ФРЫ́ГІЯ (грэч. Phrygia),
у старажытнасці вобласць на ПнЗ М. Азіі, якую насялялі фрыгійцы. У 10—8 ст. да н.э. Ф. — царства са сталіцай у г. Гордзіян, якое ўсталявала сваю гегемонію на Эгейскім моры. З канца 8 ст. на паўн. і паўн.-зах. яе тэр. рассяліліся плямёны віфінаў і місійцаў, на У пачасціліся сутыкненні з Асірыяй. У 695 да н.э. Ф. заваявалі кімерыйцы, у 6 ст. пад уладай Лідыі, з 546 да н.э. — Персіі, у 4 ст. да н.э. — Аляксандра Македонскага. У 275 да н.э. ўсх. ч. Ф. захапілі галаты, заходнюю — Пергам. У 133 да н.э. заходняя, а з 25 да н.э. — усх. частка Ф. ўвайшлі ў склад Стараж. Рыма (рым. правінцыі Азія і Галатыя).
т. 16, с. 483
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШЧЫТ,
1) у тэктоніцы — буйны (да тысячы кіламетраў у папярочніку) выступ фундамента платформы, структура, процілеглая пліце. У межах Ш. складкавы крышт. фундамент выходзіць на паверхню, напр., Алданскі шчыт, Балтыйскі шчыт, Украінскі шчыт. Ш. — звычайна прыўзнятая вобласць на платформе, якая толькі ў перыяды макс. трансгрэсій на кароткі час залівалася морам, таму асадкі платформавага чахла тут маламагутныя і развітыя спарадычна. Контуры Ш. вельмі ўстойлівыя і захоўваюцца доўгі час. Тэрмін «Ш.» прапанаваў аўстр. геолаг Э.Зюс (1885), «Ш. крышталічны» — рус. геолаг М.С.Шацкі (1947).
2) У геамарфалогіі — ледзяны Ш., частка або ўсё наземнае ледавіковае покрыва шчытападобнай выпуклай формы магутнасцю да некалькіх кіламетраў (больш за 4 км у сучаснага антарктычнага ледавіка).
3) У горнай справе гл. Шчыт праходчы.
т. 17, с. 507
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТАРЫ́НГІЯ (Lorraine),
гістарычная вобласць і сучасны эканам. раён на ПнУ Францыі. Уключае дэпартаменты Мозель, Мёрт і Мозель, Мёз, Вагезы. Пл. 23 тыс. км². Нас. каля 3,4 млн. чал. (1995). Гал. гарады і прамысл. цэнтры Нансі і Мец. Большую ч. тэрыторыі займае Латарынгскае ўзв., на Ў горы Вагезы. Клімат умераны. Гал. раён жалезаруднай і металургічнай прам-сці. Здабыча жал. руды, вугалю і каменнай солі. Прам-сць: металаапр., маш.-буд. (выпуск металаканструкцый, абсталявання для горнай і металургічнай прам-сці, с.-г. машын, трансп. сродкаў, эл.-тэхн. вырабаў і інш.), тэкст., дрэваапр., хім., нафтаперапрацоўчая. Пасевы збожжавых, цукр. буракоў, бульбы. Мяса-малочная жывёлагадоўля. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны.
У сярэднія вякі Л. наз. розныя дзярж. і тэр. ўтварэнні. У 855—900 пасля распаду Франкскай дзяржавы і падзелу ўладанняў імператара Лотара I (адсюль назва) у бас. ніжняга і сярэдняга Рэйна ўзнікла каралеўства Л.; з 925 герцагства ў складзе Герм. каралеўства, у 959 падзелена на 2 герцагствы — Ніжнюю Л. і Верхнюю Л. У 11—12 ст. Ніжняя Л. распалася на графствы Лувен, Намюр, Лімбург і інш. Пазней Ніжняя Л. ўвайшла ў склад Бельгіі і Нідэрландаў. Герцагства Верхняя Л. (менавіта яе тэрыторыі адпавядае гіст. вобласць Л.) з 12 ст. паралельна наз. герцагствам Л. У 13—15 ст. за валоданне ёю сапернічалі Германія і Францыя, у выніку чаго герцагі Л. прызнавалі сябе васаламі абедзвюх дзяржаў. З 2-й пал. 16 ст. пачалося далучэнне латарынгскіх зямель да Францыі, якая ў 1633 пашырыла сваю ўладу на ўсю тэр. Л. Ў 1697 герцагства Л. ўвайшло ў склад «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Паводле Венскага мірнага дагавора (1738) перададзена ў пажыццёвае ўладанне каралю Рэчы Паспалітай Станіславу Ляшчынскаму, пасля смерці якога (1766) у складзе Францыі на правах асобнай правінцыі. У 1871 Усх. Л. і Эльзас далучаны да Германіі (імперская прав. Эльзас-Л.), у 1919 вернуты Францыі. Ў 1940 яны анексіраваны фаш. Германіяй, у 1944 вызвалены і вернуты Францыі.
т. 9, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАНСІЛЬВА́НІЯ (Transilvania), Залессе,
гістарычная вобласць у цэнтры і на З Румыніі, паміж Усх. і Паўд. Карпатамі і Зах. Румынскімі гарамі. Пераважную частку тэр. займае Трансільванскае плато. Рэльеф узгорысты. Радовішчы гаручых газаў і кам. солі. Пасевы пшаніцы, тытуню, цукр. буракоў. Асн. гарады і прамысл. цэнтры: Клуж-Напока, Брашоў, Сібіў, Тыргу-Мурэш.
З 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. тут жылі геты і дакі, якія ў 4—1 ст. да н.э. ўтваралі плем. саюзы. У канцы 1 ст. н.э. ўзнікла гета-дакійская дзяржава цара Дэцэбала [87—106) з цэнтрам у Т. і сталіцай у г. Сармізегетуза. У 106 яна заваявана Рымам і ператворана ў рым. правінцыю Дакія, мясц. насельніцтва раманізавана. У 271 рымляне пакінулі Т., дзе ў 3—6 ст. праходзілі і часткова асядалі готы, гуны, авары і інш., у 6—7 ст. з’явіліся паселішчы славян. У 6—8 ст. Т. ў складзе Аварскага каганата. Да 9 ст. ў Т. і ў суседняй Валахіі ў выніку асіміляцыі плямён утварылася ўсх.-раманская народнасць улахаў (валахаў) — продкаў сучасных румын і малдаван. З 11—12 ст. Т. падуладная каралям Венгрыі, якія перасялілі сюды частку венг. сялян. У працэсе заваявання Венгрыі Турцыяй Т. ў 1541 вылучалася ў асобнае княства пад сюзерэнітэтам тур. султана. Князь Т. Іштван Батары [1571—86] з 1575 адначасова быў каралём Польшчы і вял. князем ВКЛ пад імем Стафана Баторыя. Паводле рашэнняў Карлавіцкага кангрэса 1698—99 Т. ўвайшла ў склад уладанняў аўстр. Габсбургаў. З 1867 Т. — частка Каралеўства венграў у складзе Аўстра-Венгрыі. У час распаду Аўстра-Венгрыі пасля яе паражэння ў 1-й сусв. вайне Т. 1.12.1918 далучана да Румыніі, што прызнана Трыянонскім мірным дагаворам 1920. Венскім арбітражам 1940 да Венгрыі далучана Паўн. Т., якая паводле Парыжскіх мірных дагавораў 1947 зноў замацавана за Румыніяй. У 1952—68 на частцы тэр. Т. існавала Венг. аўт. вобласць з цэнтрам у г. Тыргу-Мурэш.
т. 15, с. 506
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ве́ктарны
(ад вектар)
які характарызуецца як вектар або мае адносіны да вектара;
в-ае злічэнне — раздзел матэматыкі, які вывучае розныя аперацыі над вектарамі;
в-ае поле — вобласць прасторы, у кожным пункце якой пракладзены вектар.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
АБСАЛЮ́ТНАЯ ТЭМПЕРАТУ́РА,
тэмпература, якая адлічваецца ад абсалютнага нуля. У тэрмадынаміцы вызначана ў вобласці дадатных т-р, дзе працягваецца на +∞. Вымяраецца ў кельвінах. Асн. рэперны пункт шкалы абсалютная тэмпература — т-ра трайнога пункта вады. Параметр стану сістэмы многіх часціц, якая знаходзіцца ў стане тэрмадынамічнай раўнавагі (пры гэтым абсалютная тэмпература ўсіх яе макраскапічных падсістэм аднолькавая). Пры звычайных умовах у стане раўнавагі часціцы размеркаваны па энергіях так, што на высокіх узроўнях знаходзіцца менш часціц, чым на нізкіх (гл. Больцмана размеркаванне). Абсалютная тэмпература +∞ адпавядае раўнамернае размеркаванне часціц па ўсіх узроўнях энергіі, адмоўнай — т.зв. інверсная заселенасць узроўняў энергіі (на высокіх узроўнях больш часціц, чым на нізкіх). Таму лічаць, што з пунктам +∞ супадае пункт -∞, вышэй за якім знаходзіцца вобласць адмоўных т-р.
т. 1, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕО́ТЫЯ (Boiōtia),
старажытная вобласць у Сярэдняй Грэцыі. Першыя дзярж. ўтварэнні на яе тэр. адносяцца да 3—2-га тыс. да н.э. З 6 ст. да н.э. тут існавала федэратыўная дзяржава (у яе аснове саюз беатыйскіх гарадоў) на чале з Фівамі. У 4 ст. пры Пелапідзе і Эпамінондзе (лідэры фіванскай дэмакратыі) беатыйскі саюз — найб. паліт. сіла ў Грэцыі. Войны са Спартай (378—362 да н.э.) прывялі да аслаблення саюза і страты яго значэння. У 338 да н.э. саюз гарадоў Беотыі распаўся, у 3—2 ст. да н.э. зноў адноўлены. Пасля рымскага заваявання Грэцыі (2 ст. да н.э. — 4 ст. н.э.) гарады Беотыі прыйшлі ў заняпад і іх саюз распаўся канчаткова. У сучаснай Грэцыі тэр. Беотыі — ном (адм. адзінка) з той жа назвай (цэнтр Левадыя).
т. 3, с. 102
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЕ́НЬ І ГАСКО́НЬ, Гюен і Гасконь (Guyenne et Gascogne),
гістарычная вобласць на ПдЗ Францыі. Яе тэр. падзяляецца на 19 сучасных дэпартаментаў. Пл. каля 67 тыс. км². Нас. каля 4 млн. чал. (1994). Гал. горад — Бардо. Займае Гаронскую нізіну і прыбярэжную нізіну Ланды, на Пд — Пірэнеі, на ПнУ — ч. Цэнтральнага масіву. Клімат умераны, вільготны. Здабыча нафты (дэпартамент Ланды) і газу (дэпартамент Гарона Верхняя). Развіты машынабудаванне (у т. л. судна- і авіябудаванне), нафтаперапрацоўка, электраметалургія, хім., тэкст., абутковая, лесаапр. і лесахім., харч. (у т. л. вінаробчая і мукамольная), папяровая прам-сць. Гал. цэнтры Бардо, Тулуза, Тарб. Вырошчваюць пшаніцу, кукурузу. Садоўніцтва, вінаградарства, агародніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак. Рыбалоўства, вустрычны промысел. Горныя і прыморскія курорты. Пірэнеі — раён турызму і зімовага спорту. Горад Лурд — цэнтр рэліг. паломніцтва.
т. 5, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЙНА́ВА, Дайнова,
гістарычная вобласць на тэр. Літвы і ПнЗ Беларусі. Ахоплівала правабярэжжа Нёмана на ПнУ ад Гродна, у ніжнім цячэнні р. Мяркіс (Варэнскі р-н Літвы) і прылеглыя часткі сучасных Гродзенскага, Шчучынскага і Воранаўскага р-наў Гродзенскай вобл., адкуль дайноўцы рассяляліся на Пд і на У. Упершыню ўпамінаецца ў 1255 у грамаце (магчыма, падробленай) вял. кн. Міндоўга крыжакам. Першапачаткова займала, напэўна, тэрыторыю аднайм. зах.-балцкага (яцвяжскага) племяннога княства, якое ў 2-й пал. 13 ст. ўвайшло ў склад ВКЛ і паступова было асімілявана на Пн літоўцамі, на Пд беларусамі. Для насельніцтва Д. характэрна пахаванне нябожчыкаў у каменных курганах, пазней у каменных магілах. З 15 ст. большасць тэр. Д. займала маланаселеная Дайнаўская пушча, традыц. месца паляванняў вял. кн. літоўскіх.
В.Л.Насевіч.
т. 6, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ДЭН (Baden),
гістарычная вобласць на ПдЗ Германіі. З 11 ст. ням. маркграфства. У 1535 падзялілася на маркграфствы Бадэн-Бадэн (каталіцкае) і Бадэн-Дурлах (пратэстанцкае). У 1771 яны зноў аб’яднаны. У 1806—1918 вял. герцагства са сталіцай у Карлсруэ. Закон аб выбарах, канстытуцыя Бадэна 1818 былі ўзорам ранняга герм. канстытуцыяналізму. У час Рэвалюцыі 1848—49 у Германіі ў Бадэне адбыліся паўстанні, у т. л. Бадэнска-Пфальцкае паўстанне 1849. У аўстра-прускай вайне 1866 Бадэн удзельнічаў на баку Аўстрыі, у 1870 уступіў у Паўн.-Германскі саюз, з 1871 у складзе Германскай імперыі. З 1919 рэспубліка ў складзе Веймарскай рэспублікі, пасля 1933 зямля фаш. Германіі. У 1945 Бадэн акупіравалі амер. (Пн) і франц. (Пд) саюзныя войскі. Пасля рэферэндуму 6.12.1951 Бадэн увайшоў у зямлю ФРГ Бадэн-Вюртэмберг.
т. 2, с. 215
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)