НАВАГРУ́ДСКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ГІМНА́ЗІЯ,

сярэдняя навучальная ўстанова ў Навагрудку (Зах. Беларусь) у 1919—34. Мела на мэце падрыхтоўку да паступлення ў ВНУ, захаванне бел. самабытнасці, павагі да нар. звычаяў і традыцый. Тэрмін навучання 8 гадоў. У Н.б.г. вучыліся беларусы, рускія, яўрэі, татары. У розны час дырэктарамі былі Р.​Пяцэвіч, Я.​Цеханоўскі, П.​Скрабец. Выкладаліся: бел., польск., франц., лац. і ням. мовы, Закон Божы, гісторыя і геаграфія Беларусі і Польшчы, сусв. гісторыя і геаграфія, матэматыка, фізіка, хімія, прыродазнаўства, маляванне, спевы, ручная праца, фізкультура і інш. Дзейнічалі самадз. гурткі, аркестр, спарт. секцыі. Вучні выдавалі часопіс (на шапірографе). Сярод вучняў Л.А.Барысаглебскі, Б.У.Кіт, Я.​Сажыч і інш. Закрыта польскімі ўладамі.

А.​С.​Анішчык.

т. 11, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКІ,

ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл. Створаны ў 1994 з мэтай аховы ў натуральным стане ландшафтнага комплексу з участкамі клімаксавых і субклімаксавых дубовых і яловых лясоў, рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Пл. 1697 га. Пераважаюць мнагаярусныя ялова-грабавыя дубровы з ясенем, ільмам, вязам, клёнам, арляковыя дубровы; складаныя шыракаліста-яловыя фітацэнозы; зеленамошныя хвойнікі з елкаю і дубам. У флоры 485 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, 12 з іх занесены ў Чырв. кнігу Беларусі, у т. л. баранец звычайны, чына горная, тлушчанка звычайная, каменяломнік зярністы і інш. Шмат харч., лек., дэкар., тэхн., меданосных раслін, у т. л. парэчкі, маліны, хмель, ажыны, цыбуля агародная і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 11, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВІ́ЦКІ (Мікола) (Мікалай Паўлавіч; н. 10.8.1936, в. Крапужына Лагойскага р-на Мінскай вобл.),

бел. перакладчык, літ. крытык, паэт. Канд. філал. н. (1975), дац. (1977). Скончыў Мінскі пед. ін-т замежных моў (1959). Працаваў перакладчыкам у Германіі (1960—62), у Мінскай вышэйшай школе Мін-ва ўнутр. спраў Беларусі (1976—90), Мінскім лінгвістычным ун-це (1959—60, 1963—76, з 1990). Друкуецца з 1957. Перакладае з ням., польск. і англ. моў. На бел. мову пераклаў раманы Г.​Гофе «Фінальны акорд» (1979, з В.​Сёмухам), В.​Корн, І.​Корн «Маўр і лонданскія гракі» (з М.​Лешчуном), В.​Нойгаўса «Канец аперацыі «Штэрнлаўф» (абодва 1982), зб. ням. аповесцей і апавяданняў «Матчына споведзь» (1985) і інш.

І.​У.​Саламевіч.

т. 11, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ДАЎБНІ,

процітанкавыя, процітрансп., процідэсантныя загароды з бярвён (дыяметрам не менш за 25 см), метал., жалезабетонных бэлек або камянёў, укапаных у грунт вертыкальна або з нахілам 60—75° у бок праціўніка; выступаюць над паверхняй зямлі на 0,5—1,2 м. Устанаўліваюць Н. ў 3—5 радоў у шахматным парадку; аплеценыя калючым дротам, адначасова служаць і проціпяхотнай загародай. Н. выкарыстоўваліся са стараж. часоў. У 1-ю і 2-ю сусв. войны ўстанаўліваліся ва ўмацаваных раёнах, пры абароне буйных гарадоў і інш. Н. часам ставілі партызаны Беларусі, але больш шырока выкарыстоўвалі засекі. У сучасных умовах Н. ўстанаўліваюць супраць дэсантаў у прыбярэжных раёнах мора, на берагах рэк і інш.

Надаўбні: 1 — з бярвён; 2 — з камянёў.

т. 11, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЗІ́МАВА (Ірына Васілеўна) (н. 22.2.1932, Тбілісі),

бел. мастацтвазнавец, педагог. Скончыла Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1957). Працавала ў Дзярж. маст. музеі Беларусі, у Палацы мастацтваў Бел. саюза мастакоў, у 1962—70 выкладала ў Бел. тэатр.-маст. ін-це, у 1975—82 у Мінскім ін-це культуры. Даследуе тэорыю і гісторыю бел. і сусв. выяўл. мастацтва, праблемы эстэт. выхавання. Аўтар прац «А.​А.​Барысаў. Жыццё і творчасць» (1959), «Жывапіс» (1962), «М.​А.​Савіцкі» (1973), «Зоя Літвінава. Мая Радзіма» (1983) і інш. Аўтар уступных артыкулаў да каталогаў твораў бел. мастакоў: В.​Цвіркі (1988), В.​Жолтак (1999) і інш. Працуе таксама ў галіне станковай і кніжнай графікі.

Л.​Ф.​Салавей.

т. 11, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЛО́БАВА (Вера Леанідаўна) (н. 29.8.1943, в. Крыўча Брагінскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне фітапаталогіі і селекцыі раслін. Д-р с.-г. н. (1999). Скончыла БСГА (1965). З 1972 у Бел. НДІ бульбаводства і плодаагародніцтва, з 1991 у Бел. НДІ агародніцтва (заг. лабараторыі). Навук. працы па імунітэце агароднінных культур і селекцыі агурка. Аўтар і сааўтар раянаваных і перспектыўных сартоў агурка: Верасень, Зарніца, Світанак, Беларускі, Карал і гібрыдаў Янус і Зубраня.

Тв.:

Создание исходного материала огурца с устойчивостью к комплексу болезней // Весці Акад. аграрных навук Рэспублікі Беларусь. 1997. № 3;

Многолетняя динамика болезней огурца в открытом грунте в условиях Беларуси // Весці АН Беларусі. Сер. біял. навук. 1997. № 4.

т. 11, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАПЕ́РАД»,

газета дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі. Выдавалася 12.12.1929—3.10.1930 у Вільні на бел. мове раз у тыдзень. Асн. задачай рэдакцыя лічыла аб’яднанне разрозненых у выніку рэпрэсій урада Ю.​Пілсудскага сіл бел. вызв. руху, стварэнне адзінага бел. нац. фронту. Асвятляла пытанні эканам. і паліт. жыцця ў краіне і за яе межамі, выкрывала палітыку польск. ўрада ў справе насаджэння на бел. землях асадніцтва, адстойвала інтарэсы бел. працоўных перад адміністрацыяй. Змясціла статут Цэнтр. саюза бел. культ. і гасп. арг-цый і інфармацыю пра яго 1-ы з’езд. Друкавала асобныя творы бел. пісьменнікаў, у т. л. філас.-літ. эсэ «Янка Купала». Выйшаў 31 нумар. Закрыта ў сувязі з фін. цяжкасцямі выдаўцоў.

А.​С.​Ліс.

т. 11, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРКЕ́ВІЧ (Аркадзь Іосіфавіч) (н. 10.3.1929, в. Варонаўшчына Капыльскага р-на Мінскай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1974), праф. (1977). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1951). Настаўнічаў. З 1955 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1965 у БДУ. Даследуе культуру мовы, стылістыку і граматыку бел. мовы. Аўтар кніг: «Сістэма словазлучэнняў у сучаснай беларускай літаратурнай мове: (Структурна-семантычнае апісанне)» (1972), «Назоўнік: Граматычныя катэгорыі і формы» (1976), «Практычны курс сучаснай беларускай мовы» (1992), сааўтар «Курса сучаснай беларускай літаратурнай мовы: Сінтаксіс» (1959), «Граматыкі беларускай мовы» (т. 1—2, 1962—66) і інш.

Літ.:

Шакун Л.М. А.​І.​Наркевіч // Весн. БДУ. Сер. 4. 1989. № 1;

Цікоцкі М.Я. А.​І.​Наркевіч // Там жа. 1999. № 1.

І.​К.​Германовіч.

т. 11, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНАЕ АПАЛЧЭ́ННЕ ў вайну 1812,

дапаможныя вайсковыя фарміраванні з прыгонных сялян, добраахвотнікаў, рамеснікаў, мяшчан і інш. Паводле маніфеста імператара Аляксандра I ад 18.7.1812 стваралася ў 16 губернях Цэнтр. Расіі і Паволжа, а таксама на Украіне. Афіцэрскі састаў камплектаваўся з добраахвотнікаў-дваран, каманд. акругамі выбіралі на дваранскіх сходах. Налічвала больш за 300 тыс. апалчэнцаў, акрамя таго, каля 100 тыс. чал. уваходзіла ў т. зв. ўнутр. апалчэнне, якое несла службу ў сваіх раёнах. На Беларусі Н.а. значнага пашырэння не атрымала. Частка апалчэнцаў удзельнічала ў Смаленскай і Барадзінскай бітвах, у шэрагу інш. баёў, у т. л. пад Полацкам, Чашнікамі, на р. Бярэзіна, у зарубежных паходах рас. арміі. У сак. 1813 — кастр. 1814 апалчэнне расфарміравана.

І.​А.​Літвіноўскі.

т. 11, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСЯКОМАЕ́ДНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

аўтатрофныя расліны, здольныя ўлоўліваць насякомых і часткова іх засвойваць з дапамогай пратэалітычных ферментаў, арган. к-т і т.ч. папаўняць недахоп пажыўных рэчываў у субстраце. 6 сям., каля 500 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 10 відаў з родаў; альдраванда, плывунец, расянка, тлушчанка. Трапляюцца ў вадаёмах, на забалочаных лугах, балотах, пераважна ў месцах з недахопам азоту, фосфару, калію. У Н.р. сфарміраваліся розныя складаныя прыстасаванні для прываблівання насякомых. Напр.. у плывунца — мешкападобныя органы ўтвораны сегментамі падводнага лісця; у трапічнага віду непентэса верхняя ч. лісцевага чаранка мае выгляд збана, лісце альдраванды ўкрыта ліпкімі залозістымі валаскамі, венерынай мухалоўцы ўласціва актыўнае зачыненне лісця-пастак. За дзень адна расліна расянкі здольна засвойваць некалькі дзесяткаў насякомых.

т. 11, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)