Пу́рхаць ’пырскаць вадой з рота’ (навагр., З нар. сл.), ’бурчаць, лаяцца’ (Юрч.), укр. пу́рхати ’пырхаць’, рус. пу́рхать ’тс’, пу́рхаться ’пялёскацца (у вадзе, снезе, пыле і пад.)’. Гукапераймальнага паходжання, параўн. рус. смал. пурх! ’пырх!’, укр. пурх! ’тс’, гл. пы́рхаць. Паводле Варбат (Балто-слав. этнояз. отнош., 7), рэфлекс -ur на месцы ‑ъr‑, параўн. рус. порха́ть ’пырхаць’, чэш. prchati ’пырскаць’ — фанетычная анамалія, узнікшая пад уплывам балтыйскіх моў, параўн. літ. pur̃kšti ’марасіць’, што, улічыўшы імітацыйны характар слова, неабавязкова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)