раздо́лле, ‑я, н.
1. Шыр, прастор; шырокая вольная прастора. Стэпавае раздолле. □ Абрысы хат з заснежанымі стрэхамі зводдалі ў цемры нельга было разабраць, і агеньчыкі нагадвалі буйныя зоркі, што ўпалі з неба на снегавое раздолле. Хадкевіч. Прыемна было ісці па гэтай роўнядзі, па гэтым свежым раздоллі, упрыгожаным зыбучай павуцінкай золкавай расы. Кулакоўскі.
2. Разм. Шырокая прастора, якая дае магчымасць свабодна дзейнічаць каму‑, чаму‑н., праяўляцца чаму‑н. і пад. Высечаныя дрэвы далі раздолле тым, што асталіся з бакоў, і яны галінамі сваімі пацягнуліся на прагалы і стварылі жывыя шаты. Пальчэўскі. [Кажамяка:] — Толькі асушыць балота, тады будзе тваёй птушцы раздолле. Гурскі. // перан. Поўная свабода, адсутнасць абмежаванняў у чым‑н.; спрыяльныя, зручныя абставіны, умовы для каго‑, чаго‑н. Пачынаецца раздолле для аматараў грыбоў. В. Вольскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
салю́т, ‑у, М ‑люце, м.
1. Урачыстая форма прывітання або аддача пашаны каму‑, чаму‑н. ружэйнымі або артылерыйскімі залпамі, падняццем ці апусканнем сцяга і пад. Артылерыйскі салют. Развітальны салют. □ І ва ўсіх нас ёсць Радзіма, Што імёны нашы помніць І салюта громам гулкім Паўтарае з году ў год. Танк. І пачуў у той дзень ён [хлопчык] салют Перамогі, Што ў Маскве прагучаў, скалыхнуў увесь свет. Прыходзька.
2. Піянерскае прывітанне, якое выражаецца ў падняцці над галавой правай рукі. Піянеры застылі ў стройных шарэнгах, падняўшы рукі ў піянерскім салюце. «Маладосць». // Разм. Прывітанне пры сустрэчы з кім‑н. — Салют брыгадзіру! — выгукваў Марцін, падымаючы руку ў знак прывітання. Хадкевіч. — Салют, — казырнуўшы, .. [Сашка] павіншаваў тых, хто стаяў у калідоры. Гроднеў.
•••
Салют нацый — салют звычайна з 21 гарматнага залпа пры сустрэчы кіраўнікоў замежных дзяржаў.
[Фр. salut.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сірэ́на, ‑ы, ж.
1. У грэчаскай міфалогіі — марская істота, якую ўяўлялі ў выглядзе жанчыны з хвастом рыбы або птушкі з жаночай галавой і якая сваімі спевамі заваблівала маракоў у гібельныя месцы.
2. Сірэ́ны, ‑рэ́н. Атрад буйных водных млекакормячых з ластамі і хваставым плаўніком, што жывуць у цёплых морах і рэках.
3. Прылада для атрыманая гукаў рознай вышыні і вымярэння гукавых ваганняў.
4. Апарат, прыстасаванне для падачы моцных, рэзкіх гукавых сігналаў; гукі, якія падаюцца такімі прыстасаваннямі. Раптам завыла сірэна, абвясціўшы паветраную трывогу. Няхай. Рыгор прачнуўся і прыслухаўся: у пакой урывалася зычнае гудзенне фабрычных сірэн. Гартны. За бакенамі ўзнік абрыс, Пачуўся гук сірэны стрэчнай. Лужанін. Горад бурліў і кіпеў пасля начнога спачынку, і, здавалася, у адно зліваліся і шоргат крокаў пешаходаў, і лёскат трамваяў, і сірэны аўтамашын. Хадкевіч.
[Ад лац. siren.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скры́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Прадмет, які складаецца з чатырох сценак і днішча, зробленых з дошак, фанеры, металу і інш. (звычайна з вечкам), і служыць для захоўвання, укладвання і пераносу чаго‑н. Грузавік быў нагружаны бочкамі, скрынкамі, рагожнымі кулямі. Хадкевіч. Знайшоўшы ў скрынцы стала кавалак хлеба, падаў усё гэта [ваду і хлеб] матцы. Якімовіч. [Павел:] — Я знайшоў у возеры жалезную скрынку. Там грошы... Ваданосаў. Старанна ў скрынкі Іх [дубкі] зноў пасадзілі, Вадой палілі І ад спёкі прыкрылі. Нядзведскі. // Такі ж прадмет, прызначаны для якой‑н. пэўнай мэты. Грашовая скрынка. Снарадная скрынка. □ Самае лепшае — не пасылаць пісьма праз воласць, а проста апусціць яго ў скрынку паштовага вагона. Колас. Каб стрымаць сябе,.. [Лясніцкі] сеў, але пальцы нервова забарабанілі аб скрынку радыёстанцыі. Шамякін. / Разм. Пра кузаў аўтамашыны, калёс.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сутыкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.
1. Пхаючы насустрач, ушчыльную наблізіць адно да аднаго. Шпакевіч укленчыў побач, узяў рукамі абодвух за плечы, нібыта хацеў сутыкнуць. Чыгрынаў. // перан. Паставіць у непрымірымыя адносіны, выклікаць канфлікт, сутыкненне паміж кім‑, чым‑н. Сутыкнуць інтарэсы. □ Аўтар не здолеў так сутыкнуць герояў, паставіць іх у такія абставіны, каб выявілася іх непрымірымасць. Рагойша.
2. з кім. Прывесці да нечаканай сустрэчы, знаёмства з кім‑н. У хуткім часе Рая атрымала прызначэнне, і тут лёс сутыкнуў яе з Арсенем Бірынічам. Хадкевіч. // перан.; з чым. Прывесці да сутыкнення з чым‑н., даць магчымасць пазнаць што‑н., пазнаёміцца з чым‑н. Сутыкнуць з цяжкасцямі. □ Аўтар, замацоўваючы пазіцыі сацыялістычнага рэалізму, імкнецца сутыкнуць прывідныя і безгрунтоўныя мары інтэлігента з суровай праўдай жыцця. Кучар.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узлёт, ‑у, М ‑лёце, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. узлятаць — узляцець (у 1 знач.).
2. перан.; чаго. Кульмінацыя развіцця; росквіт, уздым. Як і ў гісторыі іншых старажытных гарадоў, у гісторыі Полацка мы бачым і перыяды бурнага ўзлёту, і перыяды заняпаду. Хадкевіч. Жыццё без узлётаў, пралікаў і спадаў, Вёз спрэчак калючых, нібыта асцё, Без спёкі, без хмар і густых снегападаў — Расклад ці інструкцыя, а не жыццё. Грахоўскі.
3. перан.; чаго. Уздым, натхненне. Узлёт сіл. Узлёт творчай думкі. Паэтычны ўзлёт. □ Многім паэтам вядомы ўзлёты і спады, з-пад аднаго і таго ж пяра выходзяць творы наўздзіўнай сілы і, поруч з імі, рэчы больш-менш бедныя і недасканалыя. Лужанін. Сапраўдным узлётам Купалы-лірыка былі чэрвень-ліпень 1911 года. .. У гэты час было напісана больш трыццаці вершаў. Лойка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цаліна́, ‑ы, ж.
1. Некранутая, ніколі не араная, але прыгодная для апрацоўкі зямля. На ўзаранай і шчодра ўгноенай попелам цаліне закаласілася жыта, проса, авёс, ячмень. В. Вольскі. // Разм. Цалінныя землі, пераважна Сібіры і Казахстана, якія пачалі інтэнсіўна асвойвацца ў 50‑я гады 20 ст. Ідуць шафёры і шахцёры, Геолагі свідруюць горы, Гідролагі шукаюць брод, І кожнаму — па дваццаць год. А нашы дочкі і сыны нам пішуць пісьмы з цаліны. Грахоўскі.
2. Тое, што і цалік. Снежная цаліна. □ Праваднік вядзе іх [партызан] патаемнымі мясцінамі, дзе малапрыкметнай сцежкай, а дзе проста цаліной. Кулакоўскі. — Вось зайчык бег, — паказаў Косцік, калі яны звярнулі з дарогі на цаліну, у кусты. Брыль.
3. перан. Недаследаваная, нявывучаная справа, галіна чаго‑н. Аўтар [Карпаў У.] узняў вельмі важную і некранутую ў беларускай літаратуры цаліну горадабудаўніцтва. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
церушы́ць, церушу, цярушыш, цярушыць; незак.
1. што. Пераціраць, здрабняць што‑н. сухое. Васіліне не трэба было церушыць на далоні каласы і браць зерне на зуб, яна вокам вызначыла ступень спеласці збожжа. Хадкевіч. Васіль узяў жменьку трасты, пачаў церушыць: пасыпалася кастрыца, агаляючы тоўстыя, цемнаватага колеру валокны. Савіцкі.
2. што і чым. Прымушаць што‑н. сыпацца, падаць. Стаяла восень: вецер, пранізлівы і калючы, церушыў пажоўклае лісце бяроз, вольхі, асін, усцілаў гм дарогу. Сіўцоў. [Шыковіч] доўга ўглядаўся ў лісце дуба. У яго гушчары шасталі, церушылі мохам нейкія птушкі. Шамякін.
3. Ісці (пра дробны снег, дождж); імжэць. Неба сеяла цяпло, Цёплы дожджык церушыў. Купала. З шэрага перадранішняга неба церушыў лёгкі сняжок. В. Вольскі. / у вобразным ужыв. На чысты дол Пілы гнуткія цярушаць Пілавіння жоўты дождж. Панчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цягані́на, ‑ы, ж.
1. Уст. Судовая справа. Злосць забірае Аксёна. Перад яго вачамі ўстаюць суды і доўгая цяганіна з панам Скірмунтам і гэты пройгрыш справы па ўсіх інстанцыях. Колас. [Мужык:] — Нічога не даб’ешся. Была і ў нас такая цяганіна з панам за выпас. Якімовіч. // Разм. Непрыемная, клапатлівая справа. [Галена:] — Я цяпер пачынаю ўпэўнівацца, што ўся тая мая цяганіна, уся тая мая універсітэцкая справа — гэта яго [Нахлябіча] работа. Мабыць, ён, здаецца мне, абвясціў мне сёння вайну. Чорны.
2. Разм. Наўмыснае зацягванне якой‑н. справы; маруднае рашэнне якога‑н. пытання. [Іллюк:] — Так лёгка мяне адпусцяць з Парэчча, ты [Люда] думаеш? Ой, не! Цяганіны і размоў хопіць. Хадкевіч. Прыстром.. стварыў непатрэбную і шкодную для справы цяганіну. Шынклер. Яшчэ нямала скаргаў на цяганіну з вырашэннем розных бытавых патрэб працоўных. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цяпе́рашні, ‑яя, ‑яе.
1. Які існуе цяпер, мае адносіны да сучаснасці. Цяперашнія маркі тэлевізараў. □ [Сухадольскі:] — Папрацавалі нядрэнна. А якія цяжкасці перамаглі! Хіба цяперашнія маладыя ведаюць што-небудзь падобнае? Крапіва. // Які з’яўляецца кім‑, чым‑н., працуе кім‑н. у сучасны момант; такі, які ёсць зараз (у процілегласць таму, што было даўней). Цяперашнія суседзі. □ — А гэта, — Ваўчок кіўнуў на Паходню, — цяперашні парторг эмтээс. Хадкевіч. Прыйшлі аднойчы старшыня сельсавета з сакратаром, а з імі разам Цімох, брыгадзір цяперашні. Адамчык.
2. у знач. наз. цяпе́рашняе, ‑яга, н. Тое, што ёсць, адбываецца зараз, цяпер; падзеі сучаснасці. А мінулае і цяперашняе моцна злучаны паміж сабою. Колас. Успомніць мінулае і параўнаць яго з цяперашнім, дык гэта — ноч і дзень, неба і зямля. Кулакоўскі.
•••
Цяперашні час гл. час (у 6 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)