ЧАРНАГО́РЫЯ (Црна Гора), Рэспубліка Чарнагорыя (Република Црна Гора),
рэспубліка ў складзе Сербіі і Чарнагорыі (гл. Дадатак). Пл. 13,8 тыс.км². Насельніцтва 680,2 тыс.чал. (2000), пераважна чарнагорцы (70%), сербы, баснійцы, албанцы. Сталіца — г. Падгорыца. Размешчана на Пд Дынарскага нагор’я (выш. да 2522 м, г. Бобатаў-Кук). Раўнінныя ўчасткі на ўзбярэжжы Адрыятычнага м. і ўздоўж паўн. ўзбярэжжа воз. Шкодэр (Скадарскае). Карысныя выкапні: баксіты, свінцова-цынкавыя руды, буры вугаль і інш. Клімат умерана кантынентальны, на ўзбярэжжы — міжземнаморскі. Ападкаў 1600—1800 мм за год, каля ўзбярэжжа да 3000 мм. Найб. рэкі Тара і Морача. Схілы гор укрыты хваёвымі і мяшанымі лясамі, на ўзбярэжжы — міжземнаморская хмызняковая расліннасць. Нац. паркі: Біёградска-Гора, Дурмітар, Лоўчан. Гал. галіны прам-сці: горназдабыўная, электраэнергет., металург., дрэваапр., машынабудаванне. Здабыча баксітаў (каля г. Нікшыч), свінцова-цынкавых руд (раёны гарадоў Плеўля і Іванград), бурага вугалю, солі. Каскад ГЭС на р. Зета, ЦЭС у Плеўлі. Чорная металургія (Нікшыч), выплаўка алюмінію (Падгорыца); дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, мэблевая (Мойкавац, Іванград, Падгорыца), эл.-тэхн. (Цэтыне) прам-сць і суднарамонт (Котар). Ёсць тэкст., харч., у т. л. рыбакансервавыя, тытунёвыя прадпрыемствы. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на горна-пашавай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых культур і садоўніцтве. Гадуюць авечак, буйн. раг. жывёлу, птушак. Пасевы збожжавых (кукуруза, пшаніца, ячмень) і тэхн. (тытунь) культур, бульбы, агародніны, пераважна на прыазёрнай раўніне. Садоўніцтва (цытрусавыя, інжыр, гранат, міндаль, сліва). Насаджэнні аліў і вінаграднікаў. Рыбалоўства. Транспарт марскі, чыг. і аўтамабільны. Марскія парты: Бар і Котар. Міжнар. аэрапорт у Падгорыцы. Узбярэжжа — курортная зона. Турызм. Прыродны і культ.-гіст. рэгіён Котар і нац. парк Дурмітар уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Гісторыя. У старажытнасці тэр. Ч. насялялі ілірыйцы. У 1 ст. да н.э. яны заваяваны Стараж. Рымам, з 1 ст.н.э.тэр. Ч. у складзе рым.прав. Далмацыя, з 297 — прав. Прэвалітана. З 493 частка тэр. Ч. ў складзе дзяржавы остготаў, з 536 — Візантыі. У 7 ст. тут рассяліліся славяне (сербскае племя дуклянаў), якія ў 9 ст. ўтварылі княства Дукля і прынялі хрысціянства ўсх. абраду. У часы праўлення кн. Уладзіміра (каля 970—1016] тэр. Ч. трапіла пад уладу Балгарыі, з 1018 — зноў Візантыі, панаванне якой скінуў кн. Ваіслаў [1031—51]. З 1077 Дукля (з 11—12 ст.наз. таксама Зета) — каралеўства. Кароль Бодзін [каля 1082 — каля 1101] стварыў Зецкую дзяржаву, куды ўключыў усе сербскія землі. З канца 12 ст. да 1366 Зета ў складзе сербскай дзяржавы Няманічаў. У 1361—1421 у Ч. правілі кн. Балшычы, пры якіх Зета вызвалілася з-пад улады Няманічаў (1366), потым да 1528 дынастыя Чарнаевічаў. Пад націскам туркаў (з канца 14 ст.) б.ч. насельніцтва Зеты перасялілася ў маладаступныя Чорныя горы, т.зв. Верхнюю Зету, якая з сярэдзіны 15 ст. пачала наз. Чарнагорыяй (пазней назва перайшла на ўсю краіну). У 1396—1443 прыморскімі гарадамі Ч. авалодала Венецыя. У 1470-я г. туркі заваявалі раўнінную ч. Ч., у 1496 падпарадкавалі і Верхнюю Зету. У 1499 Ч. афіцыйна ўключана ў Асманскую імперыю як асобны санджак (адм. адзінка) на чале з Чарнаевічам Скендэр-бегам, які прыняў іслам. Мусульманства прынялі і многія інш. чарнагорскія феадалы, т.зв. патурчэнцы. У 15—18 ст. Ч. фактычна ўяўляла сабой родаплемянное грамадства са слаба развітымі феад. адносінамі. Плямёны падзяляліся, на брацтвы, брацтвы на вял. сем’і — задругі, якім належала значная ч. зямлі. Улада знаходзілася ў руках плем. старшын — кнезаў і ваяводаў. У гэтых умовах гал. і амаль адзінай аб’яднаўчай сілай была правасл. царква. Пад яе кіраўніцтвам у 17 ст. ў Ч. склалася феад.-тэакратычная дзяржава на чале з мітрапалітам-уладыкам (з 1700 дынастыя Негашаў). З краіны былі выгнаны патурчэнцы. Чарнагорцы ваявалі супраць туркаў на баку Венецыі (1645—69) і «Свяшчэннай ліг» (1683—98), удзельнічалі ў рус.-тур. войнах 18—19 ст. на баку Расіі, з якой устанавілі цесныя сувязі (1711). У выніку венецыяна-тур. вайны 1714—18 да Венецыі адышлі прыморскія землі Ч. Перамога чарнагорцаў над туркамі ў бітве пры сяле Крусы (1796) паклала пачатак фактычнай незалежнасці Ч., якая перастала плаціць падаткі Асманскай імперыі. У канцы 18—1-й пал. 19 ст. ў Ч. адбывалася цэнтралізацыя ўлады, уведзены нормы бурж. права, умацавалася яе міжнар. становішча. У час напалеонаўскіх войнаў яна выступала на баку Расіі. З 1852 Ч. — спадчыннае свецкае княства на чале з дынастыяй Негашаў.
У выніку сербска-чарнагорска-турэцкіх войнаў 1876—78 і рус.-тур. вайны 1877—78 Ч. стала юрыдычна незалежнай дзяржавай (рашэнні Берлінскага кангрэса 1878), пашырыла свае межы і зноў атрымала выхад да мора. З 1910 Ч. — каралеўства. Удзел у Балканскіх войнах 1912—13 дазволіў Ч. значна пашырыць тэр. У 1-й сусв. вайне Ч. ўдзельнічала на баку Антанты, у 1916—18 яна акупіравана аўстра-венг. войскамі. Пасля вызвалення ў ліст. 1918 дынастыя Негашаў адхілена ад улады, 1.12.1918 Ч. ўвайшла ў склад Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія) і часова перастала існаваць як дзярж. ўтварэнне. У 1941 яе тэр. акупіравана італьян. войскамі, вызвалена нар.-вызв. арміяй Югаславіі ў канцы 1944. З 1945 Ч. Нар., з 1963 Сацыяліст. рэспубліка ў складзе Югаслаўскай Федэрацыі. Пасля яе распаду (1991) яна разам з Сербіяй 27.4.1992 утварыла новую Саюзную Рэспубліку Югаславію.
На Ч. разам з Сербіяй былі накладзены міжнар.паліт. і эканам. санкцыі, хоць яна і не ўдзельнічала ў ваен. канфліктах на тэр. Босніі і Харватыі. Гэта паспрыяла нарастанню ў Ч. тэндэнцыі да размежавання з Сербіяй. Прэзідэнт М. Джуканавіч (са студз. 1998) паслядоўна выступае за фактычную незалежнасць краіны. У вер. 2000 большасць чарнагорцаў байкатавала выбары ў Саюзную Скупшчыну Югаславіі. 14.3.2002 падпісаны чарнагорска-сербскі дагавор аб перабудове ўзаемаадносін паміж Сербіяй і Ч. 4.2.2003 парламент Югаславіі прыняў Канстытуцыйную хартыю аб стварэнні новай дзяржавы — супольніцтва Сербіі і Чарнагорыі (СіЧ) як цалкам раўнапраўных дзяржаў.
З паліт. партый Ч. найб. уплывовыя Дэмакр. партыя сацыялістаў Ч. (лідэр Джуканавіч), Нар. партыя Ч. Прафсаюзы ўваходзяць пераважна ў Канфедэрацыю аўт. прафсаюзаў СіЧ і Федэрацыю незалежных прафсаюзаў СіЧ.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. Ч. выяўлены неалітычная кераміка, паселішчы ілірыйцаў, рэшткі стараж.-грэч. і рым. гарадоў. У перыяд візант. панавання (6 ст.) традыцыі ант. культуры захоўваліся ў спрошчаным выглядзе. У сярэдневякоўі на мастацтва Ч. ўплывалі культуры Італіі і Далмацыі, Сербіі і Візантыі. У 9—10 ст. узводзілі 1-нефавыя і 3-конхавыя цэрквы; у 12—13 ст. — 3-нефавыя раманскія базілікі з плоскай драўлянай столлю, 1-нефавыя з паўцыркульным скляпеннем, а таксама пад уплывам сербскай арх. школы Рашкі (царква манастыра Морача, 1252). Рысы ант. традыцый праяўляліся ў разьбе па каменю (гал. чынам па мармуры). У 14—16 ст. у пабудовах прыморскіх раёнаў гатычныя дэталі спалучаліся з раманскімі формамі. У манум. жывапісе 11—12 ст. адчувальны ўплыў каралінгскага адраджэння. Мініяцюры 13—14 ст. адметныя спалучэннем элементаў раманскага і гатычнага стыляў з рысамі візант. іканаграфіі. Фрэскі царквы ў манастыры Морача блізкія да сербскага сценапісу. Адраджэнне і барока выявіліся ў дэталях асобных пабудоў, што захоўвалі раманскія і візант. традыцыі (царква манастыра Савіна каля г. Херцагнаві, 18 ст., арх. Н.Фарэтыч). Сярод жывапісцаў Л.М. і В.Дабрычэвічы (15—16 ст.), Дж.Мітрафанавіч, Т.Каколя (17—18 ст.). Жывапісцы сям’і Дзімітрыевічаў-Рафайлавічаў спалучалі познавізант. традыцыі з асобнымі барочнымі прыёмамі. Пасля 1878 у гарадах будавалі ў духу ампіру. З рэгулярнай планіроўкай узведзены г. Падгорыца. Грамадскія будынкі канца 19 — пач. 20 ст. ў стылях эклектыкі і неавізантыйскім. Жылыя дамы пераважна з нечасанага каменю з чарапічнымі дахамі і невял. аконнымі праёмамі. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. ў выяўл. мастацтве сфарміраваўся нац. кірунак. У 1920—30-я г. М.Мілунавіч і П.Лубарда працавалі ў духу постімпрэсіянізму, вылучаліся работы скульптара Р.Стыёвіча. Пасля 2-й сусв. вайны распрацоўваліся планы гарадоў, на Адрыятычным узбярэжжы рэканструяваліся старыя і ўзводзіліся новыя добраўпарадкаваныя гарады з курортнымі комплексамі (асабліва пасля землетрасення 1979). У выяўл. мастацтве вылучаліся нац. пейзажы і нацюрморты Мілунавіча, А.Прыйіча, гіст. кампазіцыі Лубарды. У пошуках маладых мастакоў суіснуюць рэаліст. традыцыі і тэндэнцыі мадэрнізму.
Музыка. Геагр. ізаляванасць Ч. спрыяла захаванню самабытнасці нац.муз. фальклору да 19 ст., але і перашкаджала развіццю прафес. музыкі. Да пач. 20 ст.асн. жанры — нар. песні, у т. л. эпічныя, гераічныя (у суправаджэнні пар. муз. інструмента гусле), лірычныя, абрадавыя, у т. л. жаночыя песні-плачы тужбаліцы. Пашыраны нар. танец ора (разнавіднасць кола). У канцы 19 ст. ўзніклі аматарскія хар. т-вы, у т. л. Рамесніцкае (1904; у 1909 на яго аснове створаны Нац.т-р у г. Цэтыне). Першыя прапагандысты зах.-еўрап. класічнай музыкі — ваен. аркестры. Значная роля ў развіцці музыкі канца 19 — пач. 20 ст. чэха Р.Толінгера, італьянца Д. дэ Сарне Сан-Джорджыо, нац. кампазітараў-аматараў Ш.Агненавіча, М.Негаша. Першы прафес. кампазітар Ч. — І.Іванішавіч, аўтар музыкі Нац. гімна, арк. і фп. п’ес, маршаў і інш. У 1920-я г. адкрыты спец.муз.навуч. ўстановы ў Цэтыне і Падгорыцы. Сярод муз. дзеячаў 1-й пал. 20 ст.: хормайстар і педагог А.Іванавіч; кампазітар, фалькларыст, хормайстар І.Мілошавіч. З 1940-х г. музыка Ч. развівалася ў межах югасл. музыкі. Створаны сімф. аркестр і мяшаны хор радыё ў Цітаградзе (1949), дзярж. ансамбль нар. песні і танца «Ора». Арганізаваны т-вы кампазітараў і музыкантаў-выканаўцаў, саюз культ.-маст. т-ваў.