гліняная пасудзіна для гатавання гарачай стравы, захоўвання вадкіх і сыпкіх рэчываў і інш. Вядомы з эпохі неаліту і з’яўляецца вызначальнай прыкметай гэтай эпохі. У археал. даследаваннях для вызначэння ўстойлівасці традыцый розных груп насельніцтва, часу іх існавання, этнічнай прыналежнасці помніка, спецыфікі культуры, генетычнай сувязі паміж асобнымі культурамі і інш. найважнейшае значэнне маюць форма, тэхналогія вырабу і арнаментацыя гаршчка. Напачатку гаршчок ляпілі, у т. л. з глінянай стужкі, з 10 ст. іх сталі вырабляць на ганчарным крузе, абпальвалі ў ганчарным горне. Рэгіянальныя асаблівасці гаршчка ў іх выкарыстанні, формах, памерах на Беларусі замацаваліся ў мясц. назвах: абеднік, адынец, варэйка, гарлач, гладыш, гляк, збан, злівач, склепнік, слоік, спарыш і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСТРО́ЛЬ (ням. Gastrolle ад Gast госць + Rolle роля),
выступленне артыста (калектыву) па-за месцам яго пастаяннай дзейнасці — у інш. раёне, горадзе, краіне. З 18 ст. і асабліва з 2-й пал. 19 ст. гастрольнай дзейнасцю займаліся буйнейшыя акцёры — С.Бернар, Э.Дузе, Т.Сальвіні, П.Арленеў, В.Камісаржэўская, Э.Каруза, А.Паці, Ф.Шаляпін і інш. На Беларусі пашыраны з канца 18 ст., калі ў гарадах, мястэчках выступалі польскія гастрольныя трупы і асобныя акцёры, у 19—20 ст. — рус. і ўкраінскія. Гастрольную дзейнасць вяла Першая бел. трупа І.Буйніцкага. Гастраліруюць усе прафесійныя трупы. Атрымала развіццё такая форма гастролі, як выязныя спектаклі т-раў. Своеасаблівая форма гастролі — выступленні тэатр. калектываў на дэкадах, аглядах, фестывалях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВУХКЛА́СНЫЯ ПАЧАТКО́ВЫЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ,
пачатковыя школы павышанага тыпу ў Рас. імперыі. Існавалі з 1870-х г. да 1918. Адкрываліся ў вял. сёлах, на чыг. станцыях і ў некат. пав. гарадах. У Беларусі працавалі паводле Часовай інструкцыі Мін-ванар. асветы ад 4.6.1875. Тэрмін навучання 5—6 гадоў. Вучыліся пераважна дзеці сялян, гандляроў, саматужнікаў. Лепшыя вучні мелі права паступаць у настаўніцкія семінарыі, ніжэйшыя прафес.-тэхн. навуч. ўстановы. Вывучаліся Закон Божы, арыфметыка, рус. граматыка, асновы фізікі, геаметрыі, прыродазнаўства, гісторыі, чарчэння, дадаткова ўводзіліся гімнастыка, рамёствы, рукадзелле, садаводства, агародніцтва, паляводства, пчалярства. У 1914 у Віцебскай губ. дзейнічала 97, Гродзенскай — 197, Магілёўскай — 57, Мінскай — 68 Д.п.в. У 1918 пераўтвораны ў школы 1-й і 2-й ступеней.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВУХПАРНАНО́ГІЯ (Diplopoda),
клас мнаганожак. 13 атр., у т. л.кіўсякі (3 атр.). Каля 50 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Наземныя жывёлы, жывуць у месцах з павышанай вільготнасцю: лясным подсціле, глебе, пад камянямі або бярвёнамі і інш. На Беларусінайб. пашыраны прадстаўнікі атр.касцянак і гроначнікаў. У Белавежскай пушчы 15 відаў, з якіх дамінуюць странгілазома чорная (Strongylosoma pallipcs) і гламеры конекса (Glomeris connexa).
Цела выцягнутае, цыліндрычнае, падзелена на галаву і сегментаванае тулава, большасць членікаў якога мае 2 пары ног (адсюль назва). У большасці 1—2 ядавітыя залозкі. Развіццё з анамарфозам. Кормяцца гніючымі расліннымі рэшткамі. Удзельнічаюць у глебаўтварэнні, спрыяюць гуміфікацыі і мінералізацыі адмерлых ч. раслін. Некат. пашкоджваюць карэнні с.-г. раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВУХПЯЛЁСНІК (Circaea),
род кветкавых раслін сям. скрыпнёвых. 12 відаў. Пашыраны ва ўмераных і халодных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляюцца 2 віды: Д. альпійскі (C. alpina) і парыжскі, або вядзьмак-трава (C. lutetiana). Растуць у сырых і цяністых лясах, у хмызняках, ярах, на пнях і калодах. Утвараюць гібрыдную форму — Д. прамежкавы (C. intermedia).
Шматгадовыя травяністыя расліны з паўзучым карэнішчам і прамастойным або ўзыходным простым ці галінастым сцяблом. Лісце супраціўнае, суцэльнае, на чаранках, яйца- ці сэрцападобнае. Кветкі дробныя, белыя, ружаватыя ці бэзаватыя, у канцавых простых або галінастых гронках. Вяночак з 2 адваротнаяйцападобных пялёсткаў (адсюль назва). Плод арэшкападобны, 1—2-гнездавы, укрыты кручкападобна сагнутымі валаскамі. Лек. і фарбавальныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕ́РБНІК (Falco columbarius),
птушка сям. сакаліных атр. сокалападобных. Пашыраны ў тайзе, лесатундры, часткова ў тундры Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Па тэр.Беларусі праходзіць паўд. мяжа гнездавога арэала. Жыве ва ўсіх абласцях, акрамя Брэсцкай, часцей трапляецца ў Бел. Паазер’і на вял. вярховых балотах. Нар. назва галубятнік. Занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.
Даўж. цела 27—34 см, маса 160—250 г. Самкі большыя за самцоў. Крылы адносна кароткія, хвост доўгі. Апярэнне ў самцоў шызае, у самак дымчата-бурае, брушны бок белавата-рыжы з падоўжнымі стракацінамі, хвост паласаты. Корміцца пераважна дробнымі птушкамі. Гняздуецца на дрэвах у гнёздах інш. птушак, на зямлі, скалах, зрэдку будуе гняздо. Нясе 3—6 яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́КАЯ ПЯТРУ́ШКА (Peucedanum),
род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 120 відаў. Пашыраны ў субтрапічных, умераных і субарктычных абласцях Еўропы, Азіі, у трапічнай і Паўд. Афрыцы. На Беларусі 3 віды: Дз.п. горная (P. oreoselinum) — расце ўсюды ў хваёвых і мяшаных лясах, на ўзлесках; аленевая (P. cervaria) — трапляецца рэдка ў паўд. і зах. частках краіны, занесена ў Чырв. кнігу; настуркавая, або цар-зелле (P. ostruthium) — у наваколлі Мінска, Гродна і Магілёва.
Шматгадовыя травяністыя расліны з простым або галінастым сцяблом і верацёнападобным патоўшчаным коранем. Лісце трайчастае або перыстае, прыкаранёвае чаранковае. Кветкі дробныя, белыя, жоўтыя або чырванаватыя, у складаных парасоніках. Плод — віслаплоднік. Лек., харч. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДЗІПРАСУ́ВЯЗЬ», Дзяржаўнае праектнае і навукова-даследчае прадпрыемства Міністэрства сувязі Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1968 як Мінскі аддзел комплекснага праектавання ін-та «Дзіпрасувязь» (Масква). З 1970 Мінскае аддзяленне маск. ін-та «Дзіпрасувязь-1», з 1989 ін-т «Дзіпрасувязь-6» Мін-ва сувязі СССР, з 1992 Дзярж.ін-т па вышуканнях і праектаванні збудаванняў сувязі «Дзіпрасувязь». З 1996 сучасная назва. Вядучы н.-д. і праектны ін-т у галіне сувязі, галаўная арг-цыя па метралогіі, стандартызацыі і сертыфікацыі сродкаў сувязі на Беларусі. Асн. кірункі дзейнасці: праектаванне прадпрыемстваў і збудаванняў сувязі, правядзенне н.-д. і доследна-канструктарскіх работ па стварэнні асобных відаў тэхнікі, сувязі, навук. забеспячэнне сістэмы стандартызацыі і сертыфікацыі тэхнікі сувязі, сертыфікацыя абсталявання электрасувязі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІЧЫ́НА,
птушкі і звяры, якіх здабываюць паляваннем і мяса якіх ідзе ў ежу. Выкарыстоўваюць таксама пух. пер’е, шкуры, рогі. Дз. падзяляюць на птушыную (баравую, ці лясную, вадаплаўную, балотную, палявую і стэпавую) і 4-ногую (пераважна зайцы і капытныя). На Беларусі водзяцца: з 4-ногай Дз. лось, дзік, алень, казуля, заяц-русак; з баравой — глушэц, цецярук, рабчык, вяхір, клінтух, слонка; з вадаплаўнай — гусі, качкі, паганкі, крахалі, лысуха; з балотнай і лугавой — бакас, дупель, драч і інш. кулікі і пастушкі; з палявой і стэпавай — перапёлка, шэрая курапатка. Паляванне на рэдкія, знікаючыя і асабліва каштоўныя віды Дз. забаронена або дазваляецца па ліцэнзіях (лось, дзік, курапаткі, казулі, высакародны алень, глушэц). Для павелічэння запасаў Дз. праводзяцца мерапрыемствы па дзічынаразвядзенні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯКО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
культура фіна-угорскіх плямён, якія ў 7 ст. да н.э. — 5 ст.н.э. жылі ў міжрэччы Волгі і Акі, у Верхнім Падзвінні, на Валдайскім узвышшы. Назву атрымала ад гарадзішча каля в. Дзякова (у межах Масквы). Насельніцтва жыло патрыярхальнымі сем’ямі ў наземных жытлах і паўзямлянках на гарадзішчах і паселішчах. Займалася жывёлагадоўляй, лядным земляробствам, паляваннем і рыбалоўствам, вырабляла жал. і касцяныя прылады працы, бронзавыя ўпрыгожанні. Кераміка слоікападобнай формы з тэкстыльнымі адбіткамі (адсюль інш. назва Дз. к. — тэкстыльнай керамікі культура) і арнаментам на верхняй частцы пасудзін. На тэр.Беларусінайб. даследаваныя помнікі: Загорцы, Новы Болецк, Мямлі (Гарадоцкі р-н) і інш.
Літ.:
Третьяков П.Н. Финно-угры, балты и славяне на Днепре и Волге. М.; Л., 1966.