СПЛА́ВЫ,
макраскапічна аднародныя рэчывы, атрыманыя пераважна сплаўленнем металаў, неметалаў, аксідаў, арган. рэчываў і інш. Адрозніваюць С. неметалічныя, атрыманыя сплаўленнем неметал. рэчываў (напр., сілікаты прыродныя — граніт, базальт, гнейс і штучныя — шкло, шлакі), і металічныя, ці С. металаў. У тэхніцы найб. пашыраны С. металаў (асн. від канстр. матэрыялаў). Многія ўласцівасці С. (трываласць, цвёрдасць, эл. супраціўленне) значна вышэйшыя, чым у чыстых металаў.
С. металаў — цвёрдыя крышт. рэчывы, атрыманыя сплаўленнем 2 і больш металаў ці (радзей) металаў і неметалаў (гл. Жалезавугляродзістыя сплавы), з характэрнымі метал. ўласцівасцямі. Структура і ўласцівасці С. залежаць ад іх хім. саставу, характару ўзаемадзеяння кампанентаў, умоў крышталізацыі, мех. і тэрмічнай апрацоўкі. Сувязь паміж саставам, будовай і ўласцівасцямі С. вывучае металазнаўства. Паводле структуры С. падзяляюць на аднафазныя (гамагенныя) і шматфазныя (гетэрагенныя), якія маюць некалькі фаз; асобнымі фазамі ў С. з’яўляюцца цвёрдыя растворы і інтэрметалічныя злучэнні (гл. Металіды), якія ўтвараюцца пры сплаўленні кампанентаў. Паводле характэрных уласцівасцей адрозніваюць лёгкія сплавы, легкаплаўкія сплавы, тугаплаўкія, высокатрывалыя (напр., высокатрывалая сталь), гарачатрывалыя (гл. Гарачатрывалыя матэрыялы), цвёрдыя сплавы і інш. Фіз.-хім. асновай стварэння С. з’яўляецца дыяграма стану. Асн. метад атрымання — крышталізацыя з расплаву, атрымліваюць таксама метадам парашковай металургіі. Для паляпшэння ўласцівасцей С. ажыццяўляюць легіраванне. С. ў выглядзе тонкіх плёнак і пакрыццяў атрымліваюць асаджэннем з газавай фазы, напыленнем, кандэнсацыяй пары, электролізам. Паводле тэхнал. уласцівасцей адрозніваюць С. для апрацоўкі ціскам (гл. Апрацоўка металаў ціскам) і ліццём (ліцейныя С.), паводле прызначэння — канстр. (пераважна розныя маркі сталі і чыгуну) для вырабу дэталей машын, буд. канструкцый і інш. збудаванняў, інстр. пераважна для вырабу вымяральных і металаапрацоўчых інструментаў, электратэхн. (напр., медныя сплавы, медна-нікелевыя сплавы), трыбатэхн. (гл. Антыфрыкцыйныя матэрыялы), каразійнаўстойлівыя (гл. Каразійнаўстойлівыя матэрыялы) і інш. Гл. таксама Вальфрамавыя сплавы, Малібдэнавыя сплавы, Нікелевыя сплавы, Свінцу сплавы.
Літ.:
Савицкий А.П. Жидкофазное спекание систем с взаимодействующими компонентами. Новосибирск, 1991.
А.П.Ласкаўнёў.
т. 15, с. 117