Бу́ба (дзіцячае) ’зярняты’ (Нас.), ’гарошына’ (Сцяц.), ’гарох’ (Бяльк.), ягада’ (Шат., Яўс.), бу́бка ’бубачка’ (Нас., БРС, Сцяшк. МГ), ’бубка, ягады’ (Бяльк.), бу́бачка (БРС), буба́шкі ’галачкі з цеста’ (Касп.), ’пячэнне’ (Бяльк.), бу́бка ’страва з падпражаных, цеставых галачак’ (КЭС, лаг.), бу́бехі ’маладыя плады’ (Сцяц.), бубу́шка ’жоўты гарлачык’, бубы́шка ’пупышка’ (Касп.). Не вельмі лёгка рашыць, адкуль паходзіць тут аснова буб-: з прасл. *bób‑ ці *bub‑ (гл. пад буб). Некаторыя прыведзеныя словы могуць паходзіць і з *bob‑ (параўн. палес. буб ’боб’), а ў укаючых гаворках ненаціскное «о» наогул дае «у». Складанасць пытання можна зразумець і з таго факта, што некаторыя прыведзеныя вышэй словы сустракаюцца і з іншым вакалізмам. Так бу́бехі ’маладыя плады’ можна параўнаць з палескім бабі͡ех ’невялікі пучок бруднай і зліплай воўны на авечцы’, а буба́шкі ’галачкі з цеста’ маюць паралельную форму бабу́шкі (гл.). Літ-py гл. у артыкуле на буб-, а таксама Фасмер, 1, 225, дзе тлумачыцца рус. бу́ба.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Быць. Рус. быть, укр. бу́ти (дыял. зах. би́ти), польск. być, чэш. býti, в.-луж. być, н.-луж. byś, ст.-слав. быти, серб.-харв. би̏ти, славен. bíti. Прасл. *byti ’быць’. Параўн. літ. bū́ti ’быць’, лац. fuī ’я быў’, ст.-інд. bhūtíṣ ’быццё’, грэч. φύομαι раблюся’, гоц. bauan ’жыць’ і г. д. (агляд і.-е. форм і слав. вытворных гл. Траўтман, 41–42). Бернекер, 114; Праабражэнскі, 1, 58–59; Фасмер, 1, 260; Слаўскі, 1, 52; Махэк₂, 78–79; Брукнер, 51–52. І.‑е. *bheu̯ā‑ (цяжкая двухскладовая база, гл. Гірт, Gram., 2, 135–136; Гірт, Ablaut, 105; Бругман, 139 і наст.). Параўн. аблаутную форму *baviti (гл. ба́віцца1). Лічаць, што першапачатковае значэнне дзеяслова ’расці, узнікаць’. Параўн. яшчэ Айцэтмюлер, AfslPh, 22, 363–372. Іначай Ондруш (, 14, 107), які зыходзіць з першапачатковага рухацца, бегчы’ (параўн. грэч. φεύγω ’бягу’). Сюды прасл. *bуtъ, *bytьje ’быццё’ (агляд форм гл. Бернекер, 113–115).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вар ’кіпецень, вар’ (БРС, КЭС, Гарэц., Мядзв., Яруш.). Рус. вар, ст.-рус. варъ, укр. вар, польск. war ’тс’, чэш. var ’кіпенне’, славац. var ’тс’, в.-луж. war ’кіпецень’, балг. варя́ ’варыць, кіпяціць’, серб.-харв. ва̑р ’кіпенне’, славен. vȃr ’тс’, ц.-слав. варъ (у розных значэннях). Да прасл. *varъ, *variti, даўшых шмат семантычных вытворных; параўн. садовы вар ’рэчыва для замазвання паламаных дрэў’ (КТС), вар ’варыва, суп, вараная страва’ (Сцяшк. МГ; Інстр. I); ’падкормка для маладых пчол’ (Сцяшк. МГ); ’колькасць мёду, піва, гарэлкі, атрыманая ад аднаго разу’ (Федар., 7); ’гарачыня, парнасць’ (КТС, Гарэц.), ст.-бел. варъ ’адзінка вымярэння піва’ (Скурат, Меры, 97), вара ’згатаваная страва’ (Сцяшк. МГ, Сцяц., Клім., КЭС). Паралелі да вар: літ. vìrti ’кіпець’, гоц. warmjan ’грэць’, ст.-в.-ням. warm ’цёплы’, арм. varim ’запальваю’. І.‑е. *u̯er‑ ’гарэць’ (Фасмер, 1, 273; Праабражэнскі, 1, 66–67; Покарны, 1166; Шанскі, 1, В, 21; Рудніцкі, 1, 311–312; Брукнер, 633; БЕР, 1, 122).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ве́чай мн. л. ’дзірка ў верхнім камені жорнаў, куды сыплецца збожжа’ (Сцяшк. МГ, Сцяшк.). Сюды ж вячай, вечая, ічай, яча, ручай ’тс’ (Інстр. лекс.), рус. пск. вечея́ ’тс’. Бел.-рус. утварэнне, роднаснае да рус. ячея. Паходзіць ад асновы *akʼ‑ > ač‑ і суф. ‑ějь (для вечай) або ‑ěja (для вечая) з пратэтычным в‑, р‑ або j‑. Аснову можна суаднесці з літ. akìs ’вока; пятля; акно; вір; ячэя’, лат. acs, прус. agins, ackins, тахар. A ak, тахар. B ek, гамер. ὄσσε, лац. oculus, алб. sy, ст.-ірл. enech, ст.-інд. ákḥi. На ўкраінскай, польскай і часткова рускай моўных тэрыторыях у значэнні ’дзірка ў верхнім камені жорнаў’ ужываюцца лексемы дуча, дучай, дучайка, дучэйка; ducza, duczaja, duca; дучка, дучай, дуч, запазычаныя праз польскую мову з італ. doccia ’рына, вадаправодная труба’ (Бернекер, 232; Махэк, 133; Фасмер, 1, 558 і інш.). Яны выцеснілі на гэтай тэрыторыі лексему v//jačěja, прысвоіўшы сабе яе суфіксы ‑ай, ‑айка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Арба́1 (БРС). Рус. арба́, араба́, укр. гарба́, рэдка арба́ ’павозка’, араба́, гараба́ ’цыганскі, малдаўскі ці татарскі воз’, польск. arba, чэш. arba (экзатызмы). Заходнеславянскія формы запазычаны праз рускую мову. Крыніца рускага слова, напэўна, татарская (Дзмітрыеў, Строй, 521); экзатычнае значэнне ўказвае на крымска-татарскую і азербайджанскую магчымыя крыніцы запазычання слова. Параўн. Фасмер, 1, 83; Шанскі, 1, А, 135. Гараеў, 5, слушна звярнуў увагу і на наяўнасць слова не толькі ў цюркскіх, але і ў іншых каўказскіх мовах, напрыклад у асецінкай, што садзейнічала пранікненню слова ў рускую мову. Бел. арба мае цюркскую крыніцу, але не без падстаў Крукоўскі (Уплыў, 74) адзначаў ролю рускай мовы ў перадачы слова да беларускай.

А́рба2 ’старажытнай прылада’ (Касп.). Параўн. арфа2 ’веялка’ (гл.). Субстытуцыя бф цераз п (арпа); нельга выключыць, што бел. арба < літ. дыял. árba ’арфа (веялка)’ (LKŽ), хаця літоўская форма зарэгістравана на паўночным захадзе.

Арба́3. Назоўнік ад дзеяслова араць (з суф. -ба).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Або́ра1 ’тонкая вяровачка, у тым ліку і тая, якой падвязваюцца лапці’ (Нас., Бяльк., Касп., Шат.), оборона ’вяроўка, якой падвязваюць лапці’ (Мядзв.). Рус. обора, укр. обора ’тс’ < *ob‑vora. Бліжэйшыя паралелі: літ. apývara, apvarė̃ ў тым жа значэнні, якое ад vérti ’звязваць’, хаця літоўскі дзеяслоў мае славянскі адпаведнік vьrěti рус. вереть ’зачыніць’ і інш. Поўнае марфолага-семантычнае супадзенне ўсходнеславянскіх форм з літоўскімі і абмежаваны арэал першых дазваляюць думаць аб іх (балтыйскім паходжанні. Параўн., аднак, Траўтман, 351. Арэал аборы амаль поўнасцю супадае з арэалам лапцей (гл. Малчанава, Мат. культ., 178).

Або́ра2 ’месца на двары, абгароджанае жэрдкамі, дзе летам начуе жывёла; хлеў, вялікі будынак для кароў’, рус. обора ’агароджа’, польск. obora, балг. обор, макед. обор ’абора’, серб.-харв. обо̑ра, славен. obor ’агароджа (для жывёлы)’ да ob‑vora (ob‑vьrǫ). Суадносіцца з папярэднім, але агульна- і праславянскае, што дае падставу меркаваць аб адсутнасці паміж імі непасрэднай генетычнай сувязі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жы́дкі ’вадзяністы, негусты, тонкі’. Рус. жи́дкий ’вадкі’, в.-луж. židki ’негусты’, н.-луж. žydki ’тс’, чэш. уст. židký ’вадкі’, славен. žídek ’негусты, вадкі, мяккі, слабы’, серб.-харв. жи́дак, жи̏дак ’негусты, тонкі (пра сцябло і да т. п.); балг. дыял. жѝтък ’вадзяністы, негусты’. Ц.-слав. жидъкъ ’вадкі’. Ст.-рус. жидкий ’негусты, вадкі’. Прасл. *židъkъ утворана з суф. прыметніка *‑ъk‑ (як салодкі і інш.). І.‑е. корань *g​eid(h) ’жыжа, гразь’: грэч. δεῖσα ’гразь’, арм. gēǰ ’рэдкі’. Покарны, 1, 469; Фасмер, 2, 53; БЕР, 1, 549. Непераканаўчыя паралелі з герм. і іншых і.-е. моў прыводзіў Младэнаў (160); цікавыя, але няпэўныя балт. паралелі (літ. giẽdrùs, giẽdras ’ясны, празрысты’) дае Махэк₂ (727): іх адносяць да і.-е. кораня *g​hei (Покарны, 1, 488; Фрэнкель, 128), сувязь з якім слав. кораня семантычна няпэўная. Прапанова Ваяна (BSL, 31, 44) пра суадносіны *židъkъ з *žica, *žila (семантычна вадкігнуткі) не абгрунтоўвалася.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зало́за ’орган у арганізме, што выпрацоўвае ці выдаляе пэўныя рэчывы’, за́лзы, зэлзы ’тс’ (Сл. паўн.-зах.), зо́лзачка (Жд. 2). Рус. железа́, дыял. перм., паўн.-дзвін. за́леза́, укр. за́лоза, польск. zołza ’хвароба залоз’, серб.-луж. žałza, чэш. žláza, славен. zléza, серб.-харв. жле́зда, жлијѐзда, балг. жлеза́, макед. жлезда. Ц.-слав. жлѣза ’залоза’. Ст.-рус. железа ’тс’ (XII ст.), ’чумны бубон, чума’ (XIV ст.). Прасл. želza. Літ. gẽležuonys і інш. ’залозы’, арм. gełj‑kʼ ’тс’, грэч. γογγρώνη ’апухлая залоза’. І.‑е. *ghelgʼh‑ ’залоза’. Покарны, 1, 435; Фасмер, 2, 42; Скок, 3, 683–684; Брукнер, 656; Махэк₂, 729; Копечны, Zákl. zásoba, 435; Траўтман, 84; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 261. Трубачоў (ВСЯ, II, 34) указвае на агульнасць паходжання слоў залоза і жалеза. Няясным застаецца: з‑ у бел., укр., польск.; бел. націск (архаічны?), які не супадае з укр. і рус.; польск. ‑ol‑. Ці сюды чэш. дыял. hlíza ’апухласць’?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Збамбе́рыць ’падняць вялікае, цяжкае (на плечы, воз)’, ’успухнуць’ (Сцяц.), збабэнчыць ’ускінуць на плечы’, ’уздуць (пра жывот)’, збэнчыць ’успучыць’ (Сл. паўн.-зах.), ’уздуцца, узлавацца’ (слонім., Нар. лекс.). Наўрад ці трэба аддзяляць ад бамбэлак ’жывот, барабан’ (гл.), ’надзьмуты мачавы пузыр жывёлы’ (Сл. паўн.-зах.), польск. bąbel ’пухір, уздуцце’, адкуль дакладна бел. бомбаль ’пузыр’ (ваўк., даецца паводле Лаўчутэ, Сл. балт., 62). Суадноснасць бел. слоў магчыма з-за экспрэсіўнага характару, але няпэўная. Лаўчутэ (Сл. балт., 98) збамбэрыць лічыць запазычаннем з балт. слова з коранем *bamb‑ (параўн. літ. bam̃bti ’таўсцець, пухнуць, надувацца’), што не выключаецца, але хутчэй як крыніца кантамінацыі. Больш цяжка растлумачыць бел. значэнне ’падняць’, якое, як і ’ўздуцца’, аб’ядноўвае абодва дзеясловы. Да гэтых цяжкасцей дадаецца яшчэ абамбе́рыць ’дрэнна пастрыгчы’ (гл.), узбамберыць ’залезці, набіць’ (слонім., Жыв. сл.), адкуль, відаць, і збамберыць ’падняць’. Магчыма, знач. ’падняць’ трэба выдзеліць. Абамберыць ’пастрыгчы нагала’ (жыт., Жыв. сл.), можа, да значэння, ’пухнуць’ > ’пухір’ (параўн. бамбэлак). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зе́льна1 ’тлумна’, зялі́цца ’тлуміцца’ (бялын., Яўс.). Рус. перм., пск., тамб., арл. зе́льно ’вельмі, надта’. Зыходзячы з рус. значэння відаць, суадносіцца з *zělo ’вельмі’ (адкуль і прыслоўе дазела ’вельмі’ (Нас.) < *do zěla): прыметнік з суфіксам ‑ьn‑, прыслоўе, ад якога на ‑a, а таксама дзеяслоў на ‑i‑ti sę > ‑іцца. Прасл. zěl‑ (ст.-слав. ѕѣлъ, славен. zelô, ст.-чэш. zielo ’вельмі’) да і.-е. кораня *gʼhoilo‑ ’моцны, вясёлы, жвавы’ (Покарны, 1, 452): літ. gailùs ’злосны, востры’, лат. gails ’юрлівы’, ст.-в.-ням. geil ’тс’ і інш. Фасмер, 2, 92; Шанскі, 2, З, 85; Львоў, ДС ИЯ, 8, 88–100; Траўтман, 75.

Зе́льна2, зельна свята, зелна ’спас’ (Сл. паўн.-зах.). Польск. Matka Boska Zielna ’назва каталіцкага свята 15 жніўня’, відаць, крыніца бел. слова (і злучэння). Адпаведная праваслаўная назва — Прачыста < прѣчистая, аспожка (гл.) > спожка. Параўн. Грынблат, Белор., 257. Польск. уст. zielny ад ziele ’зелле’, гл. зелле з прыметнікавым суф. ‑n‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)