ЯЎРЭ́І (саманазва йегудым),
этнічная супольнасць, якая пражывае дысперсна ў многіх краінах свету, складаецца з розных субэтнічных груп, мае адзіную этн. свядомасць і аб’яднана агульным паходжаннем ад стараж. іудзеяў; асн. насельніцтва Ізраіля (5017 тыс. чал.; 2003). Жывуць таксама ў ЗША (5835 тыс. чал.; 1992), Рас. Федэрацыі (551 тыс. чал.), Францыі (535 тыс. чал.), Украіне (487 тыс. чал.), Канадзе (325 тыс. чал.) і інш. На Беларусі 27 810 чал. (перапіс 1999). Агульная колькасць каля 14 млн. чал. (1998). Гавораць на мовах іўрыт, ідыш і на інш. мовах свету (у дыяспары). Вернікі — іудаісты. У дыяспары маюць падзел на ашкеназаў, сефардаў і інш.
Як этнас Я. сфарміраваліся на тэр. Палесціны ў канцы 2-га тыс. да н.э. Пасля захопу Ізраільскага і Іудзейскага царстваў Асірыяй, Вавілоніяй і Рымам у 1 ст. н.э. б. частка Я. была выселена са сваёй этн. тэрыторыі. Рассяляліся па Рым. імперыі, пазней па інш. краінах. У 10—13 ст. сталі рассяляцца па стараж.-рус. княствах, дзе сфарміраваліся ў славянамоўную субэтн. групу — кенаанітаў.
На тэр. Беларусі вядомы з канца 14 ст., іх першыя абшчыны існавалі ў Брэсце і Гродне. У 14—15 ст. на Беларусі стала рассяляцца з Германіі больш шматлікая субэтнічная яўр. група — ашкеназы з мовай ідыш, якія пазней цалкам асімілявалі кенаанітаў. У 16 ст. аформілася абшчынная форма яўр. самакіравання — кагал. Вышэйшы орган — ваады — з’езды рабінаў і кагальных прадстаўнікоў (у ВКЛ — Літоўскі ваад). Пасля далучэння ўсх. часткі Рэчы Паспалітай да Рас. імперыі (канец 18 ст.) усе зах. губерні (у т. л. бел.) былі ўключаны ў мяжу аселасці Я. У 1676 на тэр. Беларусі налічвалася 32 тыс. Я., у 1766—157,2 тыс., у 1897—890 тыс. Большасць Я. жыла ў гарадах і мястэчках (асн. тып паселішча Я.). Займаліся рамёствамі, гандлем, прадпрымальніцтвам, ліхвярствам. Да сярэдзіны 19 ст. Я. захоўвалі традыц. лад жыцця. Рэлігія (іудаізм) моцна ўплывала на побыт Я., вызначала грамадскія і сямейныя паводзіны. З 19 ст. на Беларусі існавалі буйныя ешыботы ў Валожыне, Міры і інш. Жыллё амаль не адрознівалася ад звычайных гарадскіх дамоў. Этн. спецыфіка выяўлялася ў культавым дойлідстве. Пасля скасавання мяжы аселасці (1917) на мове ідыш пашырыўся выпуск кніг, газет і часопісаў, вялося навучанне, былі аддз. ў музеях, працавалі тэатр. трупы і інш. У 1921 дэкрэтам ЦВК Беларусі мова ідыш была абвешчана адной з дзярж. моў на тэр. Беларусі. Адкрыліся 3 яўр. пед. тэхнікумы, Ін-т яўр. пралет. культуры, яўр. аддз. і секцыі ў тэхнікумах і ВНУ. Я. сталі вылучаць у органы ўлады. У канцы 1930-х г. формы нац.-культ. аўтаноміі Я. на Беларусі былі скасаваны. У Вял. Айч. вайну яўр. насельніцтва панесла вял. страты з боку ням.-фашысцкіх захопнікаў. У 1950—1-й пал. 1980-х г. колькасць Я. на Беларусі скарачалася за кошт міграцый і асіміляцыйных працэсаў: у 1959 на Беларусі жыло 150 тыс. Я., у 1979—135 тыс., у 1989—112 тыс. З 1991 на Беларусі дзейнічае Саюз бел. яўр. грамадскіх аб’яднанняў і абшчын. Выдаюцца газ. «Авив» («Вясна», з 1992, Мінск), альманах «Мишпоха» («Сям’я», з 1995, Віцебск; абодва на рус. мове). Існуюць яўр. калектывы нар. самадзейнасці.
Літ.:
Краткая еврейская энциклопедия. Т. 1—10. Иерусалим, 1976—2001;
Скир А. Еврейская духовная культура в Беларуси. Мн., 1995;
Иоффе Э.Г. Страницы истории евреев Беларуси. Мн., 1996;
Яго ж. По достоверным источникам: Евреи в истории городов Беларуси. Мн., 2001;
Яго ж. Белорусские евреи: Трагедия и героизм. 1941—45. Мн., 2003;
Евреи: По страницам истории. Мн., 1997;
Евреи Беларуси;
История и культура: Сб. статей. Вып. 1—6. Мн., 1997—2001;
Функ Ю.В. Евреи Беларуси в конце 19 — начале 20 вв. Мн., 1998;
Солженицын А.И. Двести лет вместе (1795—1995). Ч. 1—2. М., 2001—2003;
Анищенко Е. Евреи Белорусской губернии: Ист. очерк и док. Мн., 2002.
Э.Р.Іофе, П.У.Церашковіч.
т. 18, кн. 1, с. 316