ПАНЁВА,

даўняе жаночае паясное адзенне ўсходніх славян. Вядомы П. расхінная (3 сшытыя суконныя ці паўсуконныя полкі, сабраныя зверху на шнуры, якім мацавалася на таліі, крыссе адкрытае спераду ці збоку) і закрытая, або глухая (4 цалкам сшытыя полкі, адна з якіх не аздобленая). На мяжы рассялення беларусаў, рускіх і ўкраінцаў насілі П. з 2 полак, сшытых прыкладна на ​2/3 даўжыні. На Беларусі найб. тыповыя клятчастыя сінія, чырвоныя, чорныя П. неглюбскага строю, аздобленыя ўзорамі квадратаў, ромбаў, крыжыкаў і інш. Бытавала да пач. 20 ст.

М.​Ф.​Раманюк.

т. 12, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)