адна з раманскіх моў (ібера-раманская падгрупа). Афіц. мова Іспаніі, большасці краін Паўд. і Цэнтр. Амерыкі, Рэспублікі Экватарыяльная Гвінея. Пашырана таксама ў Марока, на Філіпінах. Адна з 6 афіц. моў ААН. І.м. стала развівацца з нар. латыні, якая замацавалася на Пірэнеях у 3—2-м ст. да н.э. ў выніку рым. каланізацыі. Мае 2 асн. групы дыялектаў: паўн. (кастыльскі, арагонскі, леонскі) і паўд. (андалузскі дыялект з некалькімі разнавіднасцямі). Асн.фанет. рысы: у націскным і ненаціскным становішчы ўсе 5 галосных вымаўляюцца выразна, шматлікія дыфтонгі і трыфтонгі ўтвараюцца шляхам спалучэння моцных галосных са слабымі, націск звычайна на апошнім або перадапошнім складзе. Назоўнікі і прыметнікі не скланяюцца, вял. колькасць марфал. і аналіт.форм дзеяслова. Лексіка І.м. пераважна з нар. латыні. У слоўнікавым складзе шмат германізмаў, галіцызмаў, арабізмаў. Першыя пісьмовыя помнікі адносяцца да 12 ст.Літ. мова на аснове кастыльскага дыялекту. Пісьменства на аснове лацініцы.
Літ.:
Васильева-Шведе О.К., Степанов Г.В. Теоретическая грамматика испанского языка: Морфология и синтаксис частей речи. 2 изд. М., 1980;
Іх жа. Теоретическая грамматика испанского языка: Синтаксис предложения. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛГА́СНА-САЎГА́СНЫЯ ТЭА́ТРЫ,
вандроўныя прафес. т-ры для абслугоўвання калгасаў і саўгасаў. Узніклі ў 1930-я г. Сродкамі тэатр. мастацтва праводзілі агітацыю і прапаганду сярод сялян. Складаліся з мясц.прафес. артыстаў і ўдзельнікаў маст. самадзейнасці. Ставілі сав. п’есы, рус. і замежную класіку, творы «малых форм». У 1934—35 і 1939 у Маскве адбыліся 2 Усесаюзныя агляды К.-с.т. На Беларусі першыя К.-с.т. ўзніклі ў 1935 у Гомелі, Барысаве, Мазыры, у 1936 — у Слуцку і Полацку, у 1937 — у Рагачове, у 1938 — у Бабруйску, Лепелі і Заслаўі, у 1939 — у Рэчыцы, у 1940 — у Дзяржынску. У іх рэпертуары нац.бел. драматургія, найб. папулярныя сав., класічныя рус., замежныя творы. Значнае месца займалі літ. кампазіцыі, мантажы, створаныя на мясц. матэрыяле. У сваёй дзейнасці т-ры працягвалі традыцыі Першай бел. трупы І.Буйніцкага, трупы У.Галубка, выкарыстоўвалі практыку агітпаяздоў, агітбрыгад, «Сіняй блузы». У маі 1939 у Мінску адбыўся 1-ы Усебел. фестываль К.-с.т. З пач.Вял.Айч. вайны т-ры спынілі існаванне. У 1956—62 дзейнічаў як К.-с.т. Бабруйскі вандроўны беларускі драматычны тэатр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́ЧЫНСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён, якія ў 3-й чвэрці 1-га тыс.н.э. (храналаг. рамкі: канец 4—9 ст., найб. абгрунтаваная дата 5—7 ст.) насялялі большую частку бас. Дзясны, Сейма, вярхоўяў рэк Сула і Псёл, Гомельскае і Магілёўскае Падняпроўе, ніжняе цячэнне Бярэзіны, левабярэжжа Прыпяці ад вусця Пцічы да зліцця з Дняпром. Назва ад гарадзішча каля в.Калочын Рэчыцкага р-на. Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, паляваннем і хатнімі промысламі. Асн. тыпам пасяленняў былі неўмацаваныя селішчы; нешматлікія гарадзішчы служылі сховішчамі на выпадак ваен. небяспекі. Жыллё — аднакамерныя паўзямлянкі зрубнай ці слупавой канструкцыі (часта з апорным слупам ў цэнтры), чатырохвугольныя ў плане. Характэрны адкрытыя агнішчы, трапляюцца печы-каменкі. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі пахаванняў на бескурганных і курганных могільніках, пахаванні урнавыя і ямныя. Насельніцтва вырабляла ляпныя гаршкі пераважна слоіка- і цюльпанападобных рабрыстых форм, а таксама прылады працы і зброю з жалеза, бронзавыя ўпрыгожанні і інш. Этнічная прыналежнасць К.к. спрэчная: В.В.Сядоў, І.П.Русанава, А.Р.Мітрафанаў, В.Б.Перхаўка адносяць яе да балтаў; П.М.Траццякоў, ЭА.Сымановіч, Я.А.Гаруноў, Л.Д.Побаль — да славян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНГЛАМЕРА́Т (ад лац. conglomeratus сабраны, ушчыльнены),
механічнае, выпадковае спалучэнне якіх-н. разнародных кампанентаў. У геалогіі — сцэментаваная асадкавая абломкавая горная парода (гл.Абломкавыя горныя пароды), складзеная пераважна з галькі з прымессю пяску, жвіру і валуноў. Цэментам звычайна з’яўляюцца аксіды жалеза, карбанаты, гліністы матэрыял, радзей крэменязём. Вядомы розныя класіфікацыі К., заснаваныя на ўмовах іх утварэння, тыпе і колькасці цэменту, ступені адсартаванасці, прыродзе і складзе абломкаў. На Беларусі К. найб. пашыраны ў тоўшчах абломкавых парод рыфею і венду, пермскай і трыясавай сістэм. Глыбы валунова-галечнага К. ў антрапагенавых адкладах вядомы каля Гродна (гл. ў арт.Калодзежны роў). У эканоміцы — адна з форм аб’яднання прадпрыемстваў (фірм) рознага галіновага профілю. Адрозніваюць К. функцыянальныя, якія аб’ядноўваюць прадпрыемствы (фірмы), звязаныя у працэсе вытв-сці і інвестыцыйныя, якія аб’ядноўваюць фірмы, не звязаныя галіновай агульнасцю. Для К. характэрны; аб’яднанне шырокага кола прадпрыемстваў (фірм), якія выконваюць розныя функцыі; высокі ўзровень дэцэнтралізацыі кіравання; рост капіталу ў выніку зліцця і накіраванне яго на павелічэнне кантролю над існуючымі прадпрыемствамі (фірмамі); аб’яднанне ў рамках К. з удзелам банка або вакол яго.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРТЭ́ЛЬ (франц. cartel ад італьян. cartello ад carta папера, дакумент),
форма аб’яднання вытворцаў і спажыўцоў на аснове пагаднення аб кватаванні аб’ёмаў вытв-сці, умовах збыту прадукцыі, размежаванні рынкаў, найме рабочай сілы, узроўні аплаты працы, выкарыстанні патэнтаў і інш. Прадпрыемствы, якія ўваходзяць у К., юрыдычна самастойныя. Збыт прадукцыі ажыццяўляюць на аснове дагавораў паміж прадпрыемствамі. Часцей К. ўтвараюцца ў рамках адной галіны (нафтавы, с.-г. К.). Адрозніваюць К. ўнутраныя (у межах адной краіны), экспартныя (складаюцца з нац. прадпрыемстваў-экспарцёраў, часам з уключэннем філіялаў замежных фірм), міжнародныя (інтэгрыруюць фірмы-экспарцёры і фірмы-імпарцёры некалькіх краін).
К. ўзніклі ў выніку канцэнтрацыі вытв-сці і цэнтралізацыі капіталу ў 19 ст. як адна з форм манапалістычных аб’яднанняў. Найб. пашыраны былі ў Германіі (у 1940-я г. больш за 2 тыс.). Цяпер існуюць у выглядае саюза канцэрнаў і трэстаў, патэнтных пулаў, кансорцыумаў па правядзенні навук. даследаванняў, сумесным буд-ве або фінансаванні буйных праектаў, канвенцый, корнераў, рынгаў, джэнтльменскіх пагадненняў. На Беларусі К. дзейнічаюць у выглядзе кансорцыумаў (часовых аб’яднанняў), створаных на паявой аснове для сумеснай рэалізацыі праектаў, дзярж. заказаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТА́НЬЁ [Castagno; дакладней Андрэа дэль Кастаньё (Andrea del Castagno; 1417 або 1419, Кастаньё, каля г. Фларэнцыя, Італія — 19.8.1457],
італьянскі жывапісец Ранняга Адраджэння; прадстаўнік фларэнційскай школы жывапісу. Зазнаў уплыў Мазачыо, Данатэла, П.Учэла. Працаваў пераважна ў Фларэнцыі, таксама ў Венецыі (1442), магчыма, Рыме (1454). Творчасці ўласцівы майстэрскае валоданне малюнкам, энергічная пластычная мадэліроўка форм, напружаная выразнасць поз і ракурсаў, якая часта надае яго творам драм. вастрыню, грубавата-выразная прастата і мужнасць вобразаў: фрэскі ў капэле Сан-Таразіо царквы Сан-Дзакарыя ў Венецыі (1442, з Франчэска да Фаэнцам), «Укрыжаванне з перадстаячымі» ў царкве Санта-Марыя дэльі Анджэлі (каля 1443), «Аплакванне Хрыста», «Тайная вячэра», «Укрыжаванне», «Палажэнне ў труну», «Уваскрэсенне», «Партрэты 9 знакамітых людзей» (Дантэ, Дж.Бакачыо, Петраркі і інш.; усе паміж 1445—57, цяпер у манастыры Сант-Апалонія, пераўтвораным у музей К.) у Фларэнцыі, «Вядомыя людзі» (каля 1450—51, з вілы Кардучы ў Леньяйі), партрэт мужчыны (каля 1455) і інш.
Андрэа дэль Кастаньё Сівіла Кумская. Фрэска цыкла «Вядомыя людзі» з вілы Кардучы ў Леньяйі. Фрагмент. Каля 1450—51.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫТЫ́ЧНЫ РЭАЛІ́ЗМ,
літаратурнамастацкі кірунак 19—20 ст., у якім праўдзівае гістарычна канкрэтнае адлюстраванне рэчаіснасці спалучаецца з крытыкай сац.-паліт. сістэмы або яе асобных праяў як антыгуманных, неспрыяльных для гарманічнага развіцця асобы і грамадства. Ад папярэдніх гіст.формрэалізму (рэнесансавага, асветніцкага) адрозніваецца канкрэтнасцю маст. аналізу грамадскага быцця, раскрыццём яго сац. супярэчнасцей і канфліктаў. Мастацтва К.р. не абмяжоўваецца выяўленнем прыгожага і ўзнёслага, раскрывае сутыкненне носьбітаў ідэалаў дабра, справядлівасці і красы з агідным і нізкім, глыбока даследуе трагічнае і камічнае ў жыцці. Элементы К.р. характэрныя для ўсіх этапаў развіцця маст. культуры ад антычнасці да нашага часу, аднак ён сфарміраваўся як тэарэтычна абгрунтаваны асобны метад, кірунак і тып творчасці ў 19 ст. Называўся «натуральнай школай» або крытычным кірункам у л-ры і мастацтве. Тэрмін «К.р.» сфармуляваў М.Горкі (1934). Ступень выяўлення крытыка-рэаліст. плыні залежыць ад спецыфікі і структуры вобразнай сістэмы пэўнага віду і жанру мастацтва: найб. у л-ры (проза, публіцыстыка, літ. крытыка), выяўл. мастацтве (сюжэтна-тэматычная карціна, графіка); найменш у лірыцы, музыцы, балеце. Гл. таксама ў арт.Рэалізм (у л-ры і мастацтве).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ГЕРКВІСТ ((Lagerkvist) Пер Фабіян) (23.5.1891, г. Векшэ. Швецыя — 11.7.1974),
шведскі пісьменнік. Чл. Шведскай акадэміі (з 1940). Скончыў Упсальскі ун-т (1912), вывучаў гісторыю мастацтваў у Парыжы (1913). Дэбютаваў у 1912. У цэнтры творчасці Л. — пошук сэнсу жыцця чалавека ў неўладкаваным свеце. У ранняй паэзіі (зб. «Страх», 1916), навелах (зб. «Жалеза і людзі», 1915), п’есах («Апошні чалавек», 1917, і інш.) уплыў экспрэсіянізму і сімвалізму, імкненне надаць творам нац. афарбоўку. Раманы і аповесці «Госць рэчаіснасці» (1925), «Кат» (1933), «Карлік» (1944), «Варава» (1950), «Сібіла» (1956), «Смерць Агасфера» (1960), «Марыямна» (1967), зб-кі паэзіі «Песні сэрца» (1926), «Паэзія і змаганне» (1940), зб. навел «Злыя сагі» (1924), драмы «Кароль» (1932), «Камень мудрасці» (1947) вылучаюцца гуманіст. пафасам, непрыманнем фашызму і інш.форм таталітарызму, эвалюцыяніруюць да «сімвалічнага рэалізму». Аўтар кніг эсэ «Сціснуты кулак» (1934), «Вызвалены чалавек» (1939). На бел. мову асобныя творы Л. пераклалі Г.Шупенька, М.Гіль. Нобелеўская прэмія 1951.
Тв.:
Бел.пер. — Кат. Карлік. Мн., 1986;
Рус.пер. — Соч.Т. 1—2. Харьков, 1997.
Літ.:
Неустроев В.П. Литературные очерки и портреты. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМО́ЖСКАЯ ЭМА́ЛЬ,
вырабы з медзі з размалёўкай непразрыстай эмаллю майстроў з г. Лімож (Францыя) 15—17 ст. Яе вытокі — у мясц. традыцыях эмальернага мастацтва 12—15 ст. На развіццё паўплывалі маст. прынцыпы познагатычнага вітража, флам. і італьян. жывапісу. Т.зв. старая школа (апошняя чвэрць 15—1-я чвэрць 16 ст.) прадстаўлена пераважна культавымі рэчамі (абразы-складні, трыпціхі, рэлікварыі) з паліхромнымі кампазіцыямі на рэліг. сюжэты. Творы вызначаліся святочна яркай размалёўкай, увядзеннем у яе ліній і плям з золата, пераходам ад тэхнікі перагародчатай эмалі да размаляванай, блізкай да станковага жывапісу (майстар Н.Пеніко), ад гатычных форм да рэнесансавых. Каля 1530 узнікла т. зв. новая школа, вырабы якой мелі пераважна свецкі характар (скрыначкі, блюды, чашы, збаны, пласціны-партрэты). Аздабляліся копіямі з гравюр А.Дзюрэра, Рафаэля і інш. у тэхніцы грызайль на каляровым фоне, партрэты выконвалі па малюнках Ж.Клуэ і яго паслядоўнікаў. Дэкор абрамлення блізкі да маньерыстычнай школы Фантэнбло (майстар Л.Лімазен). У сярэдзіне 17 ст.вытв-сць Л.э. заняпала.
Да арт.Ліможская эмаль. Рэлікварый са сцэнамі з легенды пра святую Валерыю. Канец 12 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗА́ЧЫО, Мазача
[Masaccio; уласнае Тамаза ды Джавані ды Сімоне Касаі (Гвідзі); 21.12.1401, г. Сан-Джавані-Вальдарна, Італія — восень 1428],
італьянскі жывапісец Ранняга Адраджэння; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў фларэнційскай школы жывапісу. Працаваў (часта з Мазаліна) у Фларэнцыі, Пізе і Рыме. У творчасці адышоў ад традыцый готыкі, працягваў маст. пошукі Джота ды Бандоне. У рэліг. кампазіцыях увасабляў гуманіст. ўяўленні аб дасканалай асобе, надаваў ім надзвычайную жыццёвую пераканаўчасць. Творы вызначаюцца энергічнай святлоценявой лепкай, пластычнай трохвымернасцю фігур, імкненнем да манум. абагульнення форм: «Святыя Еранім і Іаан Хрысціцель» (1423?), «Мадонна са св. Ганнай» (разам з Мазаліна, каля 1424), паліпціх у царкве Санта-Марыя дэль Карміне ў Пізе (1426), размалёўкі капэлы Бранкачы ў царкве Санта-Марыя дэль Карміне ў Фларэнцыі («Выгнанне з раю», «Цуд са стацірам», «Святыя Пётр і Іаан раздаюць міласціну», «Святы Пётр вылечвае хворых сваім ценем», паміж 1425 і 1428). У фрэсцы «Тройца» (каля 1426—27, царква Санта-Марыя Навела ў Фларэнцыі) упершыню ў насценным жывапісе стварыў велічную цэнтральна-перспектыўную пабудову.
Літ.:
Знамеровская Т.П. Проблемы кватроченто и творчество Мазаччо. Л., 1975.
Мазачыо. Святыя Еранім і Іаан Хрысціцель. 1423 (?).