўніцтва (слівы, яблыкі), на Пд ад Спліта — субтрапічнае пладаводства (цытрусавыя, аліўкі, інжыр, міндаль). Вінаградарства (380 тыс. т штогод). На раўнінах гадуюць свіней (1,36 млн. галоў), буйн. раг. жывёлу (439 тыс. галоў), на нагор’і — авечак (489 тыс. галоў) і коз. Птушкагадоўля (10,9 млн. галоў, 1997). Улоў рыбы і морапрадуктаў 19,9 тыс. т (1999). Лесанарыхтоўкі. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Даўж. чыгункі 2726 км, аўтадарог 28 тыс. км (1999). У краіне 698 тыс. легкавых і 54 тыс. грузавых аўтамашын. Гал. марскія парты: Рыека, Спліт, Пула, Дуброўнік, Шыбенік, Задар. 67 аэрапортаў. Замежны турызм (даход 2,5 млрд. дол.). Адрыятычнае ўзбярэжжа — буйны курортны раён (Рыека, Дуброўнік, Спліт і інш.). Экспарт (4,5 млрд. дол., 2001) прамысл. абсталявання, алюмінію, хім. прадукцыі, тэкстылю, абутку. харч. прадуктаў. Імпарт (8,4 млрд. дол., 2001) машын і абсталявання, сыравіны, паліва, хімікатаў. Асн. гандл. партнёры: Італія, Германія, Славенія, Расія, Аўстрыя, Боснія і Герцагавіна. Гандл. абарот Рэспублікі Беларусь з Х. у 2001 склаў 18,1 млн. дол. Грашовая адзінка — куна.

Архітэктура. З 5-га тыс. да н.э. вядомы паселішчы неўмацаванага тыпу (зямлянкі, плеценыя буданы), з 2-га тыс. да н.э. — тэрасныя паселішчы ілірыйцаў, абнесеныя каменнымі сценамі. Захаваліся раннехрысц. араторыі ў Соліне і Порачы (3—1 ст.), хрысц. базілікі ў Задары, Пулі, Порачы і інш. (5—6 ст.). Унікальны помнік стараж.-рым. дойлідства — умацаваны палац Дыяклетыяна ў Спліце (каля 300). Вядомы багатыя некропалі 7 ст. У 9—12 ст. на тэр. Далмацыі ўзводзілі разнастайныя па формах храмы ў візант. і цэнтр.-еўрап. традыцыях (храм-ратонда св. Доната ў Задары, царква св. Крыжа ў Ніне каля Задара). У канцы 12 ст. пашырыўся раманскі стыль: будынкі гар. камун, 3-нефавая базіліка Кршэвана і царква св. Стошыя са шмат’яруснымі званіцамі ў Задары; іх строгія фасады аздоблены несапраўднымі аркадамі і аркатурамі. У 14 ст. ў аздабленні інтэр’ераў выкарыстоўваліся элементы готыкі. Матывы венецыянскай готыкі спалучаліся з раманскімі рысамі (ратушы і жылыя дамы ў Трогіры і Спліце), будаваліся 3-нефавыя базілікальныя, зальныя цэрквы з крыжовымі скляпеннямі і вял. хорамі (сабор, царква св. Марка ў Заграбе). У 15—16 ст. павялічылася колькасць умацаваных гарадоў, на Адрыятычным узбярэжжы яны захоўвалі рэгулярную, на Пн — ірэгулярную планіроўку. У архітэктуры Дуброўніка адбыўся пераход ад готыкі да рэнесансу; яго цэласны ансамбль уключаў магутныя ўмацаванні, жылыя, культавыя і грамадскія будынкі (Княжацкі двор, т.зв. Дывона — б. мытня і манетны двор, манастыры, цэрквы. партовыя збудаванні). Тут вылучыліся буйныя мясц. архітэктары і скульптары Юрай Далмацінец і Нікола Фларэнцінец (сабор у Шыбеніку, 1460—70), арх. П.​Андрыіч (царква св. Спаса ў Дуброўніку, 1528). На Пн будавалі замкі з круглымі і прамавугольнымі прысадзістымі вежамі з шатровымі дахамі (Вараждзін, Велікі-Табар. Шаранград і інш.). У 17 ст. італьян. і аўстр. дойліды пашырылі ў Х. стыль барока (касцёлы св. Кацярыны ў Заграбе, св. Марыі ў Дуброўніку, палацы Оршыч-Раўхаў у Заграбе, Пататычаў у Вараждзіне, сабор у Дуброўніку). У пач. 19 ст. будавалі ў стылі класіцызму (палацы арх. Б.​Фелбінгера ў Заграбе). Неарэнесанс і неабарока (канец 19 ст.) выявіліся ў будынках Акадэміі навук і мастацтваў у Заграбе, т-раў у Спліце, Дуброўніку і інш. У пач. 20 ст. пачала складвацца заграбская арх. школа, для якой характэрна імкненне да рацыянальных і манум. форм неакласіцызму (арх. В.​Ковачыч, Х.​Эрліх). У 1920—30-я г. панаваў функцыяналізм (Д.​Іблер, С.​Гомбаш, М.​Каўзларыч, А.​Албіні і інш.). У сучаснай архітэктуры выкарыстоўваюць нац. традыцыі функцыяналізму (аэрапорт каля Заграба, атэль «Мар’ян» і універмаг «Прыма» ў Заграбе, усе 1960-я г.). Новыя раёны на ўскраінах гарадоў адметныя свабоднай прасторавай арганізацыяй, спалучэннем верт. і гарыз. аб’ёмаў (Заграб. Спліт, Рыека, Пула). Курортныя комплексы на Адрыятычным узбярэжжы вылучаюцца прыёмамі бруталізму, натуральна ўпісваюцца ў прыродны ландшафт. У 1961 засн. Саюз архітэктараў Х.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. Х. захаваліся неалітычная гравіраваная і размаляваная кераміка, блізкая да помнікаў Цэнтр. Еўропы і Міжземнамор’я, творы мастацтва ілірыйцаў і кельтаў; на ўзбярэжжы Адрыятыкі — скульптура і помнікі дэкар.-прыкладнога мастацтва рым. часу. У 5—6 ст. мазаікамі, ювелірнымі вырабамі авараў і стараж. славян аздаблялі хрысц. базілікі. У 9—12 ст. пашырыўся рэльефны арнамент — «харвацкая пляцёнка». У Далмацыі ў 13 ст. ў росквіце раманская скульптура (дзверы сабора ў Спліце з рэльефнымі шматфігурнымі пано, 1214, майстар Андрэй Бувіна). у духу познеант. мастацтва — рэльефная каменная разьба (партал сабора ў Трогіры, 1240, майстар Радаван). Пераасэнсаванне візант. стылю адбілася ў фрэскавых размалёўках (сабор у Заграбе, канец 13 ст.). Вылучаліся рэнесансавая скульптура (усх. фасад сабора ў Шыбеніку, скульпт. Юрай Далмацінец: убранне інтэр’ера капэлы Урсіні ў саборы ў Трогіры, скульпт. Нікола Фларэнцінец, А.​Алешы, І.​Дукнавіч і інш.) і алтарны жывапіс (Н.​Бажыдаравіч, М.​Хамзіч і інш.). У Цэнтр. Х. ў мініяцюры і алтарным жывапісе выявіліся рысы рэнесансу. Жывапісная школа п-ва Істрыя спалучала наіўна-рэаліст. і рэнесансавыя рысы, блізкія жывапісу Славеніі (шматфігурныя фрэскі царквы ў Бераме, 1474, аўтар Вінцэнт з Каствы). З канца 17 ст. ў алтарнай скульптуры і жывапісе пашырыўся стыль барока (маст. Б.​Бобіч, Ф.​Бенкавіч, І.​Рангер). У 15—18 ст. высокім маст. узроўнем вылучаліся разьба па дрэве, ткацтва, апрацоўка металу, вышыўка золатам, пашыраны злотніцтва, коўка, інтарсія. З сярэдзіны 19 ст. на хвалі нац.-вызв. ідэй развіваўся рамант. жывапіс (В.​Букавац, Ф.​Кікераз, Н.​Машыч, Ц.​Медавіч, М.​Црнчыч). Стыль мадэрн распрацоўваў скульпт. Р.​Франгеш-Міханавіч. З пач. 20 ст. фарміруецца нац. маст. школа. У творчасці М.Кралевіча, Х.Рачыча закладзены асновы харв. школы жывапісу 20 ст. У 1920-я г. прадстаўнікі «Суполкі трох» Л.​Бабіч, В.​Бецыч, І.​Мішэ спалучалі постімпрэсіянісцкія тэндэнцыі з нац. тэматыкай. Рысы сезанізму ў пейзажах Дж.​Цільяка, нацюрмортах М.​Трэпшэ. Жывапісцы і графікі групы «Зямля» імкнуліся да адраджэння нар. мастацтва. Развіццю творчасці сялян-самавукаў (І.​Генераліч, М.​Вірыус, Ф.​Мраз) спрыяла дзейнасць К.​Хегедушыча, які стварыў школу мастакоў-прымітывістаў у Хлебіне (1930). Заснавальнік сучаснай харвацкай скульпт. школы — І.Мештравіч, традыцыі якога працягвалі А.Аўгусцінчыч, Ф.​Кршыніч і інш. У канцы 1950-х г. да абстрактнага мастацтва звярнуліся жывапісцы І.​Войвадзіч, Э.​Мурціч, А.​Срнец. Рысы сюррэалізму ў работах Хегедушыча, М.​Станчыча. У творчасці скульпт. В.​Бакіча, Д.​Джамані і інш. дамінавалі эксперым. асацыятыўна-фармальныя пошукі. Кампазіцыі на фалькл. тэмы ствараў Е.​Прыца. У нар. мастацтве развіваюцца кераміка, маст. тканіны, коўка, разьба па дрэве, карункапляценне. У 1945 засн. Саюз мастакоў Х.

Літ.:

Алешина Л.С., Яворская Н.В. Искусство Югославии. М., 1966;

Белоусов В.Н. Современная архитектура Югославии. М., 1973;

Фрейдзон В.И. История Хорватии. СПб., 2001.

В.​А.​Сімакова (гісторыя да 1918), М.​С.​Даўгяла (гісторыя пасля 1918), І.​А.​Шор (узброеныя сілы), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).

Герб і сцяг Харватыі.
Да арт. Харватыя. Горад Заграб.
Да арт. Харватыя. Базіліка святога Кршэвана ў Задары.

т. 16, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ТАР, Дзяржава Катар, дзяржава ў Паўд.-Зах. Азіі, на п-ве Катар. На З, Пн і У абмываецца Персідскім зал., на Пд мяжуе з Саудаўскай Аравіяй і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі. Пл. 11,4 тыс. км². Нас. 665,5 тыс. чал. (1997). Дзярж. мова — арабская. Дзярж. рэлігія — іслам. Сталіца — г. Доха. Падзяляецца на 9 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (3 вер.).

Дзяржаўны лад. К. — абсалютная манархія. Дзейнічае часовая канстытуцыя 1970. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — эмір. Функцыі выканаўчай улады ажыццяўляе ўрад, пасаду прэм’ер-міністра займае эмір. Парламент адсутнічае. Для аказання дапамогі ўраду створаны кансультатыўны савет (35 членаў).

Прырода. Паверхня нізінная (выш. да 56 м). На Пн — пясчаныя дзюны, сярэдняя частка — камяністая галечнікавая пустыня з саланчакамі, на Пд — пясчаныя ўзгоркі. Радовішчы нафты (на сушы і ў тэр. моры, больш за 500 млн. т) і прыроднага газу (каля 20 трлн. м³). Есць паклады буд. матэрыялаў, цэм. сыравіны, серы. Клімат кантынентальны, трапічны. Сярэдняя т-ра студз. каля 16 °C, ліп. каля 32 °C. Гадавая сума ападкаў ад 55 мм (на Пд) да 125 мм (на Пн), выпадаюць у ліст.—маі. Пастаянных рэк няма, шмат сухіх рэчышчаў (вадзі). Пераважаюць пустынныя ландшафты, месцамі зараснікі пустынных хмызнякоў і паўхмызнякоў: акацый, тамарыскаў, астрагалаў. З жывёл трапляюцца дробныя пустынныя паўзуны і грызуны. Зімой з Аравіі заходзяць газелі. Мора багатае рыбай, крэветкамі, жамчужнымі ракавінамі.

Насельніцтва. Катарскія арабы складаюць каля 20%, арабы (выхадцы з інш. араб. краін) — 20%, пакістанцы і індыйцы — па 18%, іранцы — 10%. Ёсць групы еўрапейцаў (найб. англічан), амерыканцаў, афрыканцаў (пераважна нашчадкаў неграў-рабоў) і інш. У карэнных жыхароў захаваўся падзел на плямёны. Ва ўнутр. раёнах качуюць групы бедуінаў. Сярэднегадавы прырост каля 1,7%. Сярэдняя шчыльн. каля 58 чал. на 1 км². Каля 90% насельніцтва сканцэнтравана ў г. Доха і яе прыгарадах. Гар. насельніцтва складае каля 80%. Найб. гарады: Доха — 313,6 тыс. ж. (1992), Духан, Ум-Саід. У прам-сці і буд-ве занята 25% рабочай сілы, у абслугоўванні — 51%, астатнія — у сельскай гаспадарцы, транспарце, марскіх промыслах і інш.

Гісторыя. Першае ўпамінанне пра К. адносіцца да 1 ст. н.э. (рым. пісьменнік Пліній Старэйшы). К. неаднаразова заваёўваўся Сасанідамі, у 7 ст. ўключаны ў склад Араб. халіфата. Пасля яго распаду (10 ст.) у складзе дзяржавы карматаў. У 13—14 ст. пад уладай эміраў Бахрэйна, у пач. 16 ст. разам з Бахрэйнам захоплены партугальцамі, пазней — туркамі-асманамі. З 17 ст. К. — аб’ект барацьбы паміж Іранам, Турцыяй, правадырамі араб. плямён, правіцелямі Амана і Саўдыдамі. У канцы 19 ст. ўвесь К. аб’яднаўся пад уладай дынастыі Тані. У 1868 К. навязала нераўнапраўны дагавор Вялікабрытанія. У 1871 акупіраваны войскамі Асманскай імперыі. У 1914 Турцыя адмовілася ад улады над К. на карысць Вялікабрытаніі. Апошняя ў 1916 навязала К. пагадненне, паводле якога ён абвешчаны пад брыт. пратэктаратам. Тут уладарыў род Тані, пытанні знешняй палітыкі і абароны вырашаў брыт. ўрад. У 1968 К. разам з Бахрэйнам і інш. эміратамі намагаўся стварыць Федэрацыю араб. эміратаў Перс. заліва. У 1970 прынята часовая канстытуцыя К., 1.9.1971 ён абвешчаны незалежнай дзяржавай. У 1979 К. разарваў дыпламат. адносіны з Егіптам (пасля заключэння егіп.-ізраільскага мірнага дагавора), якія былі адноўлены ў 1987. К. аказаў дапамогу Іраку ў час ірана-іракскай вайны 1980—88, але ў 1990 асудзіў іракскую анексію Кувейта. У 1992 урэгуляваны тэр. спрэчкі з Саудаўскай Аравіяй, аднак застаюцца нявырашанымі супярэчнасці з Бахрэйнам па пытанні 14 астравоў каля катарскага ўзбярэжжа. К. — чл. ААН і Лігі араб. дзяржаў (з 1971), Арг-цыі Ісламская канферэнцыя, Арг-цыі краін-экспарцёраў нафты (АПЕК). Дзейнасць паліт. партый і прафсаюзаў забаронена.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыча нафты і прыроднага газу (да 95% даходаў краіны). Валавы ўнутр. прадукт 10,7 млрд. дол. (1994), каля 20 тыс. дол. на 1 чал. Здабычу (каля 20 млн. т штогод) і збыт нафты праводзіць дзярж. Ген. нафтавая карпарацыя. Асн. цэнтр здабычы — г. Духан. Агульныя магутнасці прадпрыемстваў па перапрацоўцы нафты складаюць 3,5 млн. т нафтапрадуктаў за год. Здабыча прыроднага газу складае 0,7% ад сусветнай. Вытв-сць электраэнергіі — 5,8 млрд. кВт∙гадз (1995). Працуюць буйныя ЦЭС на прыродным газе ў г. Духан і Доха. Асн. цэнтр нафтаперапрацоўкі, нафтахіміі, звадкавання газу — г. Ум-Саід. Там жа металургічны і сталепракатны (вытв-сць труб для транспартавання нафты і газу) з-ды. У г. Доха вытв-сць угнаенняў і пластмас, прадпрыемствы цэм., металаапр., харч. прам-сці, саматужныя промыслы (вытв-сць тканін, дываноў, мэблі, лодак), аўтарамонтныя майстэрні, з-ды безалкагольных напіткаў, ф-кі па кансерваванні крэветак, мукамольны камбінат, халадзільнікі; паблізу здабыча цэм. сыравіны. Для забеспячэння насельніцтва і гаспадаркі прэснай вадой у гарадах Доха, Духан, Ум-Саід пабудаваны апрасняльныя з-ды. Каля г. Доха створана свабодная эканам. зона Мусаід. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваюць каля 5 тыс. га для земляробства і садоўніцтва (у аазісах) і каля 400 тыс. га для качавой жывёлагадоўлі (пераважна на Пн). Вырошчваюць фінікавую і какосавую пальмы, агародніну (памідоры, капуста, дыні), кукурузу, проса, сорга, канюшыну і люцэрну, траву альфа. Жывёлагадоўляй заняты качавыя і паўкачавыя плямёны. Разводзяць вярблюдаў, авечак, коз. Прамысл. птушкагадоўля, вытв-сць бройлераў. Традыцыйны занятак — рыбалоўства, здабыча крэветак, жамчужны промысел, збор каралаў. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 2,5 тыс. км, палавіна з іх з цвёрдым пакрыццём. Гал. парты Доха (разнастайныя грузы) і Ум-Саід (экспарт нафты, нафтапрадуктаў, звадкаванага газу). Сетка нафта- і газаправодаў злучае промыслы з партамі. Каля г. Доха міжнар. аэрапорт. У 1994 экспарт склаў 2,9 млрд. дол., імпарт — 2 млрд. долараў. Экспартуюцца пераважна нафта, нафтапрадукты, звадкаваны газ, меншае значэнне маюць штучныя ўгнаенні, сталь, цэмент, крэветкі, жэмчуг, фінікі, сушаная рыба. Імпартуюцца разнастайныя прамысл. і харч. тавары. Гал. гандл. партнёры: Японія, Германія, Францыя, Італія, Бразілія. Уклады К. ў замежныя банкі і кампаніі больш за 14 млрд. дол. Грашовая адзінка — катарскі рыял.

Літ.:

Князев А.Г. Бахрейн и Катар. М., 1984.

Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Катара.

т. 8, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РТЫЯ ПАЛІТЫ́ЧНАЯ,

палітычная арг-цыя, якая выражае інтарэсы сац. груп і аб’ядноўвае іх найб. актыўных прадстаўнікоў. Асн. прыкметы П.п. — актыўны ўдзел у барацьбе за заваяванне і ўтрыманне ўлады; наяўнасць паліт. праграмы, статута, членства, пэўнай сац. базы, агульных інтарэсаў і блізкіх ідэалаг. поглядаў яе членаў; наяўнасць цэнтр. органа кіраўніцтва, арганізац. структур, аднаго ці некалькіх лідэраў. Паліт. рух, у адрозненне ад П.п., не мае арганізац. структуры і дэталёва распрацаванай паліт. праграмы, не імкнецца да заваявання паліт. улады, а толькі да ўплыву на тых, хто яе ажыццяўляе. Паводле характару і задач дзейнасці П.п. падзяляецца на рэв., рэфармісцкія, кансерватыўныя, рэакцыйныя; паводле ідэйна-тэарэтычных установак — на камуніст., сацыяліст., сац.-дэмакр., ліберальныя, кансерватыўныя, аўтарытарна-фашысцкія, канфесійныя, лева- і праварадыкальныя; у адносінах да ўлады — на кіруючыя і апазіцыйныя; па шкале паліт. спектра — на правыя, цэнтрысцкія, левыя; паводле ўмоў дзейнасці — на легальныя, паўлегальныя, нелегальныя; паводле прынцыпаў арг-цыі — на кадравыя (аб’ядноўваюць невял. колькасць прафес. палітыкаў), якія маюць жорстка замацаванае статутам членства, і масавыя, якія не маюць ін-та афіцыйнага членства, а галасуюць на выбарах за кандыдатаў сваёй партыі. П.п. ствараюць парт. сістэму.

Зародкі П.п. (паліт. саюзы) вядомы са стараж. часоў (Атыка — 6 ст. да н.э., Стараж. Грэцыя — 4 ст. да н.э., Стараж. Рым — 2—1 ст. да н.э.). Адносна малалікія і вузкія паводле сац. складу саюзы і групоўкі існавалі ў сярэднія вякі (гвельфы і гібеліны ў Італіі). Тыповы прыклад вузкіх парт. груповак — торы, вігі ў Англіі (2-я пал. 17 ст.). Больш акрэсленыя рысы набываюць П.п. ў перыяд бурж. рэвалюцый, калі ўзнікалі бурж., ліберальныя і кансерватыўныя партыі розных кірункаў. П.п. ў сучасным разуменні ўзнікалі ў Еўропе ў сярэдзіне — 2-й пал. 19 ст. Адна з першых паліт. арг-цый пралетарыяту — «Саюз камуністаў» (1847), створаны К.​Марксам і Ф.​Энгельсам. Яго праграма — «Маніфест Камуністычнай партыі» (1848). Першая масавая П.п. парламенцкага тыпу «Ліберальнае таварыства рэгістрацыі выбараў у Англіі» створана ў 1861. У 1863 Ф Ласаль стварыў першую масавую рабочую П.п. «Усеагульны германскі саюз рабочых». Вял. ролю ў стварэнні П.п. адыгралі 1-ы (1864—76) і 2-і (1889—1914) Інтэрнацыяналы. У Рас. імперыі П.п. пачыналі стварацца як рэвалюцыйныя. Іх папярэднікамі былі дзекабрысцкія і народніцкія арг-цыі. Больш акрэсленыя рысы мелі «Зямля і воля», «Народная воля», «Чорны перадзел», «Група вызвалення працы». Выразныя рысы П.п. набылі Рабочая партыя вызвалення Расіі (1897; з 1901 Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў), Бунд (1897), Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (1898). У 1905 узніклі ліберальныя партыі — Партыя нар. свабоды (кадэты), Саюз 17 кастрычніка (акцябрысты). На рэакцыйных пазіцыях стаялі «Саюз рускага народа», Рус. манархічная партыя і інш. Буйнейшыя агульнарас. партыі мелі свае арг-цыі на Беларусі.

Першая бел. П.п. — Бел. рэв. грамада (БРГ), створаная ў 1902, з 1903 — Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). Яе заснавальнікі і актыўныя дзеячы: І. і А. Луцкевічы, А.​Бурбіс, К.​Кастравіцкі (Каганец), В.​Іваноўскі і інш. Дзейнічалі Сацыялістычная партыя Белай Русі (1904—1905), Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі (1905—1907). У час Кастр. рэвалюцыі і пасля яе дзейнічалі Беларуская народная партыя сацыялістаў, Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Беларуская партыя сацыялістаў-федэралістаў, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (у Петраградзе), Бунд, Яўр. с.-д. партыя (Паалей Цыён), Аб’яднаная яўрэйская сацыялістычная рабочая партыя, некаторыя польскія і літоўскія П.п. У 1-й пал. 1920-х г. шматпартыйнасць у БССР ліквідавана. Адзінай П.п. засталася Камуніст. партыя (бальшавікоў) Беларусі. Яна не мела сваёй праграмы, статута, членскіх білетаў і з’яўлялася састаўной часткай РКП(б), ВКП(б), КПСС. У Зах. Беларусі, якая з 1921 знаходзілася пад уладай Польшчы, захавалася шматпартыйнасць. Дзейнічалі Бел. партыя незалежных сацыялістаў, Беларуская сялянска-работніцкая грамада, Беларуская хрысціянская дэмакратыя (Беларуская хрысціянска-дэмакратычная злучнасць, з 1936 Бел. нацыянальнае аб’яднанне), Камуністычная партыя Заходняй Беларусі і інш. Пасля Вял. Айч. вайны ў БССР, як і ва ўсім СССР, захоўвалася аднапарт. сістэма. У канцы 1980-х г. у сувязі з паглыбленнем ідэйнага крызісу КПСС, КП(б)Б, пачалі ўзнікаць апазіцыйныя ёй арганізацыі, у т. л. Беларускі народны фронт «Адраджэньне» і інш. У выніку распаду СССР і зыходу з паліт. арэны КПСС як кіруючай партыі ў пач. 1990-х г. аднаўляецца шматпартыйнасць. У 1991 на Беларусі сфарміраваліся: Аб’яднаная дэмакратычная партыя Беларусі (АДПБ), Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада, Беларуская сялянская партыя, Нацыянальна-дэмакратычная партыя беларусаў Беларусі, Хрысціянска-дэмакратычны саюз. 5.10.1994 прыняты закон «Аб палітычных партыях». На пач. 1998 на Беларусі Мін-вам юстыцыі афіцыйна зарэгістравана 35 партый. У 1998 паводле рашэння Вярх. суда ў адпаведнасці з законам «Аб палітычных партыях» 9 П.п. ліквідаваны. На 1.1.1999 у Рэспубліцы Беларусь 28 П.п. У 2-й пал. 1999 праведзена перарэгістрацыя П.п. У выніку на 1.1.2001 у Рэспубліцы Беларусь налічвалася 18 П.п.: «Аб’яднаная грамадзянская партыя; Аграрная партыя; Беларуская партыя жанчын «Надзея»; Беларуская партыя зялёных, Беларуская партыя працы, Беларуская патрыят. партыя, Беларуская с.-д. партыя (Народная грамада), Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя, Беларуская экалагічная партыя зялёных «БЭЗ», Камуністычная партыя Беларусі, Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ, Ліберальна-дэмакратычная партыя, Партыя «Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада», Партыя Беларускага народнага фронту, Партыя камуністаў беларуская, Рэспубліканская партыя, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, Сацыял -дэмакратычная партыя народнай згоды. Асн. мэта, якую ставяць усе П.п. Беларусі, — пабудова цывілізаванай прававой дзяржавы, правядзенне рэформ, накіраваных на павышэнне жыццёвага ўзроўню насельніцтва. Партыі камуніст. арыентацыі ставяць задачу пабудовы бяскласавага грамадства, аднаўленне дзярж. саюза народаў былога СССР.

Літ.:

Марченко М.Н., Фарукшин М.Х. Буржуазные политические партии. М., 1987;

Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928). Мн., 1991;

Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. Ч. 1—3. Гомель, 1993;

Становление и крушение однопартийной системы в СССР. 1917—1991. Гомель, 1995;

Бобков В.А., Кузнецов Н.В., Осмоловский В.П. Политические партии Беларуси. Мн., 1997;

Программные документы современных политических партий Беларуси. Вып. 2. Мн., 1997.

В.​Ф.​Кушнер.

т. 12, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)